Час атрымліваць катэгорыю, час яе пацвярджаць

Мінулы навучальны год прайшоў для школьных настаўнікаў, можна сказаць, пад знакам атэстацыі па новых правілах. Зараз надышоў час масавага пацвярджэння вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі тымі, хто яе мае больш за пяць гадоў. Зрабіць гэта, як вядома, неабходна да 1 верасня 2014 года. Ці многа педагогаў выканалі гэтае патрабаванне? Колькі накіраванняў на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі паступіла ў абласныя інстытуты развіцця адукацыі? Як арганізаваны кансультацыі для педагогаў у гэтых установах? На гэтыя і некаторыя іншыя пытанні мы папрасілі адказаць спецыялістаў абласных і Мінскага гарадскога інстытутаў развіцця адукацыі.
Магілёўская вобласць: у дапамогу — сайт інстытута

Аляксандр Мікалаевіч БОНДАРАЎ, прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, расказаў, што на сярэдзіну лістапада ў інстытуце мелася прыкладна 1400 накіраванняў на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі педагогаў розных спецыяльнасцей. На сёння больш за 220 настаўнікаў здалі экзамен на пацвярджэнне гэтай катэгорыі, а вось адзін педагог (настаўнік фізкультуры) не здолеў яго здаць. “Мы давялі да ведама ўсіх, што накіраванні можна адпраўляць у абласны ІРА да 10 красавіка, — расказаў Аляксандр Мікалаевіч. — Але некаторыя настаўнікі, на якіх ужо атрыманы накіраванні, пакуль займаюць пазіцыю чакання, відаць, праблема ў падрыхтоўцы апісання ўласнага педагагічнага вопыту, гэта для многіх няпроста. Здараецца, педагогі тэлефануюць, паведамляюць, што не змогуць прыехаць”.
На думку спецыяліста, як і многіх яго калег, патрабуюцца змяненні ў Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі педагогаў сістэмы адукацыі. Напрыклад, пры пераводзе педагога з адной пасады на іншую кваліфікацыйная катэгорыя захоўваецца, а пры звальненні (па згодзе бакоў) — не. Акрамя таго, неабходна ўдакладніць і іншыя палажэнні. Так, дырэктары ўстаноў адукацыі і іх намеснікі, якія маюць вучэбных гадзін не менш, чым на 0,25 стаўкі (пяць гадзін і больш), павінны пацвярджаць вышэйшую катэгорыю. А што рабіць з кіраўнікамі, якім да чвэрці стаўкі не хапае, скажам, 1 гадзіны? Магчыма, ім і не трэба пацвярджаць вышэйшую катэгорыю?
Як паведаміў Аляксандр Мікалаевіч, у Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі любы педагог без праблем атрымае ўсе неабходныя яму кансультацыі па пацвярджэнні вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, тэлефоны метадыстаў ІРА, якія курыруюць гэтыя пытанні, лёгка адшукаць на сайце інстытута, як і разнастайную інфармацыю па гэтым пытанні. А час ад часу ў інстытуце збіраюць групу педагогаў пэўнай спецыяльнасці, якія ў найбліжэйшы час будуць пацвярджаць кваліфікацыйную катэгорыю, і праводзяць для іх кансультацыю. Напрыклад, з трох груп настаўнікаў пачатковых класаў, якія рыхтуюцца да пацвярджэння катэгорыі па графіку, фарміруюць адну (з педагогаў, што выказалі жаданне атрымаць такую кансультацыю) і запрашаюць іх у ІРА. У інстытуце існуюць і іншыя формы кансультавання педагогаў. Таксама на базе ІРА прайшлі абласныя семінары для начальнікаў, намеснікаў начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, семінары для загадчыкаў раённых метадкабінетаў. Вясной інстытут праводзіў занальныя семінары для намеснікаў дырэктараў устаноў у Крычаве, Бабруйску і Магілёве.
Сама ж працэдура пацвярджэння кваліфікацыйнай катэгорыі праходзіць у адпаведнасці з дакладна прапісанымі рэкамендацыямі, запэўніў А.М.Бондараў. Метадычныя распрацоўкі АПА зроблены дакладна, і іх дастаткова для якаснай падрыхтоўкі настаўніка вышэйшай катэгорыі да экзамену.

