Збегчы з сям’і — збегчы ад праблемы?

Самай дзейснай прафілактычнай работай з’яўляецца тая, што была праведзена загадзя. Але вопыт паказвае, што працаваць на апярэджанне ўмеюць далёка не ўсе бацькі і настаўнікі. Як і не кожны разумее і адчувае, на якім этапе прафілактычна-выхаваўчай работы важна не перабольшыць. Здараецца, што гіперапека, псіхалагічныя траўмы прымушаюць дзяцей збягаць ад праблем на вуліцу, хавацца ў падвалах.
Каб убачыць, праз што праходзяць, куды трапляюць і чаго чакаюць тыя, хто стаў ахвярай бацькоўскай абыякавасці ці празмернай апекі, мы наведалі прыёмнік-размеркавальнік для непаўналетніх УУС Мінабылвыканкама. Сюды ж спачатку трапляюць і дзеці, якія ў далейшым будуць накіраваны ў спецыяльныя ўстановы лячэбнага або выхаваўчага тыпу.

Выратаванне — у шалашы

У Мінскі прыёмнік-размеркавальнік трапляюць непаўналетнія з усёй краіны. Раней, да таго як пачаў дзейнічаць Дэкрэт прэзідэнта № 18, прыёмнік цалкам быў запоўнены тымі, хто быў схільны да бадзяжніцтва. Як правіла, любілі надоўга і бясследна прападаць з дому падлеткі з нядобранадзейных сем’яў.
— Прыняцце Дэкрэта № 18 і яго рэалізацыя значна аздаравілі сітуацыю ў нядобранадзейных сем’ях, — заўважае галоўны спецыяліст упраўлення прафілактыкі МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі запасу Андрэй Генадзьевіч Саладоўнікаў. — Упэўнены: у нас шмат зацікаўленых у тым, каб на ранніх стадыях выявіць такія сем’і і займацца з імі. Дарэчы, раней па краіне прыёмнікаў было даволі многа, і там заўсёды знаходзіліся дзеці. Акрамя бадзяг, у прыёмнік адвозілі дзяцей, якія па той ці іншай прычыне знаходзіліся, як кажуць, не ў той час і не ў тым месцы.
Як расказаў спецыяліст, у прыёмнік прадстаўнікі органаў унутраных спраў маглі адвезці тых, хто знаходзіўся на вуліцы без суправаджэння бацькоў. Зразумела, убачыўшы на вуліцы кінутых дзяцей, міліцыя спрабавала вярнуць іх дадому. Але калі здаралася такое, што бацькоў няма дома, кватэра зачынена і пакінуць дзіця няма ў каго, яго накіроўвалі ў размеркавальнік.
— Такія выпадкі самыя бяскрыўдныя, і раней, яшчэ да ўступлення дэкрэта ў сілу, яны час ад часу здараліся, — працягвае Андрэй Саладоўнікаў. — Але частымі раней былі і такія выпадкі, калі падлеткі свядома збягалі ад бацькоў. Калі гаварыць пра прычыны самавольнага зыходу з дому, спецыялісты ўпэўнены, што існуе некалькі прычын, якія схіляюць дзяцей да бадзяжніцтва.
Галоўным фактарам, які прымушаў дзяцей бадзяжнічаць, з’яўлялася нядобранадзейная атмасфера ў сям’і. Часцей за ўсё збягалі з дому тыя дзеці, чые бацькі любілі выпіць.
Яшчэ адной прычынай, якая “хавалася” ў сям’і і прымушала дзяцей бадзяцца па вуліцах, былі канфлікты, а таксама разыходжанне поглядаў дзяцей і бацькоў у дачыненні да праблем. Часта дзяцей прымушала пакідаць дом і гіперапека з боку родных.
— Усім вядома, што падлеткі — гэта асаблівая катэгорыя, — тлумачыць галоўны спецыяліст упраўлення прафілактыкі. — З імі трэба вельмі акуратна размаўляць. Ва ўсіх іх ужо ёсць свой пункт гледжання, яны хочуць быць незалежнымі. Але менавіта падлеткавы ўзрост дзіцяці з’яўляецца для выхавання вельмі важным. Тут галоўнае — нічога не прапусціць, варта ўмець заўважаць усё да дробязей, каб дзіця не трапіла ў бяду. Але часам менавіта боязь бацькоў за дзяцей, гіперапека прымушалі падлеткаў шукаць прытулку дзе заўгодна, толькі не дома.
