У пошуках страчанага

Ці можна вырашыць праблему так, каб яна ў вачах  дзіцяці не абясцэніла жыццё? Цi можна разглядаць крызic адначасова як небяспеку i як магчымасць? Як знайсцi сэнс у жыццi пасля крызiсу? Хто цi што можа дапамагчы жыць тады, калi жыццё падзелена крызiснай падзеяй на мінулае і сучаснае? Якiмi рэсурсамi, накіраванымі на пераадоленне наступстваў крызісу, валодае сучасны школьнік?

На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі ІV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Псіхалогія і жыццё: актуальныя праблемы крызіснай псіхалогіі”, якая прайшла 16—17 мая ў Інстытуце псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка.

Не спазніцца, каб паспець

У канферэнцыі прынялі ўдзел 197 вучоных і практыкаў з 8 краін, сярод якіх Беларусь, Расія, Польшча, Літва і інш. Галоўнай праблемай, якую абмяркоўвалі псіхолагі, стала дапамога дзецям, падлеткам і іх сем’ям у крызісных сітуацыях.

“У апошні час крызісныя здарэнні ў жыцці дзяцей і падлеткаў не з’яўляюцца рэдкімі, усё часцей узнімаюцца пытанні захавання бяспекі ў адукацыйным асяроддзі, своечасовага аказання псіхалагічнай дапамогі, а таксама ўмацавання практыка-арыентаванай падрыхтоўкі псіхолагаў, — адзначыў падчас адкрыцця канферэнцыі дырэктар Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максiма Танка, кандыдат псiхалагiчных навук, дацэнт Дзмітрый Рыгоравiч Дзьякаў. — Менавіта гэта спрыяла таму, што на базе нашага інстытута пры падтрымцы Міністэрства адукацыі 1 красавіка бягучага года быў адкрыты Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі”.

Дзейнасць цэнтра накіравана на арганізацыю сістэмы мерапрыемстваў псіхалагічнага суправаджэння навучэнцаў, студэнтаў, іх бацькоў, а таксама на інтэграцыю і каардынацыю дзейнасці псіхолагаў, якія працуюць і аказваюць дапамогу навучэнцам у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Адзін з актуальных кірункаў дзейнасці, якім школьных псіхолагаў і настаўнікаў вучыць цэнтр, — гэта, зразумела, крызісная псіхалогія, а таксама своечасовая дыягностыка і папярэджанне крызісных станаў у навучэнцаў.

“Усведамленнем важнасці аказання якаснай псіхалагічнай дапамогі ў крызіснай сітуацыі абумоўлена правядзенне канферэнцыі. Дарэчы, сённяшняе мерапрыемства — першая канферэнцыя ў краіне, якая прысвечана праблемам крызіснай псіхалогіі”, — заўважыў дырэктар Інстытута псіхалогіі.

Крызісная псіхалогія ў адрозненне ад іншых кірункаў псіхалогіі цікавіцца тым, наколькі чалавек пасля нейкага здарэння пачаў адрознівацца ад сябе ранейшага, таго, якім быў да пэўнай падзеі, як будуе сваё жыццё пасля крызiснай з’явы.

Як заўважыў прафесар кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максiма Танка, доктар псіхалагічных навук, прафесар Леанід Абрамавіч Пяргаменшчык, менавіта здарэнне з’яўляецца ключавой катэгорыяй крызіснай псіхалогіі. Але чаму псіхолагі, якія знаходзяцца побач з дзецьмі, не заўсёды працуюць на апярэ­джанне? Чаму не заўважаюць праблему на тым этапе, калі яна толькі ўзнікла і яе яшчэ можна папярэ­дзіць? Гэтае пытанне было адкрытым на працягу ўсёй канферэнцыі.

