Праз аптымізацыю выдаткаў да павышэння заробку

Апрабацыя новага механізма фінансавання ў 21 установе агульнай сярэдняй адукацыі Баранавіч пачалася з 1 студзеня 2015 года згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 2014 года № 1199. Да гэтага парадак і ўмовы эксперымента абмяркоўваліся ў папярэдніх узгадненнях паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, кіраўніцтвам Баранавіцкага гарвыканкама, фінансавым аддзелам і аддзелам адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама. 
Паўгода работы ў эксперыменце ўжо даюць магчымасць абмеркаваць плюсы і мінусы новай сістэмы фінансавання адукацыі, вызначыць рызыкі і магчымыя шляхі іх пераадолення, ацаніць перспектывы прапанаванай схемы як мінімум у маштабе гэтага рэгіёна. Таму наш карэспандэнт і накіраваўся ў Баранавічы, каб абмеркаваць усе гэтыя пытанні з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама Аленай Сяргееўнай САЛАВЕЙ.

— Алена Сяргееўна, пры абмеркаванні новых схем фінансавання айчыннай сістэмы адукацыі, як правіла, узгадваюцца два механізмы: нарматыўнае фінансаванне і галіновая сістэма аплаты працы. У рамках эксперымента ў Баранавічах таксама апрабуюцца гэтыя два механізмы?
— Так, 21 установа агульнай сярэдняй адукацыі горада ўключана ў праект па нарматыўным фінансаванні, 5 з іх, акрамя пілотнага праекта па нарматыўным фінансаванні, уключаны і ў праект па галіновай сістэме аплаты працы. Такая схема дазваляе выявіць як рызыкі і перавагі кожнай з прапанаваных схем паасобку, так і ў спалучэнні.

— Якую падрыхтоўчую работу неабходна было правесці да пачатку эксперымента?
— За 2 гады да ўступлення ў праект праводзілася значная работа па аналізе развіцця сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі ў плане забеспячэння кадрамі, матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі. Вялася падрыхтоўка не толькі па разуменні сэнсу праекта, але і праводзілася сур’ёзная работа па эканамічных складніках праекта.

— Маецца на ўвазе тое, што айчынная сістэма адукацыі мае істотныя рэзервы для паляпшэння эканамічных паказчыкаў? Пра гэта гавораць як замежныя, так і айчынныя эксперты.
— Так. Гаворка ідзе найперш аб кадравым складзе ўстаноў адукацыі і напаўняльнасці класаў. І, як паказаў папярэдні аналіз, у гэтых двух кірунках сапраўды ёсць значныя рэзервы для аптымізацыі дзейнасці.
У дачыненні да кадравага складу сітуацыя ў нас змянілася наступным чынам: з 2013 па 2015 год у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі горада стала на 45 настаўнікаў менш, гэта 3%. Да ўступлення ў пілотны праект мы зрабілі сур’ёзныя крокі і ў рамках аптымізацыі сеткі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Нягледзячы на тое, што агульная колькасць навучэнцаў за гэты час павялічылася, колькасць класаў зменшылася. Так, у 2013/2014 навучальным годзе 17 545 школьнікаў вучыліся ў 804 класах, у бягучым навучальным годзе 18 023 школьнікі размеркаваны па 786 класах. Гэтага ўдалося дабіцца за кошт павелічэння напаўняльнасці класаў з 21,8 да 22,9 чалавека.
Аналіз работы ў гэтых напрамках дазваляе нам развівацца ў праекце і далей.

— Што далі гэтыя дзеянні?
— Сёння штатная колькасць работнікаў прыведзена ў адпаведнасць з тыпавымі штатамі і патрабаваннямі пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Наяўныя вакансіі не запаўняюцца. Эканомія, якая ўзнікае па фондзе аплаты працы, накіроўваецца на павышэнне ўзроўню аплаты працы педагогаў — гэта адна з ключавых задач праекта.

— Наколькі я разумею, такое змяншэнне выдаткаў — гэта асноўная крыніца для магчымага павышэння заробку педагогаў? На стадыі абмеркавання праекта не раз даводзілася чуць меркаванні наконт таго, што ён можа быць эфектыўным у дасягненні пастаўленых задач толькі пры наяўнасці дадатковага фінансавання.
— Аб’ём бюджэтных сродкаў, якія прадугледжаны на рэалізацыю пілотнага праекта па апрабацыі механізма нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, фарміраваўся па наступных паказчыках. Гэта паказчык сярэднегадавой колькасці навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, патрэба сродкаў у выдатках на ўтрыманне маёмасці ў межах сродкаў гарадскога бюджэту, выдзеленых на расходы па агульнай сярэдняй адукацыі, і гарантаванае і адраснае забеспячэнне сацыяльнай абароны навучэнцаў у адпаведнасці з заканадаўствам у межах сродкаў гарадскога бюджэту, выдзеленых на расходы па агульнай сярэдняй адукацыі. Такім чынам, сапраўды, мы працуем у тых жа фінансавых межах, што і да правядзення эксперымента.
Аднак гэты праект мы разглядаем не толькі як фінансавы, які забяспечвае развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, але і як сацыяльны: ён, безумоўна, закранае чалавечы фактар. І паспяховасць рэалізацыі праекта залежыць не толькі ад фінансавага напаўнення, але і ад чалавечага складніка.

