Адказвае “Юрыдычная клініка”

Вучэбная лабараторыя “Юрыдычная клініка” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пачынала сваю работу ў рамках праекта ПРААН. З 2003 года гэта структурнае падраздзяленне юрыдычнага факультэта, аўтарытэтнае і вопытнае, якое ўсё так жа бясплатна, як і раней, аказвае прававое кансультаванне малазабяспечаным грамадзянам. У тым ліку тут ахвотна дапамагаюць студэнтам, навучэнцам, школьнікам. Дапамагаюць такія ж студэнты, але пад наглядам куратараў — юрыстаў са стажам, выкладчыкаў універсітэта.

Частка каманды “Юрыдычнай клінікі” (у цэнтры — В.В.Шылко).

— Наша клініка — адна з найстарэйшых у Беларусі, працуе з 2000 года, — расказвае Вікторыя Віктараўна Шылко, загадчыца лабараторыі. — У сваёй дзейнасці ставім перад сабой дзве асноўныя задачы: адукацыйную — вучым студэнтаў юрыдычнага факультэта практычным навыкам юрыста, і сацыяльную — аказваем неабароненым катэгорыям грамадзян бясплатную юрыдычную дапамогу. Трэба сказаць, што мэты нашай дзейнасці дасягаюцца дзякуючы падтрымцы дэкана юрыдычнага факультэта Сяргея Аляксандравіча Балашэнкі, энтузіязму студэнтаў, су­працоўнікаў лабараторыі і выкладчыкаў юрыдычнага факультэта, якія курыруюць работу “Юрыдычнай клінікі”.

Кансультацыі праходзяць у два этапы: спачатку студэн­ты сустракаюцца з кліентам (сустрэчы назначаюцца па папярэднім запісе па тэлефоне 209-55-23), каб высветліць праблему, другая сустрэча праз тыдзень-паўтара — сама кансультацыя. Падчас сустрэчы кліент атрымлівае пісьмовы падрабязны варыянт кансультацыі і падрыхтаваныя працэсуальныя дакументы (у выпадку неабходнасці), а студэнт тлумачыць адказы на пытанні. Для тых, хто не можа прыехаць у “Юрыдычную клініку”, ёсць такая форма работы, як адказ на лісты. Так, іх дасылаюць людзі, якія адбываюць пакаранне ў месцах па­збаўлення волі, або тыя, хто па іншых прычынах не мае аб’ектыўнай магчымасці асабіста звярнуцца да кансультантаў.

Канечне, над кожнай справай студэнт працуе з куратарам, гатовы варыянт кансультацыі правярае В.В.Шылко, якая і сама, калі была студэнткай юрыдычнага факультэта, працавала ў лабараторыі, а зараз вучыцца ў аспірантуры, выкладае на адной з кафедр факультэта. Кансультуюць кліентаў клінікі студэнты 2, 3 і 4 курсаў, прычым другакурскнікі працуюць у “Юрыдычнай клініцы” толькі з бягучага навучальнага года і паказва­юць добрыя вынікі.

Перад пачаткам работы з кліентамі ўсе студэнты “Юрыдычнай клінікі” праходзяць курс навучання “Практычныя навыкі юрыста”. Выкладчыкі праводзяць заняткі, на якіх вучаць студэнтаў практычнай рабоце з кліентамі, прынцыпам работы з дакументамі, асновам прафесійнай этыкі. Пасля паспяховага засваення курса студэнт атрымлівае дазвол на кансультаванне.

Часцей за ўсё да кансультантаў звяртаюцца са справамі, звязанымі са спадчынай, раздзелам маёмасці, скасаваннем шлюбу, жыллёвымі пытаннямі, праблемамі па абароне правоў спажыўцоў. Паколькі кансультуюць студэнты, то лабараторыя не мае права брацца за крымінальныя і адміністратыўныя  справы, справы, якія ўжо знаходзяцца ў судзе.

 Ёсць у студэнцкай лабараторыі і такі напрамак работы, як Street law (“Права на кожны дзень”), — студэнты праводзяць заняткі са школьнікамі на прававую тэматыку. Гэта не лекцыі, гэта крэатыўныя інтэрактыўныя заняткі па прававых пытаннях, напрыклад, па асновах правоў чалавека, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці за правапарушэнні непаўналетніх і інш.

