У рамках праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Усходняга партнёрства “Беларусь — Украіна” на Брэстчыне рэалізоўваецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Бяспечнае дзяцінства”, бюджэт якога складае каля 174 тысяч еўра. Удзельнікамі праекта з’яўляюцца Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС і арганізацыя добраахвотнага пажарнага таварыства Украіны ў Валынскай вобласці.
— Мэта праекта заключаецца ў стварэнні бяспечнага асяроддзя жыццядзейнасці дзяцей з памежных рэгіёнаў Беларусі і Украіны, — расказаў начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС А.І.Лашко. — Праект прыцягвае ўвагу грамадскасці да праблемы прафілактыкі траўматызму і папярэджання пажараў з-за дзіцячых свавольстваў з агнём і гібелі дзяцей ад яго. Тэматычныя мерапрыемствы пашыраюць уяўленні дзяцей пра дзейнасць ратавальнікаў-пажарных, дапамагаюць павысіць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў у галіне бяспекі жыццядзейнасці, разнастаіць прадметна-прасторавае асяроддзе ўстаноў дашкольнай адукацыі, далучыць бацькоў да актыўнага выхавання ў дзяцей культуры бяспечных паво-дзін у розных сітуацыях. Акрамя таго, праект паляпшае магчымасці ўстаноў адукацыі ў арганізацыі навучання дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці, аб’ядноўвае намаганні педагогаў і бацькоў у фарміраванні першасных ведаў і ўменняў у гэтым напрамку.
У рамках праекта выдаюцца вучэбныя дапаможнікі па АБЖ, выпускаюцца тэматычныя відэаролікі, інфармацыйныя лістоўкі і плакаты, распрацоўваюцца праграмы і сцэнарыі тэматычных сустрэч і мерапрыемстваў па АБЖ для ўстаноў адукацыі. Студэнты УВА Брэста і Луцка прымуць удзел у конкурсе метадычных распрацовак, накіраваных на фарміраванне ў дзяцей ведаў і ўменняў у сферы бяспекі жыццядзейнасці. Асноўная ўвага ў спаборніцтве будзе акцэнтавана на ўкараненні інавацыйных педагагічных тэхналогій пры навучанні АБЖ. Важна, што ўсе распрацоўкі, створаныя ў межах праекта, пасля ўзгаднення з галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і ўпраўленнем адукацыі Валынскай вобласці будуць укаранёны ў адукацыйны працэс дзіцячых садкоў, школ і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
— З мэтай прапаганды ведаў у галіне бяспекі жыццядзейнасці пройдзе міжнародны дзіцячы творчы конкурс па АБЖ “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, па выніках якога лепшыя работы будуць аформлены ў альбом, — паведаміў А.І.Лашко. — У Брэсце і Луцку адкрыюцца вучэбна-метадычныя цэнтры для забеспячэння ўзаемадзеяння паміж сістэмай МНС і сістэмай адукацыі для ўдасканалення форм і метадаў навучання АБЖ. У гэтых цэнтрах будуць сабраны ўсе вучэбныя выданні і матэрыялы, распрацаваныя пры рэалізацыі праекта. Імі змогуць карыстацца настаўнікі, вучні і іх бацькі. Супрацоўнікі арганізацый-партнёраў будуць праводзіць кансультацыі па пытаннях навучання АБЖ.
Праект уключае шмат цікавых мерапрыемстваў. Сярод іх — міжнародны злёт-пленэр для юных актывістаў, які нядаўна прайшоў на базе адпачынку “Камарова” ў Кобрынскім раёне. На 6 дзён міжнародны лагер МНС сабраў самых ініцыятыўных і мэтанакіраваных школьнікаў з Брэста і Луцка.
Падчас злёту-пленэра хлопчыкі і дзяўчынкі наладжвалі сяброўскія зносіны, абменьваліся цікавымі ідэямі і задумамі ў галіне бяспекі жыццядзейнасці, фарміруючы тым самым міжнародную мову бяспекі і агульную культуру каштоўнасцей. Маладзёжныя лідары спасцігалі АБЖ у гульнявой форме праз шматлікія тэматычныя конкурсы, віктарыны і спартыўныя спаборніцтвы: тушылі “пажар” у лесе, апраналі на хуткасць баявую форму ратавальнікаў-пажарных, вывучалі спецыяльнае абсталяванне і тэхніку аператыўнага прызначэння… Важна, што дзеці не толькі атрымалі каштоўныя веды, уменні і навыкі, але і развілі важныя фізічныя якасці.
