Я не спецыяліст, я толькі вучуся…

Яшчэ ў 2011 годзе спецыялістам па ахове дзяцінства краіны былі прапанаваны да работы чатыры стандарты па ахове дзяцінства. Гэта зацверджаныя алгарытмы дзеянняў спецыялістаў, якія змяшчаюць якасныя і колькасныя паказчыкі эфектыўнасці работы, часавыя выдаткі, крытэрыі, неабходныя для прыняцця рашэнняў. Прычым гэта не дадатковыя этапы работы. Гэта тое ж, што спецыялісты на месцах робяць штодня, але на якасна іншым узроўні.
Па меркаванні распрацоўшчыкаў (а сярод іх спецыялісты аддзелаў адукацыі, сацыяльна-педагагічных цэнтраў, профільнага міністэрства, міжнародных арганізацый), гэтыя стандарты павінны былі ўзняць на новы ўзровень работу па ахове дзяцінства па ўсіх напрамках — ад выяўлення сямейнай нядобранадзейнасці да стварэння замяшчальных сем’яў — і дапамагчы тым самым выкараніць шэраг набалелых праблем у гэтай сферы: фармалізм, нескаардынаванасць дзеянняў розных структур, суб’ектыўную ацэнку нядобранадзейнасці, адсутнасць належнага ўзаемадзеяння і суправаджэння замяшчальных сем’яў.
Але, на жаль, і сёння мы бачым гэтыя ж праблемы. Часам нават у большай ступені, пра што сведчыць, напрыклад, усё большая колькасць скандальных сітуацый з прыёмнымі сем’ямі. У чым справа? Прапанаваныя схемы работы сябе не апраўдалі? Ці проста не знайшлі месца ў штодзённай рабоце спецыялістаў? Гэта мы і паспрабавалі высветліць, узяўшы для прыкладу стандарт па стварэнні і суправаджэнні замяшчальных сем’яў.

Пачалі з тэлефанавання ў сацыяльна-педагагічныя цэнтры з простым пытаннем: “Як можна стаць прыёмнай мамай?” Пытанне гэтае невыпадковае. Справа ў тым, што яшчэ на этапе падрыхтоўкі стандарту супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення, якія распрацоўвалі стандарт па стварэнні, падрыхтоўцы і суправаджэнні замяшчальных сем’яў, правялі ананімнае тэлефоннае апытанне наконт якасці інфармацыі, што прадастаўляецца грамадзянам па стварэнні замяшчальных сем’яў.
Увага спецыялістаў да гэтага аспекту была прадыктавана тым, што на практыцы часцей за ўсё першым кантактам асоб, якія хочуць стварыць прыёмную сям’ю, з’яўляецца тэлефонная гутарка са спецыялістамі. Часта менавіта ў тэлефоннай размове, карыстаючыся ананімнасцю, чалавек задае найбольш важныя для яго пытанні. Змест адказаў на гэтыя пытанні ў роўнай ступені ўплывае на прыняцце рашэння аб магчымасці працаваць прыёмным бацькам, бацькам-выхавальнікам і аб далейшым кантакце са спецыялістамі ўстановы.
На той час вынікі апытання не парадавалі. “У ходзе апытання не ўдалося атрымаць кваліфікаванага адказу па тэме стварэння прыёмнай сям’і, дзіцячага дома сямейнага тыпу. На тэлефонныя званкі часта адказвалі асобы, якія не валодаюць дакладнай інфармацыяй па гэтым пытанні нават на ўзроўні пераадрасацыі, а таксама не валодаюць этыкай тэлефонных перамоў. Розныя спецыялісты рабілі акцэнты на розных аспектах прафесійнага сямейнага клопату, абапіраючыся на суб’ектыўнае іх успрыманне, на вопыт папярэдніх кантактаў з кандыдатамі і г.д. Гэта прыводзіла да скажэння карціны, няўзгодненасці інфармацыі, яе недастатковасці або, наадварот, перагружанасці. Агульным недахопам з’яўлялася слабая падтрымка суразмоўца, заснаваная на прызнанні грамадскай і дзяржаўнай важнасці ўладкавання дзяцей-сірот у прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу…”
Ці змянілася штосьці ў гэтым пытанні сёння? Мы, канечне, не прэтэндуем на маштабнае даследаванне, але некалькі званкоў на гэтую тэму зрабілі. І прыемна здзівіліся: поўная інфармацыя, ветлівыя адносіны, дакладная пераадрасацыя на далейшае супрацоўніцтва… Натхнёныя такім пачаткам, тэлефануем далей. І: “Э-э-э, патэлефануйце заўтра…”, “Вы сапраўды гатовы на гэта?!”(з інтанацыяй, падобнай да “Ці не звяр’яцелі вы?”), “Не, гэта не да нас, тэлефануйце ў аддзел адукацыі”.
Іншымі словамі, яшчэ далёка не паўсюль спецыялісты ў поўнай меры ўсведамляюць важнасць усіх этапаў работы, у тым ліку і першай тэлефоннай размовы, па прыцягненні і адборы замяшчальных бацькоў. Між іншым у тым самым стандарце па падрыхтоўцы і суправаджэнні прыёмных сем’яў спецыялісты не тое што даюць дакладныя рэкамендацыі па вядзенні такіх тэлефонных перамоў, але і прапаноўваюць гатовыя варыянты адказаў, пытанняў, пабудовы размовы.
Магчыма, на месцах гэтыя стандарты проста не выкарыстоўваюць? Не ведаюць ці не лічаць неабходным? З гэтым пытаннем мы звярнуліся яшчэ ў некалькі сацыяльна-педагагічных цэнтраў. І сапраўды, шэраг спецыялістаў наша простае пытанне “Ці карыстаецеся стандартам, іншымі словамі, рэкамендацыямі, па стварэнні і суправаджэнні замяшчальных сем’яў?” проста ставіла ў тупік. У сваю чаргу некаторыя адказы ставілі ў тупік ужо нас. Напрыклад, такі: “Спецыяліст у адпачынку, дэкрэтным”. Дык няўжо тры гады замяшчальныя сем’і ў раёне дзейнічаюць у аўтаномным рэжыме? Ці: “Гэтае пытанне не да нас, з прыёмнымі больш працуюць установы адукацыі па месцы жыхарства — там і пытайцеся”. А як жа каардынуючая функцыя СПЦ? Ці класічнае: “Я толькі пачынаю працаваць, яшчэ не ўнікла ва ўсе тонкасці”. Прабачце, але ж гэта аснова асноў…
Зрэшты, каб не згушчаць фарбы, варта прызнаць: у шэрагу рэгіёнаў актыўна падтрымалі размову на зададзеную тэму. Па ўсім відаць, прапанаваныя алгарытмы работы выкарыстоўваюцца, адаптуюцца да запытаў часу і рэгіёнаў.
“А чаму вы здзіўляецеся? Я працую ў цэнтры з самага пачатку яго дзейнасці — больш за 14 гадоў, гэтак жа як і большасць нашых супрацоўнікаў” — гэтая фраза адного з такіх падкаваных спецыялістаў многае растлумачыла. Там, дзе работнікі не мяняюцца кожныя паўгода і ёсць дакладнасць у арганізацыі работы, забяспечваецца і пераемнасць, якасць і ўстойлівасць работы. І зусім іншая справа, калі адзін этап стварэння прыёмнай сям’і выконвае першы, потым другі, потым пяты спецыяліст.