“Наша дзейнасць накіравана на вывучэнне асобы падлетка, яго самых розных характарыстык, — гаворыць прафесар. — Сёння існуе вялікае мноства псіхалагічных інструментарыяў, ствараюцца новыя. Але адміністрацыю школы цікавіць іншае. Кіраўнікі хацелі б знаць, як сярод школьнікаў выявіць тых, хто знаходзіцца ў залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў, ад каго з дзяцей чакаць агрэ­сіўных паводзін. І педагогі маюць рацыю. Калі не можам прадказаць гэтага, для чаго мы, псіхолагі, існуем?  Псіхолагі добра ведаюць тэорыю Курта Левіна, формулу паводзін чалавека, але падчас работы з дзецьмі недастаткова яе ўлічваюць. Важнай і неабходнай з’яўляецца тэорыя каўзальнай атрыбуцыі, пра якую ведаюць усе сацыяльныя педагогі і псіхолагі. І гэтаму вучацца нашы студэнты. Але сітуацыйны фактар выпадае з поля ўвагі. Гэта фундаментальная памылка.  Да нас лю­дзі прыходзяць тады, калі ім дрэнна. А зараз уявіце: на колькі месяцаў ці гадоў мы спазняемся з дапамогай, не аказваючы яе перша­пачаткова, калі праблема толькі з’явілася і чалавек знаходзіцца на мяжы з крызісам? Для таго каб паглядзець на праблему вачыма псіхолагаў, больш дэталёва разабрацца, што робім не так, і знайсці правільнае рашэнне, мы сёння сабраліся разам”.

У жыцця павінен быць правільны змест

У крызісных сітуацыях, якімі б па сваім маштабе яны ні былі, важна пабудаваць правільны алгарытм аказання псіхалагічнай дапамогі. І сучаснасць гэта пацвярджае. Асабліва важна ўмець размаўляць з падлеткамі з рызыкоўнымі паводзінамі, таму што менавіта яны знаходзяцца ў залежнасці ад усярэдненых уяўленняў аб нормах, правілах, каштоўнасцях жыцця, а значыць, не могуць ажыццяўляць свой уласны выбар, не адчуваюць адказнасці за яго. Выбар альтэрнатывы для іх можа стаць сінанімічным устаноўцы, што жыцця няма.

“Грамадства прытрымліваецца тэзісу, што перажыванне каштоўнасці жыцця не з’яўляецца агульнапрынятым і даступным для падлеткаў, але  фарміраванне светапогляду, уяўленне аб свеце, людзях у асноўным адбываецца ў юнацкім узросце, і ў падлеткаў для гэтага ствараюцца перадумовы, — тлумачыць прыроду паходжання рызыкоўных паводзін загадчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі БДПУ імя Максiма Танка кандыдат псіхалагічных навук Наталля Леанідаўна Пузырэвіч. — Як паказалі вынікі даследавання, якое праходзіла на працягу 4 гадоў, гэтая катэгорыя з’яўляецца актуальнай для сучасных падлеткаў. У чым спецыфіка яе разумення? Жыццё для падлеткаў — гэта абавязковае напаўненне яго нейкім зместам: захапленні, зацікаўленасць чымсьці ці захопленасць цікавай для іх дзейнасцю. Калі гаварыць аб катэгорыі жыццё як данасць, падлеткам вельмі цяжка вызначыцца з тым, што жыццё сабой уяўляе і ці ёсць у яго каштоўнасць”.

Кандыдат псіхалагічных навук акцэнтавала ўвагу на тым, што падчас правядзення даследавання былі выкарыстаны некалькі падыходаў. Асноўны акцэнт быў зроблены на якаснай метадалогіі. Псіхолагам было важна ўбачыць і пачуць падлеткаў такімі, якія яны ёсць сёння.

