Арганізацыя харчавання навучэнцаў праз камбінаты школьнага харчавання — справа звыклая і ў нашай краіне вельмі распаўсюджаная, але ўсё ж не агульнапрынятая. Так, у Мінскай вобласці ўжо некалькі гадоў установы адукацыі самастойна арганізоўваюць харчаванне для школьнікаў, выхаванцаў дзіцячых садоў, навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (з тых, што падпарадкоўваюцца адпаведнаму ўпраўленню аблвыканкама). Зараз у 98,6% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці харчаванне арганізоўваюць аддзелы адукацыі, спорту і турызму.
Падлікі і рашэнні
Пакуль Міншчына — адзіны рэгіён Беларусі, дзе амаль цалкам харчаванне школьнікаў арганізавана без удзелу КШХ. “Выпадае” толькі Жодзіна, якое мае статус горада абласнога падпарадкавання і таму не мае раёна. Але і тут, гаворыць куратар Мінаблвыканкама па пытаннях арганізацыі дзіцячага і школьнага харчавання галоўны інжынер-тэхнолаг па харчаванні Таццяна Міхайлаўна Фінская, плануецца ў хуткім часе перавесці 8 гарадскіх школ на самастойную работу. Назапашаны вопыт дазваляе сцвярджаць: пераход будзе ўдалым.
— Калі я прыйшла на сваю цяперашнюю работу, а было гэта гадоў 15 назад, на Міншчыне ў арганізацыі харчавання існавала дваістасць: частка школ арганізоўвала харчаванне самастойна, частка — праз камбінаты школьнага харчавання, — узгадвае Таццяна Міхайлаўна. — Ні ў якім разе не хачу сказаць, што работа з дапамогай КШХ — гэта дрэнна, у кожнага свая сістэма, але паколькі ў Мінскай вобласці пераважная частка навучэнцаў харчуецца за бюджэтныя сродкі, то, як мы падлічылі, вельмі многа дзяржаўных грошай выдаткоўвалася на ўтрыманне камбінатаў.
Варта нагадаць, што за бюджэтныя сродкі, гэта значыць бясплатна, харчуюцца ўсе школьнікі з сельскай мясцовасці, у горадзе — навучэнцы 1—4 класаў. Карацей, спецыялісты вырашылі, што эканамічная немэтазгоднасць літаральна вымушае арганізоўваць харчаванне самастойна. Чаму? Вось адзін з прыкладаў, які прыводзіць куратар упраўлення адукацыі аблвыканкама па арганізацыі дзіцячага і школьнага харчавання: абед, згатаваны непасрэдна ў школе, каштуе на 30% танней. Але гэта яшчэ не ўсё. Пры фарміраванні цаны абеду да яе дабаўляецца гандлёвая нацэнка, якая па Мінскай вобласці складала прыкладна 40%, ёсць і іншыя выдаткі, якія значна павышалі кошт харчавання. А ў навучальных установах няма гандлёвых надбавак і нацэнак, бо яны працуюць ад першых пастаўшчыкоў, або, як кажа Т.М.Фінская: “Мы за што купілі, за тое і прадаём”.
— Работа кухараў у нас аплачваецца за кошт бюджэту. У сельскай мясцовасці і так усе на бюджэце, а ў гарадах, скажам, у Барысаве, мы ўвялі па адной дадатковай штатнай адзінцы кухара ў кожнай школе за кошт раённага бюджэту. Але і гэта эканамічна выгадна ў параўнанні з выдаткамі на КШХ, — працягвае мая суразмоўніца. — Мы падлічылі ўсё дакладна і вырашылі, што самастойная арганізацыя харчавання — справа неабходная.
Таннасць і якасць
Зразумела, не менш, а можа, і больш важнае пытанне ў арганізацыі харчавання — яго якасць. Дваістаць падначалення кухараў (КШХ і дырэктару школы, прычым дырэктар тут зусім не галоўны), як палічылі спецыялісты аблвыканкама, не лепшым чынам адбівалася на іх рабоце. Цяпер дырэктар установы адукацыі мае магчымасць са свайго прэміяльнага фонду як заахвоціць работніка харчаблока, так і пакараць, выкарыстоўваючы гэты рычаг. Дапамагаюць у заахвочванні кухараў і прафсаюзы, уключыўшы ў калектыўныя дагаворы пункты аб прэміраванні.
