Простыя ідэі для вялікай эканоміі

Завяршаецца год, аб’яўлены ў Беларусі Годам беражлівасці. Установы адукацыі краіны актыўна яго падтрымалі. Падтрымалі рознымі сродкамі, напрыклад, эканомячы энергарэсурсы ў сваіх сценах, збіраючы другасную сыравіну і г.д. Як сведчаць даныя Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, за студзень — верасень 2013 года паказчык па энергазберажэнні па Міністэрстве адукацыі склаў -4,7% пры заданні на гэты перыяд -3% (гадавое заданне -4%). Як бачыце, становішча нядрэннае. Што да яшчэ аднаго паказчыка — долі выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў, то за студзень — кастрычнік па міністэрстве ён склаў крыху менш, чым прадугледжана заданнем. Але ж вынікі года будуць падведзены пазней, і, спадзяёмся, усё атрымаецца, заданне будзе выканана.

Другі складнік удзелу сістэмы адукацыі ў зберажэнні рэсурсаў — рознага кшталту агітацыйна-прапагандысцкія мерапрыемствы, якія праводзіліся ў Год беражлівасці: шматлікія акцыі, выставы, урокі беражлівасці і інш. Вынікі многіх з іх падводзяцца напрыканцы года, і сёння мы раскажам пра адзін з такіх фіналаў — завяршальны акорд акцыі “Мінск — горад энергаэфектыўнасці”, заснавальнікамі якой сталі камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, сузаснавальнікамі — Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, Мінскі гарадскі турысцка-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі.
Для мяне, як і для многіх наведвальнікаў Палаца дзяцей і моладзі, мерапрыемства пачалося з наведвання выставы-конкурсу “Стыльная штучка”. На невялікай плошчы — вялікая разнастайнасць творчых работ, якія вырабілі з цвёрдых бытавых адходаў навучэнцы сталіцы. Тут і навагодняя ёлка з зялёных вяровачак, упрыгожаная ружамі з поліэтыленавых пакетаў, і вялікі кардонны карабель, і шмат чаго яшчэ — рознакаляровага, яркага, цікавага. Падыходжу да аднаго са стэндаў, які прадстаўляе Пётр Пятровіч Карповіч, інжынер лабараторыі “Радыёэлектроніка” аддзела тэхнічнай творчасці і спорту Палаца дзяцей і моладзі, педагог дадатковай адукацыі.
— Гурткі ў нас бюджэтныя, — расказвае Пётр Пятровіч, — таму ўсё, што мы робім, выканана з матэрыялаў, прызначаных, так бы мовіць, для звалкі. Збіраем з хлопцамі старыя платы ад радыёапаратуры, абрэзкі драўніны, бляшанкі. Як бачыце, нічога не купляем. Сёння мы выставілі, напрыклад, узоры работ нашых гурткоўцаў, якія пабывалі на міжнародным конкурсе “Калядная фантазія” ў Рызе. У гэтым конкурсе будзем удзельнічаць ужо шосты раз, раней выступалі ў ім паспяхова, перамагалі, былі і лаўрэатамі. Тут ёсць і работы, якія мы прадстаўлялі сёлета на 14-й выставе тэхнічнай творчасці навучэнцаў Мінска. Мой гуртковец Раман Ракавец атрымаў па яе выніках залаты медаль у намінацыі “Радыёвымяральная апаратура”. Сёння ж выставілі работы на калядную тэматыку. Вось, напрыклад, калядная брамка, аб’ёмная ёлачка, а вось ўзмацняльнік гукавых частот, яго мы з самымі маленькімі хлопчыкамі зрабілі. А гэта наша першая работа падобнага плана — люстра са свечкамі, побач — начнік, корпус, як бачыце, зроблены з бляшанкі ад нейкага напітку. Мы бляшанкі спецыяльна не абклейваем, каб было бачна, што з чаго выканана.
