Дзеці і іх… дзеці

У адной са шматпавярховак Мінска з нядаўняга часу з’явілася асаблівая кватэра. Асаблівая з пункту гледжання яе жыльцоў. Штодня суседзі могуць бачыць, як некалькі маладых дзяўчат, якія там пражываюць, вывозяць на вуліцу немаўлят. Кідаецца ў вочы, што і самі дзяўчаты ледзьве не дзеці: маладыя, нявопытныя. Так і ёсць: гэтая кватэра прызначана для часовага пражывання непаўналетніх мам з дзецьмі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Такую магчымасць маладым мамам прадастаўляе сацыяльны цэнтр “Шчаслівы малыш” грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд “SOS-дзіцячая вёска”.

Цяжарнасць у 15—17 гадоў. Для дзяўчынкі-падлетка гэта, як правіла, сапраўдная катастрофа. Куды ісці? Што рабіць? Як жыць далей? Нярэдка, не знайшоўшы правільныя адказы на гэтыя пытанні і не атрымаўшы падтрымкі звонку, дзяўчынкі-падлеткі ў такой сітуацыі ламаюць не толькі свой лёс, але і лёс яшчэ нават ненароджанага дзіцяці.
Зрэшты, цяжка абвінавачваць іх у гэтым. Дзе набрацца ім мудрасці для прыняцця правільнага рашэння ў такой сітуацыі, калі нават дарослых навіна аб цяжарнасці непаўналетняй дачкі нярэдка проста выбівае з нармальнага жыццёвага рытму, прымушаючы прымаць неабдуманыя і неабгрунтаваныя рашэнні.
Так было і ў выпадку 15-гадовай Светы (імя зменена. — Заўв. аўтара). Яна скончыла 9 класаў, паступіла ў каледж. Здавалася б, вось яно — вольнае жыццё без папрокаў і настаўленняў бацькоў. Першае сур’ёзнае каханне. І праз некаторы час як прыгавор два словы ўрача: “Вы цяжарная”. І вось апошнія сумненні развеяны, а разам з гэтым і апошнія надзеі. “Што рабіць?” і наступнае непазбежнае “Як сказаць маці?” — гэтыя два пытанні не давалі спакою дзяўчыне шмат тыдняў. І толькі калі адцягваць размову ўжо не было магчымасці, Света расказала пра цяжарнасць маці, дзесьці ў глыбіні душы ўсё яшчэ спадзеючыся, што яна, як гэта было ў дзяцінстве, на раз вырашыць і гэтую праблему. Рэакцыя мамы была прадказальнай: шок, слёзы, папрокі… І раптам: “Мне такая дачка не патрэбна. Разбірайся сама са сваімі праблемамі…” Света вярнулася ў інтэрнат. Яна вырашыла нарадзіць дзіцё, але разумела: жыць у інтэрнаце навучальнай установы не зможа, зрэшты, і вучыцца таксама. Дапамагчы ёй у гэтай сітуацыі маглі толькі родныя, але і яны ў гэты момант адвярнуліся ад дзяўчыны, тым самым ледзьве не падштурхнуўшы яе да апошняй мяжы.
— На шчасце, у гэты час знайшоўся дарослы чалавек, які падтрымаў мяне, — гэта мой былы класны кіраўнік, — прыгадвае сёння ўжо мама Святлана. — У вёсцы цяжка схаваць такую навіну, як цяжарнасць непаўналетняй, хутка пра гэта даведаліся многія. Здавалася, людзі перашэптваліся за маёй спінай. І толькі настаўніца шчыра прапанавала сваю дапамогу — выслухала, пагутарыла з бацькамі, дапамагла мне наладзіць з імі дыялог…
Такіх гісторый мноства. Напрыклад, толькі ў Мінску за 2013 год мамамі сталі 93 непаўналетнія дзяўчынкі. У цэлым па краіне гэтая лічба даходзіць да тысячы ў год. Сярэдні ўзрост маладых мам — каля 16 гадоў. Але далёка не ўсе такія гісторыі завяршаюцца на пазітыўнай ноце.
— Непаўналетнія мамы — адна з самых неабароненых катэгорый, і з боку дзяржавы, і з боку грамадства, — расказвае сацыяльны педагог цэнтра “Шчаслівы малыш” Кацярына Сідарук. — Калі, напрыклад, у непаўналетняй цяжарнай дзяўчыны здараецца канфлікт з бацькамі, яна знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі. Менавіта бацькі ў такой сітуацыі, як правіла, вырашаюць, застаецца народжанае дзіця ў сям’і ці ад яго адмаўляюцца. Апынуцца на вуліцы з дзіцем ці дома без дзіцяці — вось, па сутнасці, тая дылема, перад якой апынаецца маладая маці.