Працуе “Юрыдычная клініка” кожны будны дзень, акрамя канікул і сесій студэнтаў, — кансультанты ж пакуль вучацца. Акрамя пералічаных пытанняў, тут гатовы, напрыклад, пракансультаваць маладога чалавека, які ў дзяцінстве страціў бацькоўскую апеку, наконт яго правоў на жыллё або школьніка наконт часовай работы па дагаворы. Студэнты могуць даць кансультацыі і маладым спецыялістам па пытаннях, звязаных з працоўным правам і размеркаваннем. Пэўныя пытанні на гэтыя тэмы “Настаўніцкая газета” вырашыла накіраваць у клініку сама. Нам адказалі падрабязна і дасведчана.

— Студэнтка выйшла замуж, ці можа яна па­прасіць аб размеркаванні па месцы работы мужа?

— Згодна з ч. 6 арт. 83 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, месца работы для выпускнікоў у хо­дзе размеркавання вызначаецца ўстановай адукацыi або дзяржаўным органам самастойна з улікам наяўных заявак і заключаных дагавораў аб узаемадзеянні, а для выпускнікоў, якія адносяцца да катэгорыі мужа (жонкі), жонка (муж) якога працуе і пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, месца работы прадастаўляецца па іх жаданні і пры наяўнасці магчымасці па месцы жыхарства і (або) работы жонкі (мужа).

Такім чынам, прадастаўленне месца работы па размеркаванні па месцы жыхарства і (або) работы мужа ажыццяўляецца па рашэнні ўстановы адукацыі і пры наяўнасці такой магчымасці.

Парадак размеркавання дэталёва ўрэгуляваны Палажэннем аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, наступнага накіравання на работу выпускнікоў, якія атрымалі пасляўніверсітэцкую, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых пытаннях размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, наступнага накіравання на работу выпускнікоў, звароту затрачаных дзяржавай сродкаў на іх падрыхтоўку і мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых, служачых” ад 22 чэрвеня 2011 года № 821.

Для таго каб пацвердзіць той факт, што будучы муж працуе і пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, неабходна, згодна з абз. 9 ч. 4 п. 14 Палажэння, прадаставіць у камісію па размеркаванні выпускнікоў наступныя дакументы: копію пасведчання аб заключэнні шлюбу; даведку аб месцы работы, службы і пасадзе будучага мужа; даведку аб месцы жыхарства і складзе сям’і будучага мужа.

Студэнтам дапамагаюць куратары.

— Ці можна размеркавацца на прадпрыемства прыватнай формы ўласнасці, у тым ліку тое, дзе заснавальнікам з’яўляецца сам выпускнік або яго бацькі?

— Згодна з п. 12 Палажэння аб парадку размеркавання, выпускнікі размяркоўваюцца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй з улікам пададзеных ва ўстанову адукацыі арганізацыямі — заказчыкамі кадраў заявак на падрыхтоўку і заключаных з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў дагавораў аб узаемадзеянні.

Адпаведнасць месца работы атрыманай выпускніком спецыяльнасці (напрамку спецыяльнасці, спецыялізацыі) і прысвоенай кваліфікацыі камісія ацэньвае на аснове кваліфікацыйнай характарыстыкі, якая змяшчаецца ў адукацыйным стандарце па адпаведнай спецыяльнасці (сфера, аб’екты, віды, задачы прафесійнай дзейнасці, склад кампетэнцый).

Базавая арганізацыя мае пераважнае права на задавальненне сваёй патрэбы ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй, спецыялістах і рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, рабочых і служачых з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй з ліку выпускнікоў адпаведнай установы адукацыі. Пры наяўнасці некалькіх базавых арганізацый задавальненне іх патрэб у спецыялістах, рабочых і служачых ажыццяўляецца ў парадку чарговасці, што вызначаецца зыходзячы з даты заключэння адпаведных дагавораў аб узаемадзеянні.

Пасля задавальнення патрэб у спецыялістах, рабочых (служачых) арганізацый — заказчыкаў кадраў ажыццяўляецца размеркаванне выпускнікоў у адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй у іншыя арганізацыі на падставе іх пісьмовых запытаў.

