Што патрэбна, каб рэалізавацца і дасягнуць поспехаў у вышэйшай школе? Якімі якасцямі павінен валодаць малады спецыяліст, каб у ім заўважылі талент і перспектывы? Пра ўсё гэта раскажа магістрант факультэта прыродазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Вераніка ІЛЬЮКЕВІЧ.
Ад пратэстантызму да навукі
Пяць гадоў назад, яшчэ навучэнка Драбаўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу Клецкага раёна Мінскай вобласці, Вераніка Ільюкевіч ні хвіліны не сумнявалася наконт таго, з якой прафесіяй яна хоча звязаць будучыню. Выдатныя веды па хіміі і біялогіі, а таксама ўпэўненасць, што работа, звязаная з гэтымі навукамі, будзе прыносіць задавальненне, амаль вырашылі лёс дзяўчыны.
— Я дакладна ведала, што хачу звязаць сваю будучыню з тымі прафесіямі, для авалодання якімі неабходны трывалыя веды па хіміі і біялогіі, — дзеліцца Вераніка. — Вельмі доўга выбірала паміж БДПУ і БДМУ. Прызнаюся, вельмі хацела стаць урачом, але ў мяне прысутнічае боязь крыві. Згадзіцеся, чалавек, які бачыць сябе доктарам, не павінен нічога баяцца. Ён заўсёды павінен умець аказваць першую дапамогу тым, каму гэта неабходна. А я вельмі ўражлівая, таму дарога ў медыцыну для мяне закрытая. Затое педагогіка — тое, што трэба. У дадатак да гэтага пэўны ўплыў на мой выбар аказала і мама — таксама настаўніца. Адразу хачу адзначыць, што яна ніколі не настойвала на тым, каб я пайшла вучыцца ў педагагічны ўніверсітэт. Наадварот, яна расказвала, што быць настаўнікам вельмі цяжка. І цяпер я разумею, што мама мела на ўвазе. Калі я пайшла ў школу на практыку, зразумела, у чым заключаецца цяжкасць прафесіі настаўніка. Шкада, што сёння настаўніцкая праца мала цэніцца і паважаецца, і перш за ўсё вучнямі. Для таго каб знайсці агульную мову з навучэнцамі, трэба вельмі пастарацца. Выключна методыкай выкладання прадмета тут не абыдзешся. Варта яшчэ быць і добрым псіхолагам. У гэтам я ўпэўнілася, калі на працягу двух апошніх курсаў праходзіла практыку ў школах. Біялогія і хімія пачынаюць выкладацца з 6—7 класа, дзе вучацца 12—13-гадовыя падлеткі. А гэты ўзроставы перыяд, як вядома, вельмі складаны. У навучэнцаў ужо ёсць свой пункт гледжання, амбіцыі. І я заўважыла, што падлеткаў з “пратэстанцкім” характарам вельмі многа. Ім абы паспрачацца з маладым настаўнікам! І такія выпадкі загартоўваюць выкладчыка, робяць яго больш жорсткім. Ці было мне страшна? Не, таму што я дакладна ведала, навошта прыйшла ў педагогіку. Яшчэ ў той час, калі я была навучэнкай 11 класа, вырашыла, што, калі будзе магчымасць, абавязкова займуся навуковай дзейнасцю.
І такая магчымасць у Веранікі з’явілася. З 1 курса студэнтка прымала ўдзел у навуковых канферэнцыях, знаёмілася з маладымі вучонымі. І менавіта гэта стала штуршком, які дапамог дзяўчыне дакладна вызначыцца з будучыняй. Вераніка вырашыла, што хоча займацца навукай, працаваць ва ўніверсітэце і ўпэўнена рухацца ўверх па кар’ернай лесвіцы.
Хімія, якая нас забівае
Пасля заканчэння 5 курса і паспяховай абароны дыпломнага праекта дзяўчына падала дакументы ў магістратуру. Трапіць у спіс студэнтаў-магістрантаў дзякуючы высокаму балу дыплома атрымалася вельмі лёгка.
