Сям’я і кар’ера: сумясціць несумяшчальнае?

У мінулым годзе ў краіне праводзілася сацыялагічнае даследаванне, накіраванае на выяўленне фактаў дыскрымінацыі на рынку працы. Вынікі, якія былі атрыманы, не проста здзіўляюць, яны прымушаюць задумацца. 85% беларусаў, пры ўладкаванні на работу сутыкаюцца з фактам прыніжэння і ўшчамлення правоў.

Якім відам дыскрымінацыі падвяргаюцца саіскальнікі, спрабуючы ўладкавацца на работу? Як правільна абараняць свае правы, каб не згубіць працоўнае месца? Аб гэтым мы пагаварылі з прадстаўніком Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь кіраўніком праўлення МГА “Гендарныя перспектывы” Ірынай Альхоўкай.

— Ірына, хто, згодна з даследаваннем, часцей за ўсё падвяргаецца працоўнай дыскрымінацыі? І што ляжыць у яе аснове?

— З дыскрымінацыяй на рынку працы сутыкаліся 85% беларусаў (89,6% жанчын і 80,4% мужчын). Заўважу, жанчыны часцей сутыкаюцца з дыскрымінацыяй у сувязі з тым, што выконваюць яшчэ некалькі важных сацыяльных роляў — мамы і жонкі. Мужчыны часцей падвяргаюцца дыскрымінацыі з-за ўзросту. 

Што тычыцца маладых жанчын да 35 гадоў, работадаўца, пры субяседаванні, ставіць на першае месца не высвятленне кампетэнтнасці патэнцыяльнай супрацоўніцы, а тое, якія ў яе планы на асабістае жыццё, ці збіраецца яна ў дэкрэтны водпуск, што будзе рабіць, калі дзеці захварэюць. Згодна з даследаваннем, 3 з 4 жанчын падвяргаюцца працоўнай дыскрымінацыі на этапе прыёму на работу. Дарэчы, многія людзі не да канца разумеюць, што такое дыскрымінацыя. Таму падчас даследавання, калі апытвалі рэспандэнтаў, мы часта задавалі пытанні, у якіх слова “дыскрымінацыя” не прысутнічала. Пыталіся, ці не сутыкаюцца людзі з несправядлівасцю, ці падвяргаюцца ўшчамленню правоў, прыніжэнню. Гэта дазволіла зразумець, наколькі мужчыны і жанчыны ўсведамляюць, што сталі ахвярай дыскрымінацыі ў працоўнай сферы.

Па статыстыцы, у Беларусі жанчын, якія маюць вышэйшую адукацыю, больш, чым мужчын. Але на рынку працы некалькі дыпломаў аб вышэйшай адукацыі часта не іг­раюць на ка­рысць дзяўчыны. Часцей за ўсё жанчыны рэалізуюцца ў бюджэтных сферах, дзе нізкая аплата працы. Адной з прычын, якія да гэтага прыводзяць, з’яўляецца тое, што дзяўчаты шукаюць такое месца працы, якое будзе дазва­ляць спалучаць і прафесійныя, і сямейныя абавязкі. У мужчын, нават у тых, якія маюць сям’ю, такіх праблем няма. Работадаўца, разглядаючы двух кандыдатаў на адно месца, часцей аддае перавагу мужчыне. Дзяўчыне ў працаўладкаванні на добрую пасаду ў развітой перспектыўнай кампаніі будзе, хутчэй за ўсё, адмоўлена. І прычына адна і тая ж — пастаянныя лісткі непрацаздольнасці па доглядзе дзяцей, дэкрэтны водпуск. Атрымліваецца, што нават заканадаўства, якое забараняе дыскрымінацыю, тут не працуе. Але ў наймальнікаў павінна быць сацыяльная адказнасць, разуменне, што дзеці вырастаюць, хварэюць менш, а значыць, жанчына можа быць такім жа супрацоўнікам, як і мужчына, адказным і кампетэнтным. Акрамя гэтага, у краіне не монакар’ерныя сем’і, адзін мужчына не можа забяспечваць сям’ю, у якой рас­туць дзеці. З-за невялікага памеру зарплат працаваць павінны абое, сямейны бюджэт залежыць у тым ліку і ад матэрыяльнага ўкладання жанчыны. Няхай яе зарплата не вялікая, але таксама будзе добрай падмогай. Дарэчы, ні разу не чула, каб у школе настаўніцы, напрыклад, не выплацілі грошы за дэкрэтны водпуск г.д. Затое ў сферы бізнесу такіх гісторый многа. Часта з дыскрымінацыяй сутыкаюцца і тыя, хто працуе ў сферы гандлю. Магчыма, гэта звязана з тым, што да прадаўцоў і кансультантаў прад’яўляюць завышаныя патрабаванні, звяртаюць увагу на знешнасць, вопратку. Думаю, гэта не адна сфера, дзе праблема дыскрымінацыі праяўляецца так яскрава.