Яшчэ адзін важны момант: за кошт адмаўлення ад нацэнак і надбавак дзіця на тую ж суму грашовай нормы атрымлівае больш разнастайны асартымент страў. Натуральныя нормы харчавання такім чынам у вобласці выконваюцца практычна на 100% і амаль адпавядаюць грашовым. Тыя, хто арганізоўвае харчаванне, добра ведаюць, што дабіцца такога паказчыка вельмі няпроста.
Але, канечне, гэта дасягаецца не толькі за кошт адмовы ад паслуг камбінатаў. Патанненне харчавання ствараецца яшчэ і за кошт работы напрамую з вытворцамі, пра што я ўжо ўзгадвала. Калі раскрыць гэты момант больш шырока, то высветліцца, што праз тэндары права на пастаўку прадуктаў у школу або дзіцячы сад часцей за ўсё выйграюць мясцовыя пастаўшчыкі або прадпрыемствы з суседніх раёнаў Мінскай ці іншай вобласці. Значыць, калі везці прадукцыю блізка, зніжаюцца транспартныя расходы.
Так, адзін з паказальных прыкладаў — Барысаўскі раён. Сярод пастаўшчыкоў прадуктаў харчавання для ўстаноў адукацыі знаходзяцца Барысаўскі мясакамбінат, мясцовыя прадпрыемствы “Веста”, “Здравушка-мілк”, а таксама Мінская аптовая база. Або Нясвіжскі раён. Тут, што вельмі лагічна, сярод галоўных пастаўшчыкоў — СВК “Сноў” і Слуцкі сыраробны камбінат з суседняга раёна. Сёлета толькі ў 4 раёнах Мінскай вобласці (а ўсяго іх 22 плюс Жодзіна) тэндары выйгралі суседзі з іншых абласцей.
І яшчэ адзін сур’ёзны метад патаннення харчавання, які добра спрацоўвае ў вобласці ўжо на працягу ледзь ці не 10 гадоў, — гэта нарыхтоўка бульбы сваімі сіламі. Так, у Клецкім раёне ў кожнай школе ёсць свой агарод. Пры гэтым, калі ў гарадской школе сваёй бульбы не хапае, ёй дапамагаюць сельскія, бязвыплатна.
Напрыклад, у Жодзіне, дзе ў навучальных установах няма агародаў, заключаюць дагаворы з гаспадаркамі, якія пастаўляюць школам прадукцыю бязвыплатна або па нізкіх цэнах. Тое ж і ў іншых гарадах, незалежна ад наяўнасці або адсутнасці ў іх камбінатаў школьнага харчавання. Захоўваць агародніну школы могуць як у сваіх сховішчах (іх мае больш за 90% устаноў), так і ў сховішчах гаспадарак, таксама бязвыплатна. У сярэднім у год закладваецца на захаванне да 5 тысяч тон прадукцыі раслінаводства, што дазваляе дадаткова накіроўваць сродкі (каля 2,5 млн рублёў) на павелічэнне выканання сутачных норм харчавання.
Сістэма кіравання арганізацыяй харчавання на ўзроўні Мінскага аблвыканкама, накіраваная на сацыяльную падтрымку сям’і, была прызнана станоўчай, прадстаўлена на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю 30 жніўня 2017 года і прапанавана для арганізацыі іншым рэгіёнам краіны.
Акрамя таго, школьныя кухары перапрацоўваюць садавіну і агародніну. Скажам, па даных за чатыры месяцы гэтага года яны замарозілі 245 кілаграмаў ягад, перапрацавалі ў варэнне амаль 700 кілаграмаў ягад і садавіны, засалілі 14,5 тоны агуркоў і г.д.
