Бяспека дзяцей у прыярытэце

Маніторынг дзейнасці аздараўленчых устаноў перш за ўсё накіраваны на тое, каб выявіць усе недахопы ў тэхнічнай арганізацыі лагераў і тым самым забяспечыць належны ўровень бяспекі дзяцей. Такія меры, як правіла, дазваляюць не толькі пазбегнуць няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх, але і дапамагаюць захаваць прэстыж летняй аздараўленчай установы.

Пра тое, якія тыповыя памылкі штогод паўтараюць многія загарадныя лагеры, расказала галоўны тэхнічны інспектар працы Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Леанідаўна ЛЯСУН.

Кожнае лета прадстаўнікі прафсаюза адукацыі і навукі праводзяць маніторынг дзейнасці аздараўленчых устаноў. Як расказала Марына Леанідаўна, усяго па краіне галіновай тэхнічнай інспекцыяй працы за чэрвень правераны 51 аздараўленчы лагер. Важна, што з году ў год сітуацыя з захаваннем правіл бяспекі ва ўстановах выхаваўча-аздараўленчага тыпу наладжваецца.

Па словах галоўнага тэхнічнага інспектара, парушэнні ва ўсіх лагерах у асноўным адны і тыя ж і тычацца ў большасці тэрмінаў правядзення інструктажу, стажыроўкі, праверкі ведаў, адпаведнасці абсталявання патрабаванням бяспекі. “Нясвоечасова праводзіцца інструктаж з работнікамі летніх аздараўленчых устаноў, — тлумачыць Марына Леанідаўна. — У асноўным інструктаж павінен праводзіцца з тымі асобамі, якія працуюць па рабочых спецыяльнасцях. Акрамя таго, было многа пытанняў наконт выкарыстання самаробных драўляных лесвіц, якія проста збіты цвікамі. Мы забаранялі іх эксплуатаваць. Зразумела, што не толькі ў лагерах, але і ў іншых арганізацыях лесвіцы павінны быць фабрычнымі, з выразанымі прыступкамі, з замацаванымі сцяжнымі балтамі праз кожныя два метры. Да таго ж лесвіцы павінны прайсці выпрабаванне, і пра гэта, як правіла, сведчыць бірка, якая замацоўваецца на прыстасаванні. А на справе аказвалася, што выпрабаванні не праводзіліся і адпаведныя даныя не былі запісаны ў спецыяльны журнал”.

Ці можна пазбегнуць траўміравання дзяцей?

Праблемай, якая патрабуе пастаяннай увагі, з’яўляецца дзіцячы траўматызм. На жаль, працэнт такіх выпадкаў з году ў год застаецца высокім. І, як расказала прадстаўнік прафсаюза, нават падчас аздараўленчага перыяду дзеці атрымліваюць траўмы. Тым не менш Марына Леанідаўна ўпэўнена, што мінімізаваць колькасць траўм, няшчасных выпадкаў, ад якіх пакутуюць дзеці, магчыма. Як вядома, часта дзеці могуць атрымаць траўму, калі займаюцца на спартыўным абсталяванні, а таксама на гульнявых комплексах.

— Каб знізіць працэнт дзіцячага траўматызму, неабходны пастаянны нагляд за пэўным абсталяваннем, — гаворыць Марына Леанідаўна. — У кожнай установе адукацыі павінна быць вызначана адказная асоба, якая кантралюе стан дзіцячых пляцовак, спартыўнага і гульнявога абсталявання (п. 8.1.2 СТБ ЕН 1176-7-2006 “Абсталяванне дзіцячых гульнявых пляцовак”). Безумоўна, усё абсталяванне, якое прызначана для дзяцей, павінна быць выпрабавана і надзейна замацавана. За бяспеку хлопчыкаў і дзяўчынак неабходна адказваць у поўным аб’ёме. Калі ж разглядаць выпадкі дзіцячага траўматызму больш дэталёва, частай прычынай траўм на гульнявой пляцоўцы з’яўляюцца незамацаваныя футбольныя вароты. Некалькі гадоў назад на футбольным полі здарыўся трагічны выпадак: вароты ўпалі на хлопчыка, ён загінуў. Такім чынам, цяжкія металічныя футбольныя вароты на стадыёне павінны быць надзейна замацаваны. А каб пазбегнуць перакульвання канструкцыі, неабходна зафіксаваць ніжнюю перакладзіну металічнымі скобамі.

