Недакарміць школу: няўжо камусьці выгадна эканоміць на дзецях?

Штогод на арганізацыю школьнага харчавання дзяржавай выдзяляецца каля 130 млн рублёў. Сума вялікая, і яна магла б забяспечыць усіх без выключэння школьнікаў бездакорным меню і якаснымі абедамі. Тым не менш у сістэме арганізацыі харчавання нават на этапе планавання шмат недахопаў, пазбаўляцца якіх, на жаль, ніхто не спяшаецца.

Якія меры неабходна прыняць, каб харчаванне навучэнцаў адпавядала прынятым стандартам? Ці магчыма ўвогуле зрабіць сістэму харчавання правільнай і здаровай? І ці можна пазбавіцца прабелаў у сістэме школьнага харчавання? Усё гэта мы абмеркавалі з начальнікам упраўлення кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг Камітэта дзяржаўнага кантролю Аленай Генадзьеўнай МАСУРНОЎСКАЙ.

Недахоп мяса кампенсуецца… макаронай

У краіне амаль паўмільёна школьнікаў забяспечваюцца харчаваннем за кошт бюджэтных сродкаў. Толькі ў 2016 годзе і ў студзені — чэрвені 2017 года на харчаванне дзяцей (навучэнцаў 1—4 класаў, навучэнцаў сельскіх школ, дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-інвалідаў) з бюджэту была накіравана сума, эквівалентная 100 млн долараў.


Як расказала Алена Масурноўская, у мінулым навучальным годзе ў сістэме Міністэрства адукацыі функцыянавалі 2934 установы агульнай сярэдняй адукацыі (без уліку спецыяльнай адукацыі). У 1760 школах за харчаванне адказвалі аддзелы адукацыі, у 718 — камбінаты школьнага харчавання, а ў 456 школах гэтае пытанне курыравалі арганізацыі спажывецкай кааперацыі ці іншыя юрыдычныя асобы.

“Напрыклад, у Мінскай вобласці арганізацыю харчавання школьнікаў у асноўным забяспечваюць аддзелы адукацыі, спорту і турызму (98,6%), у Брэсцкай вобласці на іх долю выпадае 68%, у Віцебскай — 70%, а ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях 76 і 58% адпаведна, — тлумачыць асаблівасці арганізацыі харчавання Алена Масурноўская. — Супрацьлеглая сітуацыя ў Мінску. Тут амаль поўнасцю арганізацыяй харчавання займаюцца спецыялізаваныя камбінаты школьнага харчавання. У Гомельскай вобласці больш за палову школ абслугоўвае арганізацыя спажывецкай кааперацыі. Адразу ўзгадваецца прыказка пра семярых нянек, якія не маглі дагледзець адно дзіця”.

Адной з галоўных праблем у арганізацыі школьнага харчавання з’яўляецца невыкананне натуральных норм харчавання, якія, між іншым, строга вызначаны санітарнымі нормамі “Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі” (Сан ПіН № 206). Нарматыўнымі дакументамі ўстаноўлена, што гарачае харчаванне навучэнцаў ажыццяўляецца па прыкладных двухтыднёвых рацыёнах, якія распрацоўваюцца, згодна з санітарнымі нормамі і правіламі, дыферэнцыравана па ўзросце навучэнцаў (6—10 гадоў, 11—13 гадоў, 14—17 гадоў) на аснове норм спажывання харчовых рэчываў і энергіі. Тым не менш аналіз прыкладнага меню ў правераных дзяржкантролем вучэбных установах сведчыць, што нават на этапе планавання меню не забяспечвала выканання натуральных норм харчавання, а гэта ўжо з’яўляецца грубым парушэннем патрабаванняў СанПіНа.

“Як мы можам гаварыць пра паўнацэннае і здаровае харчаванне, калі нават на першапачатковым этапе, падчас планавання, прыкладнае двухтыднёвае меню не забяспечвае выканання натуральных норм? — задаецца пытаннем спецыяліст. — Так, у меню камбіната школьнага харчавання Фрунзенскага раёна Мінска сярэднясутачны расход рыбы складаў 29,5% ад нормы, фруктаў — 40,3%, соку — 29,9%, смятаны — 45,4%. Затое па крупах, макаронных вырабах, бабовых у двухтыднёвым меню расход быў вышэй у 1,5 разу, гэта значыць, перавышаў нормы харчавання. У меню камбіната школьнага харчавання Партызанскага раёна сярэднясутачны расход прадуктаў для навучэнцаў 6—10 гадоў быў ніжэй за ўстаноўленыя натуральныя нормы па 25 найменнях з 33. А вось па калбасных вырабах паказчык перавышаў норму на 15%. Увогуле, у двухтыднёвым меню не былі захаваны правільныя суадносіны па бялках, тлушчах і вугляводах для сутачнага рацыёну навучэнцаў”.

