Формула поспеху: жаданне + падрыхтоўка

Найбольшая бяда любога летніка — не спартанскія ўмовы і нават не дрэннае харчаванне, а бяздзейсныя і абыякавыя педагогі. Гэта пацвердзіць любое з дзяцей, ды і іх бацькоў, каму не пашчасціла з адпачынкам у лагеры. Пры гэтым нярэдка абвінавачанні наконт непрафесіяналізму і абыякавасці гучаць у адрас студэнтаў, якія “па абавязку службы” вымушаны працаваць летам у лагеры.
Разам з тым ёсць не менш прыкладаў, калі менавіта студэнты з’яўляюцца нібыта рухавікамі лагера і тым самым прыкладам, які дапамагае дзецям змяніцца да лепшага. Студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, як правіла, — якраз з ліку апошніх. У чым жа сакрэт паспяховай работы студэнта ў аздараўленчым лагеры і — як вынік — усёй аздараўленчай кампаніі? Пра гэта мы запыталі ў Святланы Якаўлеўны Ярмоліч, кандыдата педагагічных навук, дацэнта кафедры сацыяльнай работы факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка, камандзіра студэнцкага педагагічнага атрада “НІКА” (Надзейны Ініцыятыўны Крэатыўны Актыў). Адрас выбраны невыпадкова: на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій склаліся выдатныя традыцыі падрыхтоўкі студэнтаў да летняй педагагічнай практыкі.

— Святлана Якаўлеўна, пра работу ў аздараўленчым лагеры вы ведаеце не толькі як тэарэтык, але і як практык: вы прайшлі практычна ўсе прыступкі гэтай прафесійнай лесвіцы — ад важатага да начальніка лагера. Што прымусіла вас, маючы багаты вопыт, летась зноў паглыбіцца ў гэтую сферу і ўзяць на сябе кіраўніцтва лагерам?
— Гэтай тэмай — падрыхтоўкай студэнтаў да летняй педагагічнай практыкі — я займаюся ўжо больш за 10 гадоў. Штогод разам з калегамі імкнёмся знайсці нешта новае, цікавае, эфектыўнае ў гэтай дзейнасці. І, зразумела, нам патрэбна зваротная сувязь: як тое, што мы прапаноўваем, працуе на практыцы. Таму летась я пагадзілася ўзначаліць лагер. Гэта вельмі добры вопыт, каб убачыць кантынгент дзяцей, іх запыты — з аднаго боку, і студэнтаў на практыцы — з іншага, каб зразумець запыты першых і гатоўнасць рэалізаваць гэтыя запыты другіх. А крамя таго, такі вопыт дае таксама магчымасць вызначыць кірункі ўдасканалення тэарэтычна-метадычнай падрыхтоўкі выхавальнікаў.

— І якія сёння гэтыя дзіцячыя запыты?
— Некаторыя бацькі сёння сталі разглядаць лагер як адукацыйную паслугу. Таму ўсё большую папулярнасць набываюць, напрыклад, лінгвістычныя лагеры. Што наконт запытаў дзяцей, то тут можна выдзеліць некалькі праблемных момантаў, з якімі сутыкаюцца дзеці, і з вырашэннем якіх лагер можа дапамагчы. Найперш — праблема наладжвання камунікацыі, узаемадзеяння. Многія дзеці сёння пайшлі ў віртуальную рэальнасць і проста развучыліся будаваць рэальныя ўзаемаадносіны. Лагер — пры правільным падыходзе — дае магчымасць змяніць гэта. Праўда, спачатку самому дзіцяці можа зусім не спадабацца перспектыва пераходу з віртуальнага свету ў рэальны. І гэта якраз тая сітуацыя, калі ўсё залежыць ад прафесійнай падрыхтоўкі выхавальніка. Толькі добра падрыхтаваны выхавальнік можа дапамагчы дзіцяці знайсці магчымасці для камунікацыі. Ці, напрыклад, пытанні, звязаныя з раскрыццём здольнасцей. Дапамагчы дзіцяці раскрыцца, стварыць сітуацыю поспеху для кожнага на аснове магчымасцей і здольнасцей кожнага таксама пад сілу толькі падрыхтаванаму выхавальніку. Увогуле, на працягу года ў дзіцяці назапашваецца шмат нявырашаных праблем, якія трэба прапрацоўваць. Таму і такое важнае пытанне падрыхтоўкі будучых выхавальнікаў (не на ўзроўні двухгадзіннага семінара) да работы ў летніках — ці то ў рамках летняй педагагічнай практыкі, ці то ў рамках студэнцкага атрада, ці то праз самастойнае працаўладкаванне ў лагер.

