Школа і наркотыкі: гаварыць нельга маўчаць

Бягучы год пачаўся з шэрага паведамленняў аб смерці падлеткаў з-за ўжывання псіхатропных рэчываў — спайсаў, марак. Бяда, здаецца, прыйшла знянацку, а насамрэч наспявала доўга і планамерна: і з-за даступнасці псіхатропаў, і з-за недаацэньвання многімі маштабаў праблемы, і з-за боязі бацькоў, школы, грамадскасці ў цэлым гаварыць пра гэта. У адносінах да апошняга ў нас, дарэчы, ёсць асобная гісторыя. Летам у рэдакцыю прыйшло пісьмо, як звычайна, без зваротнага адраса. Але змест яго дакладна апісваў сітуацыю з выяўленнем выпадкаў ужывання наркотыкаў у школах.

“Апошнім часам сталі шмат гаварыць аб праблеме спайсаў па тэлебачанні і ў газетах. Несумненна, праводзіцца велізарная работа, накіраваная на паляпшэнне сітуацыі, — піша аўтар ліста. — Нават простым грамадзянам становіцца страшна за жыццё сваіх дзяцей, унукаў, сяброў. А як людзям, якія па родзе сваёй дзейнасці звязаны з праблемай, якія і бяздзейнічаць не маюць права, але і зрабіць штосьці баяцца з-за супярэчнасцей сістэмы. Гаворка ідзе аб рабоце па прафілактыцы наркаманіі, ды і наогул злачыннасці ў школе. Калі ў краіне асабліва абвастрылася праблема спайсаў, у нашу школу прыязджалі з лекцыямі і відэафільмамі і супрацоўнікі ІСН, і прадстаўнікі Дзяржнаркакантролю. Нават на агульнашкольным бацькоўскім сходзе выступалі. І гэта добра. Але разам з абсалютна правільнымі заклікамі міліцыі да сумлення педагогаў у пытаннях выяўлення правапарушэнняў (у тым ліку распаўсюджвання і ўжывання спайсаў) прагучала інфармацыя начальніка аддзела адукацыі аб рэйтынгу школы ў раёне і канкрэтна аб штрафных балах школы за дзяцей, якія стаяць на ўліку ў ІСН! Вось такі парадокс ! У выніку мы самі пакрываем правапарушэнні, каб не нашкодзіць рэйтынгу школы! І раён рады высокаму месцу ў абласным рэйтынгу. А на месцах класныя кіраўнікі, сацыяльныя педагогі спрабуюць прыцягнуць падлеткаў у гурткі, кантралююць вольны час і наведвальнасць заняткаў, ходзяць па дамах, стараюцца нешта даказваць неадэкватным бацькам і іх дзецям. А бацькі і дзеці не рэагуюць на заўвагі, на выклікі ў школу, не пускаюць у дом, абражаюць і г.д. А мы церпім, міліцыю не далучаем, бо ёсць рэйтынг!”
Сітуацыя, думаю, знаёмая многім педагогам. Але сёння, будзем спадзявацца, яна мяняецца да лепшага. Месяц назад у мэтах павышэння ўзроўню ўзаемадзеяння міністэрствамі адукацыі, аховы здароўя і ўнутраных спраў быў зацверджаны Комплекс мерапрыемстваў, якія накіраваны на прадухіленне распаўсюджання наркатычных і псіхатропных рэчываў сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Для таго каб разабрацца, што гэта за дакумент і на якіх палажэннях ён заснаваны, мы звярнуліся за каментарыем да начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх МУС Рэспублікі Беларусь Віталя Алегавіча ЯНЧЫНА.

Чым выклікана неабходнасць прыняцця гэтага дакумента?