Эканомія на дзецях?

Асобнага пытання заслугоўвае і тое, як кормяць у школе. Неналежны кантроль за якасцю сыравіны, якая выкарыстоўваецца падчас гатавання, неадпаведнасць згатаванай ежы тэхналагічнай дакументацыі — гэта яшчэ дробязі ў параўнанні з тым, што падчас гатавання ежы для навучэнцаў недакладваюцца прадукты. І лічбы, якія прыводзіць Алена Масурноўская для пацвярджэння такіх фактаў, уражваюць. Як высветлілася падчас дзяржаўных праверак, толькі за 2 месяцы — са снежня 2016-а па люты 2017 года — у сярэдняй школе № 45 Магілёва дзецям было недакладзена 180 кілаграмаў мясной сыравіны. А ў сталовай гімназіі № 7 Мінска школьнікаў кармілі пловам, у які было недакладзена 75,4% мяса ад нормы выхаду. Лічбы, здаецца, нерэальныя. Аднак жа бацькі плацяць грошы не за пустую ежу, а за паўнацэнныя абеды.

“Выкананне натуральных норм па прадуктах харчавання значна вышэйшае ў тых школах, за кулінарным пытаннем якіх сочаць аддзелы адукацыі, спорту і турызму, чым ва ўстановах, якія абслугоўваюцца спецыялізаванымі арганізацыямі, — гаворыць Алена Масурноўская. — Напрыклад, у Віцебскай вобласці ў школах, дзе харчаванне арганізавана аддзеламі адукацыі, спорту і турызму, натуральныя нормы харчавання выконваюцца на 98—99%, а ва ўстановах, якія абслугоўваюцца спецыялізаванымі арганізацыямі грамадскага харчавання, на 80—90%”.

Таму відавочным і лагічным будзе пытанне, ці патрэбны нам увогуле камбінаты школьнага харчавання? Магчыма, ёсць сэнс стварыць адзіную сістэму, якая будзе курыраваць пытанні харчавання навучэнцаў. Вось толькі ці будзе ўсё гэта рабіцца добрасумленна?

Выкарыстанне прадуктаў з непрыдатным тэрмінам захоўвання — гэта яшчэ адно вельмі грубае парушэнне правіл і норм харчавання навучэнцаў. Так, на момант нядаўняй праверкі ў буфеце адной з мінскіх школ для продажу дзецям прапаноўвалася 11 найменняў кулінарнай прадукцыі, якую ўжо даўно патрэбна было выкінуць у сметніцу. Непрыдатнымі былі некалькі відаў салатаў, бутэрброды, жэле. У школах Віцебска, куды таксама ездзіў рэспубліканскі дзяржкантроль, для рэалізацыі навучэнцам было прапанавана 700 кілаграмаў пірожных, якія выпякаліся з пратэрмінаванай сыравіны. І тут варта задумацца: амаль усе дзеці любяць салодкае, а значыць, пірожныя набывалі многія навучэнцы. Кандытарскія вырабы, у прыватнасці, бялковы крэм, які выкарыстоўваецца для большасці пірожных, гатуецца з такой сыравіны, якая без спецыяльных умоў доўга не “жыве”. Мінімальнае парушэнне правіл захоўвання — і прадукты сапсаваны. А дзеці гэта яду ць. І пасля пачынаюцца праблемы са страўнікава-кішачным трактам. Усё часцей у малодшых школьнікаў выяўляюцца гастрыты і іншыя захворванні, напрамую звязаныя з пытаннямі харчавання. Чаму? Адказ відавочны.