* * *

Меркавалася, што з часам гэтыя стандарты будуць прыняты на заканадаўчым узроўні. Але і сёння гэта пакуль што толькі рэкамендацыі. І, як адзначаюць некаторыя з распрацоўшчыкаў, дзесьці спецыялісты актыўна прымяняюць іх і маюць добрыя вынікі — у дачыненні да захавання інтарэсаў дзяцей, а дзесьці чакаюць указанняў “зверху”. Магчыма, прыняцце прапанаваных алгарытмаў на заканадаўчым узроўні сапраўды паспрыяла б вырашэнню шэрага актуальных пытанняў — прапанаваныя стандарты маюць для гэтага неабходны патэнцыял. Так, стандарт па стварэнні прыёмных сем’яў сярод іншага мае на ўвазе правядзенне маніторынгу замяшчальных сем’яў з дакладнай методыкай яго ажыццяўлення. Гэта магло б быць выдатнай прышчэпкай ад многіх хвароб сённяшняга замяшчальнага бацькоўства: ад таго, што праблемы ў прыёмных сем’ях становяцца бачнымі спецыялістам толькі тады, калі яны набываюць незваротны характар, ад таго, што прыёмныя сем’і не могуць дачакацца неабходнай педагагічнай, псіхалагічнай падтрымкі для сябе ці прыёмных дзяцей з боку спецыялістаў, ад таго, што адсутнічае індывідуальны падыход у рабоце з такімі сем’ямі, а планы іх развіцця пішуцца пад капірку.
Праўда, і ў выпадку заканадаўчага прыняцця прапанаваных стандартаў застанецца адно “але”: неабходна, каб на месцах убачылі сутнасць прапанаванага, а не проста перапісалі ў чарговую справаздачу прыгожыя словы. Інакш ёсць рызыка “нарвацца” на чарговае абвінавачанне ў залішняй паператворчасці ад “аматараў прыгожага пісьменства”.