Пісьмовыя запыты арганізацый — заказчыкаў кадраў і іншых арганізацый аб размеркаванні на канкрэтных выпускнікоў у адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй задавальняюцца ў выпадках, калі:

— выпускнікі ўключаны ў банк даных адоранай моладзі і банк даных таленавітай моладзі;

запыты паступілі з арганізацый, у якіх гэтыя выпускнікі праходзілі вытворчую і пераддыпломную практыку або пераддыпломную практыку;

адсутнічаюць месцы работы паводле пададзеных ва ўстанову адукацыі арганізацыямі — заказчыкамі кадраў заявак на падрыхтоўку, заключаных з арганiзацыямi — заказчыкамi кадраў дагавораў аб узаемадзеянні, пісьмовых запытаў іншых арганізацый.

Такім чынам, можна размяркоўвацца ў арганізацыі любой формы ўласнасці пры выкананні ўмоў чарговасці, названых вышэй.

— Ці можа выпускнік з мэтавым накіраваннем атрымаць накіраванне на іншае месца работы?

— Згодна з ч. 1 арт. 86 Кодэкса аб адукацыі, выпускнікі, накіраваныя на работу ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага), і працуючыя на працягу тэрміну абавязковай работы могуць быць перанакіраваны на работу (наступнае накіраванне на работу).

У адпаведнасці з п. 19 Палажэння аб парадку размеркавання, установы адукацыі на працягу тэрміну абавязковай работы па дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага) ажыццяўляюць наступнае накіраванне выпускнікоў, маладых спецыялістаў, маладых рабочых (служачых), накіраваных на работу паводле дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага), у выпадках, указаных у пп. 5 і 6 арт. 88 Кодэкса, і ў выпадках, калі месца работы выпускніку прадастаўляецца ў парадку, прадугле­джаным у п. 6 арт. 83 Кодэкса. Таксама гэта адносіцца да тых, хто выказаў жаданне паступіць на ваенную службу па кантракце пры ўмове змены (перазаключэння) дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага) у адпаведнасці з Палажэннем аб мэтавай падрыхтоўцы.

Дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага) можа быць зменены па пагадненні бакоў, а таксама скасаваны па пагадненні бакоў або па па­трабаванні аднаго з іх. Змена або скасаванне дагавора па пагадненні  ажыццяўляецца па ўзгадненні з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, у падпарадкаванні якіх знаходзяцца заказчыкі, у парадку, які вызначаецца гэтымі органамі. Змена або скасаванне дагавора, заключанага з установамі адукацыі, падпарадкаванымі Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання, ажыццяўляецца па ўзгадненні з камітэтамі па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў — у дачыненні да студэнтаў і маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і з упраўленнямі сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў — у дачыненні да навучэнцаў, маладых спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, а таксама маладых рабочых (служачых) (п. 7 Палажэння аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, рабочых, служачых).

Такім чынам, выпускнік з мэтавым накіраваннем можа атрымаць накіраванне на іншае месца работы ў выпадку ўзнікнення вызначаных заканадаўствам умоў, што запатрабуе ўнясення змяненняў у дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы.

— Калі па месцы размеркавання не прадастаўляюць жылля, ці можна атрымаць кампенсацыю?

— У адпаведнасці з п. 3.3 арт. 48 Кодэкса аб адукацыі, выпускнікам, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання, прадастаўляюцца гарантыi i кампенсацыi, у прыватнасці, кампенсацыі ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцовасць у адпаведнасці з заканадаўствам аб працы.

Акрамя абавязковых выплат, наймальнікі могуць уста­наўліваць для маладых спецыялістаў грашовую дапамогу з мэтай кампенсацыі выдаткаў па найме жылых памяшканняў. У адпаведнасці з п. 26 Палажэння аб парадку размеркавання, маладым спецыялістам, маладым рабочым (служачым), а таксама выпускнікам, названым у п. 5 арт. 84 Кодэкса аб адукацыі, абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў, наймальнікі ў адпаведнасці з заканадаўствам могуць устанаўліваць грашовую дапамогу, выдзяляць сродкі з мэтай кампенсацыі выдаткаў на наём жылых памяшканняў. Такім чынам, выплата кампенсацыі з’яўляецца правам, а не абавязкам наймальніка. Памер, парадак і ўмовы прадастаўлення такой выплаты наймальнік вызначае самастойна.

