Сучасны педагог павінен адпавядаць запытам грамадства і дзяцей

Ідэальны аздараўленчы лагер — які ён? Пытанне, безумоўна, палемічнае, і тыя, каму ніколі не даводзілася варыцца ў гэтай сістэме, наўрад ці знойдуць нават прыблізны адказ. А ён, між іншым, ляжыць на паверхні. У лагеры павінны працаваць актыўныя і эрудзіраваныя педагогі, якія могуць і ўмеюць захапіць дзяцей. І такія настаўнікі, а дакладней кажучы, пакуль яшчэ студэнты, у нас ёсць. Да сапраўднага настаўніцтва ім застаецца зрабіць адзін крок — атрымаць дыплом БДПУ імя Максіма Танка. А пакуль што яны павышаюць узровень свайго педагагічнага і важацкага майстэрства ў аздараўленчых лагерах у складзе лепшых студэнцкіх педагагічных атрадаў.

Сёння самым папулярным педатрадам у БДПУ з’яўляецца “Ніка”. Пра тое, як трапіць у атрад, якімі якасцямі павінен валодаць важаты і якія сацыяльныя праекты па адаптацыі навучэнцаў карыстаюцца попытам у школах, нам расказала кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры сацыяльнай работы факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій, а таксама нязменны камандзір “Нікі” Святлана Якаўлеўна ЯРМОЛІЧ.

— Святлана Якаўлеўна, па выніках мінулага года вы сталі лепшым у Мінску і краіне камандзірам студэнцкага педагагічнага атрада, а ваша “Ніка” — лепшым атрадам у Беларусі. Як на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій вядзецца падрыхтоўка ўдзельнікаў педагагічнага атрада да работы ў аздараўленчых лагерах?

— Так, у мінулым годзе мы дасягнулі значных паказчыкаў у сваёй рабоце. І гэта ў першую чаргу заслуга ўніверсітэта. За матываванне да інавацыйнай педагагічнай дзейнасці хочацца падзякаваць рэктару БДПУ Аляксандру Іванавічу Жуку, першаму прарэктару Святлане Іванаўне Копцевай і дэкану факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Веры Васільеўне Мартынавай. Менавіта дзякуючы правільна пабудаванай рабоце ва ўніверсітэце, на ўсіх факультэтах наладжана выдатная падрыхтоўка студэнтаў для работы ў аздараўленчых лагерах.

Варта адзначыць, што багаты шматгадовы вопыт дазваляе ажыццяўляць педагагічную дзейнасць па новых кірунках. У нас вельмі многа творчых планаў. Прыярытэтнымі з’яўляюцца ўдасканаленне прафесійнай падрыхтоўкі будучых педагогаў і спецыялістаў сацыяльнай сферы, прафесійная арыентацыя абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці. Вельмі хочацца, каб да нас паступалі матываваныя абітурыенты. Дарэчы, нашы студэнты прымаюць актыўны ўдзел у распрацоўцы сацыяльна-адукацыйных праектаў у гэтых кірунках. Адна з такіх работ была падрыхтавана і рэалізавана ў рамках дзейнасці студэнцкіх педагагічных атрадаў. Праект называецца “Свет сацыяльна-педагагічнай работы”, ён быў прадстаўлены на конкурсе сацыяльных праектаў. Сэнс распрацоўкі ў тым, каб пазнаёміць дзяцей у канікулярны перыяд са светам сацыяльнай работы, расказаць аб важнасці прафесійнай дзейнасці спецыялістаў сацыяльнай сферы, раскрыць сэнс і значнасць сацыяльнай палітыкі, якая праводзіцца ў краіне.

— Якім быў першы вопыт апрабацыі дзейнасці “Нікі” ў межах аздараўленчага лагера?