Даведка

Да ўкаранення ў работу былі прапанаваны чатыры стандарты па ахове дзяцінства. Адметна, што ўсе яны ўтрымліваюць не проста набор рэкамендацый па тым ці іншым пытанні, а канкрэтныя распрацоўкі, фармалізаваныя бланкі для эфектыўнага выканання задачы.

Стандарт парадку работы па арганізацыі сацыяльнага расследавання — гэта комплекс мер, у ходзе якіх праводзіцца афіцыйны збор інфармацыі аб сям’і і дзіцяці, каб захаваць бяспеку дзіцяці, вызначыць магчымасць яго далейшага знаходжання ў сям’і. Стандарт па сацыяльным расследаванні ўключае некалькі этапаў: прыём і сарціроўка зваротаў, першасная ацэнка інфармацыі, якая паступіла, ацэнка бяспекі і стварэнне плана захавання бяспекі дзіцяці на этапе сацыяльнага расследавання, ацэнка рызык і правядзенне субяседаванняў, усебаковая ацэнка становішча сям’і, работа па выпадку і прыняцце рашэння, адбіранне дзіцяці з сям’і. Адзін з асноўных інструментаў, які выкарыстоўваецца ў ходзе сацыяльнага расследавання, — гэта фармалізаваныя ацэнкі бяспекі, рызык, усебаковая ацэнка становішча сям’і, што дазваляе не толькі аб’ектыўна прыняць найлепшае рашэнне для дзіцяці ў кожным канкрэтным выпадку, але і абараніць з прафесійнага пункту погляду самога педагога, абгрунтаваць прынятыя ім рашэнні. Прымяненне методыкі сацыяльнага расследавання прызвана сярод іншага і выключыць у дзейнасці спецыялістаў па ахове дзяцінства фармальны падыход, калі работа вядзецца не дзеля выніку, а дзеля працэсу.

У стандарт па закрыцці інтэрнатных устаноў закладзена пакрокавая методыка закрыцця дзіцячых інтэрнатных устаноў, якая прадугледжвае захаванне інтарэсаў кожнага: дзяцей, што выхоўваліся ў інтэрнатнай установе, работнікаў і мясцовай супольнасці і ўлады праз вырашэнне пытанняў па працаўладкаванні і выкарыстанні будынкаў закрытых устаноў. Адметна, што стандарт прадугледжвае і маніторынг сем’яў, куды накіроўваюцца выхаванцы закрытых інтэрнатных устаноў. Згодна са стандартам, сродкі, якія выдзяляліся на ўтрыманне інтэрнатнай установы, павінны заставацца ў тым рэгіёне, дзе знаходзіліся дзеці, але іх неабходна размяркоўваць прапарцыянальна колькасці дзяцей на ўмацаванне сямейных форм выхавання.

У алгарытм работы па падрыхтоўцы і суправаджэнні замяшчальных сем’яў уключаны ўсе этапы работы з такімі сем’ямі: выбар кандыдатаў, падрыхтоўка, навучанне, суправаджэнне. Прычым па кожным з этапаў даюцца дакладныя рэкамендацыі, як арганізоўваць работу. Адзін з асноўных прынцыпаў стандарту па суправаджэнні замяшчальных сем’яў: прыёмныя бацькі — гэта не аб’ект, на які накіравана ўся работа. Яны абавязкова павінны быць уключаны ў агульную каманду, у якую ўваходзяць сацыяльны педагог, псіхолаг, класны кіраўнік, прыёмныя бацькі.

Стандарт па рэабілітацыі прадугледжвае ўсе этапы і прынцыпы работы па рэабілітацыі сем’яў. Галоўная мэта доўгатэрміновай работы спецыялістаў у працэсе рэабілітацыі — абарона дзяцей ад насілля і прадухіленне выпадкаў жорсткага абыходжання з імі і незадавальнення іх асноўных жыццёвых патрэб. Яе дасягненне забяспечваецца пры наладжванні адносін партнёрства з сям’ёй у ходзе рэалізацыі мер дапамогі спецыялістамі сістэмы абароны дзяцінства і пры аказанні паслуг адпаведнымі арганізацыямі па месцы жыхарства. Доўгатэрміновая работа з сям’ёй прадугледжвае ўцягванне членаў сям’і і яе акружэння ў працэс прыняцця рашэнняў і сумеснае планаванне рэабілітацыйных мерапрыемстваў і сацыяльных паслуг, што дазваляе ініцыіраваць і аператыўна ўлічваць змены ў становішчы сям’і. Пастаянны кантакт з сям’ёй, маніторынг і ацэнка ўзроўняў рызыкі маюць ключавое значэнне для захавання бяспекі дзіцяці.

Алена МАРКЕВІЧ.