Віцебская вобласць: экзамен — па месцы работы

Як паведаміла метадыст вышэйшай катэгорыі вучэбнага аддзела Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Уладзіміраўна ЖАРУЛІК, прыкладна тры тысячы педагогаў розных спецыяльнасцей павінны пацвердзіць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю да 1 верасня 2014 года. Абласны ІРА цесна супрацоўнічае з аддзеламі адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, і графікі экзаменаў складзены ўжо на доўгі час наперад. Па словах Таццяны Уладзіміраўны, на Віцебшчыне пацвердзілі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю каля 390 настаўнікаў (даныя на сярэдзіну лістапада), прычым з іспытамі справіліся ўсе, хто здаваў экзамен. Хаця, канечне, не трэба забываць, што на месцах таксама працуюць камісіі, якія прымаюць рашэнне аб пацвярджэнні катэгорыі па выніках работы педагога, які ўжо здаў экзамен у ІРА (або адмаўляюць у гэтым).
Па словах метадыста Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, спецыялісты ІРА і абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі падрыхтавалі прапановы па змяненнях у Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі ў Міністэрства адукацыі. Адна з прапаноў датычыцца магчымасці для настаўнікаў не здаваць экзамены ў ІРА, пацвярджаць катэгорыю ў атэстацыйнах камісіях на месцах, ва ўстановах адукацыі, дзе настаўнікаў і іх работу добра і даўно ведаюць.
Таццяна Уладзіміраўна расказала таксама, што спецыялісты абласнога ІРА пры неабходнасці самі прыязджаюць у раёны, дзе шмат педагогаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі падлягаюць яе пацвярджэнню. У вобласці вырашылі, што так будзе зручней усім. Такіх педагогаў у некаторых раёнах Віцебшчыны налічваецца вельмі многа: у Глыбоцкім іх, напрыклад, 200; у Аршанскім — 270; у Полацкім і Наваполацкім (разам) — каля 300, у Мёрскім — больш за 50; а, скажам, у Першамайскім раёне абласнога цэнтра настаўнікаў, якія атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю больш за пяць гадоў назад, прыкладна 400 чалавек. Так што ў пэўных выпадках прыезд спецыялістаў ІРА да настаўнікаў, а не наадварот, цалкам апраўданы.
“На сайце нашай установы, як і на сайце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, можна адшукаць шмат метадычных матэрыялаў па атэстацыі педагогаў і пацвярджэнні вышэйшай катэгорыі, — расказала Таццяна Уладзіміраўна. — Зразумела, ёсць тут і тэлефоны метадыстаў, да якіх можна звярнуцца за кансультацыяй. Я сама, напрыклад, пастаянна кансультую педагогаў вобласці, якія і тэлефануюць, і прыходзяць у наш інстытут, бо пытанняў і па працэдурах атрымання і пацвярджэння кваліфікацыі, і па афармленні работ, і па іншых момантах у настаўнікаў узнікае нямала”. Акрамя таго, спецыяліст паведаміла, што па запытах раёнаў на аснове гаспадарчага разліку інстытут развіцця адукацыі праводзіць семінары, факультатывы, арганізоўвае спецыяльныя курсы, як індывідуальныя, так і для груп педагогаў.
Вынікі, ход работы па пацвярджэнні вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі педагогамі вобласці пастаянна разглядаюцца на калегіях упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, на саветах ІРА.