Інфармацыйная кампанія #ПолНеПотолок стартавала ў краіне ў 2016 годзе. Падчас першага этапу была праве­дзена інфармацыйная кампанія, у сацсетках пачаў працаваць тэматычны анлайн-рэсурс, вялося вывучэнне аб’яў аб вакансіях.

Аналіз, праведзены ў рамках гэтага этапу, дазволіў выявіць, што, нягледзячы на наяўнасць заканадаўчай забароны, наймальнікі і кадравыя агенцтвы не заўсёды выконваюць прынцып забеспячэння роўных магчымасцей на рынку працы. Па-ранейшаму ў аб’явах аб вакансіях указваюцца пол, узрост і знешнія даныя ў якасці патрабаванняў да саіскальнікаў. Усяго было вывучана 5221 аб’ява, размешчаная ў інтэрнэце, 6% з іх утрымлівалі дыскрымінацыйныя патрабаванні да саіскальнікаў.

Другі этап інфармацыйнай кампаніі, які стаў рэалізоўвацца ў 2018 годзе, накіраваны на далейшы аналіз праблемы, вывучэнне меркавання і вопыту грамадзян, а таксама на павышэнне інфармаванасці спецыялістаў кампетэнтных органаў і бізнес-структур для прыняцця адпаведных мер па абароне працоўных правоў грамадзян.

Падчас новай кампаніі #ПолНеПотолок праведзена сацыялагічнае даследаванне сітуацыі ў краіне для вызначэння маштабу і характару праблемы гендарнай дыскрымінацыі ў працоўных адносінах і юрыдычны аналіз канкрэтных выпадкаў падчас прыёму на работу. Арганізоўваюцца семінары, трэнінгі, круглыя сталы для прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, бізнесу, кадравых агенцтваў. Працягне работу інфармацыйны анлайн-рэсурс для збору меркаванняў мужчын і жанчын аб фактах гендарнай няроўнасці на рынку працы.

Праблема заключаецца ў тым, што, нягледзячы на ўсё, сёння ёсць запыт на працу дзяўчат. Калі жанчыны масава пакі­нуць рынак працы, эканоміка краіны гэтага не вытрымае. Але, як ужо ўзгадвала, дзяўчыну работадаўца вельмі часта разглядае не столькі з прафесійнага пункту гледжання, а спрабуе высветліць, як сямейнае становішча паўплывае на якасць работы.

Калі закранаць тэму далейшага развіцця кар’еры, жанчына часта разумее, што рухацца ўверх, самаўдасканальвацца яна нават пры ўсім жаданні не можа сабе дазволіць, таму што ёсць фактар, які гэтаму будзе перашкаджаць, — гэта дзеці. Зразумела, маючы патэнцыял, жаданне развівацца ў прафесіі і сям’ю, дзяцей, трэба чымсьці ахвяраваць. Часцей за ўсё беларускі ахвяруюць работай. Прыкметна, што мужчыны перад такім выбарам звычайна не стаяць.

— Ці магла б выраўнаваць сітуацыю магчымасць даваць водпуск па доглядзе дзіцяці мужчынам?

