Любоў пераможа, псіхалогія дапаможа

“Катэгорыя дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, самая цяжкая з пункту гледжання псіхолага,” — гаворыць доктар псіхалагічных навук прафесар кафедры прыкладной псіхалогіі факультэта псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Леанід Абрамавіч Пяргаменшчык. Акрамя ўсяго іншага, ён яшчэ з’яўляецца каардынатарам Цэнтра аказання псіхалагічнай дапамогі ўсыноўленым і ўсынавіцелям, які не так даўно адкрыўся пры ўніверсітэце. Часу пасля адкрыцця прайшло нямнога, а работа праведзена вялікая. Яшчэ больш у яго добраахвотных супрацоўнікаў планаў на найбліжэйшую і аддаленую будучыню. Прычым рэалізацыю часткі гэтых планаў тут ужо актыўна распачалі.

Па сваёй ахвоце

— Калі пэўны час назад нашы італьянскія партнёры (а педуніверсітэт ужо не першы год супрацоўнічае з італьянскай гуманітарнай асацыяцыяй PUER) прапанавалі дапамогу ў адкрыцці такога цэнтра, я, прызнаюся, здзівіўся, — расказвае прафесар Л.А.Пяргаменшчык. — Навошта гэта нам, зразумела. А вось навошта гэта італьянцам? Усё аказалася проста: яны настолькі прывязаліся да беларускіх дзяцей, якія ездзяць у Італію на аздараўленне, настолькі зацікавіліся іх лёсамі, жыццём не толькі падчас адпачынку, але і на працягу астатняга часу ў Беларусі, што пераканаліся: цэнтр неабходны. Так, калі нашы партнёры з Італіі доўга не маюць вестак пра нейкага 15—16-гадовага падлетка, які раней прыязджаў да іх на аздараўленне, яны просяць нас даведацца пра яго лёс, дапамагчы, калі трэба. Рэктар універсітэта Аляксандр Іванавіч Жук ідэю цэнтра цалкам падтрымаў — так ён і з’явіўся.
З назвы цэнтра вынікае, што ён разлічаны перш за ўсё на падтрымку сем’яў, дзе ёсць усыноўленыя дзеці. Але, як паказала практыка, дадатковая дапамога кваліфікаваных псіхолагаў патрэбна не толькі ўсыноўленым дзецям і іх усынавіцелям. У цэнтр звяртаюцца, напрыклад, бацькі—выхавальнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, супрацоўнікі SOS-дзіцячай вёскі, дзеці з нядобранадзейных сем’яў. Нядаўна патэлефанаваў дзевятнаццацігадовы хлопец, які выхоўваўся ў школе-інтэрнаце. Фармальна кажучы, ён ужо не дзіця — чалавек дарослы. Але ці ж гэта падстава адмаўляць яму ў падтрымцы? Канечне, не. Самаму ж маленькаму падапечнаму спецыялістаў цэнтра тры гады.
Зараз добраахвотныя супрацоўнікі цэнтра (а ўсе яны выключна валанцёры) прымаюць званкі па двух тэлефонах даверу (іх нумары: 8-017-237-09-57 і 8-017-237-03-91) з 9 да 17 гадзін у будні, звароты па skype і, канечне, праводзяць сустрэчы. Валанцёры-студэнты нават наведваюць некаторых сваіх падапечных дома. Маладыя людзі, канечне, пакуль не могуць правесці паўнацэннае псіхалагічнае кансультаванне, але роля аператараў на тэлефонах, каардынатараў ці вось такіх сяброў, якія могуць проста завітаць у госці, пагуляць з дзіцем, адначасова паназіраць за ім, будучым псіхолагам цалкам па сілах.
А студэнтаў на факультэце многа — каля дзвюх тысяч, так што валанцёры сярод іх заўсёды знойдуцца. Тых, хто прымае ці будзе прымаць званкі, дарэчы, вучаць правільным зносінам па тэлефоне, бо гэта таксама няпроста, патрабуе пэўных ведаў і навыкаў. Пазней на факультэце плануюць ства-рыць спецкурс па выбары для студэнтаў, якія хочуць займацца псіхалагічнай дапамогай усынавіцелям і ўсыноўленым. Выкладаць яго будуць спецыялісты Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі.
Асноўная ж “баявая” сіла цэнтра ў плане прафесійнай дыягностыкі і дапамогі дзецям і дарослым — выкладчыкі факультэта, які зараз узначальвае Дзмітрый Рыгоравіч Дзьякаў. Па словах Леаніда Абрамавіча Пяргаменшчыка, сярод выкладчыкаў можна знайсці спецыялістаў па любой праблематыцы і па любым узросце. Ён сам ужо шмат гадоў займаецца крызіснай псіхалогіяй. Актыўна ўдзельнічаюць у рабоце цэнтра супрацоўнікі лабараторыі клінічнай псіхалогіі і псіхалагічнага кансультавання, якой кіруе Ірына Аляксееўна Громава, выкладчыкі кафедры клінічнай псіхалогіі кандыдат псіхалагічных навук Ганна Аляксандраўна Давідовіч, Аляксандра Уладзіміраўна Вайцяшонак, Дар’я Іванаўна Гурыновіч; выкладчыкі кафедры прыкладной псіхалогіі Валянціна Іванаўна Сляпкова і Кацярына Міхайлаўна Жогаль; сацыяльнай псіхалогіі — Валянціна Міхайлаўна Макрацова, іншыя спецыялісты.