Такую сям’ю ў грамадстве, як правіла, асуджаюць. Магчыма, у многіх падобных выпадках мае месца нядобранадзейнасць — у тым сэнсе, што ў бацькоў згублены кантакт з дзіцем. Але гэта не заўсёды нядобранадзейнасць у агульнапрынятым сэнсе — з антысацыяльнымі паводзінамі членаў сям’і, залежнасцямі і г.д. Таму і звычайныя меры ўздзеяння тут не дапамогуць.
— На гэтым этапе праводзіць саветы прафілактыкі і караць позна, — упэўнена сацыяльны педагог. — Позна казаць пра мараль. Позна сварыцца. Позна абвінавачваць кагосьці. Трэба шукаць выйсце. Але гэта самастойна ўдаецца далёка не ўсім сем’ям.
З гэтага, зрэшты, і ўзнікла ідэя аб неабходнасці стварэння паслугі па дапамозе непаўналетнім мамам. Прычым прадастаўленне часовага прытулку непаўналетняй маме з дзіцем — гэта толькі адна, нават не самая значная частка праекта “Шчаслівы малыш”.
— Усё ж, на шчасце, такія сітуацыі, калі маме з нованароджаным дзіцем абсалютна няма куды падацца, здараюцца не так часта, — дзеліцца вопытам Кацярына Сідарук. — Такім маладым мамам і іх родным часцей неабходна іншая дапамога — у наладжванні адносін у бацькоўскай сям’і, а таксама з уласным дзіцем, псіхалагічныя, юрыдычныя кансультацыі. У рамках гэтай праграмы, калі ў будучай маладой мамы здараецца канфлікт з бацькамі, мы дапамагаем яго вырашыць. Выступаем у ролі медыятараў. Насамрэч, наша ўвага ў такіх сітуацыях больш скіравана на немаўлят, чым на саміх мам. Мы разумеем, што для малых апрыёры найлепшае рашэнне — жыццё з роднай мамай, таму імкнёмся ўсё зрабіць такім чынам, каб малое засталося ў сям’і.
Аднак праблема ў тым, што, нават калі маладая мама і забірае дзіця з радзільнага дома, яна ўсё яшчэ знаходзіцца ў сітуацыі рызыкі згубіць яго.
— Спецыялістам не трэба расказваць, што найлепшае для дзіцяці — гэта жыццё ў сям’і, прычым роднай. Аднак сітуацыя з непаўналетняй мамай — гэта якраз той выпадак, калі такі сцэнарый часта ставіцца пад пагрозу. Нават у тым выпадку, калі маладая мама забірае дзіця з раддома. Нават калі і няма ярка выражанага канфлікту з уласнымі бацькамі, бо ўзровень развіцця бацькоўскай свядомасці гэтых маладых мам, як правіла, вельмі нізкі. Гэта і зразумела: яны самі яшчэ амаль дзеці. А гэта як бомба замаруджанага дзеяння ў сямейным дабрабыце. Наша задача — дапамагчы маме навучыцца быць мамай. Гэта галоўная задача ўсёй работы. Усё скіравана на гэта — і прадастаўленне часовага жылля, і паслуг.
Прадастаўленне жылля маладым непаўналетнім мамам — гэта сапраўды экстранныя выпадкі. Дарэчы, там, згодна з умовамі праграмы, могуць пражываць, акрамя названай катэгорыі, ахвяры дамашняга насілля і некаторыя іншыя катэгорыі маладых мам з дзецьмі да трох гадоў. Таму ў гэтай кватэры ўстаноўлены асаблівыя правілы. Гэты адрас не афішыруецца. Туды нельга запрашаць пабочных людзей.
— Пражыванне ў гэтай кватэры павінна не толькі вырашыць пэўныя жыццёвыя цяжкасці маладой мамы на гэтым этапе жыцця, але і працаваць на галоўную мэту праекта — навучыць яе быць мамай, — расказвае спецыяліст. — Гэта той вопыт, які маладая мама атрымлівае максімальна набліжана да ўмоў самастойнага жыцця. У кватэры ёсць старшая мама — яна дапамагае іншым, чамусьці вучыць, сочыць за парадкам. Частым наведвальнікам кватэры з’яўляецца сацыяльны педагог, іншыя спецыялісты цэнтра. Маладыя мамы вучацца пэўным жыццёвым рэчам адна ў адной, а таксама на спецыяльных занятках. А галоўнае для іх — гэта магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці мамы, не адцягваючы ўвагі ні на пошукі таго самага жылля, ні на высвятленне адносін з блізкімі ці татам дзіцяці, ні на якія іншыя пытанні. Тым больш што мы можам дапамагчы першы час і з прадуктамі, і з адзеннем.