У палацы радыёэлектронікай займаюцца дзеці і маладыя людзі ад васьмі гадоў да студэнцкага ўзросту. А многія гурткоўцы настолькі захапляюцца гэтай справай, што і пасля заканчэння школы паступаюць ва ўстановы, звязаныя з радыёэлектронікай, як, напрыклад, Максім Гарбацэвіч, які вучыцца на трэцім курсе факультэта радыёфізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Раман Ракавец, пра якога я ўжо ўзгадвала, сёлета паступіў у каледж адпаведнага профілю.
На стэндзе насупраць работ аматараў радыёэлектронікі размешчаны не менш цікавыя экспанаты, чым тыя, што прадстаўляе П.П.Карповіч, толькі ўжо зусім іншага кшталту. Тут, напрыклад, дэманструюцца вырабы навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага турысцка-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Іх прадстаўляе загадчыца аддзела экалогіі і аховы прыроды гэтага цэнтра Галіна Аркадзьеўна Андрыевіч.
— Нашы хлопчыкі і дзяўчынкі прадставілі на выставу арт-аб’екты, калажы, пано, букеты, вырабы па тэматыцы “Перформанс” — элементы адзення, зробленыя з цвёрдых бытавых адходаў, іншыя вырабы, — расказвае Галіна Аркадзьеўна. — Матэрыялы, якімі карысталіся нашы навучэнцы, самыя простыя: уцяпляльнікі, мяшкі і да т.п. Вось, бачыце, работа, на выкананне якой пайшлі старыя гузікі, спражкі; вось эка-папка, для яе вырабу дзеці выкарысталі старыя карункі, паясы, таксама гузікі. Між іншым, наша каманда ў лістападзе заняла першае месца ў гарадскім конкурсе экалагічнай моды, для стварэння мадэлей выкарыстоўвалі спанбонд, пластмасавыя коркі з бутэлек, поліэтыленавыя мяшкі.
Дарэчы, нямала ўзораў падобных касцюмаў можна было ўбачыць на сцэне падчас творчых прэзентацый прадстаўнікоў раёнаў горада па выніках работы за 2013 год па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергіі і энергарэсурсаў ва ўстановах адукацыі Мінска. Але з дзяўчатамі з 24-й сталічнай школы я пазнаёмілася раней — яны завіталі на выставу работ з цвёрдых бытавых адходаў і прыцягвалі агульную ўвагу. Касцюмы старшакласніц — таксама з адходаў: поліэтыленавых мяшкоў, медыцынскай стружкі (адходаў ад вырабу медыцынскіх прыстасаванняў). Штосьці дзяўчаты адшукалі дома, штосьці — у крамах.
І на сцэне падчас прэзентацый гледачы і журы ўбачылі шмат цікавага, нават неверагоднага: дзіўную госцю з планеты, якая пацярпела экалагічную катастрофу, відэапапярэджанне аб небяспецы бяздумнага расходавання энергіі, комплекс ранішніх энергапрактыкаванняў, паказ эка-мадэлей і г.д. Журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, Дэпартамента па энергаэфектыўнасці і інш., думаю, было няпроста зрабіць выбар. Такім чынам, лепшымі па выніках года за дасягненні ў прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергіі і энергарэсурсаў ва ўстановах адукацыі раёнаў сталіцы прызнаны Першамайскі, Цэнтральны і Ленінскі раёны горада (па выніках работы за ўвесь год). А лепшыя творчыя справаздачы аб праведзенай рабоце прадставілі Першамайскі, а таксама Ленінскі і Партызанскі раёны сталіцы.
Вынікі работы ў Год беражлівасці падведзены або падводзяцца і ў іншых рэгіёнах краіны, у кожнай установе адукацыі. Так, год заканчваецца, але ж не завяршаецца работа ні па прапагандзе беражлівасці, ні па практычным укараненні мер па эканоміі і энергазберажэнні. Яе вынікі яшчэ наперадзе, бо, як сцвярджае сацыяльная рэклама ў метро, “энергазберажэнне — гэта актуальна і сучасна”.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.