У лістападзе трыма ведамствамі быў распрацаваны сумесны Комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні распаўсюджання алкаголю і наркатычных сродкаў сярод навучэнцаў і студэнтаў. Гэты дакумент раней існаваў у іншым выглядзе. Гэта былі інструкцыі, пісьмы, якія змяшчалі інфармацыю па прадухіленні распаўсюджання наркотыкаў, алкаголю. І з гэтымі дакументамі таксама трэба было працаваць. Тым не менш, улічваючы маштаб праблемы, усё гэта павінна было набыць больш важны статус. Усе сумесныя распрацоўкі змясціліся ў сённяшні дакумент. Прыняты комплекс, як і ранейшыя пісьмы, інструкцыі, прадугледжвае шырокую інфармацыйна-прафілактычную работу: перыядычнае правядзенне тэматычных трэнінгаў для настаўнікаў, педагогаў, прадастаўленне інфармацыі пра наркотыкі для бацькоў падчас сходаў. І ўсе зацікаўленыя структуры павінны распрацоўваць гадавыя планы па ўзаемадзеянні, а таксама прадастаўляць справаздачы аб выяўленні выпадкаў ужывання навучэнцамі наркатычных сродкаў.

Як прымусіць настаўнікаў сябраваць з міліцыяй?

Адным з пунктаў падпісанага дакумента стала наступнае. У дакумент уключана палажэнне пра тое, што работнікам сістэмы адукацыі, у прыватнасці школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія своечасова паведамілі ў органы ўнутраных спраў пра факты ўжывання іх навучэнцамі наркотыкаў, а таксама пра ўдзел у іншых правапарушэннях, павінна выдавацца заахвочванне, узнагарода. Гэта павінна стымуляваць. Настаўнікі, выкладчыкі, выхавальнікі, пад чыім наглядам знаходзяцца ў пэўны момант навучэнцы, не павінны нічога баяцца. Яны павінны разумець сэнс узаемадзеяння з органамі ўнутраных спраў. Акрамя гэтага, варта паведамляць у органы не толькі пра тыя правапарушэнні, якія адбыліся ў навучальнай установе, на яе тэрыторыі, але і ў іншых месцах, дзе маглі знаходзіцца ці знаходзіліся навучэнцы і здзейснілі проціпраўнае дзеянне.
Зразумела, што ў школах, каледжах, ліцэях, іншых навучальных установах шмат людзей кантактуюць адно з адным. У маленькіх гарадах увогуле многія ведаюць адно аднаго, а значыць, чуткі, размовы расходзяцца вельмі хутка. І калі раптам да настаўніка дайшла навіна, што іх навучэнец замешаны ў справе з наркотыкамі, няхай і не напрамую, пра гэта трэба паведамляць. Радуе, што ёсць прыклады, калі супрацоўнікі міліцыі выяўляюць факты ўжывання наркатычных сродкаў навучэнцамі менавіта дзякуючы пільнасці настаўнікаў. І тут сваю ролю адыгралі трэнінгі для педагогаў, якія мы праводзілі. Калі педагог бачыць неадэкватнага падлетка, назірае за яго паводзінамі, варта неадкладна прымаць меры. І за тое, што такі ўважлівы педагог не пабаяўся і паведаміў у міліцыю, яго трэба не толькі пахваліць, але і заахвоціць.
З такім злом, як наркотыкі, трэба змагацца жорстка, аператыўна, прынцыпова. Трэба ўмець адэкватна рэагаваць на сітуацыю, калі перад намі знаходзіцца падлетак у стане наркатычнага ўзбуджэння, таму што час, калі мы толькі гаварылі, што ўжыванне наркотыкаў навучэнцамі, студэнтамі — гэта дрэнна, што наркотыкі — гэта зло, прайшоў. Як паказвае практыка, такія размовы, лекцыі не дапамаглі выжыць наркатычнае захапленне з маладых людзей. Сёння, калі праблема ўжывання школьнікамі і студэнтамі наркотыкаў з’яўляецца вострай і актуальнай не толькі для міліцыі, але і, хочацца спадзявацца, для работнікаў сістэмы адукацыі, трэба прымаць больш жорсткія, дзейсныя меры. Відавочна, што час угавораў праходзіць. І паколькі моладзь не разумее, што, ужываючы наркотыкі, яна губіць сваю маладосць, здароўе, насамрэч пара пераходзіць ад слоў да дзеянняў. Адзін раз папярэдзілі — не дапамагло. Усё, трэба дзейнічаць! Але разам з тым нельга забываць, што прафілактычная работа ўсё роўна павінна праводзіцца, у тым ліку і бацькамі.
Сям’я ў жыцці дзіцяці адыгрывае вялікую ролю, і менавіта там узнікаюць многія праблемы выхавання. Безумоўна, школа таксама не павінна выбудоўваць паміж сабой і бацькамі непрабівальную сцяну. Магчыма, бацькі нечага не заўважаюць дома, дзе дзіця знаходзіцца пасля заняткаў. У школе ў навучэнцаў іншае жыццё. Там яны кантактуюць з аднакласнікамі, больш старэйшымі вучнямі. І, магчыма, менавіта ў школе і можна заўважыць нешта падазронае. Так што ўзаемадзеянне гэтых двух інстытутаў — сям’і і школы — павінна даваць пэўныя вынікі.