— Ці падлягаюць размеркаванню тыя, хто вучыўся частку часу на бюджэце, частку платна? А калі вучоба спачатку была вочнай, а потым завочнай?

— Згодна з абз. 3 п. 2 арт. 83 Кодэкса аб адукацыі, месца работы шляхам размеркавання прадастаўляецца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй выпускнікам, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю I ступені, не менш за палову тэрміну навучання якіх фінансавалася за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў і ажыццяўлялася ў дзённай форме атрымання адукацыі, за выключэннем асоб, якія на момант размеркавання вучацца ў вячэрняй або завочнай форме атрымання адукацыі і працуюць па атрыманай спецыяльнасці (напрамку спецыяльнасці, спецыялізацыі), а таксама тых, хто вучыўся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

Такім чынам, калі вы атрымлівалі адукацыю ў дзённай форме за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовага бюджэту больш за палову тэрміну навучання, вам неабходна адпрацаваць тэрмін абавязковай работы па размеркаванні.

— Ці залічваецца ў адпрацоўку час, праведзены на службе ў арміі або дэкрэтным водпуску?

— Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба звярнуцца да ч. 4 п. 3 арт. 83 Кодэкса аб адукацыі. У тэрмін абавязковай работы па размеркаванні па жаданні выпускніка залічваюцца перыяд ваеннай службы па прызыве, службы ў рэзерве ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях Рэспублікі Беларусь, перыяд знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, іншыя перыяды, якія вызначаюцца урадам Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, пры наяўнасці жадання перыяд ваеннай службы па прызыве і перыяд знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў можа быць залічаны ў тэрмін абавязковай работы па размеркаванні.

— У якім парадку і памеры неабходна кампенсаваць сродкі за навучанне на бюджэце, калі выпускнік адмовіўся ад размеркавання?

— У адпаведнасці з п. 2 Палажэння аб парадку пакрыцця ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі, спецыяліста, рабочага, служачага, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2011 года № 821, пакрыццё затрачаных сродкаў ажыццяўляецца выпускнікамі, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання, накiравання на работу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, рабочага, служачага і якія не адпрацавалі ўстаноўлены тэрмін абавязковай работы.

Выпускнік мае права адмовіцца ад работы па размеркаванні (пераразмеркаванні) або ад накіравання на работу (наступнага накіравання на работу) у адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, рабочага, служачага і добраахвотна вярнуць затрачаныя сродкі.

Для звароту затрачаных сродкаў выпускнік звяртаецца ва ўстанову адукацыі або дзяржаўную арганізацыю, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы пасляўніверсітэцкай адукацыі (далей — арганізацыя), за разлікам сумы затрачаных сродкаў.

Копія загада кіраўніка і разлік сумы сродкаў, якія падлягаюць кампенсацыi ў бюджэт, накіроўваюцца выпускніку з паведамленнем аб неабходнасці звароту затрачаных сродкаў у добраахвотным парадку ў шасцімесячны тэрмін. Пасля заканчэння шасцімесячнага тэрміну пры адсутнасці добраахвотнага звароту затрачаных сродкаў установа адукацыі (арганізацыя) ажыццяўляе іх спагнанне ў судовым парадку.

Разам з тым адзначым, што заканадаўствам прадугледжаны выпадкі вызвалення ад звароту сродкаў, затрачаных дзяржавай на навучанне. Згодна з ч. 3 п. 4 Палажэння аб парадку пакрыцця сродкаў, вызваляюцца ад звароту затрачаных сродкаў выпускнікі, вызначаныя ў пунктах 2—6 ст. 88 Кодэкса аб адукацыі. У п. 2 указанага артыкула пералічваюцца наступныя катэгорыі асоб:

— дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы з лiку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, асобы ва ўзросце ад васямнаццаці да дваццаці трох гадоў, якія страцілі апошняга з бацькоў у перыяд атрымання адпаведнай адукацыі;