Вярнуць давер да свету

— Пакуль такіх выпадкаў няшмат, але да нас прыходзілі мамы, якія не ведаюць, чаго можна патрабаваць ад сваіх прыёмных дзяцей, як сябе паводзіць у пэўных сітуацыях. Прыёмныя бацькі, заўважу, нядрэнна падрыхтаваны, бо, напрыклад, у Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення, у іншых падобных установах з патэнцыяльнымі бацькамі цудоўна працуюць, — расказвае Леанід Абрамавіч. — Але пытанні ў бацькоў нярэдка застаюцца або з цягам часу ўзнікаюць новыя. Вось прыйшлі да нас людзі, якія выхоўваюць трохгадовае прыёмнае дзіця. Дзяўчынка, як ім здаецца, занадта непаслухмяная. У нас ёсць спецыялісты, якія правядуць граматную дыягностыку, дапамогуць. А бацькі ў сваю чаргу спадзяюцца, што іх любоў пераможа ўсё. Ва ўсякім разе, у вачах тых людзей, пра якіх я зараз расказваю, я гэтую любоў убачыў.
— Трэба прызнаць, канечне, — працягвае мой суразмоўнік, — што дзеці, якія пэўны час жылі без бацькоў, — дзеці траўмы. Гэта добра, калі псіхалагічная траўма адзінкавая, але часцей бывае інакш. І нейкія асаблівыя, “няправільныя” паводзіны такіх дзяцей звязаны менавіта з тым, што яны не давяраюць свету. Яны не вераць, што ў наступны раз ім не здрадзяць, не кінуць іх, не зробяць балюча. Прыёмныя бацькі для іх — людзі новыя, хоць і адкрытыя да малых усёй душой. Таму дзіця і паводзіць сябе неяк не так. Магчыма, у выніку траўмы ў малога адбылося парушэнне пэўных функцый. Гэта добра, калі гаворка ідзе толькі пра затрымку псіхічнага развіцця, якую з дапамогай спецыялістаў цалкам рэальна выправіць. А калі штосьці больш сур’ёзнае? Тут дапамога нашых выкладчыкаў вельмі дарэчы, тым больш што мы на факультэце, калі гэта неабходна, можам сабраць цэлы псіхалагічны кансіліум.
На факультэце псіхалогіі, між іншым, працуюць некалькі чалавек (прафесар Л.А.Пяргаменшчык называе іх штучнымі спецыялістамі) — гэта выхаванцы вядомай у нашай краіне школы прафесара Алены Самойлаўны Сляповіч, якія могуць праводзіць сур’ёзныя нейрапсіхалагічныя абследаванні. Сярод іх — Ганна Аляксандраўна Давідовіч, пра якую я ўжо ўзгадвала. Нядаўна, напрыклад, у рамках работы Цэнтра псіхалагічнай падтрымкі ўсыноўленых і ўсынавіцеляў яна праводзіла такое абследаванне дзяўчынкі з прыёмнай сям’і. Зразумела, адным абследаваннем справа не абмяжуецца, спецыялісты яшчэ не раз сустрэнуцца з падапечнай сям’ёй.
— Італьянскі бок вельмі спадзяецца на нашых студэнтаў, — расказвае Леанід Абрамавіч. — Перш за ўсё нашы сябры з гэтай краіны разлічваюць на тое, што студэнты-псіхолагі будуць суправаджаць дзяцей, якія едуць у Італію на аздараўленне.
І гэтая надзея, трэба сказаць, спраўджваецца. У БДПУ праводзяцца курсы па вывучэнні італьянскай мовы (выкладчыка знайшлі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце), два студэнты нават з’ездзілі ў Італію з місіяй суправаджэння. А з магістрантамі факультэта Леанід Абрамавіч плануе ў будучыні стварыць кнігу, заснаваную на гісторыях усыноўленых і іншых дзяцей з няпростымі лёсамі. “Мы вельмі сур’ёзна будзем падтрымліваць тых магістрантаў, якія захочуць працаваць у гэтым напрамку”, — падкрэслівае ён.
На пачатку работы цэнтра планавалася, што праблемнае поле яго дзейнасці закране псіхалагічную дапамогу прыёмным сем’ям, праблему родных і прыёмных дзяцей у сям’і, праблемы ўсынаўлення дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі, дыялог грамадства з прыёмнымі сем’ямі — на ўзроўні перш за ўсё кансультацый. Пасля невялікага пакуль тэрміну работы цэнтра (ён адкрыўся ў лістападзе 2014 года) яго супрацоўнікі бачаць, што іх работа — не столькі кансультаванне, колькі суправаджэнне дзяцей і дарослых — прыёмных бацькоў, выхавальнікаў, апекуноў. Жыццё з яго рэальнымі патрэбамі ўносіць свае карэктывы ў планы, і гэта нядрэнна — галоўнае, каб быў вынік.