Дарэчы, педагагічныя работнікі, якія задзейнічаны ў аздараўленчай кампаніі, павінны расказаць навучэнцам пра правілы бяспечных паводзін, асабліва падчас масавых мерапрыемстваў.

— Неабходна вучыць дзяцей правілам бяспекі падчас адпачынку ля вады, — нагадвае спецыяліст. — Думаю, усе памятаюць здарэнні, калі ў аквапарках Брэсцкай вобласці падчас работы школьных лагераў дзённага знаходжання патанулі 2 непаўналетнія, якія не ўмелі плаваць. Праведзенае расследаванне паказала, што ў абодвух выпадках адсутнічаў кантроль з боку выхавальнікаў, якія суправаджалі дзяцей, і была недастатковая арганізацыя бяспечнага знаходжання непаўналетніх на вадзе.

Яшчэ адно грубае парушэнне, выяўленае падчас маніторынгу, тычылася правільнага абсталявання электрашчытавых. Не ўсе яны былі забяспечаны дыэлектрычнымі сродкамі абароны. Згодна з правіламі бяспекі, каля кожнай электрычнай шафы павінны ляжаць дыэлектрычныя дыванкі і пальчаткі.

— Час выпрабавання ў пальчатак быў пратэрмінаваны, — працягвае расказваць пра знойдзеныя недахопы ў арганізацыі бяспекі лагераў галоўны тэхнічны інспектар. — Важна, каб пальчаткі праходзілі выпрабаванне не радзей чым 1 раз у 6 месяцаў. А ў некаторых сродкаў індывідуальнай абароны, да якіх і адносяцца пальчаткі, пасля іспытаў прайшоў год і нават больш.

Вялікая ўвага падчас маніторынгу ўдзялялася абсталяванню харчаблокаў летніх лагераў, іх адпаведнасці санітарным нормам. Больш за ўсё звярталася ўвага на стэлажы, на якіх захоўваецца посуд і ляжаць прадукты. Як і ў сітуацыі з лесвіцамі, стэлажы павінны праходзіць выпрабаванне нагрузкай.

— Падчас выпуску стэлажа завод-вытворца прыкладае да яго пашпарт, дзе напісана гранічная нагрузка на кожную паліцу, — тлумачыць Марына Лясун. — І такія лічбавыя паказчыкі абавязкова павінны быць пазначаны. Зразумела, што, калі на паліцу пакласці большую колькасць кілаграмаў, нагрузкі яна не вытрымае. Важным момантам з’яўляецца тое, што ўсе стэлажы харчаблокаў павінны быць надзейна прымацаваны да сцяны і падлогі. Яшчэ адно ўпушчэнне ў арганізацыі работы лагераў — не на ўсё абсталяванне распрацавана інструкцыя па ахове працы і эксплуатацыі прыбораў. Узяць, напрыклад, параканвектамат. На ім павінна прысутнічаць інструкцыя па бяспечным карыстанні. На жаль, у некаторых харчаблоках гэтага не было. Але прыемна, што рамонт харчаблокаў праводзіцца і старое абсталяванне мяняецца на новае.

Адсутнасць спецвопраткі для супрацоўнікаў лагераў таксама трапляе ў спіс недахопаў. Электраманцёр, кухар, медсястра — усе спецыялісты павінны быць апрануты згодна з нормамі.

— Адсутнасць спецадзення — гэта вялікая праблема, — канстатуе інспектар. — З адсутнасцю спецвопраткі ў поўным аб’ёме сутыкаемся не толькі ў лагерах, але і ў школах, дзіцячых садах, таму што ў гэтых структурах няма пазабюджэтных грошай, якія можна было б выдзеліць на вышэйзгаданы артыкул расходаў.

Марына Леанідаўна расказала, што ў дачыненні да аднаго з лагераў Мінскай вобласці, які да моманту праверкі галіновага прафсаюза ўжо правярала дзяржаўная інспекцыя працы, стаяла пытанне наконт забароны яго эксплуатацыі: зімой памяшканне лагера не ацяпляецца, і многае прыйшло ў непрыгоднасць, паадвальваліся шпалеры, пачалі разбурацца сцены. Магчымасць аднавіць лагер была і ёсць, але толькі пры ўмове, што там будзе абсталявана свая кацельня.

