Вада – радасць, ці вада – бяда?

Нягледзячы на тое, што гэтае лета не можа пахваліцца надзвычайнай спякотай, буйныя вадаёмы і рэчкі па-ранейшаму застаюцца самым папулярным месцам адпачынку дзяцей і дарослых. На жаль, прыходзячы на пляж, большасць забывае, што ля вады трэба быць вельмі пільнымі, асабліва ў дачыненні да дзяцей.   

Пра тыповыя памылкі ля вады і пра тое, ці магчыма іх пазбегнуць, расказвае вядучы спецыяліст Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Алег Генадзьевіч БАРАЗНА.

Кожнае лета фіксуецца шмат няшчасных выпадкаў, якія здараюцца на ва­дзе. На жаль, часта ахвярамі становяцца менавіта дзеці. Ці заўжды прычынай гібелі непаўналетніх з’яўляецца недагляд бацькоў?

— Так, дзеці часта становяцца ахвярамі вады. Вялікая сямейная трагедыя месяц назад адбылася ў Гродзенскай вобласці, дзе патанулі адразу двое дзяцей і ад зін дарослы. Бацька з сынам прыехалі на бераг Нёмана, у тое месца, дзе ў яго ўпадае рака Шчара. Праз некаторы час далучыўся стрыечны пляменнік з бацькам. Дарослыя ву­дзілі, а дзецям захацелася паплаваць. Менавіта ў тым месцы, дзе Шчара ўпадае ў Нёман, намыты плёс. Дзеці выйшлі на гэты плёс, але цячэнне было настолькі моцным, што непаўналетніх знесла ў яму глыбінёй 4 метры. Дзеці пачалі та­нуць. Пачуўшы крыкі, бацькі кінуліся на дапамогу. Той з дарослых, хто першы даплыў да дзяцей, не мог самастойна выця­нуць з вады адразу двух хлопчыкаў. Другі мужчына, калі апынуўся побач, паспрабаваў выпхнуць аднаго з дзяцей на плёс, але вырата­ваць такім чынам непаўналетняга не змог. Не змаглі выратавацца і яшчэ двое ахвяр вады: бацька і хлопчык, трымаючыся адзін за аднаго, патанулі.

Такім чынам, у гэтым здарэнні загінулі дзеці 8 і 13 гадоў. І нельга сказаць, што яны ў такім узросце не ведалі пра небяспеку вады. Галоўная памылка, якая была здзей­снена і прывяла да гібелі, — парушэнне правіл аховы жыцця на вадзе. Забараняецца ступаць у ваду, калі не ведаеш яе характарыстык, таго, якое ў гэтым месцы цячэнне, якое дно. А з боку  бацькоў прычына толькі адна — банальны недагляд.

Закранаючы статыстыку, варта адзначыць, што па стане на 23 ліпеня на тэрыторыі краіны пры розных абставінах, звязаных з вадой, загінулі 196 чалавекі, 22 з якіх — дзеці. А па стане на 23 ліпеня непасрэдна падчас купання патанулі 49 чалавек, 8 з іх былі непаўналетнімі.

Якія прафілактычныя меры дазволяць зменшыць колькасць няшчасных выпадкаў, звязаных с вадой?

— Калі гаварыць пра прафілактыку паводзін на вадзе ў адносінах да непаўналетніх, тут варта падзяліць дзяцей на дзве катэгорыі. Да першай адносяцца дзеці, якія не дасягнулі ўзросту 10—12 гадоў, да другой — старэйшыя.

Такім чынам, дзяцей, якім не споўнілася 10 гадоў, ні ў якім разе нельга адных пакідаць ля вады. Нават калі бацькі ўпэўнены, што іх дзіця ўмее плаваць. Па-першае, непаўналетняму можа не хапіць сіл, каб утрымацца на воднай паверхні. Па-другое, ніхто не ведае, што дзіця можа прыдумаць. Магчыма, яму захочацца пасваволіць ці камусьці нешта даказаць. Менавіта па гэтай прычыне нельга пакідаць дзяцей адных! Паверце, гэтай меры будзе дастаткова, каб у некалькі разоў паменшыць колькасць няшчасных выпадкаў, якія адбываюцца на вадзе.

Такім чынам, тыповай памылкай дарослых у адносінах да непаўналетніх з’яўляецца пакіданне іх ля вады без нагляду. Але ня­шчасныя выпадкі, у прыватнасці гібель на вадзе, часта фіксуюцца і сярод дарослага насельніцтва. На жаль, тут сітуацыя з году ў год аднолькавая. Дарослыя часцей за ўсё гінуць з-за таго, што лезуць у ваду ў стане алкагольнага ап’янення. Яшчэ адной прычынай з’яўляецца неналежнае стаўленне да свайго здароўя. Калі  ведаеце, што ў вас хворае сэрца ці фіксуюцца скачкі ціску, ад плавання на глыбокіх месцах лепш адмовіцца. У такім выпадку аптымальным варыянтам будзе зай­сці ў ваду па калена, абліцца і вый­сці на бераг. І ні ў якім разе нельга арганізоўваць заплывы ці іншыя спаборніцтвы. Такім геройствам нікому нічога не дакажаш, затое лёгка сабе нашкодзіш. Відавочна, элементарнае выкананне правіл знаходжання людзей на водах дазволіць пазбегнуць няшчасных выпадкаў. На жаль, многія думаюць, што іх “пранясе” і нічога не здарыцца. Падобныя гісторыі не рэдкасць.

