“Выратоўвае толькі разуменне таго, што ім там добра”

Не так даўно ў краіне, можна сказаць, адбыўся прэцэдэнт: аддзел адукацыі выступіў з іскам да другога аддзела адукацыі. “Прадметам” жа спрэчкі стала… дзіця. Дакладней, магчымасць усынаўлення гэтага дзіцяці. Дзве сям’і з розных раёнаў, а разам з тым і два аддзелы адукацыі, спорту і турызму па месцы іх жыхарства спрачаліся: у каго першаснае права на ўсынаўленне дзіцяці. Асаблівасць жа сітуацыі ў тым, што адна з гэтых сем’яў была прыёмнай для дзіцяці. У кожнага з бакоў тут была свая праўда: дзе і чаму будзе лепш дзіцяці — у сям’і ўсынавіцеляў ці прыёмных бацькоў. Сітуацыя надзвычай складаная і неадназначная, і, напэўна, сёння ўжо не так важна, чым яна скончылася, — усё ж гэта прыватны выпадак са сваімі асаблівасцямі. Але ў ім знайшоў адлюстраванне ўвесь спектр праблем, якія ўзнікаюць пры ўсынаўленні малых з прыёмных сем’яў: і імкненне замяшчальных прафесійных бацькоў “прысвоіць” дзіця, і неразуменне таго, што ўсынаўленне апрыёры лепш, чым часовы сямейны клопат, і прыярытэт дарослых інтарэсаў над інтарэсамі дзіцяці…
Сёння практычна кожнае трэцяе ўсынаўленне адбываецца з замяшчальнай сям’і. Пры гэтым абсалютная большасць прыёмных бацькоў, з якімі давялося мець зносіны ў такіх сітуацыях, адназначна сцвярджаюць: больш на такое яны “не падпішуцца”, надзвычай гэта складана — прыняць малое дзіця ў сям’ю, выпесціць, а потым на раз “аддаць” усынавіцелям. Тым большым было здзіўленне, калі давялося пазнаёміцца з сям’ёй Валянціны Пятроўны і Сяргея Рыгоравіча Каласько з Турава, якія за час свайго прыёмнага бацькоўства змаглі падрыхтаваць і перадаць на ўсынаўленне пяцярых малых.

Першае ўражанне не заўсёды правільнае

Сям’я Каласько сёння заўсёды напагатове: у любы момант можа з’явіцца неабходнасць прыняць дзіця. Гэтая сям’я — адна з тых, што працуе, калі казаць навуковай мовай, у комплекснай сістэме Жыткавіцкага раёна па дэінстытуцыяналізацыі дзяцей ранняга ўзросту. Калі больш проста, то яны адны з тых, хто ў любы час гатоў прыняць у сям’ю дзіця любога ўзросту, якое на пэўны момант па той ці іншай прычыне засталося без бацькоўскай апекі.
Пачыналася ж гэтая сямейная гісторыя ў 2006 годзе, калі Валянціна Пятроўна і Сяргей Рыгоравіч выпадкова апынуліся ў Жыткавіцкай школе-інтэрнаце (на той час яна яшчэ дзейнічала), проста падвезлі туды знаёмую. І гэтак жа выпадкова сустрэлі там аднаго з выхаванцаў. Сустрэлі — і не змаглі пра яго забыцца, гэтак хлопчык запаў ім у душу.
— Так і прыйшлі мы да рашэння стварыць прыёмную сям’ю, — расказвае Валянціна Пятроўна. — Думалі, што возьмем напачатку толькі гэтага хлопчыка, але так здарылася, што ў яго быў старэйшы брат. І нам прапанавалі ўзяць на канікулы абодвух.
Але старэйшы з братоў, на першы погляд, зусім не ўнушаў даверу: падлетак у самым горшым праяўленні — надзвычай дзёрзкі знешні выгляд, паводзіны. Але Валянціна Пятроўна і Сяргей Рыгоравіч не разгубіліся, узялі дамоў абодвух. Спачатку хваляваліся, як будаваць зносіны, што рабіць. Але ўсё вырашылася само сабой. Першае ўражанне аказалася зусім няправільным.
— Той самы, хто нас напалохаў сваім знешнім выглядам і паводзінамі пры першай сустрэчы, урэшце ў нас і застаўся, — расказвае прыёмная мама. — А яго малодшы брат па пэўных прычынах пайшоў у іншую сям’ю.
Гэты выпадак лепш, чым любая кніга, навучыў тады яшчэ нявопытных прыёмных бацькоў: першае ўражанне — не тое, чым варта кіравацца пры выбудоўванні адносін з прыёмнымі дзецьмі.