Правілы бяспекі — і для настаўнікаў таксама

Для прадухілення няшчасных выпадкаў педагагічныя работнікі лагера павінны праводзіць навучанне дзяцей мерам бяспекі. Дастаткова аднаго разу. Згодна з метадычнымі рэкамендацыямі і праграмай мер бяспекі наконт правядзення мерапрыемстваў, запіс аб праведзеным інструктажы неабходна рэгістраваць у спецыяльных дакументах, журналах.

— Настаўнік павінен расказаць дзецям пра правілы паводзін не толькі на тэрыторыі лагера, але і на вадзе, а таксама ў месцах, куды плануюцца экскурсіі, паходы, — пацвярджае Марына Леанідаўна. — Для мінімізацыі рызык пры арганізацыі купання, а таксама турыстычных паходаў неабходна выконваць патрабаванні Інструкцыі аб арганізацыі ўдзелу навучэнцаў устаноў адукацыі ў турыстычных паходах і экскурсіях (пастанова Міністэрства адукацыі ад 17 ліпеня 2007 года № 35а).

Што тычыцца ўрокаў бяспекі, у многіх можа ўзнікнуць пытанне, як і дзе трэба рэгістраваць правядзенне такіх урокаў. Усё вельмі проста. Настаўнік па аналогіі са спісам у школьным журнале складае спіс вучняў. Важна, каб настаўнік распісаўся ў журнале і такім чынам пацвердзіў правядзенне заняткаў. Усё, што тычыцца дзяцей, іх бяспекі, павінна быць дакументальна зацверджана. І навучэнцы павінны разумець, наколькі важнымі з’яўляюцца гэтыя пытанні. Акрамя гэтага, педагогі, праводзячы апытанне, будуць разумець, што дзеці добра засвоілі, а на якія моманты варта яшчэ раз звярнуць увагу. Безумоўна, непаўналетніх, якія адсутнічалі на занятках, таксама неабходна пракансультаваць. Праводзіць такое навучанне лепш у пачатку змены, калі большасць дзяцей ужо знаходзіцца ў лагеры. У кожным аздараўленчым лагеры дзейнічаюць свае правілы, і менавіта кіраўніцтва вырашае, калі і якія мерапрыемствы праводзіць.

Як заўважыла Марына Леанідаўна, выхавальнікі, якія працуюць у лагерах, таксама павінны экзаменавацца ў пачатку аздараўленчай кампаніі. Такі маніторынг ведаў, як правіла, праводзіцца ў аддзелах адукацыі. І нават калі настаўнікі бездакорна валодаюць пытаннямі адносна тэхнікі бяспекі і аховы працы, лепш яшчэ раз успомніць, як паводзіць сябе з дзецьмі, як арганізоўваць мерапрыемствы, чым пасля, калі нешта здарыцца, шкадаваць, што адпаведная прафілактычная гутарка не была праведзена.

— Каб звярнуць увагу на праблему, з якой сутыкнуліся, мы напісалі адпаведную рэкамендацыю начальніку аддзела адукацыі, — працягвае Марына Леанідаўна. — У ёй мы прапанавалі сумесна з органамі выканаўчай улады вырашыць гэтае пытанне, таму што яно патрабуе вялікіх капіталаўкладанняў. Аддзел адукацыі з’яўляецца структурай райвыканкама, а фінансаванне такіх мерапрыемстваў ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Калі ж да праблемы, яе вырашэння далучыцца і мясцовая гарадская ўлада, то ўсё атрымаецца. На працягу 3 гадоў Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі арганізоўвае рэйдавыя выезды. Група тэхнічных інспектараў, якія прадстаўляюць розныя галіны прафсаюза, правярае выкананне заканадаўства аб ахове працы ў арганізацыях, у тым ліку адукацыйных. На наступны пасля праверкі дзень падчас нарады з удзелам кіраўніцтва выканкамаў расказваем пра недахопы, якія былі выяўлены. Часам менавіта гэта з’яўляецца адзіным шляхам вырашэння праблемы, таму што ўстановы, якія фінансуюцца з бюджэту краіны (лагеры ў тым ліку) самастойных, свабодных грошай для аднаўлення сваёй унутранай базы не маюць.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.