Рамонты: новы фармат

Традыцыйны рамонтны сезон у беларускіх школах — лета. Яно і зразумела: дзеці на канікулах, таму і рамонтныя работы праводзіць прасцей. Але з нядаўняга часу, а дакладней, з пачатку бягучага года, у Мінскай вобласці рамонты праводзяцца і ў перыяд навучальнага года — у пэўных частках будынкаў, канечне, бо заняткі працягваюцца. Рамонты школ і дзіцячых садоў вядуцца гаспадарчым спосабам. Для Міншчыны гэты спосаб не тое, каб зусім навінка, але маштабы, тэрміны, а галоўнае, падыходы ўсё ж новыя. Калі я патэлефанавала ва ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, мне адразу назвалі вялікі пералік адрасоў па ўсім рэгіёне, куды можна паехаць, каб убачыць гаспадарчы спосаб у дзеянні. Першым быў названы Вілейскі раён. Туды я і накіравалася.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Аляксандр Часлававіч Пуцейка на гэтай пасадзе не так даўно, але тое, што і ў рамонтах, і ў іх правядзенні гаспадарчым спосабам разбіраецца адмыслова, разумееш вельмі хутка. А ўсё таму, што як узяўся за гэтую справу на пачатку года, так і вядзе яе ўнушальнымі тэмпамі да гэтага часу, ды і наперадзе планаў шмат. Яно і нядзіўна, бо рамантаваць у Вілейцы і раёне ёсць што: дзве гарадскія школы (№№ 1, 3) — шасцідзясятых гадоў пабудовы, ды і ў вёсках старых будынкаў устаноў адукацыі знойдзецца нямала.
Усяго на Вілейшчыне такіх устаноў, дарэчы, 44. Рамантуюцца або рамантаваліся гаспадарчым спосабам 30 з іх. Чаму не ўсе? Таму што частка сельскіх школ і садкоў праз пэўны (даволі кароткі) час падлягае аптымізацыі. Рамантаваць іх пры неабходнасці, зразумела, будуць, але пачынаць рамонт гасспосабам сэнсу, палічылі, няма. У горадзе пры гэтым рамантуюцца ўсе 13 устаноў, а сельскія школы і садкі не так даўно абнаўляліся па Дзяржпраграме развіцця сяла і зараз нярэдка знаходзяцца ў лепшым стане, чым гарадскія.
Маштабны рамонт — гэта, пагадзіцеся, няпроста. І мой суразмоўца, як і кіраўнікі трох школ і аднаго дзіцячага сада, у якіх мы пабывалі з Аляксандрам Часлававічам, гэтага не тояць. І падчас адпачынку даводзілася на сваіх аб’ектах прападаць, і тэлефон у начальніка аддзела амаль не змаўкае, і выхадныя дні нярэдка становяцца такімі толькі па назве. Але справа таго вартая, пераконвалі мяне суразмоўцы. Як сказала адна з дырэктараў школ, “лепш ахвярую адпачынкам, але буду ўпэўнена ў бяспецы нашых навучэнцаў. А адпачну спакойна, калі і камфорт, і бяспека будуць панаваць у школе”. Або, як кажа Аляксандр Часлававіч, “тут так: або спакойна жывеш і нічога не робіш, або пастаянна сябе падганяеш. І вынік сваёй работы бачыш даволі хутка, а не як у педагагічнай працы — чакаеш некалькі гадоў”. Страшна было толькі пачаць, сцвярджаюць педагогі, цяпер усё прасцей атрымліваецца.
Гаспадарчы спосаб мае на ўвазе заключэнне грамадзянска-прававых дагавораў або дагавораў падраду з фізічнымі асобамі, а не з арганізацыямі. Здаралася, што адначасова па такіх дагаворах на аддзел працавала да 120 чалавек адначасова. Эканомія сродкаў ідзе за кошт таго, што адсутнічае неабходнасць захоўваць матэрыялы, перавозіць іх на далёкую адлегласць, закупляць спецыяльную апаратуру, — так можна зберагчы 25, калі не больш, працэнтаў сродкаў, пераконвалі мяне суразмоўцы. Калісьці менавіта з тлумачэння гэтых пытанняў сваім супрацоўнікам і пачаў работу па новым метадзе начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама. І перш за ўсё расказаў, што гаспадарчы спосаб — гэта выкананне будаўніча-мантажных і рамонтна-будаўнічых работ небудаўнічай арганізацыяй, якая для ўласных патрэб самастойна выконвае работы па капітальным і бягучым рамонце ўласнымі сіламі, без далучэння падрадных будаўніча-мантажных арганізацый. І заказчыкам, і выканальнікам з’яўляецца адна і тая ж юрыдычная асоба.