Мінская вобласць: з упорам на матывацыю

Каля дзвюх тысяч педагогаў у Мінскай вобласці плануюць пацвердзіць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, якую атрымалі больш за пяць гадоў назад, да 1 верасня 2014 года, а 700 чалавек ужо яе пацвердзілі (даныя на сярэдзіну лістапада). Пра гэта расказала начальнік цэнтра вучэбна-метадычнай работы з кадрамі адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Іванаўна ЦЕЛЕШ. “З сакавіка — красавіка 2013 года ў нашым інстытуце наладжана работа па пацвярджэнні вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі настаўніка, — расказала спецыяліст. — Да гэтай работы, якая вядзецца ў сувязі з прыняццем новага дакумента — адпаведнай інструкцыі — мы папярэдне рыхтаваліся. Спачатку ў нашым ІРА правялі семінары для спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў, для спецыялістаў раённых метадычных кабінетаў, якія адказваюць за арганізацыю гэтага працэсу ў рэгіёнах”. Мэтай такіх семінараў, па словах Н.І.Целеш, было тлумачэнне таго, як рыхтавацца да экзаменаў, як яны будуць праходзіць. Прычым на гэтых мерапрыемствах разглядаліся не толькі арганізацыйныя, але і пытанні змястоўнага характару (які сэнс павінен укласці настаўнік у апісанне ўласнага вопыту), і матывацыйныя пытанні: як працаваць з педагогамі так, каб яны не баяліся іспытаў, адэкватна рэагавалі на неабходнасць пацвердзіць вышэйшую катэгорыю, каб у рэгіёнах складваўся станоўчы мікраклімат у адносінах да гэтай працэдуры як да мерапрыемства, якое дазваляе пацвердзіць статус высакакласнага настаўніка. У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшлі чатыры падобныя падрыхтоўчыя семінары.
Групы па катэгорыях педагагічных работнікаў для здачы экзаменаў, як таго і патрабуюць нарматыўныя дакументы, фарміруюцца па меры паступлення накіраванняў у ІРА, яны раўнамерна размяркоўваюцца па часе, што застаўся да 1 верасня наступнага года. Пры гэтым шэраг экзаменаў спецыялісты інстытута і іншыя члены атэстацыйных камісій правялі на выездзе, у буйных раёнах Мінскай вобласці: Маладзечанскім, Барысаўскім, Слуцкім, Лагойскім. Настаўнікі з іншых раёнаў прыязджаюць непасрэдна ў ІРА, які знаходзіцца ў Мінску.
Кансультацыйная дапамога, канечне ж, арганізавана і для саміх педагогаў, і праводзіцца яна круглы год. Кожны метадыст-прадметнік Абласнога інстытута развіцця адукацыі можа дапамагчы як з падрыхтоўкай зместавай часткі (апісанне ўласнага вопыту педагога), так і з адказамі на арганізацыйныя пытанні: як праходзіць экзамен, што ўяўляюць сабой яго вусная частка, пісьмовая і г.д. Такія кансультацыі настаўнікі могуць атрымаць падчас знаходжання ў ІРА на курсах і семінарах, а могуць — дыстанцыйна, звярнуўшыся на сайт інстытута, дзе ёсць спецыяльная ўкладка “Атэстацыя педагагічных работнікаў”, якая дзеліцца на рубрыкі: “Кантактныя тэлефоны кансультантаў”, “Адрасы і месцы здачы кваліфікацыйнага экзамену” і інш. Тут ёсць і парады для настаўнікаў, і ўзоры пісьмовых работ, і памяткі, і, галоўнае, — крытэрыі ацэньвання вопыту, каб педагог разумеў, на што звярнуць асаблівую ўвагу пры падрыхтоўцы да экзамену. Для мэтавых груп педагогаў, якія ў хуткім часе плануюць пацвердзіць вышэйшую катэгорыю, праводзяцца спецыяльныя семінары.
Што да камісій па прыёме экзамену, то ў іх склад уваходзяць выкладчыкі кафедраў ІРА, спецыялісты з БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Зразумела, у склад экзаменацыйнай камісіі ўваходзяць і вопытныя настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі з устаноў адукацыі Мінскай вобласці. Так, у названых камісіях працавалі педагогі з Барысаўскага, Вілейскага, Стаўбцоўскага, Слуцкага, Нясвіжскага раёнаў, Жодзіна. Такая камісія цалкам здольная ацаніць і метадалагічны, і тэарэтычны, і практычны аспекты работы настаўніка, які пацвярджае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Гродзенская вобласць: семінары па запытах