Дарэчы, раней і зрэдку зараз выяўляюцца такія факты, калі дзеці збягаюць пасля здзяйснення правапарушэнняў, злачынстваў. Прычына такіх уцёкаў — у боязі. Падлеткам страшна ад таго, якая адказнасць іх чакае за злачынства, і яны аддаюць перавагу ўцёкам.
— Такіх выпадкаў мала, але яны здараюцца, — канстатуе Андрэй Саладоўнікаў. — Бывае і так, што бацькі пазбаўлены адпаведных правоў на выхаванне і ўтрыманне дзяцей, а дзеці ўсё роўна хочуць дадому, да мамы. І як вынік — збягаюць з інтэрнатных устаноў. Бягуць дзеці з прычыны цягі да бацькоў, а магчыма, з-за таго, што не знаходзяць узаемаразумення са сваімі аднагодкамі. Здараецца і такое, калі дзеці збягаюць з прыёмных сем’яў, але ўсюды ёсць свае нюансы.
Вельмі часта спрыяе зыходу дзяцей з дому, як адзначыў спецыяліст, сезонны фактар. Падлеткі, як правіла, любяць прыгодніцкія фільмы, некаторыя чытаюць кніжкі такога ж жанру і з наступленнем цёплага надвор’я прымяраюць на сябе ролю рабінзонаў. Яны будуюць для сябе палаткі, шалашы ў лесе, дзе і жывуць да таго моманту, пакуль іх не знойдуць.
Дарэчы, што тычыцца знікнення дзяцей, за 10 месяцаў бягучага года ў органы ўнутраных спраў паступіла 1349 заяў аб знікненні непаўналетніх. У 1340 выпадках знаходжанне “згубленых” было ўстаноўлена. Большасць дзяцей, як сведчыць палкоўнік міліцыі запасу, знаходзяцца адразу.
— У Мінску ў мінулым годзе ад зін хлопчык збягаў з дому 2 разы, — расказвае Андрэй Генадзьевіч. — Прычынай усяму стаў развод бацькоў. Хлопчык застаўся жыць з мамай, без бацькі. Пасля таго як у мамы з’явіўся новы муж, падлетак збег з дому. Калі хлопца вярнулі дадому, сітуацыя быццам больш-менш наладзілася. Айчым, дарэчы, любіў хлопчыка, добра да яго ставіўся, купляў падарункі. Але і гэта не дапамагло. Падлетак паўторна сышоў з дому. На шчасце, пра гэта своечасова паведамілі ў міліцыю. Хлопчыка знайшлі і вярнулі дадому.
За тымі дзецьмі, якія сыходзілі з дому 2 разы, трэба сачыць вельмі пільна. Калі ўжо адбыўся рэцыдыў, значыць, трэба быць гатовым да таго, што, магчыма, гэта не апошняя спроба знікнення. Увогуле, паўтаруся, што, дзякуючы ўзмацненню мер, якія прадугледжаны Дэкрэтам № 18, у краіне назіраецца станоўчая дынаміка па абароне дзяцей і змяншэнні фактаў бадзяжніцтва ў тым ліку.
Як заўважыў галоўны спецыяліст упраўлення прафілатыкі МУС, па стане на сённяшні дзень аб месцазнаходжанні 58 дзяцей нічога не вядома ўжо даволі працяглы час, прычым пра лёс 36 дзяцей мы не ведаем нічога больш чым 5 гадоў. І калі дзеці, падлеткі не знаходзяцца за 1—2 гады, шансаў на тое, што іх месцазнаходжанне будзе ўстаноўлена, вельмі мала.
— У мінулым годзе, напрыклад, бясследна знікла 14-гадовая дзяўчынка з Мінскага раёна, — дадае Андрэй Генадзьевіч. — Яна выйшла з дому, і больш яе ніхто не бачыў. У гэтай гісторыі, хутчэй за ўсё, будзе крымінальны фінал. Тым не менш, калі не лічыць гэтага сумнага выпадку, як пацвярджаюць даныя, некаторыя дзяўчынкі, якія лічацца зніклымі, знаходзяцца на тэрыторыі Расіі, у Маскве ці ў Санкт-Пецярбургу. Там дзяўчынкі-падлеткі займаюцца прастытуцыяй. Дадому вяртацца яны не хочуць і баяцца: ім сорамна за сваю дзейнасць перад роднымі, знаёмымі.

