Лепшых лічаць па восені

Па традыцыі падвядзенне вынікаў летняга аздараўлення праходзіць глыбокай восенню, калі ўсё падлічана, асэнсавана і падсумавана. Не так даўно сталі вядомы і пераможцы Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер, у тым ліку ў намінацыі на лепшую арганізацыю харчавання. Усяго намінацый, нагадаю, пяць. Але гэтая, харчовая, уваходзіць у лік тых трох, з якіх конкурс і пачынаўся ў 2009 годзе, калі яго пачалі праводзіць Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва ў партнёрстве з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Усё пачалося з “Дружбы”

Сёння, як расказала галоўны спецыяліст аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Таццяна Міхайлаўна Верамко, конкурс уключае наступныя намінацыі: “Лепшы загарадны аздараўленчы лагер”, “Лепшае медыцынскае забеспячэнне дзяцей у аздараўленчым лагеры: “Быць здаровым — гэта здорава!”, “Лепшая арганізацыя харчавання ў аздараўленчым лагеры “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця”, “Лепшая арганізацыя спартыўна-аздараўленчай работы ў аздараўленчым лагеры “Са спортам дружыць — здаровым быць” і намінацыю “Новыя мадэлі арганізацыі летняга адпачынку “Зробім лета ярчэйшым”. У мінулым годзе былі распрацаваны і новыя крытэрыі ацэнкі ўдзельнікаў конкурсу.


Узгадваючы гісторыю, не магу не назваць першых пераможцаў у намінацыі на лепшую арганізацыю харчавання. Тады імі сталі аздараўленчыя лагеры “Дружба” Віцебскаблгаза, “Сонейка” Лідскага райвыканкама і “Нёман” Стаўбцоўскага райвыканкама. Сёлета, праз дзевяць гадоў, пераможцамі ў намінацыі названы летнікі “Лясны” Мінскага холадакамбіната № 2, “Крынічка” (“Родничок”) аддзела адукацыі, спорту і турызму Старадарожскага райвыканкама (Мінская вобласць) і яшчэ адзін лагер з назвай “Лясны” аддзела адукацыі, спорту і турызму Слонімскага райвыканкама (Гродзенская вобласць).

Чаму столькі ўвагі падчас летняга аздараўлення ўдзяляецца менавіта харчаванню, зразумела: якое ж аздараўленне без здаровай і карыснай ежы?! І таксама зразумела, чаму сярод задач конкурсу на лепшы лагер арганізатары называюць выяўленне і распаўсюджванне лепшага вопыту работы лагераў па аздараўленні дзяцей, фарміраванні здаровага ладу жыцця і асэнсаванага стаўлення да свайго здароўя і навакольнага асяроддзя. Акрамя таго, сярод задач конкурсу вызначаны выкарыстанне перспектыўных форм і мадэлей арганізацыі змен у аздараўленчых лагерах, павышэнне творчай актыўнасці педагагічных, медыцынскіх і іншых работнікаў лагераў, стымуляванне ўладальнікаў лагераў да ўмацавання і развіцця матэрыяльнай базы і г.д.

У ліку прэтэндэнтаў у намінацыі на лепшую арганізацыю харчавання могуць быць калектывы стацыянарных аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей.

Адзнакі і крытэрыі

Конкурс праходзіць з 1 чэрвеня да сярэдзіны кастрычніка ў два этапы на рэгіянальным (абласным) і рэспубліканскім узроўнях. Але тут неабходна зрабіць важную заўвагу для тых, хто збіраецца прыняць удзел у ім у любой намінацыі. Скажам, вы ўпэўнены, што з арганізацыяй харчавання ў вас усё бездакорна і шансы на перамогу вельмі вялікія. Не спяшайцеся радавацца. Конкурсная камісія абавязкова праверыць, ці няма ў лагера заўваг з боку службаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях або Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Заўвагі ёсць? Значыць, лагеру не быць у ліку фіналістаў.

А новыя сучасныя крытэрыі ў намінацыі “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця” ўключаюць патрабаванні да забяспечанасці сталовай лагера наборам вытворчых памяшканняў, размяшчэнне, плошчы і абсталяванне якіх дазваляюць захоўваць паточнасць тэхналагічнага працэсу. Неабходна, безумоўна, каб выконваліся нормы харчавання, прыёмы ежы былі арганізаваны ў адну змену, у сталовай былі неабходнае абсталяванне і сталовыя прыборы з нержавеючай сталі. Ёсць таксама патрабаванне да наяўнасці форменнага адзення работнікаў сталовай. І, канечне, да двухтыднёвага меню скамплектаваных рацыёнаў, наяўнасці меню дыетычнага харчавання для дыспансерных груп дзяцей па дыеце “Б” (базавая дыета), разнастайнасці страў па днях тыдня, прыёмах ежы.

Летам 2017 года ў беларускіх аздараўленчых, спартыўна-аздараўленчых лагерах адпачылі больш за 368 тысяч дзяцей. Усяго працавалі 6100 летнікаў як дзённага, так і кругласутачнага знаходжання, з іх спартыўна-аздараўленчых — 788. Загарадных аздараўленчых лагераў у Беларусі 146.