Цяжкі выбар: рэпутацыя школы ці жыццё падлетка?

Безумоўна, мы не можам з дакладнасцю гаварыць, што ўсе навучальныя ўстановы паведамляюць пра навучэнцаў, якія спажываюць наркотыкі. Але цяпер, калі пра наркотыкі, у тым ліку спайсы, гавораць усе і ўсюды, я спадзяюся, што і работнікі адукацыі зразумеюць, якая гэта страшная бяда. Настаўнікі, класныя кіраўнікі, дырэктары школ, якія чытаюць, чуюць пра наркотыкі, павінны дакладна ўсведамляць, што гэтая эпідэмія можа і не абмінуць. Ва ўсіх ёсць дзеці. І не адно з гэтых дзяцей не застрахавана ад таго, што яго нехта не пачастуе наркотыкам ці не прапануе прадаць спайсы камусьці са знаёмых, што ў сваю чаргу прывядзе да далейшага распаўсюджання наркаманіі. Менавіта таму ні адна службовая асоба не павінна баяцца, што на пасяджэннях, нарадах на яе будуць паказваць пальцам з-за таго, што менавіта ў школах, якімі яны кіруюць, былі выяўлены факты ўжывання навучэнцамі наркатычных сродкаў. За гэта ніхто не будзе караць. За выяўленне падобных фактаў, наадварот, многія скажуць дзякуй, асабліва, думаю, бацькі тых дзяцей, якіх западозрылі ў сувязі з наркотыкамі. Згадзіцеся, куды лепш, калі настаўнікі паведамяць у наркакантроль, органы ўнутраных спраў пра тое, што ім вядомы факты распаўсюджання і ўжывання наркотыкаў, чым калі ўжыванне накротыкаў вучнем школы скончыцца смерцю падлетка.
У любым выпадку схаваць гэтую праблему не атрымаецца. Калі раптам падлетак у стане наркатычныага ўзбуджэння трапіць у бальніцу, пра гэта стане вядома і органам унутраных спраў. І тады пачнецца высвятленне: чаму ніхто не бачыў, не паведаміў.
На шчасце, ёсць такія настаўнікі, якія не пабаяліся і ў пэўны момант паведамілі міліцыі. Так, нам стала вядома, што днямі ў Гродне ў інтэрнаце, дзе пражываюць навучэнцы аднаго з каледжаў, выхавальнік заўважыла, што адзін малады чалавек паводзіць сябе не зусім адэкватна. У выхавальніка ўзнікла падазрэнне, што хлопец прымаў наркотыкі. І выхавальнік не заплюшчыла вочы на гэтую сітуацыю. Яна патэлефанавала ў ІСН інспектару, які курыруе каледж, выклікала яго ў інтэрнат. Аказалася, хлопец знаходзіўся пад уздзеяннем наркотыкаў. Тое, што выхавальнік патэлефанавала напрамую ўчастковаму, гаворыць аб тым, што паміж ІСН і каледжам наладжаны сувязі. І, безумоўна, калі існуе такое ўзаемадзеянне, то многіх праблем можна пазбегнуць.