— Безумоўна, было б цудоўна, калі б роля мужчыны ў сям’і стала больш умацаванай. Як толькі водпуск па догля­дзе дзіцяці будзе абавязковым і для таты, калі ў работадаўцы прападзе выбар, каму прадастаўляць гэты водпуск, тады сітуацыя з адносінамі да жанчын можа выраўнавацца. Многія работадаўцы лічаць, што, калі жанчына пойдзе на некалькі гадоў у дэкрэтны водпуск, яна згубіць усе навыкі. Насамрэч гэтая праблема вырашаецца вельмі проста. Многія кампаніі, якія цэняць сваіх супрацоўнікаў і зацікаўлены ў тым, каб пасля працяглага адпачынку работнікі як мага хутчэй вярнуліся да выканання сваіх абавязкаў, арганізуюць для іх навучанне. У фінансавым плане гэта не вельмі затратны артыкул расходаў. Затое работнік вельмі хутка адаптуецца і пачынае працаваць на такім жа ўзроўні, як і астатні калектыў. 

Даведка

Згодна з артыкулам 14 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь,  дыскрымінацыя — гэта абмежаванне ў працоўных правах ці атрыманне якіх-небудзь пераваг у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнага і сацыяльнага паходжання, мовы і інш. Калі ўсё гэта не перашкаджае выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, не звязана з дзелавымі якасцямі і не абумоўлена спецыфікай працоўнай функцыі работніка, значыць, дыскрымінацыя забараняецца.

— Яшчэ адным відам дыскрымінацыі, пра які многія ведаюць і які таксама часта з’яўляецца перашкодай для працаўладкавання, з’яўляецца ўзрост. Усе хо­чуць бачыць сярод супрацоўнікаў маладых, але з абавязковым вопытам работы.

— Так, узроставая дыскрымінацыя таксама з’яўляецца праблемай. І гэтая тэма ў нашым даследаванні таксама была разгледжана. Сёння многія кампаніі хочуць бачыць у сваім штаце маладых супрацоўнікаў, але абавязкова з вопытам работы. А дзе ўзяць вопыт, калі ніхто не бярэ на работу? Супярэчная сітуацыя, але з ёй сутыкаюцца многія. Акрамя гэтага, з узроставай дыскрымінацыяй сутыкаюцца і людзі больш старэйшага ўзросту (пасля 50 гадоў). Сёння ў краіне павышаецца пенсіённы ўзрост, а значыць, працаваць разам бу­дуць і моладзь, і сталыя людзі. Тым не менш са сталымі супрацоўнікамі работадаўцы таксама не заўсёды гатовы падпісаць новы працоўны кантракт.

— Магчыма, з-за таго, што людзі пасля 40 гадоў больш кансерватыўныя, а для паспяховага развіцця любой кампаніі, краіны неабходна моладзь, якая бачыць праблему пад іншым вуглом і шукае новыя дзейсныя варыянты выхаду з праблемнай сітуацыі. Моладзь не баіцца прапаноўваць нешта новае, не ўпіраецца ў вызначаныя стандарты.

— Безумоўна, гэта так. Але праблема яшчэ і ў тым, што самі работадаўцы многа ў чым бачаць толькі мінусы. Думаю, усе чыталі гісторыю пра тое, як у адну з аптэк краіны на работу ўзялі жынчын пенсіённага ўзросту. Зразумела, тым, хто часта ходзіць у аптэку, хочацца не толькі купіць лекі, але і паразмаўляць. Не раздражняцца ад гэтага могуць толькі тыя, хто разумее пацыентаў. Таму ўзяць правізараў вызначанага ўзросту на работу — гэта адказны сацыяльны крок. Дарэчы, сацыяльная адказ­насць — гэта не толькі своечасовая выплата зарплаты. Работадаўца будзе сацыяльна адказным у тым выпадку, калі забяспечыць работнікаў аднолькавымі ўмовамі працы і не будзе звяртаць увагі на сацыяльны статус работніка, яго знешні выгляд. Дарэчы, дыскрымінацыя па знешнім выглядзе, завышаныя патрабаванні да дрэс-коду таксама вельмі распаўсюджаныя. З гэтым сутыкаюцца 29% мужчын і 27% жанчын. Тут мужчын больш, таму што ім не падабаецца, калі прымушаюць ха­дзіць на работу ў дзелавых касцюмах.

