Куды паедзе выпускнік?

З прычыны прафесіі мне неаднойчы даводзілася прысутнічаць на размеркаванні выпускнікоў. Шчыра скажу: бачыла рознае — адшукаць дастойнае месца кожнаму выпускніку так, каб былі задаволены ўсе бакі, удаецца не ў кожнай установе адукацыі, не па кожнай спецыяльнасці. Справа і сапраўды ў многіх выпадках няпростая, адказная, і ў кожнай установе для яе вырашэння прыкладаюць максімальныя намаганні. У педагагічных УВА і каледжах асаблівых складанасцей, як правіла, не бывае: маладыя педагогі патрэбны паўсюль, і выпускнікі маюць магчымасць выбіраць сярод многіх прапаноў, як, напрыклад, на сёлетнім размеркаванні на факультэце пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Попыт і прапанова

— У 2019 годзе мы размяркоўваем 95 чалавек, з якіх 94 — студэнты дзённай формы навучання і 1 —  завочнай, які больш за палову тэрміну вучыўся на дзённай форме атрымання адукацыі, — расказвае дэкан факультэта Наталля Уладзіміраўна Ждановіч. — Пры гэтым 3 чалавекі з 95 вучыліся на пазабюджэце і выказалі жаданне размеркавацца, 26 сёлетніх выпускнікоў маюць мэтавыя накіраванні.

Дзмітрый Трошчанка.

2/3 выпускнікоў не проста вызначыліся з месцам работы, а добра ве­даюць педагагічныя калектывы і адміністрацыі школ, у якіх будуць працаваць. На 66 чалавек ёсць персанальныя заяўкі — у асноўным са сталічных устаноў і школ Мінскай вобласці, але геаграфія размеркавання выпускнікоў факультэта ўключае калі не ўсе, то амаль усе вобласці Беларусі.

— Вялікая работа была выканана яшчэ да размеркавання, і сённяшняя сітуацыя якраз адлюстроўвае той факт, што нашы выпускнікі вельмі запатрабаваны ў работадаўцаў, — тлумачыць Наталля Уладзіміраўна. — Нягледзячы на тое, што размеркаванне не можа не хваляваць студэнтаў, я ведаю, што яны адчуваюць сябе дастаткова ўпэўнена, бо сёння завяршаецца тая работа, якая была зроблена на працягу ўсяго года, калі яны бывалі ў школах, знаёміліся з калектывамі, вызначаліся. Ёсць студэнты, якія праходзілі практыку ў тых школах, куды зараз размяркоўваюцца. Ёсць студэнты, якія вяртаюцца ў родныя школы, ёсць тыя, хто едзе на новае месца. Я ўпэўнена, што нашых выпускнікоў чакаюць усюды.

Тое, што большасць выпускнікоў добра ведае месца сваёй работы, вельмі добра, лічыць Н.У.Ждановіч.

 — Гэта зніжае ўзровень стрэсу ў першы год іх самастойнай работы, — тлумачыць дэкан факультэта. — Педагагічны ўніверсітэт традыцыйна праводзіць серыю мерапрыемстваў для таго, каб растлумачыць старшакурснікам іх правы і абавязкі, калі яны стануць маладымі спецыялістамі, на кожным факультэце праходзіць сустрэча з начальнікам аддзела кадраў універсітэта Віталем Яўгенавічам Казаковым і начальнікам юрыдычнага аддзела Аленай Віктараўнай Жукоўскай. Спачатку студэнты слухалі агульную інфармацыю па працэдуры размеркавання, потым задавалі свае пытанні або на агульным сходзе, або пасля яго індывідуальна.

Камісія па размеркаванні (другая злева — дэкан факультэта пачатковай адукацыі БДПУ Н.У.Ждановіч).