Думаю, не здзіўлю чытачоў, калі скажу, што пераймаць вопыт, вучыцца рабіць рамонты гаспадарчым спосабам віляйчане, як і многія іншыя кіраўнікі аддзелаў і навучальных устаноў Міншчыны, ездзілі ў Гродзенскую вобласць, дзе гэты метад адпрацаваны ўжо на працягу некалькіх гадоў. Яго ідэю перанёс на Міншчыну цяперашні губернатар гэтай вобласці і былы Гродзенскай Сямён Барысавіч Шапіра. Ды і раён зараз узначальвае чалавек, які раней працаваў на Гродзеншчыне і не па чутках знаёмы з гаспадарчым спосабам, — Віктар Іосіфавіч Кот. Віляйчане пры гэтым удзельнічалі не толькі ў агульнаабласных паездках у Смаргонскі раён, але пазней самі арганізавалі такія паездкі і на Смаргоншчыну, і ў Ваўкавыскі раён, балазе, гэта зусім недалёка, кіламетраў сорак да Смаргоні. Вучыліся, распытвалі, пераймалі.
Зараз, як кажа А.Ч.Пуцейка, справа ідзе лягчэй, бо і чужы вопыт засвоены, і свой набыты. Прычым наладжваць работу даводзілася ўтраіх: начальніку аддзела, галоўнаму бухгалтару і вопытнаму інжынеру па абслугоўванні будынкаў і пабудоў, якая прыйшла ў аддзел вясной гэтага года. Каманда маленькая, але баявая, калі лічыць па выніках. Сродкі, якія абласны бюджэт выдзяляе на гэтую справу, засвойваюцца нават з апярэджаннем. Першай на пачатку года была сума ў 904,4 мільярда рублёў. Павінны былі асвоіць за тры месяцы. Справіліся. Пайшлі новыя сродкі. На сёння асвоена каля 12,3 мільярда, але раён ідзе на апярэджэнне, працуе не чакаючы чарговых паступленняў. Да канца года плануецца асвоіць 17—18 мільярдаў рублёў.
У пэўны перыяд давялося бра ць будматэрыялы ў растэрміноўку. Спачатку фірма-пастаўшчык згадзілася выдзеліць тавару толькі на 40 мільёнаў рублёў. Зараз без сумненняў дае растэрміноўку віляйчанам ужо на два мільярды, разам з аддзелам адукацыі шукае зручныя формы работы. Напрыклад, спачатку заказаныя матэрыялы падвозілі адной вялікай фурай непасрэдна да аддзела адукацыі. Прадстаўнікі навучальных устаноў адбіралі і адлічвалі іх, адвозілі да сябе, гублялася шмат часу. Цяпер жа пастаўшчыкі выдзелілі пад гэтую справу меншы па грузападымальнасці транспарт і прывозяць матэрыялы да кожнай установы. Такія вось, здавалася б, дробязі дазваляюць нядрэнна аптымізаваць працэс.
Матэрыялы матэрыяламі, але яшчэ больш важнае пытанне тычыцца таго, хто з імі працуе. Падсобныя работы, якія не патрабуюць кваліфікацыі, — уборка, дэмантаж лёгкіх канструкцый і г.д. — выконваюць бацькі навучэнцаў, самі дзеці, педагогі на грамадскіх пачатках. Дзеці, між іншым (быў выпадак), настолькі ўражваліся рамонтам, што заходзілі ў новы стары клас, зняўшы абутак, толькі ў шкарпэтках.
Але для больш сур’ёзных работ неабходны прафесіяналы. Іх знайшлі і ў сваім раёне, і ў Маладзечне, Смаргоні, Мінску. З кожнай фізічнай асобай заключаецца дагавор не больш чым на тры месяцы (па законе), які нярэдка потым перазаключаецца неаднаразова, калі работнік добра сябе паказаў.
Адну брыгаду такіх наёмных работнікаў мы сустрэлі ў санаторным дзіцячым садзе № 10 Вілейкі, якім кіруе Святлана Мікалаеўна Лубнеўская. Рабочыя займаліся ўладкаваннем дарожак. Пакуль стаіць добрае надвор’е, трэба паспець закончыць работы на вуліцы, растлумачыў мне адзін з рабочых Міхаіл Тадэвушавіч Язневіч. Потым брыгада закончыць рамонт дзвюх груп, дзве ўжо амаль зроблены. А раней гэтыя 12 чалавек (усе мясцовыя жыхары) працавалі на іншых аб’ектах па заказе аддзела адукацыі, спорту і турызму: у гарадскім дзіцячым садку і ў дзвюх школах. Усё, кажуць, нядрэнна, і далей з аддзелам супрацоўнічаць гатовы, толькі б зарплату не затрымлівалі (а такое магчыма з-за апераджальных тэмпаў асваення выдзеленых сродкаў).
Прынамсі, працуюць на рамонце ўстаноў адукацыі на асноўных, больш складаных работах і бацькі некаторых школьнікаў, якія маюць адпаведную рабочую спецыяльнасць, і настаўнікі, перш за ўсё выкладчыкі працоўнага навучання, а таксама вартаўнікі, іншыя супрацоўнікі, бо яны нярэдка маюць належную кваліфікацыю. Зарабіць на такіх рамонтах можна па-рознаму — усё залежыць ад аб’ёмаў і тэрмінаў. У сярэднім за поўны рамонт аднаго школьнага кабінета плошчай 45 м2 работнікі атрымліваюць 10—12 мільёнаў рублёў.