— дзеці-інваліды ва ўзросце да васямнаццацi гадоў, інваліды I або II групы пры немагчымасці прадастаўлення шляхам пераразмеркавання, наступнага накіравання на работу новага месца работы з улікам стану іх здароўя па месцы жыхарства бацькоў, мужа (жонкi) або з iх згоды іншага наяўнага месца работы;

— асобы, якія маюць аднаго з бацькоў або мужа (жонку) інваліда I ці II групы, або дзіця-інваліда, пры немагчымасці прадастаўлення шляхам пераразмеркавання, наступнага накіравання на работу новага месца работы па месцы жыхарства гэтых бацькоў, мужа (жонкі), дзіцяці-інваліда;

— асобы, якія маюць медыцынскія супрацьпаказанні да работы па атрыманай спецыяльнасці (напрамку спецыяльнасці, спецыялізацыі) і прысвоенай кваліфікацыі, пры немагчымасці прадастаўлення шляхам пераразмеркавання, наступнага накіравання на работу новага месца работы з улікам стану іх здароўя;

— цяжарныя жанчыны, маці (бацька), якія маюць дзіця ва ўзросце да трох гадоў на дату прыняцця рашэння аб пераразмеркаванні, размеркаванні, наступным накіраванні на работу, пры немагчымасці прадастаўлення шляхам пераразмеркавання, наступнага накіравання новага месца работы па месцы iх жыхарства;

— муж (жонка), жонка (муж) якога працуе і пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пры немагчымасці прадастаўлення шляхам пераразмеркавання, наступнага накіравання на работу новага месца работы па месцы жыхарства і (або) работы жонкі (мужа);

— дзеці ваеннаслужачых, пералічаныя ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян”, пры немагчымасці прадастаўлення шляхам пераразмеркавання, наступнага накіравання на работу новага месца работы па месцы жыхарства бацькоў, мужа (жонкі) гэтых дзяцей або з іх згоды іншага наяўнага месца работы;

— асобы, якія маюць ільготы ў адпаведнасці з арт. 18 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый”.

У п. 3 арт. 88 Кодэкса аб адукацыі ўказаны наступныя умовы, пры якіх выпускнік вызваляецца ад кампенсацыі сродкаў, затрачаных на яго навучанне:

— ліквідацыя арганізацыі, спыненне дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, скарачэнне колькасці або штату работнікаў, пры немагчымасці прадастаўлення ім новага месца работы шляхам пераразмеркавання, наступнага накіравання на работу;

— парушэнне наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага або працоўнага дагавора, пры немагчымасці прадастаўлення ім новага месца работы шляхам пераразмеркавання, наступнага накіравання на работу;

— неадпаведнасць работніка займаемай пасадзе або рабоце па стане здароўя, які перашкаджае працягу гэтай работы, пры немагчымасці прадастаўлення ім новага месца работы шляхам пераразмеркавання, наступнага накіравання на работу;

— няяўка на работу на працягу больш за чатыры месяцы запар з прычыны часовай непрацаздольнасці (не лічачы водпуску па цяжарнасці і родах), калі заканадаўствам не ўстаноўлены больш доўгі тэрмін захавання месца работы (пасады) пры вызначаным захворванні, пры немагчымасці прадастаўлення ім новага месца работы шляхам пераразмеркавання, наступнага накіравання на работу;

— акалічнасці, што не залежаць ад волі бакоў, пры немагчымасці прадастаўлення новага месца работы шляхам пераразмеркавання, наступнага накіравання на работу;

— пераход на выбарную пасаду.

Згодна з п. 5 арт. 88 Кодэкса аб адукацыі, выпускнікі, накіраваныя (перанакіраваныя) на работу ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага), вызваляюцца ад звароту ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, затрачаных дзяржавай на іх падрыхтоўку, калі яны:

 — з’яўляюцца дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце да васямнаццацi гадоў, інвалідамі I або II групы, пры немагчымасці прадастаўлення шляхам наступнага накіравання новага месца работы з улікам стану іх здароўя па месцы жыхарства бацькоў, мужа (жонкi) або з iх згоды іншага наяўнага месца работы;

— маюць аднаго з бацькоў або мужа (жонку) інваліда I ці II групы, або дзіця-інваліда, пры немагчымасці прадастаўлення шляхам наступнага накіравання  новага месца работы па месцы жыхарства гэтых бацькоў, мужа (жонкі), дзіцяці-інваліда;

— маюць медыцынскія супрацьпаказанні да работы па атрыманай спецыяльнасці (напрамку спецыяльнасці, спецыялізацыі) і прысвоенай кваліфікацыі, пры немагчымасці прадастаўлення шляхам наступнага накіравання новага месца работы з улікам стану іх здароўя.

