У летнік па здароўе

Лета для беларусаў — пара года, калі ўсе імкнуцца ўмацаваць здароўе, пагрэцца, пакупацца, надыхацца свежым паветрам. Дарослыя, канечне, думаюць пра тое, як максімальна аздаравіць дзяцей. Выехаць на мора, накіраваць малых у летні аздараўленчы лагер, пакінуць у горадзе ў лагеры дзённага знаходжання, адправіць на ўсё лета да бабулі ў вёску? Варыянтаў шмат, які выбера канкрэтная сям’я, залежыць ад яе матэрыяльных і іншых магчымасцей (напрыклад, тэрміну адпачынку бацькоў). Але ў любым выпадку ўсе чакаюць відавочнага паляпшэння стану здароўя сваіх дачок і сыноў пасля летняга адпачынку. Пра нюансы аздараўленчай кампаніі, яе арганізацыю з пункту гледжання медыцынскага складніка, эфектыўнасць мы пагутарылі з галоўным педыятрам камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Аленай Васільеўнай ВАСІЛЬЕВАЙ.

Дзе адпачынак лепшы?

— Выбар месца летняга адпачынку для дзіцяці, калі гаварыць пра яго здароўе, залежыць галоўным чынам ад таго, якую мэту ставяць бацькі, — гаворыць Алена Васільеўна. — Калі дзіця абсалютна здаровае, то любы варыянт — лагер, вёска, мора — пойдзе яму на карысць. У іншым выпадку малы ў адпаведнасці са станам свайго здароўя можа быць накіраваны або ва ўстанову санаторнага тыпу, або ў рэабілітацыйны цэнтр. Усё залежыць ад профілю захворвання і супрацьпаказанняў, якія мае дзіця. Гэта ўсё рэгламентавана на ўзроўні пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Адзін з запатрабаваных відаў летняга адпачынку — аздараўленне ў беларускіх летніках. Санітарныя нормы і правілы “Патрабаванні да аздараўленчых арганізацый для дзяцей”, зацверджаныя ў снежні 2012 года, утрымліваюць усе ўмовы, якія павінны быць вытрыманы пры арганізацыі дзіцячага адпачынку. У іх устаноўлены санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да абсталявання і ўтрымання тэрыторыі і будынкаў, рэжыму дзейнасці (аздараўленне, адукацыя, працоўнае выхаванне, харчаванне, медыцынскае абслугоўванне).
Дарэчы, апошнім часам аздараўленне ў летніках стала даступным і для дзяцей-інвалідаў. Як расказала Алена Васільеўна, летась аздараўленне ў летніку “Зорны” прайшлі 65 дзяцей-інвалідаў з Мінска, у тым ліку з парушэннямі апорна-рухальнага апарату (у лагеры створана безбар’ернае асяроддзе). На базе санаторыя “Пралеска” ўпершыню атрымалі аздараўленне дзеці-інваліды з цукровым дыябетам (30 дзяцей з бацькамі). Сёлета плануецца працягнуць гэтую работу і дадаткова арганізаваць аздараўленне 20 дзяцей-інвалідаў з паталогіямі сардэчна-сасудзістай сістэмы на базе гарадскога рэабілітацыйнага дзіцячага цэнтра, які таксама называецца “Пралеска”.

Будзьце гатовы!