— Ведаю, што на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій фармат падрыхтоўкі студэнтаў да летняй педагагічнай практыкі ўвесь час удасканальваецца…
— Так, калі раней гэта быў кароткачасовы інструктыўна-метадычны семінар, то зараз — паўнацэнны курс па падрыхтоўцы да работы ў летніку. Яго тэматычнае поле закладзена традыцыйнымі падыходамі. Гэта заканадаўчыя асновы работы лагераў, тэарэтычныя асновы выхаваўчай работы ў летніках, змест сацыяльна-педагагічнай работы ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі, методыка планавання сацыяльна-педагагічнай дзейнасці, педагагічная работа з часовым дзіцячым калектывам, арганізацыя жыццядзейнасці дзяцей у аздараўленчым лагеры, а таксама сацыяльна-культурная работа з дзецьмі. Сёння гэты вучэбна-тэматычны курс зможа выкарыстоўваць кожны, зазірнуўшы на сайт рэпазіторыя БДПУ імя Максіма Танка.

— Святлана Якаўлеўна, але ж названы вамі курс — гэта, хутчэй, тэарэтычная падрыхтоўка студэнтаў да работы ў лагеры, а як наконт практычнай?
— Названы курс — гэта толькі адна з цаглінак падрыхтоўкі студэнтаў нашага факультэта да работы ў лагеры. Акрамя гэтага, у нас быў наступны вопыт: студэнты задоўга да летняй практыкі па запытах з месцаў рыхтавалі пэўнае мерапрыемства, выходзілі з ім ва ўстановы горада і такім чынам пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара, класнага кіраўніка набывалі пэўны вопыт, які спатрэбіцца ім у лагеры. Акрамя гэтага, кожны студэнт рыхтаваў да пачатку работы ў лагеры індывідуальны праект. Сутнасць гэтай сістэмы ў тым, што малады чалавек сам, зыходзячы з уласных творчых магчымасцей (напрыклад, квілінг, пясочная тэрапія, патрыятычнае выхаванне, здаровы лад жыцця), мадэляваў 10 заняткаў. У выніку нараджаліся самыя розныя праекты, якія магчымы ў рабоце з дзецьмі ў рамках работы атраднага важатага. Далей самыя цікавыя з гэтых распрацовак працавалі ў лагеры ў якасці гурткоў.
Яшчэ адна важная цаглінка ў сістэме падрыхтоўкі студэнтаў да работы ў лагеры — гэта “Школа важацкага майстэрства”. Нашы студэнты, якія маюць багаты вопыт работы важатымі, абагульнілі свае веды і прапануюць сённяшнім студэнтам курс з 10 практычных заняткаў па найбольш актуальных тэмах. Напрыклад, знаёмства і сумяшчальнасць з напарнікам, асновы мазгавога штурму, выбар назвы атрада, афармленне атраднага кутка, адказы на пытанні дзяцей, падрыхтоўка да лагерных мерапрыемстваў, гульні і конкурсы, канфлікты і іх вырашэнне і інш.
Ёсць і шмат іншых цікавых інтэрактыўных форм практычнай падрыхтоўкі студэнтаў: арт-студыя, майстар-град, трэнінгі, выязныя семінары…
Дарэчы, у цяперашні час мы працуем над тым, каб усё, што назапашана за доўгія гады, — гульнятэкі, вопыт работы па здаровым ладзе жыцця, календары свят, музычнае суправаджэнне і інш. — абагульніць і зрабіць даступным для шырокай аўдыторыі. Але для сістэматызацыі ўсёй гэтай работы неабходны аўтаномны сайт, дзе можна было б атрымаць усю неабходную інфармацыю па арганізацыі летняга адпачынку — ад арганізацыйных да метадычных пытанняў. Каб можна было падзяліцца сваімі напрацоўкамі і скарыстацца напрацоўкамі іншых.