У мінулым навучальным годзе 507 педагогаў Гродзеншчыны здалі эказамен на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Пра гэта паведаміла Алена Мікалаеўна ФЁДАРАВА, метадыст аддзела па рабоце з арганізатарамі адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. А ўсяго да 1 верасня 2014 года ў вобласці павінны пацвердзіць вышэйшую катэгорыю 3800 педагогаў. У гэтым навучальным годзе ў абласным ІРА ўжо атрымалі амаль 2000 накіраванняў на пацвярджэнне. Пакуль у інстытуце вядзецца падрыхтоўка да новых экзаменаў, якія пачнуцца ў снежні.
У мінулым навучальным годзе кваліфікацыйныя камісіі тройчы выязджалі ў рэгіёны, каб прыняць экзамены ў мясцовых настаўнікаў, пры гэтым найбольш шматлікія катэгорыі педагогаў, па словах Алены Мікалаеўны, — настаўнікі пачатковых класаў і выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі. Так, камісія наведалася ў Ліду, дзе прымала экзамены ў педагогаў не толькі гэтага горада і адпаведнага раёна, але і блізкіх — Карэліцкага, Воранаўскага, Шчучынскага, Іўеўскага і Ашмянскага раёнаў. На другім этапе таксама плануюцца выезды, напрыклад, у Смаргонь, куды змогуць прыехаць настаўнікі з суседніх раёнаў. Хутчэй за ўсё, як расказала спецыяліст, гэта будуць групы настаўнікаў пачатковых класаў і, магчыма, філолагі. “Такая практыка сябе ўжо апраўдала, і настаўнікам больш камфортна здаваць экзамены на месцы, — упэўнена падсумавала Алена Мікалаеўна. — Пасля таго, як мы з’ездзілі, напрыклад, у Ваўкавыск, у рэгіёне адразу знікла пэўная напружанасць. Людзі зразумелі, што гэта за працэдура, расказалі аб сваім вопыце калегам, пытанняў стала значна менш”.
Усе пытанні па рабоце на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і наогул па атэстацыі спецыялісты Гродзенскага абласнога ІРА загадзя прапрацавалі з загадчыкамі вучэбна-метадычных кабінетаў, якія адказваюць за такую работу. Спачатку, яшчэ ў лістападзе мінулага года, прайшла нарада, потым вэбінар “Арганізацыйныя аспекты падрыхтоўкі педагогаў да здачы кваліфікацыйнага экзамену” для супрацоўнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў. У сакавіку бягучага года адбыўся семінар для работнікаў гэтых жа аддзелаў, якія працуюць са старшынямі атэстацыйных камісій, па вопыце работы, у пачатку верасня — яшчэ адзін семінар для гэтых супрацоўнікаў. На гэты раз акцэнт быў зроблены на цяжкасцях, з якімі сутыкаюцца педагогі, калі абагульняюць вопыт сваёй работы.
Другі напрамак дзейнасці ІРА — кансультаванне саміх педагогаў. На павышэнні кваліфікацыі слухачам даюць рэкамендацыі па падрыхтоўцы апісання ўласнага вопыту. Да таго ж, прыязджаючы на курсы, настаўнікі могуць звярнуцца за дапамогай і да выкладчыкаў кафедраў, якія чытаюць гэтую тэму, і да метадыстаў-прадметнікаў. Акрамя таго, у інстытуце існуе практыка, калі пад запыты праводзяцца семінары па абагульненні вопыту работы, на якіх выступаюць і выкладчык кафедры, і метадыст. Такім чынам семінар складаецца з тэарэтычнай і практычнай частак, у цэлым жа мерапрыемствы носяць практыка-арыентаваны характар. У мінулым навучальным годзе было праведзена 15 падобных семінараў для 18 катэгорый педагогаў, у гэтым падобныя семінары праводзяцца і на месцах. Так, спецыялісты ІРА ўжо выязджалі ў Смаргонь, Ашмяны, Астравец, Воранава, Зэльву. Слухачамі ж выязных семінараў станавіліся філолагі, настаўнікі пачатковых класаў, педагогі-дашкольнікі, выкладчыкі гісторыі, геаграфіі, працоўнага навучання і іншыя катэгорыі педагогаў. Такім чынам, работа вядзецца па двух кірунках — з арганізатарамі атэстацыі на месцах і непасрэдна з педагогамі. А яшчэ па заяўках сямі раёнаў праведзены семінары па арганізацыйна-педагагічных умовах атэстацыі як сродку асобасна-прафесійнага развіцця педагогаў для старшынь атэстацыйных камісій устаноў адукацыі, у якім ёсць блок пытанняў па этапе пацвярджэння вышэйшай катэгорыі.

