І ў першы клас, і ва ўніверсітэт

…На ганак прыгожага белага дома высыпаюць дзеці, а з-за дзвярэй смачна пахне пірагамі — так сустракае гасцей вялікая сям’я Пацалуевых з гарадскога пасёлка Смілавічы Чэрвеньскага раёна, што на Міншчыне. Дзяцей у Аляксандры Валер’еўны і Сяргея Віктаравіча 6 і сёлета для ўсіх Пацалуевых-малодшых 1 верасня пачнецца навучальны год. Самы старэйшы, Ягор, стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, самая малодшая, Вара, ідзе ў першы клас. У школу № 1, дзе гэтую сям’ю ведаюць вельмі даўно і вельмі добра.

У гасцях у касманаўтаў.

Актыўныя і крэатыўныя

— Усе дзеці вучацца ў нашай школе, Ягор сёлета яе скончыў, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы № 1 Вікторыя Іванаўна Палячкова. — Сям’я цудоўная, і мама, і тата наведваюць школу, прыходзяць на бацькоўскія сходы. Між іншым у нашай установе, дзе больш за 420 дзяцей, вучацца малыя з 54-х мнагадзетных сем’яў, так што вопыт работы з імі вялікі, але сям’я Пацалуевых вылучаецца: усе актыўныя, ахвотна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах. Так, калі Рома скончыў 4 клас (а школа арганізоўвае свята пры пераходзе дзяцей з пачатковай у сярэднюю школу), мама, Аляксандра Валер’еўна, спявала на сцэне песню, якую сама склала. І на выпускных Ягора і Дашы яна выступала разам з дзецьмі.

Нехта з малых хуценька бяжыць у іншы пакой, каб прынесці тоўстую папку з граматамі і падзякамі, што атрымалі розныя члены сям’і. Тут, напрыклад, захоўваецца грамата Аляксандры Валер’еўны за плённую працоўную і грамадскую дзейнасць, значны ўклад у арганізацыю культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, шматгадовую актыўную працу ў прафсаюзным руху. Грамату, якая ўтрымлівае яшчэ пару радкоў з пералічэннем заслуг Аляксандры Валер’еўны, мыйшчыка-прыбіральшчыка рухомых саставаў Мінскага метрапалітэна, уручыла прафсаюзная арганізацыя.

А вось іншая грамата, якой Маскоўская раённа арганізацыя Беларускага саюза жанчын узнагародзіла Аляксандру Валер’еўну таксама за актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах. Прынамсі, і старэйшаму сыну давялося ўдзельнічаць у канцэрце да прафесійнага свята мамы — Дня чыгуначніка: хлопец іграе на гітары.

У папцы яшчэ шмат бацькоўскіх і дзіцячых узнагарод — за ўдзел і перамогі ў конкурсах, прадметных алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах. А яшчэ пастаянна папаўняецца сямейная калекцыя кубкаў і медалёў за спартыўныя і іншыя перамогі. І ў кожнага ў сям’і свае захапленні і свае дасягненні.

Вучыцца — не журыцца

— Наш старэйшы, Ягор, скончыў школу з залатым медалём, паступіў у БДУІР, — расказвае маці вялікай сям’і. — Ён стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі як лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару ў секцыі “Фізіка”. Гэта было летась, а сёлета ён разам яшчэ з адным навучэнцам стаў пераможцай конкурсу.

Як у пасёлку без веласіпедаў?Гэта, дарэчы, далёка не ўсе навуковыя ўзнагароды старэйшага сына. За іх, упэўнена Аляксандра Валер’еўна, варта дзякаваць не толькі Ягору, але і настаўніку першай школы Анатолю Канстанцінавічу Шабусаву, які здолеў падрыхтаваць свайго таленавітага вучня. Дапамагалі і іншыя педагогі. “Добры настаўнік + працавіты вучань = поспех”, — так вызначае жанчына формулу поспеху.

Да слоў маці Ягор, які выглядае зусім сталым і ўпэўненым у сабе мужчынам, дадае, што паступіў на спецыяльнасць, звязаную з электроннымі сістэмамі бяспекі. Прахадны бал на бюджэтнае навучанне склаў 324, Ягор Пацалуеў набраў 346 (сярэдні бал атэстата — 9,4, фізіка — 83 балы, матэматыка — 83, руская мова — 86). Хлопец кажа, што БДУІР выбраў сам, да апошняга вызначаўся са спецыяльнасцю. Будзе інжынерам-праекціроўшчыкам.