— Зрэшты, мэта ўсіх прапанаваных змяненняў — не толькі паляпшэнне эканамічных паказчыкаў, але і павышэнне эфектыўнасці работы педагогаў…
— Так. Дзякуючы праекту кожны педагог стаў атрымліваць заробак у адпаведнасці са сваім асабістым укладам у дзейнасць установы адукацыі, дасягаючы высокага ўзроўню развіцця якасці адукацыі ў цэлым. У людзей з’явілася дадатковая матывацыя да павышэння эфектыўнасці сваёй работы.
У выніку паказчыкі якасці адукацыі ў горадзе застаюцца стабільна высокімі, што дазваляе гораду быць лепшым у вобласці па выніках прадметных алімпіяд, навуковых канферэнцый, мець самы высокі паказчык выніковай атэстацыі вучняў, цэнтралізаванага тэсціравання.
Што непасрэдна да павышэння заробку педагогаў, то павышэнне заработнай платы работнікам адукацыі адбываецца за кошт уключэння ўсіх механізмаў, якія спрыяюць эканоміі сродкаў. Пры гэтым эканомія сродкаў дазваляе вырашыць праблему дадатковых выплат для калектыву ў цэлым. Так, у рамках выканання Дэкрэта № 29 для кожнага педработніка павялічыўся працэнт выплат з 13,5% да 20%.
Гэты праект ужо мае сур’ёзны станоўчы водгук як з боку дырэктараў устаноў, так і педагагічных работнікаў.

— А ці ёсць адрозненні па ўзроўні заработнай платы ва ўстановах, якія працуюць толькі па нарматыўным фінансаванні, і тых, якія дадаткова ўключаны і ў праект па галіновай сістэме аплаты працы?
— У цэлым заработная плата ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі павялічылася. Але больш выгадна па гэтым паказчыку адрозніваюцца 5 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі нашага горада, якія, акрамя пілотнага праекта па нарматыўным фінансаванні, уключаны яшчэ ў адзін праект — эксперымент па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы. Названы эксперымент тычыцца толькі рэгулявання заработнай платы педагагічных работнікаў. Вось прыклад для параўнання: гімназія № 1, якая дзейнічае толькі ў эксперыменце па нарматыўным фінансаванні, і гімназія № 5, якая яшчэ і ў эксперыменце па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы. У першым выпадку сярэдні заробак настаўнікаў за сакавік бягучага года склаў 5 581 599 рублёў, у другім — 6 973 580 рублёў.
Галіновыя выплаты дазваляюць кіраўніку будаваць узаемадзеянне з педагагічнымі работнікамі з улікам ацэнкі іх працы ў грашовым эквіваленце. Гэта дазваляе рэгуляваць працоўныя адносіны, удасканальвае ўсю сістэму кіравання працэсамі ва ўстанове адукацыі: няма праблем з прызначэннем класнага кіраўніка, з вызначэннем дадатковай нагрузкі на выкананне так званых неўласцівых функцый для настаўнікаў.

— Што змянілася ў штодзённай прафесійнай дзейнасці кіраўнікоў і педагогаў з увядзеннем эксперымента?
— У адносінах педагогаў, як ужо казалі, павысілася адказнасць кожнага за вынікі сваёй работы. Што да кіраўнікоў, то іх статус змяніўся істотна. Пазіцыя кіраўніка ўстановы пры ўвядзенні эксперымента ўмацоўваецца праз пашырэнне ведаў у галіне фінансава-эканамічных, юрыдычных адносін. Узмацняецца функцыя менеджара, павышаецца адказнасць за развіццё матэрыяльнай базы сваёй установы, захаванне клімату даверу і справядлівасці ў калектыве.
У сувязі з гэтым, дарэчы, усе дырэктары нашых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў форме гутарак, семінараў, якія забяспечылі дастатковы ўзровень разумення сваёй місіі ў рэалізацыі гэтага праекта. Пасля чаго з боку кіраўнікоў устаноў была праведзена работа ў педагагічных калектывах з тлумачэннем новых падыходаў у фарміраванні фінансавага складніка ў развіцці ўстановы адукацыі, гнуткай сістэмы ацэньвання працы.

— Скажыце, а ці не з’явіліся ў супрацоўнікаў школ, гімназій дадатковыя абавязкі з увядзеннем эксперымента?
— Сур’ёзныя змены — дакладней новыя дадатковыя функцыянальныя абавязкі — з’явіліся ў работнікаў цэнтралізаванай бухгалтэрыі і кіраўнікоў устаноў. На плечы бухгалтараў лягла сур’ёзная і адказная работа па разліках аб’ёмаў фінансавання па кожнай прыступцы навучання для асобна ўзятых устаноў у залежнасці ад колькасці навучэнцаў, суадносін вучань/настаўнік, напаўняльнасці класаў, штомесячнай статсправаздачнасці.
Сумесная работа кіраўнікоў і бухгалтэрыі накіравана на складанне каштарысаў па кожным артыкуле расходаў для кожнай установы, узгадненне штатнага раскладу, штомесячны аналіз артыкулаў расходаў па кожнай установе.

— Алена Сяргееўна, як у цэлым вы ацэньваеце першыя вынікі правядзення эксперымента ў горадзе? Што ў перспектыве?
— Ацэньваючы сітуацыю ў цэлым, мы бачым, што ўключэнне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Баранавіч у пілотны праект па нарматыўным фінансаванні дае станоўчыя вынікі. Усе мы разам аптымістычна глядзім на працяг работы, пастаянна аналізуем фактары, якія спрыяюць развіццю ў гэтым напрамку.
Так, далей будзе працягнута работа па аптымізацыі сеткі праз памяншэнне колькасці класаў, павелічэнне іх напаўняльнасці, дбайнае стаўленне да фарміравання штатаў, павелічэнне нагрузкі на педработнікаў з адначасовым павелічэннем грашовых выплат ім па вызначаных паказчыках дзейнасці ў рамках апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы.
У сувязі з гэтым мы спадзяёмся на пашырэнне колькасці нашых устаноў, якія будуць уключаны ў будучым годзе ў эксперымент па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы.

Гутарыла Алена МАРКЕВІЧ.