— Вось вам прыклад: высокваліфікаваны работнік за тыдзень цалкам адрамантаваў кабінет у гімназіі “Логас”, выключаючы замену вокнаў, — тлумачыць Аляксандр Часлававіч. — Атрымліваецца, што зарабіў за гэты тыдзень каля 9,5 мільёна.
На рамонт груп у дзіцячых садах грошай, дарэчы, патрабуецца больш, чым на рамонт класаў, — 50—55 мільёнаў у параўнанні з 45- цю, калі гаварыць пра памяшканні аднолькавай плошчы. Справа ў тым, што вокны ў садках большыя, чым у школах, ды і па колькасці іх у адным памяшканні больш. А калі гаварыць пра групавы блок (памяшканне, дзе дзеці распранаюцца, гульнявую, спальню, санвузел, мыечную), атрымліваецца прыкладна 110 мільёнаў рублёў на адзін блок.
Першая навучальная ўстанова, якую мы наведалі, — гарадская школа № 1. Школа самая старая ў Вілейцы — ёй хутка 70, а яе будынку — 50 гадоў. Магчыма, таму менавіта тут рамонт пачалі ў першую чаргу. Зараз дырэктар установы Іна Віктараўна Крышкоўская гаворыць, што пачынаючы з сакавіка адрамантавана 80% аўдыторый школы. Работы працягваюцца, у тым ліку ў агульных памяшканнях. Калі ж заходзіш у клас і пытаешся ў малодшых навучэнцаў, чые бацькі прымалі ўдзел у рамонце школы, падымаецца лес рук. Гэтак жа рэагуюць старшакласнікі і на пытанне пра ўдзел бацькоў, і на пытанне пра іх уласны ўдзел у рамонце ўстановы адукацыі. Дзеці займаюцца ў адрамантаваных класах, а рамонт тым часам працягваецца. У іншых установах робяць гэтак жа або пры неабходнасці часова ўстанаўліваюць заняткі ў другую змену, у дзіцячых садках — аб’ядноўваюць групы.
У сярэдняй школе № 3, самай вялікай у горадзе, якую ўзначальвае Мікалай Мікалаевіч Гіро, таксама рамантавалі аўдыторыі, санвузлы, іншыя памяшканні, устанавілі прыгожыя вароты, плануюць яшчэ шмат чаго зрабіць. Але найбольшы аб’ём работ выкананы ў харчаблоку (як, дарэчы, і ў Нарачанскай школе). І там, і там адрамантаваны кухні, абедзенныя залы (якая ў 3-й школе сумешчана з актавай залай) і падсобныя памяшканні. Мікалай Мікалаевіч гаворыць: “Я дзвюма рукамі за гаспадарчы спосаб! Справа патрэбная”.
У 5-й школе — свая гісторыя. Хоць школа і самая новая ў горадзе (канца 90-х — пачатку 2000-х), праблемы ў ёй праявіліся даволі хутка пасля здачы ў эксплуатацыю. Справа ў няўдалых санвузлах з маральна састарэлым абсталяваннем, з трубамі, схаванымі ў сценах, што вельмі нязручна для рамонту. Зараз частку санвузлоў адрамантавалі капітальна, замяніўшы і трубы, і сантэхніку, а паколькі туалеты ёсць з двух бакоў будынка, рамантаваць іх даволі зручна і на працягу навучальнага года: частку рамантуюць, частка працуе. Улічваючы, што школа не запоўнена да сваіх максімальных магчымасцей, гэта асаблівых нязручнасцей не выклікае. Наталля Мікалаеўна Занкавіч, дырэктар школы, паказала і адну з адрамантаваных аўдыторый, бо рамонтам санвузлоў тут таксама не абмежаваліся.
Яна, як і іншыя яе калегі-землякі, з якімі я паспела сустрэцца, сцвярджае, што рамонт гаспадарчым спосабам, несумненна, — справа патрэбная, хаця і вельмі клопатная як для кіраўніка ўстановы, так і для ўсёй адміністрацыі. Важна не толькі добра адрамантаваць, але і дасканала пракантраляваць, каб гэта ніяк не перашкодзіла вучэбнаму працэсу. “Мы з гэтай задачай спраўляемся”, — сцвярджае Н.М.Занкавіч.
***
У Вілейцы дзве школы, пабудаваныя яшчэ ў шасцідзясятыя. І такіх старых будынкаў, задзейнічаных пад установы адукацыі, у Беларусі нямала. Добры рамонт, нават прытым, што некаторыя з гэтых устаноў ніколі не ведалі капітальнага рамонту, канечне, прадоўжыць іх час,бяспечную, вельмі спадзяюся, эксплуатацыю. І ўсё ж рана ці позна неабходна будаваць новыя школы. І хутчэй, думаю, рана, бо позна — занадта небяспечна.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.