Мінск: настаўнікі прыходзяць у выставачную залу

Аб тым, як праходзіць пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ў сталіцы, расказаў першы прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Сяргей Пятровіч СТРЭНКОЎСКІ. Па яго словах, у мінулым навучальным годзе пацвердзілі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю 264 мінскія настаўнікі, прычым больш за ўсё сярод іх настаўнікаў пачатковых класаў — 73. У новым навучальным годзе ў гарадскім ІРА маецца 2430 накіраванняў, а пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі пачалося нядаўна, у 20-х чыслах лістапада.
Што да падрыхтоўчага перыяду, то ў інстытуце ёсць уласны навукова-метадычны часопіс, які ўнесены ў пералік Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, — “Веснік МГІРА”, дзе летась былі надрукаваны артыкулы аб сучасных падыходах да правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў, метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі пацвярджэння вышэйшай катэгорыі. Акрамя таго, як паведаміў Сяргей Пятровіч, тэма па нарматыўна-прававым забеспячэнне атэстацыі (2 гадзіны) уключана ў базавую курсавую падрыхтоўку для ўсіх катэгорый настаўнікаў, выхавальнікаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі.
Метадысты Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі праводзяць кансультацыі па асобных прадметах на працягу ўсяго года, і па меры неабходнасці педагогі арганізавана прыходзяць на такія мерапрыемствы. Напрыклад, не так даўно неабходныя кансультацыі атрымала група педагогаў дашкольнай адукацыі — 80 чалавек.
Праводзяцца і выязныя семінары, прысвечаныя нарматыўна-прававой падрыхтоўцы да атэстацыі, яе правядзенню. Падобныя семінары нядаўна прайшлі ў Фрунзенскім, Маскоўскім, Заводскім і Цэнтральным раёнах сталіцы. Таксама адбыліся інструктыўна-метадычныя нарады з усімі ўпраўленнямі адукацыі, спорту і турызму горада па новай інструкцыі аб правядзенні атэстацыі і асобна па экзамене на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі. Падобная нарада прайшла для начальнікаў аддзелаў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ўпраўленняў.
Дарэчы, выязныя мерапрыемствы інстытут арганізоўвае не толькі ў раёнах, але і ў асобных навучальных установах, дзе працуюць вялікія педагагічныя калектывы, шмат педагогаў адной спецыяльнасці. Па заяўках такіх устаноў спецыялісты ІРА выязджаюць як для правядзення падрыхтоўчых мерапрыемстваў, так і для таго, каб прыняць экзамены. Так, падобныя выезды былі арганізаваны ў гімназію № 16, сярэднюю школу № 210, ёсць заяўкі яшчэ з некалькіх навучальных устаноў і на кансультаванне, і на правядзенне экзаменаў.
Безумоўна, для таго каб атрымаць адказы на свае пытанні, мінскія настаўнікі могуць зайсці на сайт гарадскога ІРА, дзе ёсць спецыяльная закладка з інфармацыяй, што датычыцца пацвярджэння вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Тут размешчаны і метадычныя рэкамендацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, і нарматыўныя дакументы. Задзейнічаны ў такой рабоце і метадычны партал, на якім ёсць старонкі па кожным прадмеце, дзе прыведзены прыкладныя заданні да экзамену на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі.
С.П.Стрэнкоўскі расказаў таксама, што ў інстытуце праводзіцца курсавая падрыхтоўка па абагульненні вопыту работы, якая з’яўляецца абавязковым этапам пацвярджэння вышэйшай катэгорыі. Такую падрыхтоўку, між іншым, выкарыстоўваюць і тыя педагогі, якія прэтэндуюць на саісканне прэміі Мінгарвыканкама. Трэба адзначыць, што гэтыя курсы карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Так, на верасень — кастрычнік у ІРА планавалі набраць адну групу, а жадаючых у выніку набралася на тры групы. Як правіла, асабліва цікавіць настаўнікаў навукова-метадычны складнік абагульнення вопыту, бо педагогі перш за ўсё — практыкі.
А яшчэ ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі ёсць выставачная зала, дзе сабраны матэрыялы па вопыце работы, якія лепшыя педагогі горада прадстаўляюць на саісканне прэміі гарвыканкама. Прычым тут прадстаўлены матэрыялы за ўвесь час існавання прэміі, а гэта больш за 10 гадоў. Існуе і рэестр гэтага вопыту, выхад на яго ёсць на сайце ІРА. А выставачная зала адкрыта кожны аўторак, у ёй працуюць матадысты Цэнтра падтрымкі і развіцця інавацыйнай адукацыйнай практыкі, якія кансультуюць усіх жадаючых.