“Падчас такога аналізу імкнуліся выкарыстоўваць як можна менш інструментаў, якія маглі б абмежаваць асаблівасці дзіцяці, — гаворыць Н.Л.Пузырэвіч. — Такія інструменты ствараліся даўно, на мяжы 90-х гадоў ХХ стагоддзя, а таксама на пачатку ХХІ стагоддзя. Выкарыстоўваючы такі інструмент, мы маглі атрымаць адказ на важнае пытанне: ці адпавядае сучасны падлетак тым уяўленням, якія былі сфармуляваны ў адносінах да яго некалькі дзесяцігоддзяў назад? Спецыфіка вынікаў выглядала наступным чынам. Базавая каштоўнасць жыцця як катэгорыя ў падлеткаў, на жаль, была выражана на сярэднім ці нізкім узроўні. Гэта значыць, што жыццё само па сабе ніякай каштоўнасці не мае. Каб такой пустаты не было, жыццё маладых людзей абавязкова павінна быць чым-небудзь напоўнена, дзіця павінна мець хобі. Калі такога няма, у непаўналетніх з’яўляецца заканамернае пытанне: якім павінна быць жыццё? На аснове гэтага ўзнікае наступны нюанс — разузгадненне роляў. У падлеткаў існуюць уяўленні аб тым, што такое жыццё і якім яно павінна быць. Але разам з гэтым дзеці з рызыкоўнымі паводзінамі адзначаюць, што ў іх выпадку сэнсу ў жыцці, на жаль, няма, але яны б вельмі хацелі, каб напоўненасць у жыцці існавала. Адзін з варыянтаў, як гэта можна змяніць, — прыўнясенне ў жыццё дзіцяці чагосьці важнага, што было б цікава і надавала сэнс жыццю. Увогуле, рызыкоўныя паводзіны дазваляюць узнімаць пытанні аб кантролі рэальнасці, дазваляюць жыць на мяжы з бяспекай і небяспекай”.

Дзіўна, але рызыкоўныя паводзіны не разглядаюцца падлеткамі як нейкая небяспека ці пагроза жыццю. Яны хутчэй успрымаюцца як рэсурс, які дапамагае зразумець сябе, дапамагчы выявіць свае магчымасці і тое, якія абмежаванні і перспектывы ёсць у іх жыцці. Формула простая: знаходзячыся ў сітуацыі рызыкі, падлеткі атрымліваюць новы сэнс. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці не з’яўляецца пагружэнне ў такую цяжкую, але ў разуменні падлеткаў рэсурсную сітуацыю пэўным спосабам знаходжання новых сэнсаў, якія ў штодзённай рэальнасці жыццё ім не прадастаўляе?

Са слоў Наталлі Пузырэвіч, даследаванне, праведзенае экспертамі-псіхолагамі, дапамагло вызначыць, што на мяжы ў­зроставых перыядаў (ад 10 да 12 і ад 13 да 15 гадоў) для падлеткаў характэрна пераемнасць. Яна заключаецца ў тым, што адным з найбольш аптымальных стымулаў ажыццяўлення рызыкоўных учынкаў з’яўлялася тое, што іх перажыванні падчас спробы звярнуцца па дапамогу да іншага значнага для іх чалавека абясцэньваліся. Такім чалавекам для падлеткаў з’яўляюцца розныя людзі: равеснікі, родныя ці проста знаёмыя.

“Практычна ў кожнага з падлеткаў на этапе прыняцця рашэння перажыванне нейкіх эпізодаў з’яўляецца важным. І калі хаця б раз перажыванні дзяцей абясцэньваліся ці ставіліся пад сумненне іх глыбіня і  мэтазгоднасць, у дзяцей узнікала б жаданне шукац­ь новы спосаб вырашэння праблем, шукац­ь рэсурсы ў сабе”, — заўважыла Наталля Леані­даўна.

У крызіснай псіхалогіі існуе прынцып, згодна з якім толькі 20% падлеткаў ці дарослых людзей маюць патрэбу ў дапамозе спецыяліста. А 80% могуць аднавіцца самастойна. Але гэтага не адбываецца, ад крызісу мала хто вылечваецца без дапамогі.