— А за які час пачынаецца падрыхтоўка студэнтаў да работы ў лагеры?
— Шмат часу ў студэнтаў падчас работы ў летніку ідзе на метадычную падрыхтоўку, таму мы імкнёмся правесці гэтую работу загадзя, каб там выхавальнік займаўся выключна з дзецьмі. Такім чынам, тэарэтычны курс студэнты атрымалі яшчэ зімой — у кожнага была магчымасць дасканала яго вывучыць. Начальнікі лагераў, з якімі мы супрацоўнічаем, прыехалі ў пачатку красавіка, паведамілі, якая будзе мадэль змены. У гэты ж час мы размеркавалі студэнтаў па атрадах. У маі пад гэты план студэнты маюць магчымасць распрацаваць мерапрыемствы. У выніку выязджаюць з падрыхтаваным да работы матэрыялам.

— А ці не здараецца так, што, нягледзячы на ўсю падрыхтоўку, чаканні студэнтаў і чаканні дзяцей на змене не супадаюць?
— Сапраўды, самы лепшы план работы — гэта план, складзены разам з дзецьмі. Не бачачы кантынгенту дзяцей, складана вызначыць, што спрацуе з запланаванага, а што — не. Сёння нашы студэнты насамрэч не ведаюць, з якім сацыяльным запытам прыедуць дзеці ў лагер. І часам бывае, што запыты ў дзяцей іншыя. Але ў любым выпадку праведзеная падрыхтоўчая работа дапаможа студэнтам хутчэй перастроіцца. Практыка, якую студэнты праходзяць у школах, сацыяльна-педагагічных установах адукацыі, установах дадатковай адукацыі, валанцёрская дзейнасць дапамагаюць ім зразумець запыты дзяцей. Алгарытмы пошуку, складанне плана, правядзенне мерапрыемстваў у школах — усё гэта было, і скарэкціраваць праграму ў адпаведнасці з запытамі дзяцей будзе прасцей, чым пачынаць з нуля.
Для такіх выпадкаў будзе дарэчы і прадстаўлены ў адкрытым доступе абагульнены вопыт дзейнасці нашых педатрадаў, пра які гаварылася вышэй.

— Святлана Якаўлеўна, відавочна, што патрабаванні да сучаснага выхавальніка, лагера вельмі сур’ёзныя. Гэта не простае баўленне часу з дзецьмі. На ваш погляд, ці пад сілу такая роля студэнтам непедагагічных спецыяльнасцей без адпаведнага тэарэтычнага і практычнага вопыту? Сёння ў складзе студэнцкіх атрадаў, якія працуюць з дзецьмі за мяжой, напрыклад, па лініі грамадскіх аб’яднанняў, ёсць і студэнты непедагагічных спецыяльнасцей…
— З 2008 года я з’яўляюся кіраўніком студэнцкага педагагічнага атрада “НІКА”. З вопыту гэтай дзейнасці магу сказаць, што папярэдняе тэарэтычнае і практычнае навучанне дапамагае студэнтам арганізаваць сваю работу ў лагеры.
Увогуле, сёння педагагічныя атрады набываюць усё большую папулярнасць. Чым добры менавіта педагагічны атрад? Начальнікі лагераў сцвярджаюць, што ў лагер павінна ехаць каманда. А педатрад тым і добры, што гэта адзіная каманда, якая не толькі мае агульную задачу, але можа забяспечыць і ўзаемазамяняльнасць педагогаў.
Дарэчы, на наступны год у нас ужо ёсць папярэднія заяўкі: рыхтаваць менавіта каманду для лагера. Для гэтага слухачы атрымаюць тэорыю, на занятках адпрацуюць нейкія незразумелыя моманты, са скарбонкі возьмуць гатовы матэрыял для работы. У выніку ў лагер паедзе падрыхтаваная каманда.
Што да ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў непедагогаў, то мне даводзілася кіраваць студэнцкім атрадам “Белая Русь”, які выязджаў на работу ў Краснадарскі край. Была задача ўзяць не толькі студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей, але і іншых. І трэба сказаць, што яны таксама могуць працаваць у лагеры пасля адпаведнай падрыхтоўкі. Жаданне працаваць з дзецьмі ў іх было проста неверагоднае.

— Дык у чым жа поспех работы выхавальніка ў лагеры?
— Самае галоўнае для работы ў лагеры — нікога не прымушаць да гэтай дзейнасці. Зацікаўліваць, агітаваць — так, але не прымушаць. Калі чалавек не захоча працаваць — нічога не атрымаецца. А дабавіць да гэтага жадання прафесійную падрыхтоўку заўсёды ў нашых сілах.

Гутарыла Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*