Прыёмнік — для лідараў?

Тым не менш сёння, калі факты бадзяжніцтва непаўналетніх сталі выяўляцца не так часта, у прыёмнік-размеркавальнік змяшчаюць і тых падлеткаў, якія па рашэнні суда павінны быць накіраваны ў спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя ці вучэбна-выхаваўчыя ўстановы закрытага тыпу. І менавіта да таго моманту, пакуль не будуць аформлены ўсе дакументы для накіравання непаўналетніх у вызначаныя ўстановы, яны знаходзяцца тут, у прыёмніку-размеркавальніку для непаўналетніх УУС Мінаблвыканкама. Прыёмнік у Мінску знайсці вельмі лёгка. Ён знаходзіцца ў Маскоўскім раёне на вуліцы Акрэсціна.
“Рабочы” дзень у прыёмніку — па графіку. У першай палове дня дзеці вучацца. Пасля абеду некаторых з падлеткаў у індывідуальным парадку на заняткі выклікае псіхолаг, астатнія займаюцца выяўленчым мастацтвам, прыкладной творчасцю, у спартзале, гуляюць у настольны тэніс ці глядзяць тэлевізар.
— У прыёмнік трапляюць невыпадковыя людзі, — расказвае псіхолаг Наталля Аляксееўна Фалевіч. — Але дзеці, якія тут знаходзяцца, яшчэ могуць выправіцца. Да нас трапляюць тыя, хто ўжо стаіць на ўліку ў ІСН. Калі ў выхаваўчую калонію трапляюць маладыя людзі, якія здзейснілі сур’ёзныя злачынствы, магчыма, і не адно, то нашы дзеці, як правіла, маюць адміністратыўныя правапарушэнні, за што і накіроўваюцца ў спецыяльныя закрытыя ўстановы сістэмы адукацыі — у Магілёў, Крывічы (Мядзельскі раён), Петрыкаў. Мы цесна супрацоўнічаем з сістэмай адукацыі. І калі ў адносінах да тых дзяцей, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку ў школе, у ІСН ніякія меры не даюць вынікаў, яны накіроўваюцца да нас. Знаходзіцца ў прыёмніку дзеці могуць да 30 дзён.
Псіхолаг звярнула ўвагу на тое, што ўсе дзеці, якія трапляюць у прыёмнік, былі лідарамі ў школе, у сваёй кампаніі. І чамусьці менавіта здзяйсненне супрацьпраўных учынкаў надае падлеткам упэўненасці ў тым, што яны — лепшыя.
Як адзначыла псіхолаг, зараз у прыёмніку знаходзяцца 13 дзяцей ад 12 да 18 гадоў. Але прывозіць у размеркавальнік могуць дзяцей пачынаючы з 3-гадовага ўзросту. Так, быў такі выпадак, калі ў прыёмнік прывезлі дваіх дзяцей, 3 і 5 гадоў. Гэтых дзетак маці забрала з сабой у Маскву, дзе планавала ўладкавацца на працу вахтавым метадам. У адзін з дзён жанчына, едучы з дзецьмі ў метро, сказала ім, каб яны яе пачакалі ў вагоне, і паабяцала, што хутка вернецца.
— Дзеці цэлы дзень сядзелі ў вагоне і чакалі, калі за імі прыйдзе мама, — расказвае Наталля Аляксееўна. — Забіралі дзяцей з метро супрацоўнікі праваахоўных органаў. Потым, калі было выяўлена, што гэта беларускія дзеці, малых прывезлі да нас. Мама, калі яе так можна назваць, за гэты час нават не спрабавала заявіць пра сябе і нават не падумала звярнуцца ў паліцыю. А дзеці ўсё роўна яе чакалі.
Як паведаміла Наталля Фалевіч, час ад часу ў прыёмнік трапляюць дзеці — грамадзяне іншых краін. Яны маюць права знаходзіцца ў нас да 75 сутак. На працягу гэтага перыяду органамі ўнутраных спраў, пасольствамі вырашаюцца пытанні наконт таго, куды і як адправіць замежных “турыстаў”.
Але ўсё ж асноўны кантынгент у мінскім прыёмніку — гэта падлеткі, якія схільны да бадзяжніцтва, уцёкаў з дому, і тыя, хто трапляе сюды пасля суда.
А вось, напрыклад, 17-гадовую Кацю было вырашана прывезці ў прыёмнік яшчэ да вынясення прысуду. Як адзначыла псіхолаг прыёмніка, такое здараецца рэдка. Як правіла, да суда ў прыёмнік размяркоўваюць тых дзяцей, у паводзінах якіх ніхто не ўпэўнены. Ёсць вялікая верагоднасць, што да таго моманту, калі будзе вынесена рашэнне наконт далейшага размеркавання, такія дзеці могуць паспець яшчэ раз пераступіць закон.
Гледзячы на Дзіму і слухаючы яго разважанні, я адчула ў сабе цвёрдую ўпэўненасць у тым, што хлопец не раз апране шэрае паласатае адзенне і будзе спаць на ложку, на якім будзе ўказаны нумар артыкула Крымінальнага кодэкса, згодна з якім гэты “герой” знаходзіцца ў месцы пазбаўлення волі. І, безумоўна, псіхолаг Наталля Фалевіч мела рацыю, калі яшчэ раз пацвердзіла вядомы факт: любая прафілактычная работа павінна пачынацца дома. Безумоўна, у кожнага падлетка, які пераступіў закон, свой метад успрымання інфармацыі і рэальнасці. На кагосьці прафілактычныя метады індывідуальнай карэкцыйнай праграмы, на аснове якой пабудавана выхаваўчая работа ў прыёмніку, могуць паўздзейнічаць. Але, на жаль, ёсць і тыя, чые паводзіны не карэкціруюцца. А гэта значыць, што той час, калі можна было больш пільна прыгледзецца да паводзін падлетка і паспрабаваць яго перавыхаваць, ужо ўпушчаны.

Наталля ДУБІК.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*