Такім чынам, грашовыя нормы (данныя на лістапад) выдаткаў на харчаванне ў дзіцячых садах, дзе дзеці знаходзяцца 10,5 гадзіны, складаюць 1,87 рубля для адна-, двухгадовых малых і 2,37 — для дзяцей ад 3 да 6 гадоў. Норма на аднаразовае харчаванне для школьнікаў 6—10 гадоў складае 1,1 рубля, 11—13 гадоў — 1,25, 14— 17 гадоў — 1,33 рубля. Для навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі грашовая норма расходаў на аднаразовае харчаванне вызначаецца лічбай 2,07 рубля. Пры гэтым трэба памятаць, што бацькі аплачваюць толькі частку гэтай сумы. Напрыклад, за двухразовае харчаванне бацькі сельскіх малодшых школьнікаў аддаюць 72 капейкі ў дзень.
Навучыцца, адрамантаваць, арганізаваць
Усяго ў Мінскай вобласці, нагадаю, 327 школ, 187 вучэбна-педагагічных комплексаў, 472 установы дашкольнай адукацыі (даныя на пачатак бягучага года). І, як мы памятаем, за невялікім выключэннем у іх з 2012 года наладжана самастойная арганізацыя харчавання. Ёсць, праўда, некалькі маленькіх школ, у якіх няма ўмоў для работы кухні або і кухні, і сталовай. У іх харчаванне завозяць з суседніх школ або дзеці ходзяць харчавацца ў суседнія ўстановы. Пры гэтым адлегласць да іх мінімальная. Так, у сярэднюю школу № 3 Лагойска харчаванне завозяць з першай школы, да якой усяго 300 метраў. А хлопчыкі і дзяўчынкі з суднікаўскай школы Валожынскага раёна харчуюцца на базе мясцовага дзіцячага сада, да якога 200 метраў.
А ў адпаведнасці з раённымі праграмамі па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы харчовых блокаў на 2015—2018 гады праводзіцца мадэрнізацыя і абнаўленне абсталявання. Рэалізацыя гэтых праграм дазволіла скараціць зношанасць абсталявання харчаблокаў з 68,4% да 36,8% на бягучы момант. Толькі ў 2017 годзе набыта 620 адзінак абсталявання для ўстаноў адукацыі на 758,4 тысячы рублёў. У 2014—2017 гадах адрамантаваны 292 харчовыя блокі і абедзенныя залы. Сёлета ўрэцкая сярэдняя школа № 1 і ўрэцкая сярэдняя школа № 2 Любанскага раёна, дзе раней было прывазное харчаванне, абсталяваны стацыянарнымі харчаблокамі.
Для таго каб паспяхова спраўляцца з задачай па самастойнай арганізацыі харчавання, рабіць яго больш танным без страты якасці, любому кіраўніку і спецыялісту ўстановы адукацыі, які задзейнічаны ў гэтым працэсе, неабходны веды. Гэта зразумела, таму навучанне дырэктары школ і іншыя супрацоўнікі навучальных устаноў праходзяць пастаянна. Толькі сёлета для кіраўнікоў арганізаваны 9 семінараў па арганізацыі харчавання ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. 3 семінары прайшлі для бухгалтараў і загадчыкаў харчовых блокаў па цэнаўтварэнні, 9 — па дзяржзакупках, 2 вучэбныя семінары былі арганізаваны для кладаўшчыкоў і адзін — для галоўных бухгалтараў па аплаце харчавання. Ну і сама Т.М.Фінская кунсультуе ўсіх, хто да яе звяртаецца. Кажа, што нядаўна да яе па такую кансультацыю звярнуліся нават з Расіі. Больш за тое, па дамоўленасці з Міністэрствам адукацыі, у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі спецыяліст чытае лекцыі па арганізацыі харчавання для прадстаўнікоў усіх абласцей краіны.
— Уся тэхналагічная служба Мінскай вобласці працуе па некалькіх прынцыпах. Першы — дапамагчы кіраўнікам устаноў адукацыі наладзіць работу па самастойнай арганізацыі харчавання: забяспечыць нарматыўна-прававой, нарматыўна-тэхналагічнай базай і г.д., — тлумачыць Таццяна Міхайлаўна. — Другі — навучыць іх, трэці — спытаць і толькі чацвёрты — пракантраляваць. Ну, і калі ёсць парушэнні, пакараць. Спачатку, як бачыце, дапамога і вучоба.
Марына ХІДДЖАЗ.