Для заказчыкаў кадраў размеркаванне таксама важная падзея. Частка з іх прыехала на размеркаванне — некаторыя дзеля таго, каб не ўпусціць сваіх выпускнікоў, каб канкурэнты не пераманілі маладых спецыялістаў. Некаторыя ж заказчыкі кадраў прыязджаюць менавіта для таго, каб паспрабаваць уско­чыць у апошні вагон — непасрэдна на размеркаванні дамовіцца з кімсьці з выпускнікоў. Атрымліваецца не вельмі, бо размеркаванне — справа не аднаго дня, патрабуе доўгай падрыхтоўкі, ды і стан спраў такі, што выбіраюць зусім не работадаўцы. Сёлета, напрыклад, у БДПУ на факультэце пачатковай адукацыі прадугледжана 222 планавыя месцы па размеркаванні плюс 32 заяўкі паступілі дадаткова — усяго, значыць, 254 запыты. А выпускнікоў, якія падлягалі размеркаванню або самі пажадалі яго атрымаць, нагадаю, 95 і яшчэ 4 чалавекі, што вучыліся на пазабюджэце і шукаюць работу самастойна. А ўсяго ў 2019 годзе БДПУ заканчвае больш за 660 студэнтаў і магістрантаў дзённай бюджэтнай формы атрымання вышэйшай адукацыі, якія падлягаюць размеркаванню.

І такая з’ява, як значнае перавышэнне попыту над прапановай, назіраецца не першы год. Два гады назад універсітэт, зыходзячы са сваіх магчымасцей, павялічыў набор на факультэт пачатковай адукацыі да 120 чалавек. Але будучыя выпускнікі, калі арыентавацца на сённяшнюю сітуацыю, па-ранейшаму змогуць выбіраць. У кожнага свае прычыны выбару месца першай работы. Што ж, давайце спытаем пра іх у сёлетніх выпускнікоў.

Выбар зроблены

З найлепшым сярод аднакурснікаў сярэднім балам заканчвае ўніверсітэт мінчанка Настасся Добыш, якая атрымала размеркаванне ў сярэднюю школу № 22 Мінска, што ў Партызанскім раёне сталіцы. Насця расказвае, што школу ведае ўжо даволі добра, бо праходзіла там практыку. Да самастойнай работы будучы малады спецыяліст адчувае сябе гатовай, кажа, што гэтаму спрыяе і тэарэтычная падрыхтоўка, і практыка ў навучальных установах, і работа ў азда­раўленчым дзіцячым лагеры “Энергетык”, дзе Настасся працавала з дзецьмі ва ўзросце ад 6 да 9 гадоў.

Настасся Добыш.

— А ў 22-й школе я была на практыцы двойчы, — расказвае дзяўчына. — Школа ўтульная, камфортная, прыемна ў яе ўваходзіць, ды і з часткай педкалектыву я пазнаёмілася. Збіраюся на сваё першае рабочае месца з добрым настроем. Спадзяюся, што пачну працаваць адразу з першакласнікамі і буду весці іх да заканчэння пачатковай школы. Калі так атрымаецца, то і дзеці, і я пойдзем першы раз у першы клас.

Аднакурсніца Насці, Карына Налівайка, вяртаецца ў сваю школу. Дзяўчына, жыхарка аграгарадка Атоліна ў Мінскім раёне, закончыла Прылуцкую сярэднюю школу, дзе, дарэчы, праходзіла пераддыпломную практыку ў 3 класе. А 1 верасня маладая настаўніца Карына Ва­сільеўна пачне вучыць першакласнікаў. На выбар прафесіі, як гаворыць дзяўчына, паўплывала яе першая настаўніца Галіна Рыгораўна Касцецкая, якая зараз ўжо не працуе.

— Галіна Рыгораўна для мяне эталон настаўніцы, — гаворыць Карына Налівайка. — Тое, як яна давала веды, як рыхтавала нас да жыцця, дало мне стымул да работы з дзецьмі. А тое, што буду працаваць у роднай школе, на вачах у сваіх настаўнікаў, ніколькі мяне не палохае, а, наадварот, натхняе. У нас вельмі дружны калектыў, мяне чакаюць і, я ўпэўнена, дапамогуць, калі спатрэбіцца. Добразычлівая атмасфера матывуе на работу.