“Галоўнае ў працэсе аднаўлення — гэта ведаць пра тыя рэсурсы, якімі самі людзі валодаюць, — падводзіць вынікі Н.Л.Пузырэвіч. — У тэме крызісных станаў і рызыкоўных паводзін цікавым для вывучэння з’яўляецца пытанне, чаму імпульсам і галоўным рэсурсам жыцця становяцца менавіта рызыкоўныя паводзіны. Было вызначана, што рызыка ў разуменні падлеткаў — гэта пошук магчымасці сама­сцвярджэння, магчымасці праверкі сваіх сцвярджэнняў, што малады чалавек не падобны да іншых. Дарэчы, самі падлеткі падчас даследавання давалі зразумець, што дапамагаць ім не трэба, як і не трэба ратаваць. Яны думалі, што рызыкоўныя ўчынкі, якія яны здзяйс­няюць, не прывядуць да праблем. І такія перажыванні з боку дарослых з’яўляюцца неабгрунтаванымі. Але важным з’яўляецца іншае — дапамагчы знайсці прычыны для жыцця. Дзеці павінны разумець, што жыццё як данасць само па сабе каштоўнае. І не трэба шукаць магчымасці, каб зразумець, што жыццё мае сэнс. Дарэчы, сёння абмяркоўваецца пытанне, наколькі мэтазгодным у суправаджэнні дзяцей з групы рызыкі з’яўляецца прэвентыўны падыход. На гэтае пытанне ёсць два адказы. Адны лічац­ь яго мэта­згодным, таму што мы зможам папярэдзіць узнікненне нядобранадзейных наступстваў. І, безумоўна, лепш рэагаваць тады, калі ўзнікае праблема, а не тады, калі ў адказ на праблему ўзнікаюць адпаведныя паводзіны. На гэты пункт гле­джання існуе мадэль паво­дзін, якую можна адзначыць наступным чынам. У жыцці сучаснага падлетка ўзнікае крызіснае здарэнне. Калі ён не ведае, што рабіць, як прыняць крызіс і пражыць яго, звяртаецца па дапамогу. Не атрымліваючы падтрымкі, выбірае пэўную мадэль паво­дзін, якая дапамагае пераадолець крызісную па­дзею. У дзіцяці з’яўляецца ўнутраная ўпэўненасць у тым, што з дапамогай выбраных паводзін можна пераадольваць любыя цяжкасці. Да адпаведных паводзін падштурхоўвае любая цяжкая і на першы погляд непера­адольная сітуацыя.

Другі падыход заключаецца ў тым, што прэвентыўны метад павінен быць пэўным чынам абмежаваным, сістэматычным і разам з тым прапаноўваць актыўную пазіцыю. Актыўная пазіцыя — гэта далучэнне да працэсу аказання псіхалагічнай дапамогі падлетку не толькі бацькоў ці псіхолага, але і настаўнікаў. Настаўнікі могуць назіраць за паводзінамі дзіцяці ў дынаміцы. Але, безумоўна, для гэтага неабходна расказаць педагогу, як заўважыць гэтыя прыкметы, якімі яны павінны быць. Таму тут не абысціся без комплекснай работы настаўнікаў, псіхолага і бацькоў. Бацькі, дарэчы, першымі павінны даваць дзецям магчымасці для развіцця, асобаснага росту. Менавіта дзякуючы такому ўзаемадзеянню перажыванне каштоўнасці жыцця будзе пабудавана на канструктыўных учынках і паводзінах. І не трэба будзе шукаць алгарытм аказання псіхалагічнай дапамогі, таму што мы зможам своечасова разумець, як і з далучэннем каго такая дапамога можа аказвацца”.

Падчас канферэнцыі не раз узнімаліся пытанні “Як заўважыць крызісны стан і вырашыць яго?”, “Чаму сёння мы не бачым, што адбываецца з дзіцем, а заўтра разводзім рукамі?”, “Як з гэтым справіцца?”. Правільны адказ, як заўсёды, адзін: трэба ўмець і не баяцца ўзаемадзейнічаць. Праблема вырашыцца тады, калі яе прычына, якая ляжыц­ь на паверхні, не будзе адмаўляцца. Бацькі, калі ёсць падстава, павінны звяртацца да псіхолагаў, таму што настаўнікі не заўсёды ў сілах разгледзець унутраны стан кожнага з дзяцей, ды і задача ў іх зусім іншая.

Наталля САХНО.
Фота аўтара.