— Я паступала ва ўніверсітэт па мэтавым накіраванні, — дзеліцца Вераніка Ільюкевіч. — І калі б у мяне ў плане навуковай дзейнасці нічога не атрымлівалася, з ахвотай паехала б на адпрацоўку. Але менавіта БДПУ для мяне стаў тым месцам, дзе можна поўнасцю раскрыць свой патэнцыял, рэалізавацца. Тут, ва ўніверсітэце, мяне акружаюць людзі, якія не проста выкладаюць, даюць веды студэнтам. Многія з іх займаюцца даследаваннямі, якія ў будучым, безумоўна, могуць паўплываць на навуку. Маім куратарам пасля паступлення ў магістратуру стаў загадчык кафедры хіміі Віталь Мікалаевіч Нікандраў. Менавіта ён дапамог вызначыцца з тэмай, па якой я пачала праводзіць навуковыя даследаванні і пісаць навуковую работу.
На пытанне, што трэба і чаго не хапае для таго, каб дасягнуць пэўных вяршынь у абраным кірунку, Вераніка адказала, што самае галоўнае — гэта ведаць, чаго хочаш. І верыць у сябе.
— Адразу пасля таго, як паступіла ў магістратуру, пагаварыла з маім навуковым кіраўніком, — працягвае Вераніка. — І ён мяне таксама папярэдзіў, што той шлях, на які я ступіла, вельмі цяжкі. Для таго каб дабрацца да вяршынь, працаваць трэба вельмі многа. І я гэта добра разумела. Увогуле, хацела пачаць “капаць” хімію як мага хутчэй. Таму што хімія — гэта тая навука, адкрыцці ў якой могуць стаць вельмі значнымі і важнымі для развіцця краіны.
Навуковая кар’ера Веранікі Ільюкевіч пачалася з магістарскай работы “Рэгулятарная роля іонаў нікелю і кадмію ў пратэалітычных працэсах in vitro”. Такая тэма даследавання была абрана невыпадкова. Вераніка, нягледзячы на вучобу ў педагагічным універсітэце, дагэтуль цікавіцца медыцынай, калі гаварыць больш дакладна, уплывам розных хімічных злучэнняў на жывыя арганізмы.
— Праблема ўздзеяння хімічных злучэнняў на жывыя арганізмы — і на чалавека ў першую чаргу — у наш час з’яўляецца вельмі актуальнай, — тлумачыць магістрантка. — На жаль, сёння хімія нас акружае паўсюль. Безумоўна, зараз я маю на ўвазе не навуку, а тыя шкодныя рэчывы, якія дабаўляюцца ў прадукты харчавання, а таксама ў шматлікія рэчывы бытавога карыстання (касметыку, мыйныя сродкі і інш.), з якімі чалавек мае кантакт. Больш за ўсё мяне хвалюе, як тыя сродкі, у складзе якіх ёсць хімічныя злучэнні, уплываюць на здароўе чалавека.
Так, нікель і кадмій, вывучэннем якіх займаецца Вераніка Ільюкевіч, хаваюць у сабе шмат пагроз. Менавіта гэтыя хімічныя элементы могуць выклікаць алергію, у прыватнасці кантактны дэрматыт ці экзэму.
— Сёння алергію называюць ціхай забойцай, таму што яна, з’явіўшыся, напрыклад, на руках, уздзейнічае і на ўнутраныя органы, на суставы чалавека, — дзеліцца Вераніка Ільюкевіч. — Акрамя гэтага, працуючы над тэмай, я даведалася, што нікель можа справакаваць не толькі хранічныя захворванні дыхальных шляхоў, але і рак, барацьба з якім вядзецца ўжо вельмі даўно. Так што ў нас ёсць над чым працаваць.
Маленькія непрыемнасці з-за вялікіх амбіцый
Як прызналася Вераніка, сёння ў БДПУ імя Максіма Танка створаны ўсе ўмовы для таго, каб магістранты маглі больш поўна развівацца ў навуковым плане. А каб студэнты кафедры хіміі, на якой займаецца і Вераніка, рабілі свае даследаванні больш дакладнымі і разгорнутымі, універсітэт закупіў новае абсталяванне. І, па словах дзяўчыны, яе гэта натхняе на новыя ідэі і нават дае магчымасць сумяшчаць навуковую дзейнасць з работай. Вераніка, дарэчы, працуе на кафедры лабарантам.