У пачатку ліпеня на вадасховішчы Пагост, што ў Гродзенскай вобласці, адбыўся няшчасны выпадак. 39-гадовы мужчына пасадзіў на плечы сына і пайшоў у ваду. Аддаліўшыя ад берага, дарослы адчуў, што яму становіцца дрэнна. Бацька зняў хлопчыка з плячэй і адапхнуў да берага, а сам на глыбіні ў 1,5 метра патануў.

Такім чынам, аднымі з першых прычын утапленняў з’яўляюцца падзенне ў ваду, а таксама няўменне трымацца на воднай паверхні. А ў адносінах да дзяцей неабходна быць пільным на кожным кроку, таму што бяда можа здарыцца не толькі ў выпадку, калі дзіця не ўмее плаваць, але і нават калі яно спатыкнулася ці паслізнулася і з-за гэтага апынулася ў вадзе. Аднаго глытка вады дастаткова, каб верхнія дыхальныя шляхі закрыліся і чалавек патануў.

Ці часта фіксуюцца ўтапленні ў месцах, забароненых для купання?

— На жаль, часта. 99% усіх выпадкаў гібелі людзей на водах адбываюцца ў недазволеных ці не прызначаных для купання месцах. На сёння ў краіне мясцовымі выканаўчымі распарадчымі органамі  афіцыйна адкрыты 483 пляжы для адпачынку лю­дзей ля вады. Менавіта гэтая коль­касць месц, дно акваторый якіх ачышчаны вадалазамі ад пабочных прадметаў. Акрамя гэтага, устаноўлены абмежавальныя буі, якія паказваюць зону заплыву, абсталяваны дзіцячыя купальні. На ўсіх гэтых водных аб’ектах прысутнічаюць ратавальнікі, а значыць, рызыка няшчасных выпадкаў практычна зводзіцца да нуля.

Сёння па краіне дзейні­чаюць 66 ратавальных станцый і 143 ратавальныя пасты. Станцыі, як правіла, нясуць дзяжурную вахту кругласутачна, а пасты працуюць поўны светлавы дзень. Ратавальнікі знаходзяцца на пастах да той пары, пакуль месца адпачынку не пакіне апошні чалавек. Зразумела, гэта робіцца для таго, каб не дапусціць няшчасных выпадкаў.

У Беларусі вельмі многа рэк і азёр. І, безумоўна, усюды ўстанавіць пасты нерэальна. А лю­дзі, як вядома, заўсёды ідуць ратавацца ад спёкі менавіта на тыя вадасховішчы, якія знаходзяцца бліжэй да дома. Так, дно ў гэтых вадаёмах можа быць добра вядома кожнаму, але, зга­дзіцеся, ніхто не дасць гарантыі, што там не ляжыць кінутая кімсьці разбітая бутэлька ці іншы востры прадмет. Як мінімум гэта прывядзе да сур’ёзнай траўмы. Таму на тых водных аб’ектах, якія не даследаваны спецыялістамі, неабходна быць вельмі пільнымі і асцярожнымі.

Час ад часу фіксуюцца і зусім недарэчныя, як здаецца, няшчасныя выпадкі, не звязаныя з купальным сезонам. Вясной загінула дзіця, якому было 1 год і 8 месяцаў. Яно патанула ў лужыне, што засталася пасля снегу. Такая сітуацыя гаворыць пра адсутнасць дарослых побач.

А ў пачатку мая ў рацэ Случ, што ў межах Слуцка, патанула 17-гадовая дзяўчына. Здарэнне адбылося вельмі позна, калі, па сутнасці, непаўналетнія павінны знаходзіцца дома. Дзве дзяўчыны гулялі па беразе, і адна з сябровак упала ў ваду. На жаль, выратаваць яе не ўдалося. Ці яшчэ адзін выпадак. У Навагрудскім раёне пасля падзення ў рэчку патанула дзяўчынка, якой было 1 год і 8 месяцаў. Відавочна, што ў той момант бацькі не глядзелі за дачкой. Яшчэ адзін трагічны выпадак, у якім ахвярай стала дзіця такога ж узросту, таксама адбыўся ў Навагрудскім раёне. На агародзе стаяла ўкапаная ў зямлю бочка, якая выкарыстоўвалася для назапашвання вады для паліву раслін. Дзіця паўзло па тэрыторыі, упала ў бочку і патанула. Увогуле, калі тонуць дзеці — гэта вельмі страшна, а тым больш калі ўсё адбываецца па банальных прычынах недагляду. Дзяцей трэба глядзець, і я зараз маю на ўвазе не толькі ваду, але і ўсё, дзе за непаўналетнімі павінен быць усталяваны жорст­кі кантроль.