— Каб праверыць гатоўнасць лагераў, у кожным раёне горада ствараюць спецыяльную міжведамасную камісію, у якую ўваходзяць супрацоўнікі цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, раённы педыятр і супрацоўнікі ўпраўленняў адукацыі, — працягвае галоўны педыятр камітэта па ахове здароўя. — Правяраецца абсалютна ўсё, у тым ліку, канечне, стан медыцынскага блока. Напрыклад, наяўнасць усіх прэпаратаў у аптэчцы, а гэта каля ста найменняў лекаў.
Да работы павінны быць гатовы і самі медыкі. Таму штогадова мы праводзім для іх двухдзённыя семінары. Тэмы абмяркоўваюцца самыя розныя. Спачатку падводзім вынікі папярэдняй аздараўленчай кампаніі, арганізацыі работы, затым пераходзім да актуальных пытанняў работы ў дзіцячых лагерах: прафілактыка харчовых атручванняў, арганізацыя проціэпідэмічных мерапрыемстваў, прафілактыка скурна-заразных захворванняў, аказанне неадкладнай медыцынскай дапамогі дзецям, прафілактыка клешчавых інфекцый, гельмінтозаў і г.д. Абавязкова ўзгадваем на такіх семінарах правілы аказання першай дапамогі пры патапленнях, траўмах і г.д.
Людзі, якія едуць працаваць у летнік упершыню, канечне, задаюць шмат пытанняў, бо работа адказная і дробязей у ёй не бывае, спецыялісты павінны валодаць шырокім колам ведаў па розных медыцынскіх кірунках. Безумоўна, пажадана, каб у летнікі выязджалі менавіта ўрачы-педыятры. Як правіла, так у нас і адбываецца.

І ўрач, і медсястра

— Галоўная задача работнікаў медыцынскага пункта ў лагеры — аказанне неадкладнай дапамогі, — заўважае А.В.Васільева, — лячэнне прастудных захворванняў, пры неабходнасці накіраванне або ў бальніцу, або на лячэнне дадому. Для аказання неадкладнай дапамогі, калі, напрыклад, трэба зняць прыступ бранхіяльнай астмы або накласці лангет на пашкоджаную руку ці нагу, у медпункце ёсць усё неабходнае. І працуюць тут як урач, так і медыцынская сястра. Так, летам мінулага года пад патрэбы Мінска дзейнічалі 37 загарадных аздараўленчых лагераў, у якіх працавалі 46 урачоў і 93 медыцынскія сястры.
На маё пытанне аб ізалятарах для захварэўшых дзяцей Алена Васільеўна адказвае, што яны, канечне ж, ёсць пры кожным медыцынскім пункце.
— У меншай ступені гэтыя памяшканні патрэбны для ізаляцыі дзяцей ад навакольных, — тлумачыць мая суразмоўніца, — у большай — дзеля таго, каб хворы знаходзіўся пад пастаянным назіраннем медыцынскага персаналу. Гэта больш значная задача, хаця пры падазрэнні на якую-небудзь інфекцыю дзіця абавязкова трэба ізаляваць ад іншых.

Пытанне пра харчаванне

Па словах галоўнага педыятра сталіцы, харчаванне дзецей у аздараўленчым лагеры рэгулюецца ўсё тымі ж Санітарнымі нормамі і правіламі, выкананне якіх строга кантралюецца.
— Рэгулярна на працягу аздараўленчай змены ў летнікі выязджае камісія, у склад якой уваходзяць супрацоўнікі санітарнай службы, — расказвае А.В.Васільева. — Праверкі, як правіла, праводзяцца без папярэджання. Члены камісіі правяраюць і тэрміны захоўвання прадуктаў, і санітарны стан харчовых блокаў, і якасць прыгатавання ежы. Усё гэта вельмі і вельмі строга. Апошні сезон у нашых лагерах, напрыклад, прайшоў цалкам спакойна — ні ўспышак, ні надзвычайных здарэнняў. Кантроль у спалучэнні з адказнасцю персаналу харчаблокаў дае належны эфект.
Для папярэджання кішэчных інфекцый, расстройстваў страўнікава-кішачнага тракту, як кажа спецыяліст, надзвычай важна, каб пра здароўе сваіх дзяцей клапаціліся самі бацькі. Не прывозілі ў лагер прадукты, якія хутка псуюцца, не давалі малым падчас сваіх візітаў у летніках шкодных прадуктаў — чыпсаў, колы і г.д.
— Мы заўсёды вельмі просім татаў і мам не прывозіць дзецям нічога падобнага, — дадае Алена Васільеўна. — Гэта неапраўданая рызыка, якая можа прывесці да харчовага атручвання.