Сёлета факультэт пачатковай адукацыі БДПУ заканчваюць не толькі дзяўчаты, ёсць тут і адзін хлопец-выпускнік, Дзмітрый Трошчанка. Ён кажа, што паступіць на згаданы факультэт яго падштурхнула дырэктар школы, у якой Дзмітрый вучыўся. Туды, у родны Прылепскі дзіцячы сад — сярэднюю школу Смалявіцкага раёна, і вяртаецца малады педагог, які паступіў ва ўніверсітэт па мэтавым накіраванні. У гімназіі № 29 Мінска, дзе пакуль працуе Дзмітрый, яго сустрэлі вельмі добра, мужчыне-настаўніку пачатковых класаў абрадваліся і педагогі, і дзеці, і бацькі.

— Дзеці мужчыну-педагога ўспрымаюць вельмі станоўча, — расказвае Д.Трошчанка. — Слухаюцца, пава­жаюць, таму і ў маёй роднай школе ўсё будзе добра, я ўпэўнены.

У аўдыторыі падчас размеркавання.

Там, між іншым, Дзмітрый спадзяецца праявіць не толькі свае педагагічныя навыкі, але і арганізатарскія здольнасці, бо ва ўніверсітэце ён быў валанцёрам атрада “Адкрытае сэрца” — разам з іншымі студэнтамі працаваў у дапаможнай школе-інтэрнаце № 7 сталіцы, дабрачынным таварыстве “Карытас”, іншых месцах. 

Наталля Навасадзец, яшчэ адна выпускніца факультэта пачатковай адукацыі, едзе працаваць у Брэст. Сама яна родам з аднаго з райцэнтраў Брэсцкай вобласці, таму пакуль пажыве ў сваякоў, а потым плануе звяртацца ў адміністрацыю таго гарадскога раёна, дзе бу­дзе працаваць, каб вырашыць пытанне з жыллём. А вось Алена Куніца, якая вучылася на пазабюджэтнай форме атрымання адукацыі, сама выказала жаданне атрымаць размеркаванне. І атрымала яго ў родны Лагойскі раён (Алена родам з тутэйшай вёскі Знаменкі), у адну з гарадскіх школ. Зараз на факультэце вучыцца малодшая сястра Алены, так што можна нават гаварыць пра педагагічную дынастыю.

Заказчыкі кадраў, якіх нямала прыехала на размеркаванне, не ўсе здолелі задаволіць свае патрэбы ў кадрах. Так, прадстаўнікі сярэдняй школы № 2 Барысава не змаглі дамовіцца з выпускнікамі, хаця школе патрэбны 3 настаўнікі пачатковых класаў. І гэта пры тым, што, як расказала намеснік дырэктара, якая курыруе пачатковыя класы, Вольга Аляксандраўна Ласянок, школа пастаралася б дапамагчы маладым спецыялістам з часовым жыллём, звярнуўшыся да іншых устаноў адукацыі, якія маюць свае інтэрнаты.  Магчыма, барысаўчанам больш пашанцавала ў іх родным Барысаўскім дзяржаўным педагагічным каледжы, куды прадстаўнікі школы таксама накіраваліся на размеркаванне, або ў іншых навучальных установах.

А вось у сярэдняй школе № 223 Мінска сёлета пачнуць працаваць ажно 5 маладых спецыялістаў — настаўніц пачатковых класаў. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Генадзьеўна Кажэўнікава расказала, што школа расце, вакол яе ўзводзяцца новабудоўлі, навучэнцаў становіцца ўсё больш, толькі пачатковых класаў — 10, а з’явяцца і яшчэ, таму патрэба ў кадрах вялікая.

— Педагогі і выхавальнікі нам вельмі патрэбны, мы ім рады, падтрымаем іх. Сістэма настаўніцтва ў нас вельмі добрая, — заўважае Алена Генадзьеўна.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.