Так, у сталовай адной з мінскіх гімназій кантралёры дзяржкантролю знайшлі ў маразільнай камеры 27 порцый рысавай кашы, тэрмін захавання якой ужо даўно скончыўся. Навошта і для каго яе трымалі? Магчыма, пасля планавалася сэканоміць на свежых крупах? Тут жа, у гэтай установе ў ёмістасці пад ракавінай было схавана 23 літры малака. Дзіўна, але ў меню ў той дзень малако зусім не значылася. А ў харчаблоку адной з сярэдніх школ Барысава для гатавання ежы навучэнцам захоўвалася мяса, тэрмін прыдатнасці якога скончыўся амаль 3 месяцы назад. Страшна падумаць, што ў адносінах да дзяцей назіраецца такая абыякавасць. Атрымліваецца, што, каб дзяцей кармілі пратэрмінаванымі прадуктамі, бацькі таксама плацяць, але не толькі грашыма, але яшчэ і здароўем.

Часта выяўляюцца выпадкі, калі якасныя прадукты выкрадаюцца з харчаблокаў. Так, у адной са сталовых Мінска на момант праверкі ў мыйным памяшканні ў ёмістасці пад ракавінай было знойдзена 2,5 кілаграма мяса і 3 кілаграмы фаршу.

“На жаль, такія выпадкі не адзінкавыя, — заўважае Алена Генадзьеўна. — Не трэба быць дэтэктывам, каб зразумець, навошта мяса захоўвалася пад ракавінай. Цікавымі з’яўляюцца і выпадкі закупкі дарагіх прадуктаў, якія не прадугледжаны рацыёнам для харчавання школьнікаў. Згадваецца ад зін выпадак. Па дзіўным супадзенні 23 лютага і 9 сакавіка гэтага года са склада камбіната школьнага харчавання Заводскага раёна ў дзевяць школьных сталовых было рэалізавана 8 кілаграмаў слабасалёнай фасаванай фарэлі. Гэтая рыба нятанная. І, згодна з дакументамі, яна была рэалізавана школьнікам у выглядзе бутэрбродаў, якія быццам бы можна было набыць у буфеце. Дарэчы, у дзвюх школах гэтая рыба быццам была дабаўлена і ў комплексныя абеды. Ці паверыце вы, што так і было? Яшчэ адным непрыемным фактам з’яўляецца гатаванне ў школьных сталовых ежы, якая пасля ідзе ў адходы. Навучэнцы павінны атрымліваць ежу кожныя 3,5—4 гадзіны. Але ў сталовай адной з навучальных устаноў Мінска для малодшых школьнікаў адначасова былі пададзены снеданне і абед. Дагэтуль памятаю гэтую карціну. Дзецям на талеркі былі пакладзены свежы агурок, каша вязкая рысавая, біточкі, салат, суп малочны з аўсянымі шматкамі, бульбяная запяканка з мясам, чай. Магчыма, наватары па грамадскім харчаванні рыхтавалі дзяцей да спаборніцтваў па хуткасным ужыванні ежы? Зразумела, што ў выніку немалая частка страў ішла ў адходы. А, магчыма, і не толькі туды, але і ў свабодныя ёмістасці, якія захоўваюцца далей ад чужых вачэй.

Набалелым з’яўляецца і пытанне аб здаровым харчаванні. Як можна гаварыць аб гэтым, калі, напрыклад, у школьных буфетах Жлобіна 80% прадукцыі складаюць салодкія вырабы і выпечка, а садавіна, салаты, малочныя прадукты — 20%. У сталовай адной з гімназій Віцебска 2—3 разы на тыдзень замест дазволенага аднаго дня для харчавання дзяцей выкарыстоўваюць сасіскі і каўбасу. На выкарыстанне гэтых прадуктаў уведзена абмежаванне. І рабілася гэта перш за ўсё для таго, каб захаваць здароўе дзяцей. Але, відаць, мала хто аб гэтым клапоціцца. Няновай праблемай з’яўляецца і тое, што ў школах практычна не праводзіцца прадугледжаная санітарнымі нормамі і правіламі С-вітамінізацыя гатовай ежы. Так, камбінатам школьнага харчавання Партызанскага раёна сталіцы за мінулы навучальны год было вітамінізавана толькі 11% порцый ад усёй рэалізаванай колькасці. А ў маі вітамінізацыя ўвогуле не праводзілася, у той час калі затраты на яе былі закладзены ў сабекошт прадукцыі ўласнай вытворчасці. Аналагічная сітуацыя склалася і ў іншых установах адукацыі”.