— У мяне была магчымасць пайсці на іншую работу, не звязаную з сістэмай адукацыі, — працягвае Вераніка. — Але я вырашыла застацца на кафедры. І такі выбар мне на карысць. Я заўсёды, калі з’яўляецца свабодны час, магу правесці яго ў лабараторыі. Тым больш што зараз, са з’яўленнем новага абсталявання, знаходзіцца і працаваць там — адно задавальненне. Што тычыцца работы лабарантам, то яна таксама мне падабаецца. Проста я люблю вазіцца з прабіркамі, мікраскопамі і рэактывамі. Гэта — маё! Але маленькія непрыемнасці ў гэтай рабоце таксама ўзнікаюць. Зараз я зноў вяртаюся да тэмы ўзаемаадносін. Паколькі я сама — учарашняя выпускніца, студэнты першых курсаў мяне не ўспрымаюць як навуковага супрацоўніка, работніка кафедры. Знайсці з імі агульную мову цяжка, у іх свае амбіцыі, яны лічаць сябе самымі разумнымі.
Як прызналася Вераніка, работа для яе, як і для любога іншага чалавека, з’яўляецца неабходнасцю. Вядома, што зарплата і ў школе ў настаўнікаў, і ў выкладчыкаў універсітэтаў не вельмі высокая. Што ўжо гаварыць пра маладых спецыялістаў, якія толькі паспелі закончыць ВНУ і размеркавацца на свае першыя працоўныя месцы. Пытанне наконт заработнай платы для іх таксама з’яўляцца балючым.
— Безумоўна, кожны чалавек, нават з высокім даходам, хоча зарабляць яшчэ больш грошай, — дзеліцца думкамі магістрантка. — І гэта нармальнае жаданне, таму што дзякуючы яму чалавек пачынае дзейнічаць, ён шукае варыянты падпрацоўкі. І не выключаецца, што рана ці позна знойдзецца такі варыянт работы, які будзе задавальняць па ўсіх параметрах, — пачынаючы зарплатай і заканчваючы аддаленасцю ад метро. Я лічу, што, пакуль ты малады і ў цябе няма сям’і, трэба імкнуцца да большага. Трэба ставіць сабе мэты і дасягаць іх. Але нават у гэтым неабходна мець падтрымку родных людзей. Хто, як не яны, падбадзёрыць і пахваліць?
Яшчэ адным пытаннем, якое мы абмяркоўвалі з Веранікай, стала жыллёвая праблема. Як вядома, атрымаць разам з першым працоўным месцам службовае жыллё шанцуе далёка не ўсім выпускнікам ВНУ. Вераніцы таксама не пашанцавала. Але дзяўчына і на гэтую праблему глядзіць з энтузіязмам. Магчыма, таму, што ўсе пяць гадоў вучобы ў БДПУ Вераніка пражыла на здымнай кватэры.
— Я нават не ўяўляю, ці змагла б жыць у інтэрнаце, — расказвае Вераніка. — Я прывыкла, што ў кватэры, дзе жыла падчас вучобы, заўсёды было ціха, кожны сядзеў у сваім пакоі і па калідоры ніхто не бегаў. Безумоўна, здымнае жыллё — гэта яшчэ адзін пункт расходаў. Прычым на арэнду пакоя ідзе даволі значная сума грошай, якую можна было патраціць на сябе. Але я на ўсё гляджу з пазітывам, таму што без складанасцей жыцця не бывае.
Планую, што ў будучым у мяне з’явіцца ўласны дом, але толькі не ў Мінску. Хутчэй за ўсё, я аддам перавагу невялікаму гораду. Дарэчы, у фінансавым плане невялікія гарады выйграюць у Мінска. Там сума за квадратны метр жылля выглядае больш прывабна, чым у сталіцы. Але пра ўласны дом пакуль што застаецца толькі марыць, таму што для таго, каб яго пабудаваць, трэба мець шмат грошай. Пра крэдыты нават няма сэнсу размаўляць, таму што яны выдаюцца пад нерэальныя працэнты.
Нягледзячы на актуальнасць, жыллёвае пытанне Вераніка пакуль што лічыць закрытым.
Што тычыцца кар’ернага росту, ужо праз год Вераніка Ільюкевіч плануе вучыцца ў аспірантуры, а значыць, стане навуковым работнікам вышэйшай кваліфікацыі. І ў яе абавязкова ўсё атрымаецца, таму што Вераніка — гэта той чалавек, які ідзе па сваёй кар’ернай лесвіцы ўпэўнена і з веданнем таго, што ёй трэба.
Наталля ДУБІК.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.