Чаму бацькі павінны навучыць дзяцей, збіраючыся на мора?

— Калі збіраецеся на мора, вы павінны навучыць дзіця плаваць. Усе бацькі, якія самастойна ўмеюць плаваць, мо­гуць наву­чыць гэтаму і дзяцей. Не важна, дзе будзе праходзіць навучанне — у басейне ці ў адкрытым водным аб’екце. Гэта дас ць хаця б мінімальныя гарантыі, што дзіця будзе ведаць, як сябе паводзіць у той час, калі раптам нешта здарыцца, а бацькоў не будзе побач. І зноў жа ля вады неабходна правільна, бяспечна сябе паводзіць, тым больш што для ўсіх краін гэтыя правілы аднолькавыя. Адзіная розніца паміж нашымі рэкамі, азёрамі і замежнымі морамі ў тым, што марская вада мае дадатковую плывучасць, падтрымлівае чалавека на паверхні дзякуючы свайму салёнаму хімічнаму складу. Але небяспека тоіцца ў марскіх цячэннях, вялікіх хвалях.

Калі нехта дрэнна плавае, ім не трэба геройстваваць. Мы заўсёды нагадваем, што такім лю­дзям неабходна зайсці на пэўную глыбіню, напрыклад, пагрузіцца ў ваду па шыю, і плы ць у напрамку берага ці ўздоўж яго.

Здараецца, што ў вадзе губляюцца сілы ці, напрыклад, пачынаецца сутарга. У гэтым выпадку ідэальна, калі пад нагамі будзе паверхня, на якую можна стаць. Відавочна, аддаляцца ад берага можна на тую адлегласць, якая яшчэ дазволіць адчуваць дно пад нагамі.

Якія выратавальныя прылады дарослыя павінны бра ць з сабой, калі ідуць адпачываць на пляж разам з дзецьмі? І што нельга выкарыстоўваць у якасці плавальных прыстасаванняў?

— Нельга выкарыстоўваць матрацы і камеры, таму што яны не з’яўляюцца плавальнымі сродкамі і нясуць павышаную небяспеку для жыцця. Пла­ваць неабходна на афіцыйных плавальных сродках, да якіх адносяцца лодкі, катамараны. Шмат няшчасных выпадкаў з удзелам дзяцей фіксуецца, калі на ваду выкід­ваюць самаробныя плыты. Дарослыя павінны забара­няць браць на ваду такія прыстасаванні.

Калі дзіця не ўмее плаваць, для яго падтрымлівання на воднай паверхні можна выкарыстоўваць надзіманыя кругі. Але зноў жа гэта не здымае адказнасці з бацькоў, сачыць за дзецьмі трэба пастаянна.

— Якія рэанімацыйныя дзеянні неабходна выконваць у першую чаргу, калі чалавека выратавалі з вады ? І ці трэба спрабаваць самастойна выцягваць чалавека, які тоне?

— Калі дзіця нахапалася вады, але дыхае і знаходзіцца ў прытомнасці, яму трэба даць магчы­масць адкашляцца. Калі ж дзіця ўжо самлела, неабходна прыступаць да першай неадкладнай дапамогі, а менавіта рабіць непрамы масаж сэрца і штучную вентыляцыю лёгкіх. У дзяцей яна робіцца гэтак жа, як і ў дарослых. Адзінае, чым адрозніваюцца тэхнікі: дарослым непрамы масаж робіцца дзвюма рукамі, і глыбіня націскання складае 5—7 сантыметраў, маленькім дзеткам, якія не дасягнулі ўзросту 3—4 гадоў, масаж робяць двума пальцамі, а старэйшым — адной рукой. Зразумела, сіла націскання на грудную клетку не настолькі вялікая, як у дарослых.

Важны момант: “хуткую дапамогу” неабходна выклікаць адразу, яшчэ да пачатку рэанімацыйных дзеянняў. Лепш не траціць час самім, а прасіць людзей побач вылікаць брыгаду ўрачоў. У сітуацыях, калі справа тычыцца ўтаплення, важна не губляць час.

Ратавальнікам, напрыклад, даецца не больш за 5 мінут з моманту няшчаснага выпадку для таго, каб рэанімаваць чалавека і вярнуць яго да жыцця ў нармальным стане. Калі час згублены і прайшло больш за 5 мінут, надыходзіць кіслароднае галаданне, адмі­раюць клеткі мозга. Такога чалавека можна выратаваць, але не факт, што ён вернецца да звычайнага жыцця.

Самастойна выцягваць з вады чалавека, які тоне, дазваляецца толькі ў тым выпадку, калі вы ўпэўнены, што ўмееце добра плаваць і здолееце дапамагчы чалавеку. Інакш можа здарыцца яшчэ адзін няшчасны выпадак, звязаны не толькі з тым, хто тоне, але і з тым, хто спрабуе дапамагчы. Калі вы не ўпэўнены ў сваіх сілах, клічце на дапамогу.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.