Часта работадаўцы негатыўна адносяцца да, напрыклад, татуіровак, дрэдаў. Кожнаму разумнаму чалавеку зразумела, што па гэтым нельга ацэньваць здольнасці дзяўчыны ці хлопца. Тым не менш стэрэатыпы жывуць і працягваюць перашкаджаць.

Зараз мы праводзім спецыяльную інфармацыйную кампанію, у рамках якой збіраем асабістыя гісторыі, звязаныя з дыскрымінацыяй. Вельмі ўразіла гісторыя маладога чалавека, які працаваў у рэстаране на кухні на раздачы страў. Ва ўсіх кухараў, як вядома, рукавы павінны быць заўсёды закасанымі. Работадаўцу не спадабалася, што ў хлопца на руках татуіроўкі. У выніку малады чалавек быў вымушаны звольніцца. Зразумела, што ніякія санітарныя нормы не забараняюць мець татуіроўкі і пры гэтым працаваць на кухні. І на выкананне працоўных абавязкаў татуіроўкі таксама не ўплываюць.

— Згодна з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь, у нас забаронена дыскрымінацыя. Як паўплываць на работадаўцаў, якія грэбуюць нормамі заканадаўчага акта? Ці можа дапамагчы ў гэтым павышэнне прававой культуры?

— Трэба разумець, што рынак працы — гэта вуліца з двухбаковым рухам. Тут не толькі работадаўцы дыктуюць свае ўмовы, але і работнікі. Работадаўца павінен разумець, з якімі праблемамі сутыкаюцца супрацоўнікі, і дапамагаць вырашаць іх. І, безумоўна, павышэнне прававой культуры таксама адыгрывае значную ролю. Ужо даўно пара адмаўляцца ад забабонаў.

Што тычыцца закона, то ён у нас працуе недастаткова. Няма практычнага механізма, які б дазволіў работніку абараняць свае правы. Безумоўна, работнік можа пайсці ў дэпартамент інспекцыі па працы, у суд, пракуратуру. Але нават гэта зрабіць цяжка. Таму што для таго, каб саб­раць усе факты дыскрымінацыі, неабходна патраціць шмат часу. Акрамя гэтага, трэба мець грошы на добрага адваката, на судовыя расходы і добра ведаць прававыя нормы. Напрыклад, работнікі, якія падаюць іскі па працоўных спрэчках, вызвалены ад аплаты судовых пошлін, а саіскальнікі — не. Пайсці на такі крок, калі не маеш работы і даходу, не так і проста.

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб занятасці насель­ніцтва Рэспублікі Беларусь”

Артыкул 10

Дзяржаўная палітыка ў галіне садзейнічання занятасці насельніцтва накіравана на забеспячэнне роўных магчымасцей усім грамадзянам незалежна ад: полу, расы, нацыянальнасці, мовы, рэлігійных ці палітычных перакананняў, удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах або іншых грамадскіх аб’яднаннях, маёмаснага або службовага становішча, ўзросту, месца жыхарства, недахопаў фізічнага або псіхічнага характару, калі яны не перашкаджаюць выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, іншых акалічнасцей, не звязаных з дзелавымі якасцямі і не абумоўленых спецыфікай працоўнай функ­цыі або статусу работніка, у рэалізацыі права на працу, што азначае права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы і інш.

У працяг тэмы дыскрымінацыі. Сярод гісторый, якія дасылаюць беларусы на спецыяльны анлайн-рэсурс, быў аповед дзяўчыны, выпускніцы ўніверсітэта. Паколькі студэнтка вучылася на платным аддзяленні, работу па спецыяльнасці яна шукала сабе сама. Субяседаванне з ёй праводзіў дырэктар.  Падчас размовы кіраўнік кампаніі быў уражаны поглядам дзяўчыны на праблемы, ідэямі, якія прапаноўвала для іх вырашэння. Спачатку мужчына згадзіўся ўзяць дзяўчыну на работу, а пасля ўдакладніў, ці замужам яна. Пачуўшы адмоўны адказ, сказаў, што дзяўчына на вакансію не падыходзіць, таму што выйдзе замуж, а потым пойдзе ў дэкрэт.

Гутарыла Наталля САХНО.