Размаляваны фотаздымак і ўклееныя старонкі — прыкметы несапраўднасці пашпарта

Лета — самая выдатная падстава для замежных падарожжаў. Менавіта па гэтай прычыне большасць з нас плануе адпачынак на летні перыяд. Але для таго, каб водпуск прайшоў ідэальна, загадзя купленых пуцёвак на мора не дастаткова. Самы важны складнік бесклапотных сямейных канікул — правільна аформленыя дакументы, якія дазволяць бесперашкодна перасячы мяжу.

Пра тое, як пазбегнуць тыповых памылак падчас праходжання дзяржаўнай мяжы, а таксама аб тым, якія дакументы неабходна падрыхтаваць для дзяцей і хто і ў якіх выпадках мае права вывозіць іх за межы краіны, расказвае начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь Аляксей Юр’евіч БЯГУН.

— Аляксей Юр’евіч, з якімі праблемамі часцей за ўсё сутыкаюцца беларусы, калі выязджаюць за мяжу?

— Асноўная праблема — гэта заканчэнне тэрміну дзеяння пашпарта. Часта грамадзянін зазірае ў свой пашпарт толькі пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы ці ўвогуле не глядзіць. У выніку супрацоўніку пашпартнага кантролю прадастаўляецца дакумент, які пацвярджае асобу, са скончаным тэрмінам дзеяння. Такі пашпарт з’яўляецца несапраўдным. Увогуле, калі збіраецеся выязджаць за мяжу, трэба звярнуць увагу на тое, каб у пашпарце стаяў подпіс асобы, якая выдала дакумент. Тут жа павінна стаяць пячатка з выявай дзяржаўнага герба, а таксама подпіс самога ўладальніка пашпарта (акрамя асоб, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту).

Што тычыцца тэрміну дзеяння пашпартоў, варта нагадаць, што асобы, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, але не дасягнулі 64 гадоў, атрымліваюць пашпарт тэрмінам на 10 гадоў. Грамадзяне, якія дасягнулі 64-гадовага і
99-гадовага ўзросту, атрымліваюць пашпарты да дасягнення 100- і 125-гадовага ўзросту адпаведна. Непаўналетнія, якія не дасягнулі 13-гадовага ўзросту, атрымліваюць пашпарт на 5 гадоў, але не звыш дасягнення 14-гадовага ўзросту. Гэта значыць, калі дзіцяці, напрыклад, 7 гадоў, то яно атрымае пашпарт на 5 гадоў — да 12-гадовага ўзросту; калі 11 — да дасягнення 14-годдзя; калі 13 гадоў і адзін дзень — пашпарт выдаецца ўжо на 10 гадоў.

— Ці часта рэгіструюцца выпадкі, калі на адпачынку выкрадаюць дакументы? Што рабіць і куды звяртацца ў такім выпадку?

— Такія выпадкі здараюцца. Зразумела, у выпадку крадзяжу неабходна звярнуцца ў мясцовую паліцыю. Пасля гэтага ў той краіне, дзе знаходзіцеся, неабходна звярнуцца ў дыпламатычную ці консульскую ўстанову Рэспублікі Беларусь. Там грамадзяніну ў вызначаным парадку будзе аформлена пасведчанне на вяртанне ў Беларусь. Пасля прыезду дадому грамадзянін павінен звярнуцца ў тэрытарыяльнае падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы сваёй рэгістрацыі з заявай аб выдачы пашпарта. Пры гэтым неабходна прадаставіць пасведчанне на вяртанне, па якім ён заехаў на тэрыторыю Беларусі.

Можа здарыцца так, што ў той краіне, дзе вы падчас знаходжання згубілі пашпарт, адсутнічае дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі. У такім выпадку неабходна звяртацца ў дыпламатычнае прадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі.

— Не так даўно абмяркоўваліся выпадкі, калі грамадзяне спрабавалі выехаць за мяжу з пашпартамі, у якія былі ўклеены вырваныя старонкі, а фотаздымкі размаляваны. У якіх яшчэ выпадках пашпарты могуць быць прызнаны несапраўднымі?