Справа — у чалавечнасці

За ўвесь час Каласько ніводнага разу не пашкадавалі аб рашэнні стаць прыёмнымі бацькамі. Хоць, безумоўна, ім бывае вельмі складана. А ў мінулым годзе сям’я змяніла статус — з прыёмнай яна стала дзіцячым домам сямейнага тыпу. Для гэтага прыйшлося пабудаваць дом, каб была магчымасць прыняць новых дзяцей.
За час свайго прыёмнага бацькоўства Валянціна Пятроўна і Сяргей Рыгоравіч ужо вырасцілі чацвярых прыёмных дзяцей: двое з іх атрымалі прафесію і ўжо вядуць самастойнае жыццё, яшчэ двое — вучацца. А яшчэ пяцярых бацькі-выхавальнікі перадалі на ўсынаўленне. За гэтымі простымі словамі насамрэч хаваецца велізарная праца — над сабой, сваімі эмоцыямі і пачуццямі, узаемаадносінамі ў сям’і і з дзецьмі.
— Калі мы пачыналі, калі нам толькі прапанавалі ўзяць малых дзяцей, нашу ўвагу адразу засяродзілі на тым, што могуць з’явіцца ўсынавіцелі і забраць іх, — прыгадвае Валянціна Пятроўна. — Такая ўстаноўка была з самага пачатку прыняцця дзіцяці ў сям’ю. Як і разуменне таго, што сям’я ўсынавіцеляў у цэлым па жыцці зможа даць ім больш, чым я.
І тым не менш, нягледзячы на такое разуменне, на прафесійную “падкаванасць”, на справе часам бывае вельмі складана.
— Калі ўсынавілі першую дзяўчынку, мы нават і не паспелі адчуць на поўную сілу гэтую сітуацыю. Усё адбылося вельмі хутка. Каця (імёны зменены) прабыла ў нас зусім нядоўга. Кандыдаты ва ўсынавіцелі знайшліся вельмі хутка, пазнаёміліся, наведалі некалькі разоў, і вельмі хутка адбыўся суд. А дзяўчынка гэтая проста цудоўная, — з усмешкай прыгадвае Валянціна Пятроўна. — Такая цікавая, актыўная, вясёлая. Дзіця-цуд. Нас адразу прыняла. Прыйшла да нас як да сябе дадому. Адразу знайшла сваё месца…
А вось з Алесяй і яе сястрой Марыяй было зусім інакш.
— У дзевяць месяцаў малодшая Алеся важыла чатыры кілаграмы, не сядзела, не ела сама, не ўставала на ножкі. Нам доктар казаў, калі мы яе забіралі: “Жанчына, вы не баіцеся? Вы такая адчайная — яна ж можа не дажыць да раніцы…” А ў мяне самой дзіця-інвалід ёсць. Мне яе шкада. “Я спраўлюся”, — адзінае, што адказала на гэта. А назаўтра стала страшна. Насамрэч страшна — што не спраўлюся, што нешта здарыцца і я не змагу нічым дапамагчы малой, — прыгадвае Валянціна Пятроўна.
Жанчына патэлефанавала ў сацыяльна-педагагічны цэнтр з нясмелай прапановай: можа, сапраўды ў спецыялізаванай установе дзяўчынцы будзе лепш? Там супакоілі, падтрымалі, абяцалі дапамагчы, чым неабходна.
— І нават гэтых простых слоў было дастаткова, каб не адмовіцца ад гэтай дзяўчынкі, дастаткова было проста адчуваць, што ты не адна, што табе падкажуць і дапамогуць, — працягвае Валянціна Пятроўна. — Хоць у першы час было, безумоўна, вельмі складана. Як толькі ўзялі Алесю, яна прачыналася за ноч па 40 разоў. Я нават запалкі адкладвала, каб падлічыць. Не хацелася, каб плакала, — іншыя ж спалі, таму насілі яе на руках, супакойвалі. Тыдні два з мужам нават не ведалі, ці то дзень, ці то ноч зараз. І яна ж не адна была ў нас. І з ядой былі праблемы. Спачатку кармілі па 40 хвілін дзве лыжкі кашы ўдваіх з мужам.
Але з часам усе гэтыя намаганні поўнасцю апраўдаліся. З часам дзяўчынка памацнела, стала добра спаць, есці, а потым і ўставаць на ножкі, гаварыць.
— Я сёння добра разумею, што ўсе тыя намаганні не былі дарэмнымі. У доме дзіцяці ёй было б горш. Наўрад ці хто па 40 хвілін карміў бы яе. Хто б з ёй прачынаўся па 40 разоў за ноч? І наўрад ці была б яна ў такім стане, як сёння, калі б расла гэты год у інтэрнатнай установе.
Да гэтага можна дадаць: і наўрад ці звярнулі б на гэтых сясцёр увагу ўсынавіцелі. Бо, калі яны знайшліся, Алеся была ўжо звычайным амаль двухгадовым дзіцем, хіба што хадзіць самастойна баялася. Зусім іншай стала і яе старэйшая трохгадовая сястра.
— Аддаваць іх у сям’ю ўсынавіцеляў было вельмі складана. І зараз складана, хоць прайшоў ужо год. Сумую, безумоўна. Вельмі, — і зараз дрыготкім голасам расказвае Валянціна Пятроўна. — Праз тыдзень пасля таго, як іх забралі ўсынавіцелі, нават не вытрымала, пайшла ў мясцовы аддзел адукацыі прасіць: я сама іх усынаўлю. Гэта ўжо быў крок адчаю. Зразумела, пасля рашэння суда аб усынаўленні нічога змяніць ужо нельга… Крыху выратоўвае толькі разуменне таго, што ім там добра. Гэтая сям’я шмат разоў прыязджала да нас. Мы разумелі, што дзеці трапляюць у добрыя рукі.
Але і пасля гэтага выпадку Каласько не адмаўляліся прымаць у сям’ю малых. І гэтак жа, калі знаходзіліся ўсынавіцелі, рыхтавалі малых да пераходу ў новую сям’ю.
— Як можна адмовіцца ад дзіцяці? — пытаннем на пытанне, ці даводзілася выбіраць дзяцей для сваёй сям’і, адказвае Валянціна Пятроўна. — Усіх, каго прапаноўвалі спецыялісты ўзя ць у сям’ю, безумоўна, прымалі. І справа тут нават не ў прафесійных адносінах да справы. Справа ў чалавечнасці.