Пералік падстаў для вызвалення ад звароту сродкаў, затрачаных дзяржавай на навучанне, з’яўляецца вычарпальным. Такім чынам, іншыя акалічнасці не могуц­ь служыць падставамі вызвалення ад звароту сродкаў, затрачаных на падрыхтоўку спецыяліста, пры адмове ад адпрацоўкі ўстаноўленага тэрміну абавязковых работ.

— Ці трэба размяркоўвацца тым, хто паступае ў магістратуру?

— Згодна з ч. 1 арт. 83 Кодэкса аб адукацыі, месца работы шляхам размеркавання прадастаўляецца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй выпускнікам, якія атрымалі вышэйшую, сярэднюю спецыяльную, прафесійна-тэхнічную адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыi за кошт сродкаў рэспублiканскага i (або) мясцовых бюджэтаў, за выключэннем асоб, якія вучыліся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкi; сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю I ступені, не менш за палову тэрміну навучання якіх фінансавалася за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў і ажыццяўлялася ў дзённай форме атрымання адукацыі, за выключэннем асоб, якія на момант размеркавання вучацца ў вячэрняй або завочнай форме атрымання адукацыі і працуюць па атрыманай спецыяльнасці (напрамку спецыяльнасці, спецыялізацыі), а таксама тых, хто вучыўся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

Аднак выпускнік, які атрымаў пасведчанне аб накіраванні на работу, які залічаны ва ўстанову адукацыі на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў у дзённай форме атрымання адукацыі на больш высокі ўзровень (ступень) адукацыі, абавязаны на працягу трох дзён пасля залічэння пісьмова паведаміць аб сваім залічэнні наймальніку, ва ўстанову адукацыі і вярнуць пасведчанне аб накіраванні на работу ва ўстанову адукацыі (п. 29 Палажэння аб парадку размеркавання).

Такім чынам, нават у выпадку, калі выпускнік плануе паступаць у магістратуру, ён падлягае размеркаванню.

— У якіх выпадках работадаўца можа звольніць маладога спецыяліста, які адпрацоўвае размеркаванне?

— У адпаведнасці з п. 33 Палажэння аб размеркаванні, звальненне маладых спецыялістаў, маладых рабочых (служачых) або перавод iх на работу, якая не звязана з атрыманай спецыяльнасцю (напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй, да заканчэння названага ў пасведчанні аб накіраванні тэрміну абавязковай работы забараняецца, за выключэннем выпадкаў пераходу на выбарную пасаду (п. 4 арт. 35 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь); прыняцця рашэння ўстановай адукацыі аб пераразмеркаванні, наступным накіраванні на работу маладога спецыяліста, маладога рабочага (служачага) або аб выдачы яму даведкі аб самастойным працаўладкаваннi; залічэння ва ўстанову адукацыі на навучанне ў дзённай форме атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню (ступенi); парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора, працоўнага дагавора (арт. 41 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь); звальнення па ініцыятыве наймальніка па падставах, прадугледжаных у п.п. 1, 2, 4—9 арт. 42 і ў п.п. 2—7 арт. 47 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама па сітуацыях, якія не зале­жаць ад волі бакоў, прадугледжаных у п.п. 1—3, 5—7 арт. 44 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Звальненне маладых спецыялістаў, якія атрымалі вышэйшую, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, да заканчэння ўстаноўленага дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага) тэрмiну работы дапускаецца ў выпадку скасавання дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага) па падставах, названых у п.п. 5, 6 арт. 88 Кодэкса аб адукацыі; па падставах, прадугледжаных у п.п. 4, 5, 7, 8, 9 арт. 42, у п.п. 1, 5—7 арт. 44 і ў п.п. 1, 2—7 арт. 47 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва вучэбнай лабараторыі “Юрыдычная клініка” БДУ.