Другое дзіця ў сям’і — дзесяцікласніца Даша, якая дзевяць класаў скончыла з балам, большым за 9.

— Калі Ягор у нас стратэг, то Даша вылучаецца арганізатарскімі здольнасцямі, — гледзячы на дзяўчынку, гаворыць яе маці. — І я бачу, што ў яе ёсць схільнасці да выкладчыцкай работы. Лічу — гэта гены, бо мая бабуля была філолагам. І дзеці да Дашы цягнуцца, умее яна з малымі. Мне здаецца, што з Дашы атрымаецца ці добры педагог, ці добры медык. Патэнцыял і магчымасць выбраць прафесію, якая потым будзе ў радасць, ёсць. Даша яшчэ і спорт любіць, да якога яе прыахвоціла былы класны кіраўнік Ірына Мікалаеўна Паўлюкевіч. У нас наогул настаўнікі добрыя, я з любым пытаннем падыходжу да любога настаўніка і ўсё пра сваіх дзяцей ведаю.

Сама дзяўчынка кажа, што з прафесіяй яшчэ не вызначылася, але і час на гэта пакуль ёсць.

Пасля старэйшай дачкі ідуць адразу тры хлопчыкі — Мікіта, Раман і Трафім. Першы перайшоў у 7 клас, другі — у 5, а малодшы Трафім — у 3. І пра кожнага маці можа расказваць бясконца (упэўнена, што яе падтрымаў бы і бацька, але падчас нашай гаворкі Сяргей Віктаравіч быў на рабоце, ён маляр). Дык вось, Мікіта — вялікі аматар прыроды, а таксама такіх школьных прадметаў, як “Гісторыя” і “Абслуговая праца”, на што паўплываў, мабыць, тата, майстар на ўсе рукі. Хаця бацькі і педагогі бачаць у хлопчыку здольнасці і да матэматыкі. Ён таксама мае на сваім рахунку нямала дыпломаў і грамат, напрыклад, за 3-е месца ў раённай алімпіядзе па рускай мове, спартыўныя ўзнагароды, у тым ліку за першыя месцы.

Раман па прыкладзе старэйшых братоў і сястры 4 клас скончыў з адзнакай, двойчы атрымліваў узнагароду як лепшы чытальнік, цікавіцца гісторыяй. “Рома ў нас пакуль маленькі, але вельмі актыўны. Так што яшчэ праявіць сябе”, — кажуць пра хлопчыка родныя. А Трафіма ў сям’і называюць будучым канструктарам. Ён адрозніваецца зайздроснай уседлівасцю, калі заняты чымсьці цікавым, і вучыцца добра, што можна назваць сямейнай традыцыяй — да вучобы ўсе тут ставяцца адказна.

Самая малодшая, Вара, канечне, падтрымае такі сямейны настрой, у смілавіцкую сярэднюю школу № 1 хутка прыйдзе яшчэ адна добрая навучэнка. “У школу мы з ёй хадзілі, настаўніца сказала, што Вара да заняткаў псіхалагічна гатова”, — расказвае маці дзяўчынкі. Ды і чаго баяцца Варвары Пацалуевай, калі столькі яе старэйшых братоў і сястра вучацца і вучыліся ў гэтай школе! Для іх першая школа даўно стала другім домам.

Палёт нармальны

Зараз вялікая сям’я Пацалуевых, якой не хапае метраў на кожнага члена сям’і, будуе аднапакаёвую кватэру з дзяржпадтрымкай. А пакуль усе жывуць у доме, пабудаваным гадоў 10 назад. Тут і двор, і гаспадарка — козы, куры, сабака, кот, якога дзеці знайшлі на вуліцы. Нездарма ж тата — заатэхнік па адукацыі.

З работай спраўляюцца ўсе разам. Работы многа, і ніхто яе не цураецца — дапамагаюць адно аднаму, малодшыя вучацца ў старэйшых. Безумоўна, важны прыклад бацькоў. Так, Аляксандра Валер’еўна, якая працуе пасменна, выязджае на работу ў 5 гадзін раніцы, яе надзвычай паспяхова замяняе Сяргей Віктаравіч. Накараміць дзяцей, сабраць у школу, адвезці туды — ніякіх пытанняў. А дзеці ў сваю чаргу дапамагаюць тату рамантаваць машыну, будаваць лазню, маці — гатаваць, прыбіраць і выконваць любую іншую работу.