Настроіць сябе і тым самым — малых

Гаворачы аб падрыхтоўцы малых да перадачы з прыёмнай сям’і ў сям’ю ўсынавіцеляў, Валянціна Пятроўна адзначае, што ў адносінах да дзяцей малодшага ўзросту звычайна не ўзнікае асаблівых цяжкасцей.
— З майго вопыту: нейкія доўгія слоўныя тлумачэнні для дзяцей 1—2 гадоў будуць залішнімі, — дзеліцца Валянціна Пятроўна. — Неабходна толькі самім быць настроеным неабходным чынам — прыняць эмацыянальна ўсынавіцеляў, і гэтае адчуванне паступова перадасца малым. Эмацыянальны кантакт, устаноўлены пры першых сустрэчах, будзе спрыяць таму, што дзеці без асаблівых праблем прымуць сваіх новых бацькоў. Знаёмства, добрыя адносіны, сумесныя зносіны — і дзіця гатова пайсці да новых бацькоў. Дарэчы, з усімі, хто ўсынавіў нашых дзяцей, мы і далей кантактуем. Пішам адно аднаму, нам шлюць фотаздымкі нашых дзяцей. У госці запрашаем адно аднаго.
І гэта таксама спрыяе больш лёгкаму ўваходжанню дзяцей у новыя сем’і.
— Самым старэйшым нашым выхаванцам, якога мы перадалі на ўсынаўленне, быў пяцігадовы Стас, — расказвае Валянціна Пятроўна. — Вось тут сапраўды неабходна было прыкласці больш намаганняў, каб настроіць яго на пераход у новую сям’ю. Сям’я прыязджала шмат разоў, працэс усынаўлення зацягнуўся ў іх надоўга. Але гэта і да лепшага. Стасу на зразумелай яму мове тлумачылі, што вось гэтыя людзі будуць яго сям’ёй. Першы час плакаў. Не хацеў. Але з часам зразумеў, што ніхто яго не выганяе, ніхто ад яго не адмаўляецца. І пасля многіх сустрэч сам гатоў быў з імі паехаць. Дапамагла і схема “паехаць у госці”. Спачатку тыя бацькі былі гасцямі ў нас, зараз мы час ад часу гасцюем у іх.

***

Сёння ў дзіцячым доме сямейнага тыпу Каласько шасцёра выхаванцаў — ад 3 да 13 гадоў. Хтосьці з іх, магчыма, таксама яшчэ пяройдзе ў сям’ю ўсынавіцеляў, хтосьці, магчыма, вернецца да родных. Але, як бы там ні было, усе яны застануцца “нашымі дзецьмі” для Валянціны Пятроўны і Сяргея Рыгоравіча. Здолеўшы перадаць малых у новую сям’ю, яны для кожнага з іх пакінулі месца ў сваім сэрцы.
Гэтак жа, як, упэўнена, хопіць месца там яшчэ і наступным выхаванцам. Бо на пытанне, пра што марыце, гэтыя бацькі нязменна адказваюць: “Марым, каб справа наша працягвалася. Мы прывыклі быць з малымі дзецьмі, гэта ж такі цуд, калі ставіш іх на ногі. Зрабіць іх шчаслівымі вельмі проста”.

Алена МАРКЕВІЧ.