Ацэньваецца і шмат іншых параметраў, напрыклад, наяўнасць у меню фірменных страў, укараненне сучаснага абсталявання, новых тэхналогій гатавання ежы і форм абслугоўвання і нават развіццё народных традыцый у харчаванні. Усяго параметраў, якія ацэньвае камісія, 12 (з удакладненнямі), а максімальны бал, які можа набраць лагер, — 55. За няпоўную адпаведнасць або неадпаведнасць патрабаванню камісія знімае з лагера балы. Так, за няпоўнае выкананне норм харчавання можа быць знята па адным бале за кожнае невыкананне норм. Сёлетнія пераможцы атрымалі па 54 і 53,5 бала (два лагеры аднолькава). Адзін з удзельнікаў, напрыклад, страціў палову бала за перавыкананне нормы каўбасных вырабаў, сыру, кандытарскіх вырабаў, другі — за арганізацыю харчавання ў дзве змены.

Рэспубліканская конкурсная камісія — гэта прадстаўнікі розных ведамстваў, дзе кожны — спецыяліст у сваёй галіне. Такім чынам, прадстаўлены міністэрствы адукацыі, аховы здароўя, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, па надзвычайных сітуацыях, Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”.

Для лепшай работы

Як бачна, прэтэндаваць на перамогу ў аглядзе-конкурсе могуць і сапраўды найлепшыя. Ці шмат намаганняў патрабуе работа, якая прыводзіць да перамогі ў намінацыі “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця”? Безумоўна, нямала. Пераканалася ў гэтым сама, калі наведвала летнікі — пераможцы розных гадоў гэтай намінацыі: “Івалга” Маладзечанскага райвыканкама і лагер “Імя Гагарына” прадпрыемства “Мінсктранс”.

Памятаю, як у “Івалзе” дзесяцігадовая дзяўчынка адказвала на маё пытанне “Ці смачна тут гатуюць?”. Тады мая юная суразмоўніца сказала так: “Смачна. Я больш за ўсё люблю суп, катлеты і пюрэ. Толькі вось не ўлазіць усё, але я стараюся з’есці тое, што даюць”.

Вось яна — лепшая ацэначная камісія і лепшая ацэнка работнікам харчовага блока, кіраўніцтву лагера. Дарэчы, тады ж, размаўляючы са спецыялістамі па арганізацыі дзіцячага харчавання, я пачула, што ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Крынічка” штодзённа праводзіцца С-вітамінізацыя харчавання (у кампот дабаўляецца аскарбінавая кіслата). У меню ўключаецца гематаген, а для прафілактыкі дэфіцыту ёду выкарыстоўваецца ёдаваная соль. У меню таксама ўключаны марская рыба і марская капуста. Лагічна, што лагер з такім асэнсаваным падыходам да складання меню стаў сёлета адным з пераможцаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця”.

— Вітамінізацыю харчавання мы, канечне, працягваем, — расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Старадарожскага райвыканкама Сяргей Іванавіч Усік. — А яшчэ ў мінулым аздараўленчым сезоне ўдалося добра патанніць харчаванне ў сезонным лагеры “Крынічка” за кошт шэфскай дапамогі мясцовых гаспадарак. Загадзя падпісалі дагаворы, пастаўкі ішлі толькі ад першых пастаўшчыкоў, уся прадукцыя мясцовая. Таму і змаглі арганізаваць дзецям больш разнастайнае вітаміннае харчаванне з добрымі порцыямі. А яшчэ за два апошнія гады адрамантавалі харчовы блок, падсобныя памяшканні, замянілі тэхналагічнае абсталяванне, у тым ліку набылі параканвектамат. Усё за кошт сродкаў бюджэту і рэспубліканскага суботніка. Менавіта гэтыя дзве пазіцыі — абнаўленне харчаблока і патанненне харчавання (а значыць, яго паляпшэнне) — і сталі нашымі галоўнымі перавагамі. Лагер, дарэчы, упершыню ўдзельнічаў у конкурсе.

Пры гэтым Сяргей Іванавіч гаворыць, што для паспяховага ўдзелу ў аглядзе-конкурсе ў любой намінацыі важна, каб лагер і ў цэлым выклікаў толькі станоўчыя эмоцыі, каб кожны бок яго жыцця быў добра арганізаваны. Так, лагер “Крынічка”, які размяшчаецца ў лясным масіве за 25 кіламетраў ад райцэнтра ў былым панскім маёнтку і працуе ў чатыры змены, прымаючы больш за 390 дзяцей у сезон, збіраецца стаць удзельнікам наступнага конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер — толькі ўжо ў намінацыі на лепшую арганізацыю спартыўна-аздараўленчай работы “Са спортам дружыць — здаровым быць”.

І яшчэ адзін нюанс: пераможцы конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Так што перамога ў ім — гэта не пытанне матэрыяльнай зацікаўленасці, гэта пытанне прэстыжу, самапавагі і задаволенасці дзяцей, якія адпачываюць у лагерах, і іх бацькоў. А матэрыяльнае заахвочванне — у руках уладальнікаў летнікаў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з інтэрнэту.