Брэсцкая вобласць: адрасная падтрымка кожнаму

“У нашым інстытуце зараз (на сярэдзіну лістапада) знаходзіцца каля 2200 накіраванняў на педагогаў, якім неабходна пацвердзіць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, — расказала начальнік аддзела агульнаадукацыйных вучэбных прадметаў Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Мікалаеўна САЯПІНА. — І іх паступленне ў інстытут працягваецца”. А пацвердзілі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, па даных ІРА, больш за 200 педагогаў (таксама на сярэдзіну лістапада), прычым здалі экзамен усе, хто на яго заяўляўся.
Што да кансультацыйнай дапамогі настаўнікам, то спецыялісты ІРА аказваюць яе адрасна кожнаму педагогу, які звярнуўся ў інстытут. А ў мінулым маі ў абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшоў семінар з удзелам Ірыны Віктараўны Багачовай — начальніка ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Семінар датычыўся якраз падрыхтоўкі вопыту работы да здачы кваліфікацыйнага экзамену і праводзіўся для настаўнікаў хіміі і біялогіі. А для настаўнікаў пачатковых класаў прайшоў аналагічны семінар, у якім удзельнічаў Іван Віктаравіч Фёдараў — начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА. Абодва семінары прайшлі па ініцыятыве і запрашэнні Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Кансультацыйную дапамогу педагогі Брэстчыны атрымліваюць на працягу ўсяго года ў рамках павышэння кваліфікацыі ў ІРА. Як расказала С.М.Саяпіна, да тых слухачоў курсаў, якія выказалі жаданне атрымаць падобную кансультацыю, прыходзіць і яна сама, расказваючы аб агульнай падрыхтоўцы да экзаменаў, і метадысты, якія курыруюць курсы, і, вядома, супрацоўнікі рэктарата.
На сайце ўстановы, безумоўна, размешчана ўся дакументацыя, графікі, іншая неабходная інфармацыя. Ёсць і такі фармат кансультацыйнай дапамогі, як выязныя семінары па падрыхтоўцы да экзаменаў і засваенні інструкцыі па атэстацыі. Выезды, у прыватнасці, былі ў Баранавічы, Бярозаўскі раён. Таксама ў Абласным цэнтры маладзёжнай творчасці прайшоў семінар для супрацоўнікаў як гэтай установы, так і аналагічных устаноў дадатковай адукацыі Брэстчыны. Акрамя ўсяго, у Брэсцкім абласным ІРА праходзяць павышэнне кваліфікацыі старшыні атэстацыйных камісій устаноў адукацыі. Зразумела, што пытанні кваліфікацыйнага экзамену разглядаюцца на гэтых курсах дасканала. Дарэчы, лепшыя работы па абагульненні вопыту, падрыхтаваныя да кваліфікацыйнага экзамену, захоўваюцца ў ІРА, каб іх маглі пагартаць педагогі, якія яшчэ толькі рыхтуюцца да здачы падобнага экзамену.