Правілы бяспекі: даступна, цікава, займальна
Супрацоўнікі гарадскіх і раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях Брэстчыны — частыя і жаданыя госці ў дзіцячых садах, школьных і загарадных аздараўленчых лагерах, дзе ў летні перыяд рэалізоўваюцца рэспубліканскія пажарна-прафілактычныя акцыі “Канікулы без дыму і агню” і “Не пакідайце дзяцей адных!”.
Надзвычай цікава прайшлі сустрэчы выхаванцаў ясляў-садоў №№ 20, 47 і 74 Брэста са спецыялістам групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Брэсцкага гарадскога аддзела па надзвычайных сіутацыях Сафіяй Беражной, якая падрыхтавала для маленькіх чамучак насычаную пазнавальную праграму.
Спачатку Сафія Беражная пацікавілася ў дзяцей пра тое, што яны ведаюць пра ратавальнікаў і іх абавязкі, цяжкасці службовай дзейнасці і якасці, неабходныя для гэтай прафесіі. Сярод хлопчыкаў аказалася шмат жадаючых авалодаць гэтай прафесіяй у будучыні. Далей супрацоўніца службы 101 прапанавала дашкольнікам у забаўляльнай форме паўтарыць правілы бяспекі. Малышы ўспаміналі першасныя сродкі пажаратушэння, па якіх тэлефонах званіць у службы экстранай дапамогі, як паводзіць сябе пры эвакуацыі, прыродных катаклізмах, адчуванні паху газа, пажары дома і ў лесе, якія гульні могуць прывесці да бяды і г.д. З дапамогай захапляльных заданняў хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі замацавалі асноўныя правілы бяспекі, але і набылі новыя.
Сафія Беражная нагадала дзецям аб правілах паводзін у лесе, на гульнявых пляцоўках і вадаёмах, папярэдзіла пра небяспеку ад электрапрыбораў і наведвання будоўляў. Дашкольнікі паабяцалі быць ўважлівымі і асцярожнымі, абавязкова выконваць правілы бяспекі і вучыць ім іншых. За актыўнасць і добрыя веды дзеці атрымалі маляўнічую пазнавальную літаратуру.
* * *
У летні перыяд дашкольнікі і выхаванцы лагераў ахвотна наведваюць з экскурсіямі гарадскія і раённыя аддзелы па надзвычайных сітуацыях, дзе знаёмяцца з работай ратавальнікаў-пажарных, атрымліваюць карысныя веды, удзельнічаюць у забаўляльных і прафарыентацыйных мерапрыемствах.
Вучні сярэдняй школы № 18 Баранавіч пабывалі ў гарадскім аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Міхаіл Мацяс нагадаў дзецям пра асноўныя меры бяспекі на летніх канікулах, акцэнтаваўшы ўвагу на правілах пажарнай бяспекі.
Пасля пазнавальнай гутаркі школьнікі азнаёміліся з пажарнай аварыйнаратавальнай тэхнікай, якая стаіць на ўзбраенні ў пажарнай часці, спецыяльным абсталяваннем і баявым адзеннем.
Не менш цікавай аказалася і экскурсія выхаванцаў ясляў-сада № 4 Ганцавіч у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Дзеці наведалі цэнтр аператыўнага кіравання, куды паступаюць званкі аб надзвычайных сітуацыях з усяго раёна, і гараж з пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікай і абсталяваннем. Супрацоўнікі службы 101 расказалі дашкольнікам пра рабочыя будні, прывялі прыклады надзвычайных здарэнняў, звязаных з рызыкай для жыцця.
Наведванне выхаванцамі ясляў-сада № 7 Івацэвіч раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пачалося з прафілактычнай гутаркі наконт выканання мер засцярогі, якую правёў інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Валерый Молаш. Ён расказаў пра найбольш небяспечныя гульні, якія часам прыдумляюць дзеці, калі застаюцца без нагляду дарослых.
Падчас гульні “Хто хутчэй?” дашкольнікі апраналіся на хуткасць у каскі і курткі-“баёўкі”, разлічаныя на малалетніх дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі на “проціпажарныя” загадкі, актыўна ўдзельнічалі ў гульнях “Збіраемся ў лес!” і “Збяры карцінку”, па выніках якіх атрымалі памятныя прызы. Вялікую цікавасць у дзяцей выклікаў мультсерыял “Чароўная кніга МНС”. Некалькі серый з яго падмацавалі правілы бяспечных паводзін, пачутыя раней.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.