— Ідэя стварыць педатрад узнікла 12 гадоў назад. На той момант студэнты вучыліся 5 гадоў, а педагагічная практыка ў іх была на 3 курсе. Але працаваць у лагерах большасць маладых людзей хацела і на 1, 2, 4 курсах. Зразумела, што накіроўваць студэнтаў без дадатковай прафесійна-педагагічнай падрыхтоўкі для работы ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі мы не маглі. Актыўны пошук алгарытму набору студэнтаў у педатрад, а таксама методык і тэхналогій падрыхтоўкі важатых у складзе педатрада пачаўся ў 2006 годзе. Варта адзначыць, што ў студэнтаў ёсць багатыя веды і вопыт, які назапасіўся падчас вывучэння сацыяльных, псіхалагічных і педагагічных дысцыплін, а гэта дазваляе атрымаць якасную падрыхтоўку ў галіне сацыяльна-педагагічнай работы з дзецьмі. Першы вопыт быў пазітыўным і станоўчым. За 3 гады работы ў лагеры педатрад нашага факультэта стаў лепшым у Мінску. Дарэчы, ва ўніверсітэце даволі многа педагагічных атрадаў, і нават канкурэнцыя паміж сабой — гэта вялікі вопыт. Кожны факультэт можа пахваліцца залатым фондам студэнтаў, выкладчыкаў, якія ўмеюць цудоўна арганізоўваць работу педатрадаў і былі ў розныя гады пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў.

У 2012 годзе ў “Нікі” сфарміраваўся кодэкс гонару, традыцыі, мадэль падрыхтоўкі ўдзельнікаў педатрада і сістэма сацыяльна-педагагічнай работы з дзецьмі ва ўмовах лагера. І паколькі жадаючых трапіць у педатрад для работы ў аздараўленчых лагерах было вельмі многа, мы таксама распрацавалі анкету, палажэнне аб наборы студэнтаў у педатрад. Конкурс важацкага майстэрства праводзіўся на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій, і для ўдзелу ў ім было неабходна прадставіць анкету, аўтарскі сацыяльна-выхаваўчы праект. Пераможцы залічваліся ў склад атрада без дадатковых выпрабаванняў. Лепшыя праекты, зразумела, траплялі на конкурс. Пасля гэтага было рэкамендавана апрабаваць праект падчас сацыяльна-педагагічнай практыкі ва ўстановах адукацыі ці ў рамках валанцёрскай дзейнасці. Аб тым, што праект быў рэалізаваны, сведчылі даведкі, якія студэнты прыносілі з месцаў практыкі. Пасля гэтага пераможцаў чакаў яшчэ адзін важны момант. Тыя аўтарскія распрацоўкі, якія былі найбольш цікавымі, рэалізоўваліся ва ўстановах адукацыі, якім гэта было неабходна. Астатнія маладыя людзі набіраліся ў адпаведнасці з пэўнымі крытэрыямі. Так, важнымі былі і ёсць высокі ўзровень ведаў і этычна-прававой культуры, камунікабельнасць, крэатыўнасць, сацыяльная актыўнасць. Дарэчы, для таго каб прасачыць сацыяльную актыўнасць студэнтаў, вялася спецыялізаваная картка, дзе пазначаліся дасягненні маладых людзей, гэта значыць, вёўся ўлік мерапрыемстваў, у якіх будучыя педагогі прымалі ўдзел. Зразумела, што калі студэнт прыходзіў з карткай, я ўжо магла пракансультаваць распрацоўку праекта, таму што бачыла, у якім кірунку сацыяльнай дзейнасці студэнт можа праявіць сябе лепш за ўсё. А значыць, зможа даць пэўныя веды і дзецям, якія знаходзяцца ў аздараўленчым летніку.

— Акрамя сацыяльных, на факультэце рэалізуецца праект “Адукацыя без межаў”. У чым яго сэнс?

— Факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій і Цэнтр дадатковай адукацыі “Альтэрнатыва” БДПУ рэалізуюць адукацыйна-экскурсійны праект “Адукацыя без межаў”. Праект накіраваны на азнаямленне студэнтаў і выкладчыкаў з сістэмай і асаблівасцямі педагагічнай адукацыі за мяжой. Акрамя гэтага, ён выступае за актывізацыю студэнцкай акадэмічнай мабільнасці, развіццё міжнароднай праектнай дзейнасці. “Адукацыя без межаў” разлічана найперш на будучых педагогаў. Дэлегацыя ад нашага ўніверсітэта наведвае ўстановы вышэйшай адукацыі менавіта педагагічнага профілю, з якімі ў БДПУ заключаны дагаворы, для таго каб пазнаёміцца з асаблівасцямі іх адукацыйнага працэсу. Толькі за 2017/2018 навучальны год у праекце прынялі ўдзел 150 чалавек, якія былі ў Вільнюсе ва ўніверсітэце Мікаласа Ромерыса, наведалі Расійскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт у Санкт-Пецярбургу. Важна, што падчас паездак праводзяцца экскурсіі, якія даюць магчымасць даведацца шмат цікавых фактаў з гісторыі горада. У нашых найбліжэйшых планах — наведаць установы вышэйшай адукацыі ў Нарве (Эстонія), Рызе (Латвія), Беластоку (Польшча) і інш.