Гомельская вобласць: вучыцца на прыкладзе іншых

Прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Аляксандраўна БЛАЖКО паведаміла, што ў мінулым навучальным годзе ў ІРА кваліфікацыйны экзамен пры праходжанні атэстацыі на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі здавалі 144 групы, а гэта 1461 чалавек, не з’явіліся на экзамен 175 чалавек, два педагогі не здолелі здаць экзамен. У 2013/2014 навучальным годзе адпаведны экзамен ужо здалі каля 30 груп педагогаў, па 10 — 12 чалавек у кожнай. Прычым, па словах Вольгі Аляксандраўны, прыкладна палову экзаменаў камісія прымае на выездзе, што фінансава апраўдана. Бо выезд кваліфікацыйнай камісіі каштуе менш, чым прыезд групы педагогаў у абласны цэнтр.
Усе праграмы павышэння кваліфікацыі педагогаў у Гомельскім абласным ІРА ўключаюць лекцыю і практычныя заняткі па абагульненні вопыту педагагічнай дзейнасці пры праходжанні атэстацыі. Такія лекцыя і заняткі прадугледжаны як для педагогаў з вышэйшай адукацыйнай катэгорыяй, так і з першай. Акрамя таго, для кожнага метадыста-прадметніка інстытута вызначаны асобны дзень для правядзення дыстанцыйных кансультацый па тэлефоне. Таксама ў ІРА праведзены шэраг інструктыўна-метадычных нарад для начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў Гомельскай вобласці, для іх намеснікаў, загадчыкаў метадычных кабінетаў, сем выязных нарад для кіраўнікоў устаноў адукацыі. Для старшынь атэстацыйных камісій і спецыялістаў аддзелаў адукацыі, якія курыруюць пытанні атэстацыі і пацвярджэння катэгорыі, праведзены тры абласныя семінары.
На сайце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі размешчаны работы настаўнікаў, якія ўжо пацвердзілі вышэйшую катэгорыю, па абагульненні вопыту работы. Да таго ж у ІРА створаны кабінет плённага педагагічнага вопыту, абсталяваны як чытальная зала бібліятэкі, дзе работы прадстаўлены як у друкаваным, так і ў электронным выглядзе. А ў бібліятэцы інстытута сабрана картатэка гэтых работ.
“Канечне, мы працуем у адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі, — адзначыла В.А.Блажко. — Але лічым, што пэўныя змяненні ў гэты дакумент унесці трэба”. Так, інструкцыя вызваляе ад здачы экзамену на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі некаторых спецыялістаў, напрыклад, заслужаных настаўнікаў СССР. На думку Вольгі Аляксандраўны, такую ж прывілею павінны мець і педагогі, якія пацвярджаюць вышэйшую катэгорыю. Яшчэ адно спрэчнае пытанне: без экзамену атрымаць вышэйшую катэгорыю мае права настаўнік, які ў гэтым годзе падрыхтаваў пераможцу Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, а вось настаўнік, які пацвярджае вышэйшую катэгорыю, такой прывілеі не мае. Патрабуюць перагляду, на думку многіх спецыялістаў, і ўмовы допуску да атэстацыі (4-ы абзац пункта 18 інструкцыі), у прыватнасці, для маладых педагогаў, якія толькі адпрацавалі два гады па размеркаванні і, вядома, не мелі магчымасці павысіць кваліфікацыю па тэрмінах (яна прадугледжана раз у пяць гадоў). А, значыць, маладыя педагогі не могуць прэтэндаваць на атрыманне другой кваліфікацыйнай катэгорыі, бо гэтага ім не дазваляюць умовы допуску да атэстацыі.

Падрыхтавала Марына ХІДДЖАЗ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*