— Любое парушэнне цэласнасці дакумента, нанясенне грамадзянінам якіх-небудзь знакаў, малюнкаў, тэксту на старонкі пашпарта гаворыць пра тое, што дакумент сапсаваны, а значыць, не дзеючы. Калі пашпарт раней афіцыйна заяўляўся як згублены або скрадзены, а потым быў знойдзены ўладальнікам, то трэба разумець, што гэты дакумент таксама з’яўляецца несапраўдным і перасякаць па ім мяжу немагчыма. Заканчэнне тэрмінаў дзеяння пашпарта, немагчымасць ідэнтыфікацыі даных у пашпарце, напрыклад, выцвілая фатаграфія або размытая пячатка — гэта прыкметы несапраўднасці пашпарта. Выпадкі, калі дакумент, які сведчыць асобу, лічыцца несапраўдным, прадугледжаны Палажэннем аб дакументах, якія сведчаць асобу, і зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 03.06.2008 № 294.

— Што рабіць у выпадку, калі ў пашпарце ёсць дзеючая віза, а ўсе старонкі дакумента праштампаваны, і паставіць пячатку аб перасячэнні мяжы няма куды?

— Такі пашпарт павінен быць заменены на новы. Тым не менш, калі грамадзяніну неабходна скарыстацца пашпартам, які неабходна замяніць, трэба напісаць заяву ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі. На аснове заявы пашпарт, які павінен быць заменены, вяртаюць грамадзяніну пасля таго, калі на старонках 1—30 пастаўлены адзнакі аб ануляванні (акрамя старонак, на якіх стаяць візы, якія дзейнічаюць). Пасля таго, калі неабходнасць карыстання пашпартам адпадзе, яго трэба абавязкова здаць у орган, які вярнуў у часовае карыстанне дакумент, што пацвярджае асобу.

— Якія дакументы неабходна сабраць, каб зрабіць пашпарт дзецям? І што рабіць, калі бацькі зарэгістраваны па розных адрасах? Як у такім выпадку вызначыць месца рэгістрацыі дзіцяці?

— Давайце пачнём з пытання аб рэгістрацыі. Згодна з заканадаўствам, рэгістрацыя непаўналетніх па месцы жыхарства ажыццяўляецца бацькамі па сваім месцы жыхарства не пазней за 1 месяц пасля рэгістрацыі нараджэння. Існуе агульнае правіла: рэгістрацыя па месцы жыхарства непаўналетніх, якія не дасягнулі ўзросту 14 гадоў, ажыццяўляецца па месцы жыхарства іх бацькоў, усынавіцеляў ці па месцы жыхарства аднаго з бацькоў. У такім выпадку згоду на рэгістрацыю павінен даць другі з бацькоў, ці адпаведнае рашэнне, дзе будуць зарэгістраваны дзеці, прыме суд.

Пасля вырашэння гэтага пытання адзін з законных прадстаўнікоў непаўналетняга прадастаўляе дакументы, якія прадугледжаны п. 11.1.4 пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, і зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 № 200.

— Ці трэба афармляць пісьмовы дазвол, напрыклад, бацькі, калі дзіця з маці едзе на адпачынак за мяжу? І ці патрэбен такі дакумент, калі шлюб паміж бацькамі скасаваны?

— Грамадзяне, якія не дасягнулі ўзросту 18 гадоў, калі яны не набылі дзеяздольнасць у поўным аб’ёме ў выніку заключэння шлюбу ці аб’яўлення поўнасцю дзеяздольнымі, могуць выязджаць за межы краіны па пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь пры наступных умовах: у суправаджэнні аднаго з законных прадстаўнікоў пры прад’яўленні законным прадстаўніком непаўналетняга супрацоўніку органа пагранічнай службы дакумента, які пацвярджае статус прадстаўніка непаўналетняга; без суправаджэння законных прадстаўнікоў пры прад’яўленні непаўналетнім ці асобай, якая яго суправаджае, супрацоўніку органа пагранічнай службы пісьмовай згоды абодвух законных прадстаўнікоў, за выключэннем асобных выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам.

Так, у выпадку адсутнасці аднаго з законных прадстаўнiкоў або немагчымасці атрымання яго згоды непаўналетні можа выязджаць з Рэспублікі Беларусь па сваім пашпарце без суправаджэння законных прадстаўнікоў. Але ў такім выпадку павінен быць дакумент, які пацвярджае, што непаўналетні можа выязджаць з дазволу толькі аднаго з бацькоў. Такім дакументам могуць быць: копія рашэння суда аб магчымасці выезду з краіны непаўналетняга без згоды другога законнага прадстаўніка ці копія рашэння суда аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Поўны пералік такіх дакументаў прадугледжаны артыкулам 13 Закона Рэспублікі Беларусь ад 20.09.2009 № 49-3 “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”. У выпадку, калі адзін з законных прадстаўнікоў не згодны з агульным парадкам выезду з Рэспублікі Беларусь непаўналетняга, ён мае права звярнуцца ў суд з заявай аб вызначэнні іншага парадку выезду непаўналетняга.

