Ад умення плаваць да стану электраправодкі

Адбылося! Нарэшце-такі! Так падумалі многія, калі ў кастрычніку бягучага года з’явілася інфармацыя пра тое, што Міністэрствам адукацыі быў зацверджаны пералік неабходных да вядзення дакументаў для розных катэгорый педагагічных работнікаў.
З’явіўся гэты дакумент не на пустым месцы: не першы год у адрас ведамства гучалі папрокі ў тым, што сучасная школа залішне загружана папяровай работай. Між тым не раз на рэспубліканскім узроўні агучвалася: часта праблема залішняга дакументаабароту мае менавіта мясцовы характар, і, адпаведна, вырашаць яе трэба на мясцовым узроўні — вобласці, раёна, школы. Зацверджаны ў кастрычніку пералік павінен быў стаць своеасаблівым арыенцірам як для настаўнікаў, так і для адміністрацыі ўстаноў для таго, каб зверыць уласныя пазіцыі з агульнымі і, калі гэта неабходна, падкарэкціраваць іх.
Што з гэтага выйшла? Ці ўдалося зменшыць паператворчасць у школе? Гэта і спрабаваў высветліць наш карэспандэнт.

Найперш трэба адзначыць: зацверджаны пералік з’яўляецца рэкамендацыяй. І кіраўніцтва ўстаноў адукацыі на месцах мае права ўстанаўліваць самастойна неабходны для штодзённага функцыянавання пералік дакументаў, якія рыхтуюць настаўнікі і адміністрацыя. Гэта і зразумела: немагчыма на рэспубліканскім узроўні вызначыць вычарпальны пералік для ўсіх тыпаў устаноў з усімі іх асаблівасцямі з улікам размяшчэння, накіраванасці дзейнасці, сацыяльнага партрэта рэгіёна і г.д. Таму зацверджаны пералік — гэта менавіта рэкамендацыя. І, на мой асабісты погляд, своеасаблівы заклік да разумнага падыходу ў пытанні дакументаабароту ў школах.
Мяркуйце самі: устаноўлены пералік дакументаў для розных катэгорый педагагічных работнікаў зусім невялікі і поўнасцю абгрунтаваны іх службовымі абавязкамі. Так, для настаўніка абавязковымі для вядзення з’яўляюцца класны журнал, каляндарна-тэматычнае планаванне, паўрочнае планаванне і дзённікі навучэнцаў. У класных кіраўнікоў пералік ненамнога шырэйшы: класны журнал, план ідэалагічнай і выхаваўчай работы класнага кіраўніка на чвэр ць, сацыяльна-педагагічная характарыстыка класа, дзённікі навучэнцаў, асабістыя карткі навучэнцаў. Тут, канечне ж, на першым часе давядзецца папрацаваць над складаннем і запаўненнем пэўных дакументаў, але пры такім пераліку штодзённая работа класнага кіраўніка не павінна ператварыцца ў бясконцую падрыхтоўку папер.
Дарэчы, вызначаны пералік — не адзінкавы дакумент галіновага ведамства, які рэгулюе пытанні дакументаабароту ва ўстановах адукацыі. Гэтае пытанне, напрыклад, знайшло адлюстраванне і ў інструктыўна-метадычных пісьмах па арганізацыі адукацыйнага працэсу, выхаваўчай работы. Так, у адным з іх значыцца, што “непасрэдна адміністрацыя ўстановы адукацыі вядзе дакументацыю, якая адлюстроўвае: падрыхтоўку да новага навучальнага года (акты, даведкі, перапіска і інш.); аб’ём вучэбнай работы; размеркаванне і выкананне педагагічнай нагрузкі педагагічнымі работнікамі; аналіз і ацэнку метадычнай работы; абагульненне і распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту… і інш.”. Пры гэтым асобна прапісана, што “недапушчальным з’яўляецца выкананне функцыянальных абавязкаў членаў адміністрацыі настаўнікамі-прадметнікамі”.
Але зноў-такі гэта толькі рэкамендацыі. А што ж на практыцы? Як паказвае нават невялікае бліц-апытанне на гэтую тэму, стан спраў з дакументаабаротам у многіх установах сярэдняй адукацыі далёкі ад таго, што рэкамендуецца.
Больш за тое, асабіста мне ў кожным выпадку пасля пытання “А якія паперы вам неабходна рыхтаваць у сваёй прафесійнай дзейнасці?” спачатку нязменна прыходзілася выслухоўваць шквал абурэння, і толькі потым — той самы пералік. Як правіла, грувасткі, разнапланавы і, што самае сумнае, безнадзейна незразумелы сваёй функцыянальнасцю.
Вось толькі некалькі прыкладаў.
У класных кіраўнікоў адной з раённых школ час ад часу з’яўляецца неабходнасць даваць справаздачу аб выніках работы з бацькамі, у якіх маецца запазычанасць па аплаце камунальных паслуг. Пасля адпаведнай паперы з арганізацыі жыллёвай гаспадаркі настаўнік абавязаны наведаць сям’ю, знайсці довады, якія пераканаюць бацькоў у тым, што аплату па запазычанасці ўсё ж трэба правесці, і падрыхтаваць адпаведную справаздачу аб праведзенай рабоце і яе выніках.
Ці яшчэ нешта падобнае. Акрамя традыцыйнага вывучэння ўмоў пражывання навучэнцаў, педагогі школы з іншага раёна павінны раз у месяц (!) праводзіць вывучэнне стану электраправодкі і пячнога ацяплення дамоў, дзе пражываюць навучэнцы. І, зразумела, даць справаздачу аб праведзенай рабоце. На маё пытанне, якім чынам праводзіцца такая праверка, прагучала: “На вока. І гэтак жа пішам у асобных актах абследавання: відавочных парушэнняў не выяўлена”. Напэўна, пытанне аб эфектыўнасці такіх аглядаў будзе залішнім…
Ці вось яшчэ “цікавы” вопыт: класныя кіраўнікі рыхтуюць справаздачы аб… уменні навучэнцаў плаваць. Спраўна, раз у тры месяцы. На аснове вуснага апытання школьнікаў.
І ўжо, напэўна, традыцыйнае — неабходнасць кантраляваць прысутнасць школьнікаў на гарадскіх дыскатэках з наступнай справаздачай: хто быў, у які час, у якім стане…
Ці яшчэ адно новаўвядзенне: класныя кіраўнікі рыхтуюць планы работы з адоранай і таленавітай моладдзю. Усё б нічога, калі б не адно “але”: да гэтай катэгорыі можна аднесці як мінімум кожнага другога навучэнца. Бо ў “залік” ідуць і заняткі дзяцей з педагогамі ў школе, і заняткі ў спартыўных, творчых студыях. Гэты план, між іншым, павінен уключаць шэраг адметных у кожным выпадку мерапрыемстваў не толькі па развіцці здольнасцей у вучняў (што маецца на ўвазе, калі школьнік займаецца, напрыклад, парашутным спортам у спартыўнай арганізацыі, — для класнага кіраўніка загадка), але і з іх бацькамі. Так, вітаюцца пастаянныя індывідуальныя (!) гутаркі, зноў-такі кожная — па індывідуальным плане, з асобнай тэмай. Далей, дарэчы, гэтыя грувасткія планы работы ў колькасці больш за сотню са школы накіроўваюцца ў мясцовы аддзел адукацыі. З якой мэтай — для педагога невядома.
Да гэтага можна яшчэ дадаць і такі “дакумент”, як дзённік класнага кіраўніка. На пытанне, чым ён дапамагае ў рабоце спецыяліста, прагучала ўпэўненае: “Як чым? А раптам што здарыцца з вучнем? У нас заўсёды будзе доказ таго, што работа ў гэтым напрамку з дзіцем вялася. Так што як пісалі, так і пішам”.
І ўсё пералічанае — у дадатак да агульнапрапісанай дакументацыі класнага кіраўніка.
У настаўнікаў-прадметнікаў — свае пытанні.
— Больш за ўсё часу і сіл патрабуе напісанне дакументацыі па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды, — расказалі ў адным з раённых цэнтраў. — Скажаце, патрэбная справа? Так падаецца, толькі калі не ведаеш, што менавіта неабходна рыхтаваць. Ад нас патрабуюць напісанне плана па канкрэтнай форме: што, калі, у якім аб’ёме, з якіх крыніц будзе вывучацца — тэма, дата, падручнік, практыкаванні…Аформіць усё гэта так, як патрабуецца, проста немагчыма. Бо падрыхтоўка вучня да алімпіяды — гэта творчы працэс, дзе выкарыстоўваецца шэраг рэсурсаў, дзе не заўсёды можна ўкласціся ў вызначаныя час і дату. Вось і вымушаны мы штосьці рыхтаваць для птушачкі, а штосьці — менавіта для рэальных заняткаў з навучэнцамі.