Гэта толькі пачатак

Пакуль, зразумела, пра вынікі гаварыць рана. Але, мяркуючы па планах развіцця цэнтра, у свой час яны абяцаюць быць як мінімум цікавымі. Запыты ўжо зараз прыходзяць не толькі з Мінска і наваколля. У спецыялістаў, якія прыцягнуты да работы цэнтра, ёсць магчымасць час ад часу выязджаць на месцы для кансультавання, але, зразумела, магчымасці такія абмежаваны. Ды і, як кажуць псіхолагі, падобны аднаразовы “наскок” не дасць належнага эфекту — за сям’ёй трэба назіраць, знаходзіцца з ёй у пастаянным кантакце. Што рабіць? Выйсце знайшлі такое: па ўсёй рэспубліцы трэба стварыць сетку цэнтраў псіхалагічнай дапамогі, каб людзі нават з самых аддаленых раёнаў краіны мелі магчымасць пастаянных зносін са спецыялістам, калі ім гэта трэба.
Пошук спецыялістаў у рэгіёнах ужо распачаты, водгукі ёсць, але Цэнтр псіхалагічнай дапамогі ўсыноўленым і ўсынавіцелям пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце шукае спецыялістаў-псіхолагаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, якія гатовы супрацоўнічаць. Тэлефанаваць можна па нумарах даверу цэнтра, названых вышэй.
— Нам важна, каб мы маглі, калі хтосьці звярнуўся па дапамогу з нейкага аддаленага раёна, накіраваць яго да псіхолага, якога добра ведаем, якому давяраем і які аператыўна можа сабраць першасны псіхалагічны анамнез, — заўважае Л.А.Пяргаменшчык. — Мы разумеем, што ў псіхолагаў на месцах магчымасці больш абмежаваныя, чым у нас, бо мы заўсёды можам параіцца з любым з нашых калег. Але распачаць работу прасцей, канечне, мясцовым спецыялістам.
У цэнтры, між іншым, для спецыялістаў з рэгіёнаў рэспублікі ўжо запланаваны семінары, якія будуць праводзіць выкладчыкі БДПУ. І не толькі яны. Супрацоўнікі факультэта псіхалогіі звязаліся са сваімі расійскімі калегамі. Так, яны выйшлі на Маскоўскі псіхолага-педагагічны ўніверсітэт, вельмі вядомы ў сваёй галіне. Загадчыца адной з лабараторый гэтай навучальнай установы, якую яе беларускія калегі добра ведаюць завочна па навуковых публікацыях, прысвечаных менавіта рабоце з прыёмнымі сем’ямі, дзецям, якія аказаліся без апекі бацькоў, пагадзілася дасылаць на факультэт псіхалогіі беларускага педуніверсітэта свае артыкулы, а крыху пазней — прыехаць у Мінск, каб правесці семінар. Тэмы для падобных семінараў плануецца браць і з жыцця, напрыклад, з вопыту работы сталічных і рэгіянальных псіхолагаў з замяшчальнымі сем’ямі.