Вопыт паказвае, што для выхаду з крызісу і набыцця самастойнасці сям’і патрабуецца тэрмін ад паўгода да 2,5 года. І ў гэты перыяд сям’я мае патрэбу ў комплекснай дапамозе — як падтрымліваючай эканамічна (гуманітарная дапамога), так і нацэленай на павелічэнне патэнцыялу самой сям’і (адукацыйныя семінары і трэнінгі, кансультацыі юрыста, псіхолага, псіхатэрапеўта, іншых спецыялістаў). Усе гэтыя паслугі, прапанаваныя ў сацыяльным цэнтры “Шчаслівы малыш”, дазваляюць сфарміраваць навыкі эфектыўнага вырашэння праблем, з якімі сутыкаецца сям’я, павышаюць узровень бацькоўскай кампетэнтнасці і адказнасці.
— На базе нашага цэнтра праводзяцца заняткі для маладых бацькоў, развіццёвыя заняткі для дзяцей розных узростаў, кансультацыі лагапеда-дэфектолага і іншых спецыялістаў, — працягвае Кацярына. — Мы праводзім семінары і трэнінгі па пераадоленні сямейных канфліктаў, фарміраванні канструктыўных дзіцяча-бацькоўскіх адносін, кансультацыі па планаванні сямейнага бюджэту.
Сям’я ці будучая маладая мама можа прыйсці ў цэнтр як па рэкамендацыі дзяржаўных органаў, так і па ўласнай ініцыятыве, убачыўшы рэкламу ці пачуўшы ад знаёмых. Пры звароце ў цэнтр спецыялісты найперш спрабуюць удакладніць, што чалавек хоча атрымаць у выніку. Праблема толькі ў тым, што многія спачатку наогул не ўсведамляюць, чаго ў выніку імкнуцца дасягнуць. Гэта і зразумела: людзі прыходзяць у роспачы.
— Адна з нашых галоўных задач — якраз дапамагчы знайсці гэтую мэту, — расказвае спецыяліст. — Усведамленне праблемы — гэта ўжо вялікі крок да яе вырашэння. Далей у адносінах да кожнай сям’і, якая звярнулася да нас па дапамогу, складаецца індывідуальны план дапамогі — план развіцця сям’і, які адначасова прадугледжвае тое, чым можа дапамагчы цэнтр, і тое, што абавязаны зрабіць самі сем’і. Памятаеце выраз праз вуду і рыбку? Дык вось, мы імкнёмся навучыць маладых мам “лавіць”, а не даваць гатовую рыбку.
Тут варта дадаць, што адна з мэтавых груп для спецыялістаў цэнтра — гэта выхаванкі інтэрнатных устаноў.
— Непаўналетнія мамы з ліку дзяцей-сірот — асаблівы выпадак. Менавіта яны найбольш часта аказваюцца ў сітуацыі, калі з нараджэннем дзіцяці ім наогул няма дзе жыць, — дадае спецыяліст. — На працягу цяжарнасці яны яшчэ могуць жыць у інтэрнаце. Пры нараджэнні дзіцяці ў іх, па сутнасці, два шляхі: адмовіцца ад дзіцяці і вярнуцца ў інтэрнат ці разам з дзіцем апынуцца на вуліцы. Звычайныя інтэрнаты навучальных устаноў не прыстасаваны для пражывання мам з дзецьмі. Калі нараджаецца дзіця, маладая мама пераходзіць у іншую сацыяльную катэгорыю і можа разлічваць на дапамогу дзяржавы ў вырашэнні жыллёвай праблемы. Пытанне толькі ў тым, што гэтыя два працэсы не заўсёды супадаюць па часе. Так і атрымліваецца, што гэтая катэгорыя маладых мам часцей мае патрэбу ў прадастаўленні часовага жылля. І, зразумела, больш, чым іншыя, яны маюць патрэбу ў тым, каб навучыцца быць мамамі.

Алена МАРКЕВІЧ.