***

Што цікава, кожны з адзначаных выпадкаў, а гэта толькі самыя нестандартныя рашэнні з пачутага, насамрэч мае зусім высакародную мэту. Вось як, скажам, са справаздачай аб уменні навучэнцаў плаваць: напэўна ж, гэтая ініцыятыва выклікана занепакоенасцю колькасцю выпадкаў патапленняў дзяцей і падлеткаў. Праўда, невядома, чым такая інфармацыя, якая паўтараецца з месяца ў месяц, можа дапамагчы ў выпраўленні сітуацыі. Больш дарэчы тут была б арганізацыя заняткаў па плаванні. Ці іншае: план падрыхтоўкі да алімпіяды. Напэўна, пры патрабаванні гэтага дакумента на месцы зыходзілі з меркавання аб неабходнасці больш грунтоўнай і мэтанакіраванай работы з адоранымі вучнямі для дасягнення лепшых вынікаў. Але ці дасць работа, якая адцягвае ўвагу настаўніка ад галоўнага — заняткаў з дзіцем, вынік? Напэўна ж, самі за сябе пра выніковасць такой работы сказалі б перамогі навучэнцаў на інтэлектуальных спаборніцтвах, а не стосы папер, якія наўрад ці хто будзе чытаць.
Варта адзначыць, што ў шэрагу ўстаноў адукацыі сёння спрабуюць спрасціць работу і адміністрацыі, і педагогаў па вядзенні дакументацыі. Так, укараняюцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі, ствараюцца банкі даных, распрацоўваюцца тыпавыя бланкі па розных напрамках. Усё гэта заклікана зменшыць часавыя затраты педагогаў на выкананне папяровай работы.
Але ўсё ж асабіста мне падаецца больш эфектыўным і простым, і з арганізацыйнага, і з фінансавага пунктаў погляду, іншы падыход, агучаны адным з кіраўнікоў: перад пастаноўкай пэўнай задачы па падрыхтоўцы той ці іншай паперы задаць сабе і педагогу простае пытанне — навошта яна: папера дзеля паперы ці дзеля дасягнення рэальнага выніку ў справе?

Наталля ІЛЬІНА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*