Акрамя таго, артыкулы па псіхалогіі ўсыноўленых і ўсынавіцеляў спецыялісты будуць публікаваць у часопісе “Дыялог. Псіхалагічны і сацыяльна-педагагічны часопіс”, рэдагуе які прафесар Л.А.Пяргаменшчык. Прычым мяркуецца змяшчаць у ім артыкулы не толькі беларускіх, але і расійскіх аўтараў, магчыма, спецыялістаў з іншых краін.
Таксама ў найбліжэйшых планах цэнтра дапамогі — прымаць званкі не толькі па стацыянарных, але і па мабільным тэлефоне, які пастаянна будзе знаходзіцца ў дзяжурнага псіхолага нават у выхадныя дні. Зараз валанцёры заканчваюць стварэнне сайта цэнтра, які, як спадзяюцца спецыялісты факультэта псіхалогіі, у тым ліку дапаможа ім аб’яднацца з іншымі асобамі і арганізацыямі, зацікаўленымі ў рабоце з рознымі катэгорыямі бацькоў і дзяцей, якім неабходна псіхалагічная дапамога.
— Праблем сапраўды нямала, — кажуць супрацоўнікі цэнтра, — і падтрымка, зносіны, абмен думкамі неабходны. Мы да гэтага імкнёмся і заклікаем усіх да супрацоўніцтва.
А яшчэ важным момантам для факультэта з’яўляецца тое, што яго шматлікія студэнты, дзякуючы адкрыццю цэнтра, атрымалі добрую пляцоўку для практыкі. Маладыя людзі, зразумела, і так праходзяць усе належныя практыкі, але работа ў цэнтры дапаможа ім на сабе адчуць, што такое псіхалагічная дапамога сем’ям, як гэта працуе. І вопытныя спецыялісты заўсёды побач, дапамогуць вырашыць любое пытанне, чаго не будзе ў рабоце маладых спецыялістаў, што прыйдуць у школы і іншыя ўстановы пасля заканчэння ўніверсітэта.

* * *

Пры ўсіх ясных задачах і перспектывах распачатага ў педуніверсітэце руху псіхалагічнай дапамогі замяшчальным бацькам і прыёмным дзецям старшыня каардынацыйнага савета цэнтра Леанід Абрамавіч Пяргаменшчык шчыра прызнаецца, што справа гэтая надзвычай складаная.
— Я раздумваю пра тое, за што мы ўзяліся, і мне нават страшна робіцца. Страшна ў тым сэнсе, што псіхолагі, якімі б высокакваліфікаванымі яны ні былі, — усё ж не чараўнікі і не ў кожнай сітуацыі могуць стварыць цуд. Мы імкнёмся дапамагчы самым няпростым дзецям. Гэта наша работа — значыць, мы зробім усё, на што здольныя. Я нават не магу сказаць, што ў нашым цэнтры хтосьці працуе пастаянна, мы проста заўсёды гатовы далучыць да работы любога неабходнага спецыяліста.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і Максіма ЯФІМАВА.