Пакаранне павінна быць жорсткім?

Сёння набыць наркатычныя сродкі не выклікае цяжкасцей, а кошт наркотыкаў не вельмі вялікі. Для таго каб прадухіліць спробы ўжывання дзецьмі псіхатропаў, варта зрабіць больш жорсткім пакаранне за іх распаўсюджванне і ўжыванне.
Такі дакумент ужо распрацаваны ў МУС, і, думаю, у самы бліжэйшы час будзе прыняты і ўступіць у законную сілу. Так, плануецца знізіць узрост крымінальнай адказнасці за ўжыванне, распаўсюджванне наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Сёння да адказнасці за ўжыванне, распаўсюджванне наркотыкаў прыцягваюцца тыя, хто дасягнуў 16-гадовага ўзросту. Але ж мы ўпэўнены, што такая адказнасць павінна наступаць у 14 гадоў. Наконт даступнасці і кошту наркотыкаў усё праўда — купіць псіхатроп не выклікае цяжкасцей. Прасцей за ўсё з гэтым у вялікіх гарадах, і ў тых гарадах, якія знаходзяцца непадалёк сталіцы. З такой даступнасцю мы змагаемся і будзем змагацца. Спадзяюся, што ў барацьбе з гэтай хваробай мы пераможам. Для гэтага прымаюцца ўсе неабходныя меры.

Чыя адказнасць: школы ці бацькоў?

Увогуле, і настаўнікі, і, безумоўна, бацькі павінны расказваць сваім дзецям пра тое, што яны не абавязаны быць падобнымі да кагосьці, яны павінны быць самімі сабой, сапраўднымі асобамі са сваім пунктам гледжання і жыццёвай пазіцыяй. І, трапляючы ў кампанію, нават вельмі ўплывовую сярод аднагодкаў, у якой прапануюць паспрабаваць наркотык, варта ўмець стаяць на сваім. Не захоча падлетак паспрабаваць спайсы — не паспрабуе. Усё залежыць ад псіхафізічнага стану дзіцяці і ад выхавання. І настаўнікі, класныя кіраўнікі, адміністрацыі школ павінны ўдзяляць павышаную ўвагу дзецям, але адбывацца гэта павінна неназойліва, без абвінавачанняў, шляхам размоў і назіранняў. Але ўсё павінна, між іншым, пачынацца з бацькоў. Нягледзячы на загружанасць на рабоце, бацькі павінны думаць пра сваё дзіця. Безумоўна, не трэба апякаць дзіця звыш меры. Яно павінна адчуваць сябе самастойным і ў той жа час адчуваць падтрымку дарослых. Вельмі важна, каб гэтая падтрымка ішла не толькі ад маці, але і ад бацькі. Тут, на маю думку, важную ролю адыгрывае тое, у якой сям’і вырасла дзіця: поўнай ці не. Хаця, безумоўна, ёсць шмат выпадкаў, калі падлетак расце ў поўнай сям’і, а ўсё роўна трапляе ў дрэнную кампанію. Будзе ідэальна, калі бацькі пачнуць праводзіць выхадныя разам з дзецьмі, калі ў іх будзе адно хобі. У такіх нефармальных зносінах можна пра многае даведацца. Але ж трэба разумець і тое, што прамыя пытанні будуць недарэчнымі. Дзіця спужаецца і будзе пазбягаць размоў. Гэта значыць, што адносіны з падлеткамі павінны будавацца акуратна і ўважліва.
А самае галоўнае, варта ўмець зрабіць так, каб падлетак давяраў бацькам і не баяўся звярнуцца да мамы ці таты ў цяжкую хвіліну. Адным словам, усе праблемы павінны вырашацца разам.

Наталля ДУБІК.