Завысіць кошт і панізіць якасць

Падчас праверак дзяржаўны кантроль звяртаў увагу і на канчатковы, адпускны кошт прадуктаў, якія прапануюцца навучэнцам. Згодна з заканадаўствам, цана на прадукцыю грамадскага харчавання ва ўстановах адукацыі рэгулюецца ў парадку, устаноўленым аблвыканкамамі, гарвыканкамам. Нягледзячы на гэта, адзіных падыходаў у коштаўтварэнні няма, а гэта значыць, што арганізатары харчавання свабодна фарміравалі цану на сваю прадукцыю. Шмат пытанняў з’явілася і па закупках харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання, якія выкарыстоўваюцца падчас гатавання ежы для школьнікаў.

“Для дзяржаўных юрыдычных асоб, якія арганізуюць школьнае харчаванне, заканадаўча не замацавана сістэма закупак харчовай сыравіны і прадуктаў, калі закупка праводзіцца за ўласныя сродкі, — тлумачыць Алена Масурноўская. — Пастанова Савета Міністраў № 229 “Аб удасканаленні адносін у галіне закупак тавараў (работ, паслуг) за кошт уласных сродкаў” у адносінах да такіх закупак не можа прымяняцца, бо яе дзеянне не распаўсюджваецца на закупкі тавараў аптовага ці рознічнага гандлю, грамадскага харчавання”.

Як расказала Алена Генадзьеўна, вельмі часта арганізатары школьнага харчавання набываюць сыравіну не ў вытворцаў, а ў пасрэднікаў. Менавіта гэта і робіць школьныя абеды больш дарагімі. У адрозненне ад камбінатаў школьнага харчавання, для аддзелаў адукацыі, спорту і турызму дзяржаўныя закупкі прадуктаў з’яўляюцца абавязковай мерай. Але і тут не абыходзіцца без парушэнняў.

“Парушэнні падчас закупак прыводзяць да таго, што сыравіна закупляецца па завышаным кошце, — канстатуе спецыяліст. — Мелі месца і факты закупкі прадуктаў без правядзення працэдуры закупак. Быў выпадак, калі аддзел адукацыі Магілёўскага райвыканкама закупіў у мясцовага раённага спажывецкага таварыства агуркі і памідоры, якія былі на 12—200% даражэйшымі, чым у вытворцаў. І вось пасля такіх выпадкаў яшчэ будуць сцвяр-джаць, што ў нас робіцца ўсё для таго, каб знізіць кошт прадукцыі і зрабіць харчаванне навучэнцаў здаровым і якасным?! Яшчэ адна праблема — прыём наяўных грошай за харчаванне ад бацькоў. Як правіла, пэўная сума аддаецца настаўніку, але заўважу, што педагог не абавязаны гэтым займацца. Пасля грошы аддаюцца супрацоўнікам сталовых без атрымання квітка. Больш за тое, у некаторых школьных сталовых дагэтуль грошы прымаюцца без выкарыстання касавых апаратаў, прычым большасць такіх “бяскасавых” сталовых знаходзіцца на ўтрыманні камбінатаў школьнага харчавання. Дарэчы, калі гаварыць пра кошт і якасць школьных абедаў, то іх можна зрабіць больш якаснымі і менш дарагімі. Галоўнае — правільна арганізаваць работу адказных за гэта структур. Згадзіцеся: з навучэнцамі павінны працаваць тыя, хто не будзе свае інтарэсы і выгаду ставіць у большы прыярытэт, чым здароўе нашых дзяцей”.

***

Аналізуючы відавочныя праблемы, якія прыжыліся і, здаецца, ужо паспелі стаць вечнымі ў сістэме арганізацыі школьнага харчавання, хочацца атрымаць адказ толькі на адно пытанне. Ці магчыма ўвогуле ў гэтай сферы навесці парадак і пакараць вінаватых? Або, можа, забіраць у дзяцей тое, што ім даецца, гэта норма? Як паведаміла Алена Масурноўская, усе матэрыялы праверкі школ былі абмеркаваны на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю. Пастанова калегіі і выніковая справаздача накіраваны ў Савет Міністраў і Мінскі гарвыканкам. І самае важнае, аб сітуацыі, якая сёння склалася ў арганізацыі школьнага харчавання, праінфармаваны прэзідэнт, які ўзяў гэтае пытанне пад уласны жорсткі кантроль. Да 1 студзеня 2018 года ў школьнай сістэме харчавання павінен быць наведзены парадак. І гэта правільна, таму што красці ў дзяцей ніхто не мае права. І з гэтым, безумоўна, пагодзяцца ўсе.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.