Ёсць і яшчэ адзін пастаянны клопат у мнагадзетных бацькоў — зборы дзяцей у школу.

Спорт у сям’і любяць, нават зрабілі ўласны турнік.— Нам, канечне, дапамагае райвыканкам, дае 30% ад бюджэту пражытачнага мінімуму на кожнага школьніка, — расказвае Аляксандра Валер’еўна. — За падручнікі плацім толькі 50%, у школе дзеці харчуюцца бясплатна, у групе прадоўжанага дня — таксама. Гэта вялікая дапамога, як і скідкі на білеты на розныя мерапрыемствы.

Як расказала В.І.Палячкова, з аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на работу да мнагадзетнай маці ўжо накіравана пісьмо з просьбай дапамагчы сям’і сабраць дзяцей у школу. Трэба думаць, што работадаўца не адмовіць.

Хаця ўсё роўна, на плечы бацькоў кладзецца важкі матэрыяльны цяжар. Летась, напрыклад, уся грашовая дапамога пайшла толькі на канцылярскія тавары. А зборы праходзяць так. “Складаем спіс неабходных кацылярскіх тавараў, садзімся ў машыну і едзем за пакупкамі. Толькі сшыткаў даводзіцца купляць вялізны стос”, — расказвае Ягор Пацалуеў. А ў цэлым зборы не адкладваюць на апошні момант, рыхтаваць дзяцей пачынаюць загадзя, бо, якой бы ні была дапамога, сабраць пяць школьнікаў і аднаго студэнта няпроста.

Дарэчы, для Ягора сёлета галоўнай пакупкай да навучальнага года стаў ноўтбук, які бацькі аформілі ў растэрміноўку. Такая сучасная прылада проста неабходна студэнту БДУІР.Адзенне, як гаворыць маці, дзеці носяць акуратна, таму яно часта пераходзяць ад аднаго дзіцяці другому, як і пэўныя прылады да вучобы, напрыклад, вееры лічбаў і літар для малодшых школьнікаў. Дапамагаюць бабулі і іншыя родныя, асабліва старэйшыя сястра Сяргея Віктаравіча (ён, дарэчы, сам вырас у мнагадзетнай сям’і). Задачу спрасціла і школа, дзе дзеці будуць насіць не пінжакі, а камізэлькі, што значна танней (школа ўдзельнічала ў эксперыменце, звязаным з дзелавым стылем адзення). І яшчэ адзін важны момант — скідкі і акцыі ў магазінах, якія праводзяцца і для мнагадзетных сем’яў, і для любых выпускнікоў.

Летась, дзякуючы падтрымцы мясцовых улад, сям’я Пацалуевых, многія дзеці якой захапляюцца фізікай, пабывала ў Маскве і Каралёве наведала Красную плошчу, Дзяржаўную Думу, Цэнтр кіравання палётамі, іншыя цікавыя месцы, у рэжыме анлайн пагутарыла з касманаўтам Алегам Навіцкім, які ў той час знаходзіўся на МКС. Мікіта, напрыклад, спытаў, што адчувае чалавек, калі пачынае лятаць. Удзельнікамі ж гэтай сустрэчы Пацалуевы сталі ў якасці землякоў касманаўта, Аляксандра Валер’еўна нават вучылася з ім у адной школе — калі Алег Навіцкі быў у 11 класе, яна вучылася ў 1-м.

Ці будуць у гэтай сям’і свае касманаўты, пакуль не вядома, я ва ўсялякім выпадку зусім не здзіўлюся, калі такое атрымаецца, бо растуць у ёй добрыя, разумныя, цікаўныя дзеці. Ды і жыццё сям’і праходзіць у рэжыме палёту — ім тармазіць няма калі, яны рухаюцца наперад.

А пакуль… Пакуль усе Пацалуевы (за выключэннем студэнта) збіраюцца 1 верасня ў школу. Для іх Дзень ведаў — свята сямейнае.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і з архіва сям’і Пацалуевых.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*