Праект будзем развіваць і далей. Безумоўна, будзем шукаць нешта цікавае, што можна дадаць да ўласнай сістэмы адукацыі. Гэта неабходна для таго, каб нашы спецыялісты былі канкурэнтаздольнымі, маглі ажыццяўляць інавацыйную педагагічную дзейнасць і менеджмент сацыяльна-педагагічнай дзейнасці.

— Ведаю, што на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій дзейнічае Школа важацкага майстэрства. Што яна дае студэнтам у плане падрыхтоўкі да работы ў аздараўленчых лагерах?

— Школа важацкага майстэрства — гэта важны этап у падрыхтоўцы студэнтаў да работы ў лагерах. Штогод план і змест школы ўдасканальваюцца. Найбольш актыўна займаліся распрацоўкай уласных праектаў у межах школы Марыя Калала і Марына Ярашэвіч.

Менавіта гэтыя дзяўчаты, якія мелі багаты вопыт работы важатымі, педагогамі-арганізатарамі абагульнілі свае веды і прапанавалі студэнтам распрацоўкі практычных заняткаў па падрыхтоўцы да работы ў лагеры. У вучэбна-метадычным дапаможніку ёсць прыклады заняткаў і рэкамендацыі па правядзенні конкурсаў і гульняў, агульныя парады па правядзенні лагерных мерапрыемстваў, а таксама расказалі, якімі спосабамі неабходна вырашаць канфлікты, як знаёміцца з дзецьмі, як выбраць назву атрада, афармляць куток дзейнасці атрада і інш.

Адметна, што ў дапаможніках, якія рыхтуюць студэнтаў да работы важатымі, ёсць шмат прыкладаў цікавых інтэрактыўных форм практычнай падрыхтоўкі, сярод якіх трэнінгі, семінары і інш. Такім чынам, усе нашы напрацоўкі абагульнены і падрыхтаваны для азнаямлення і выкарыстання тымі, хто хоча ўзбагаціць свой вопыт, а таксама імкнецца да таго, каб на высокім узроўні арганізоўваць выхаваўча-сацыяльную работу з дзецьмі.

— Работа і правільнае ўзаемадзеянне з дзецьмі не толькі ў аздараўленчых лагерах, але і ў школе падчас вучэбнага працэсу патрабуюць шматлікіх рэсурсаў. Як матываваць студэнтаў для работы ў педагагічных студэнцкіх атрадах?

— Увогуле, матывацыя залежыць ад таго, чаму чалавек прыйшоў вучыцца на факультэт, ва ўніверсітэт. У нас многа студэнтаў, якія прыходзяць вучыцца з сацыяльнай матывацыяй, яны хочуць праявіць сябе, свае здольнасці, таленты, мець магчымасць рэалізаваць аўтарскі праект, ідэю, тэарэтычныя веды на практыцы. Аналіз праектаў, якія распрацаваны студэнтамі, дазваляюць маладым людзям разумець важнасць і значнасць іх далейшай педагагічнай дзейнасці, а таксама тое, што іх распрацоўкі і вопыт могуць быць запатрабаваны грамадствам. Важна і тое, што работа ў педагагічных атрадах — гэта цудоўная магчымасць быць занятымі ў летні перыяд, зарабіць грошы. Але самы вялікі плюс — гэта тое, што студэнты, працуючы, атрымліваюць каштоўны вопыт работы з дзецьмі.

Дарэчы, на працягу ўсяго года студэнты працуюць у складзе групы, якая рыхтуецца да работы ў студатрадзе. У лютым фарміруюцца педатрады. Пасля гэтага студэнты, якія ў іх залічаны, праходзяць Школу важацкага майстэрства па дадатковым навучанні, шматлікія трэнінгі. Важным з’яўляецца трэнінг, які накіраваны на развіццё лідарскіх якасцей, ён рэалізуецца з гэтага года.