Прыкметны эфект

Безумоўна, напрыканцы змены медыкі выяўляюць аздараўленчы эфект. Для яго вызначэння адбіраюць дзяцей, у якіх няма праблем са здароўем — з першай групай здароўя, або хлопчыкаў і дзяўчынак, у якіх няма праблем, але ёсць тэарэтычныя рызыкі — з другой групай здароўя. Канечне, на пачатку змены дзеці таксама праходзяць медыцынскі агляд, каб потым было з чым параўноўваць.
— У Санітарных нормах і правілах “Патрабаванні да аздараўленчых арганізацый для дзяцей” ёсць дадатак, які вызначае дынаміку паказчыкаў эфектыўнасці аздараўлення, — расказвае спецыяліст. — У адпаведнасці з пэўнай шкалой, медыцынскія работнікі ацэньваюць розныя паказчыкі здароўя малых. Гэта індэкс масы цела, мышачная сіла, мышачная вынослівасць, жыццёвая ёмістасць лёгкіх, проба на затрымку дыхання, дазіраваная нагрузка, артастатычная проба. Такім чынам ацэньваецца фізічнае развіццё і вызначаюцца вынікі функцыянальных проб — агульная карціна атрымліваецца дастаткова поўнай.
Летась, як паведаміла мая суразмоўніца, ацэнка эфектыўнасці аздараўлення ў загарадным летніку была праведзена ў 14 722 малых з першай і другой групамі здароўя. Згодна з гэтай ацэнкай, аздараўленне з выяўленым эфектам атрымалі больш як 92% правераных хлопчыкаў і дзяўчынак. Слабы эфект выявілі ў 6,9% малых, паказчыкі не змяніліся толькі ў 0,5% дзяцей. Гэта звязана, сцвярджае спецыяліст, з меншай рэактыўнасцю арганізма.

Ні многа ні мала

Па словах маёй суразмоўніцы, для таго, каб атрымаць відавочны аздараўленчы эфект пры змене кліматычных паясоў, г.зн. пры выездзе на мора, трэба адпачываць на курорце 1,5—2 месяцы. Бо тыдзень-паўтара патрэбны толькі на акліматызацыю.
— Радыкальная змена клімату наогул не заўсёды ідзе на карысць, — заўважае Алена Васільеўна. — Выезд у нязвыклы клімат можа выклікаць абвастрэнне хранічных захворванняў або дэбют нейкай новай хваробы, якая не праявілася б, калі б дзіця засталося дома.
Аздараўленне — гэта ў любым выпадку цэлы комплекс мер: пэўны рэжым, водныя працэдуры, збалансаванае харчаванне, здаровы сон. Пры тым, што нашы дзеці вельмі стамляюцца за навучальны год, не высыпаюцца, пастаянна сядзяць за камп’ютарам, а часцей за ўсё яшчэ і пазбаўлены на працягу гэтага года паўнацэннай увагі дарослых, бо бацькі заняты на рабоце, летняе аздараўленне пры правільнай яго арганізацыі, канечне, неабходна ўсім. І нават адна паўнацэнная змена ў летніку або любы іншы адпачынак дадуць добры эфект. Дапаможа і змена ў лагеры дзённага знаходжання ў школе, бо школы вельмі актыўна ўзаемадзейнічаюць з тэрытарыяльнымі паліклінікамі. Гэта таксама нядрэнны варыянт.
А вось потым усё залежыць ад бацькоў, бо атрыманы эфект важна захаваць як мага даўжэй. Дапамогуць актыўны адпачынак, свежае паветра, здаровае харчаванне. Калі ж дзіця пастаянна пазбаўлена здаровага сну і свежага паветра, мала рухаецца, то як бы мы ні імкнуліся яго аздаравіць, яно вернецца да таго, што было.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з інтэрнэту.