На падставе рашэння суда аб вызначэнні парадку выезду з краіны непаўналетняга, адрознага ад агульнага парадку, звесткі аб непаўналетнім і аб устаноўленым парадку яго выезду з Рэспублікі Беларусь уключаюцца ў банк даных аб грамадзянах, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана.

— Якімі дакументамі рэгламентуецца выезд за мяжу тых дзяцей, якія выхоўваюцца ў дамах сямейнага тыпу і пры гэтым носяць розныя прозвішчы?

— Выезд дзяцей, якія пражываюць у дзіцячым доме сямейнага тыпу, ажыццяўляецца па агульным правіле, плюс на мяжы прыёмныя бацькі павінны прадаставіць дакумент, які пацвярджае статус законнага прадстаўніка. Дакументы, якія пацвярджаюць статус законнага прадстаўніка непаўналетняга, пералічаны ў артыкуле 17 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”.

— Ці можа жанчына ў выпадку скасавання шлюбу, калі суд вызначыў, што дзеці будуць пражываць з ёй, выехаць з непаўналетнімі на пастаяннае месца жыхарства за мяжу без пісьмовай згоды былога мужа? Як на заканадаўчым узроўні адбываецца вырашэнне такіх пытанняў?

— Былы муж — гэта не былы бацька. Калі суд не пастанавіў іншае, мужчына пасля скасавання шлюбу ў любым выпадку застаецца такім жа законным прадстаўніком непаўналетняга дзіцяці, як і маці. У сувязі з гэтым, для таго каб непаўналетняе дзіця атрымала пашпарт для выезду на пастаяннае месца жыхарства за межы краіны, неабходна мець пісьмовы дазвол таго законнага прадстаўніка, які застаецца жыць у Беларусі.
Калі такога пісьмовага дакумента няма, неабходна прадставіць копію рашэння суда аб магчымасці выезду непаўналетняга з Беларусі на пастаяннае месца жыхарства за мяжу без згоды таго законнага прадстаўніка, які застаецца жыць у краіне. Акрамя гэтага, калі адсутнічае дазвол, могуць быць прадстаўлены наступныя дакументы: копія рашэння суда аб прызнанні такога законнага прадстаўніка недзеяздольным, копія аб пазбаўленні законнага прадстаўніка бацькоўскіх правоў, шлюбны дагавор, згода аб дзецях і інш.

— Аляксей Юр’евіч, ці здараюцца сітуацыі, калі чалавек, знаходзячыся на мытні, даведваецца, што яму забаронена выязджаць за межы краіны? У якіх выпадках можа быць абмежавана права на выезд?

— Права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь можа быць часова абмежавана ў наступных выпадках: калі чалавек ведае аб дзяржаўнай тайне (выезд абмежаваны на тэрмін, які пазначаны ў рашэнні аб часовым абмежаванні яго права на выезд з краіны); калі чалавек падазраецца ў злачынстве ці абвінавачаны па крымінальнай справе; калі не выконвае без уважлівых прычын падатковыя і іншыя абавязкі перад краінай і інш.

Дзяржаўны орган Рэспублікі Беларусь ці іншая арганізацыя, якая прыняла рашэнне аб часовым абмежаванні права грамадзяніна на выезд з краіны ці, наадварот, ужо зняла абмежаванне, паведамляе аб гэтым грамадзяніну не пазней чым за 1 дзень пасля прыняцця адпаведнага рашэння.

Акрамя гэтага, грамадзянін мае права атрымаць інфармацыю аб наяўнасці ў банку даных інфармацыі пра сябе і тых асоб, законнымі прадстаўнікамі якіх з’яўляецца. Для гэтага неабходна звярнуцца ў тэрытарыяльны орган па грамадзянстве і міграцыі. Інфармацыя будзе прадастаўлена ў дзень звяртання.

Гутарыла Наталля САХНО.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*