Калі фарміруецца склад атрада, праводзіцца анкетаванне. Сёлета я паспрабавала новую форму — педагагічнае тэсціраванне. У кожнага студэнта, які прыходзіў і выказваў жаданне працаваць з дзецьмі ў лагерах, правяраўся ўзровень педагагічных ведаў. Мы абмяркоўвалі моманты, якія тычацца выхаваўчай накіраванасці, а таксама разглядалі пытанні, звязаныя з кампетэнцыямі чалавека, які працуе ў складзе педагагічнага атрада. Пасля гэтага студэнтам задавалася пытанне: што яны хочуць атрымаць ад работы і чым я як камандзір атрада магу ім дапамагчы ў рамках функцыянальных абавязкаў камандзіра. Былі студэнты, якія выказвалі жаданне праводзіць трэнінгавыя заняткі з дзецьмі. Для гэтага мы звязваліся з Інстытутам псіхалогіі БДПУ і пры дапамозе яго спецыялістаў вучылі ўдзельнікаў педатрада асаблівасцям такой формы ўзаемадзеяння з дзецьмі. Дарэчы, трэнінгі праводзілі розныя па сваёй напаўняльнасці. Разглядалі тое, як вырашаць дзіцячыя канфлікты, як дапамагаць школьнікам развіваць лідарскія якасці і інш.

— З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца студэнты, калі прыязджаюць працаваць у лагер да дзяцей? Ці ёсць сітуацыі, да якіх яны не падрыхтаваны?

— Калі гаварыць пра падрыхтоўку студэнтаў да важацкай дзейнасці, цяжкасці былі спачатку, калі не было сваёй апрабаванай метадычнай базы. І самым галоўным на той момант пытаннем было навучыцца кіраваць часовым калектывам. Цяпер мы з гэтым справіліся.

Калі ж гаварыць пра студэнтаў, першае, што разумее малады спецыяліст, калі трапляе ў аздараўленчы лагер, гэта ўзровень адказнасці сучаснага педагога. Настаўнік адказвае за дзіця, за тое, як будуюцца ўзаемаадносіны ў калектыве. Малады спецыяліст разумее, што ад эфектыўнасці рэалізацыі сістэмнай педагагічнай работы ў лагеры залежыць развіццё адаптацыйных навыкаў, сацыяльных кампетэнцый, фарміраванне рыс характару і інш. І калі на студэнта перакладаецца адказнасць за асобасны рост, псіхалагічны стан дзіцяці, клімат у калектыве, гэта можа нават кагосьці напужаць. Але нашы студэнты гатовы і могуць несці такую адказнасць. У лагеры самым галоўным для педагога з’яўляецца тое, як усё паспець. Ідэй у студэнтаў многа, але часу для іх рэалізацыі можа не хапаць. Яшчэ важна навучыць дзяцей узаемадзенічаць. Яны павінны кантактаваць адно з адным ужывую, у рэальным жыцці, а не пры дапамозе інтэрнэту. Быў такі выпадак, калі навучэнцы, якія жывуць у адным пакоі, не размаўлялі адзін з адным уголас, яны ляжалі на ложках і перапісваліся ў вайберы, дзе ў іх была створана група ўласнага пакоя.

— Святлана Якаўлеўна, чаго самі дзеці чакаюць і патрабуюць ад педагогаў, важатых? І ці адпавядае настаўнік, яго ўзровень ведаў патрабаванням сучасных дзяцей?

— Усе нашы студэнты расказваюць, што дзеці патрабуюць, каб з імі размаўлялі, абмяркоўвалі розныя тэмы. Дзеці любяць маладых важатых, і сістэма важацтва так і пабудавана, што побач з навучэнцамі павінен быць малады таварыш, які будзе дапамагаць развівацца ў правільным напрамку. Акрамя гэтага, дзецям неабходна, каб малады педагог, важаты меў захапленні. Калі студэнт, малады настаўнік будзе ўвесь час развівацца, удасканальваць сваё педагагічнае майстэрства, значыць, ён будзе ў поўнай меры адпавядаць запытам сучасных дзяцей і грамадства.

Гутарыла Наталля САХНО.