Хутка на работу

Размеркаванне, першае працоўнае месца, новы калектыў — усё гэта так важна для маладога спецыяліста, для многіх нават лёсавызначальна. Ці замацуецца новы член калектыву там, куды атрымаў размеркаванне, як складуцца адносіны з калегамі, з работадаўцам, ці пераканаецца малады чалавек, што яго прафесія — выбар на ўсё жыццё, ці зможа раскрыць свой патэнцыял? Пытанняў шмат, час для кожнага выпускніка няпросты і вельмі цікавы, да экзаменаў, уручэння дыпломаў і пачатку самастойнага працоўнага жыцця засталося зусім мала часу.

Перакрыжаванне інтарэсаў

— Размеркаванне — гэта інструмент, які дазваляе звесці разам два зацікаўленыя бакі: маладога спецыяліста і работадаўцу, — тлумачыць начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Антонавіч Каспяровіч. — Але ўсё пачынаецца раней — з таго, што падрыхтоўку маладых спецыя­лістаў заказваюць наймальнікі. Гэты працэс пачынаецца загадзя, яшчэ да прыёму ва ўстановы адукацыі. Адпаведна ў рамках аб’ёмаў заказаў плануюцца і аб’ёмы пад­рыхтоўкі, кантрольныя лічбы прыёму. А пасля работы ў тэрмін, прадугледжаны размеркаваннем, перад маладым спецыялістам зноў паўстае выбар: працягнуць работу ў першага наймальніка або перайсці да іншага.

Пры гэтым, упэўнены С.А.Каспяровіч, механізм размеркавання мае сёння вельмі высокую гнут­касць, паколькі ў ім закладзены працуючыя інструменты для пераразмеркавання, для змены месца працы падчас работы па размеркаванні. Галоўнае тут — згода наймальнікаў: і таго, у каго спецыяліст працуе, і таго, да якога ён хоча перайсці. Натуральна, для пераразмеркавання трэба звярнуцца і ў сваю навучальную ўстанову.

Ёсць шэраг інструментаў падтрымкі маладых спецыялістаў, якія працуюць па размеркаванні: адсутнасць тэрміну выпрабавання, забарона на неабгрунтаваную адмову на заключэнне працоўнага дагавора з боку наймальніка і інш.

— Гарантыі, якія атрымлівае малады спецыяліст, важныя і для наймальніка, — лічыць Сяргей Антонавіч. — Два гады работы па размеркаванні або пяць пры мэтавай падрыхтоўцы — гэта час прафесійнага станаўлення, росту, па-першае, а па-другое — гэта гарантыі для наймальніка, што гэты час выпускнік, працуючы добрасумленна, будзе прафесійна расці.

У бягучым навучальным годзе пэўныя ўстановы правялі і папярэдняе, і канчатковае размеркаванне яшчэ ўвосень, па заканадаўстве яно павінна завяршыцца не менш чым за два месяцы да выпуску. Папярэдняя інфармацыя гаворыць, што сёлетнія выпускнікі забяспечаны і заказам кадраў, і заяўкамі, якія прадастаўляліся на працягу года.

Нагадаем, што ёсць катэгорыі выпускнікоў, якія маюць першачарговае права на выбар працоўных месцаў па размеркаванні. Гэта студэнты, якія ма­юць больш высокія балы, тыя, чые імёны занесены ў банк даных адоранай мола­дзі, дадаткова такое права цяпер атрымалі асобы, якія прайшлі тэрміновую ваенную службу і маюць добры ўзровень паспяховасці, рэкамендацыі вайсковых часцей.

Што да лічбаў, то, напрыклад, у 2019 годзе на ўзроўні вышэйшай адукацыі было размеркавана крыху больш за 19 300 выпускнікоў, у 2020 го­дзе — каля 19 250 (99,9% тых, хто падлягаў размеркаванню, акрамя адзінкавых выпадкаў, калі выпускнікі мелі пэўныя падставы для самастойнага працаўладкавання). Фактычна, гэта ўсе тыя, хто атрымаў вышэйшую адукацыю на бюджэтнай аснове ў дзённай форме навучання. Размеркаванню падлягаюць выпускнікі завочнай формы навучання, якія не менш за палову тэрміну атрымлівалі адукацыю ў дзённай бюджэтнай форме.

Сёлета прагнозныя лічбы такія: на першай ступені вышэйшай адукацыі ў бюджэтнай форме плануецца выпуск прыкладна 24 400 маладых спецыялістаў, уключаючы завочнікаў, у дзённай форме — прыкладна 19 400 чалавек. Як бачна, лічбы супастаўныя з паказчыкамі мінулых гадоў. Калі гаварыць пра другую ступень вышэйшай адукацыі, то выпуск магістратуры плануецца ў колькасці прыкладна 2,5 тысячы чалавек, з іх падлягаюць размеркаванню каля 1,6 тысячы магістраў.

На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі сёлета плануецца выпуск каля 19 тысяч спецыялістаў, якія атрымліваюць адукацыю за кошт бюджэту на дзённай форме навучання. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі выпуск будзе прыкладна на ўзроўні мінулага года, калі было размеркавана каля 22 700 выпускнікоў (на гэтым узроўні навучанне ажыццяўляецца толькі за бюджэтныя сродкі).

Варта нагадаць, што для выпускнікоў, якія паступаюць на больш высокі ўзровень атрымання адукацыі, на­прыклад, пасля каледжа паступаюць ва ўстанову вышэйшай адукацыі ў год заканчэння першай установы і пры паступленні на дзённую бюджэтную форму, размеркаванне ўмоўна анулюецца. Размеркаванне такіх студэнтаў і навучэнцаў чакае пасля заканчэння наступнай установы адукацыі, больш высокага ўзроўню.

Ёсць, канечне, выпускнікі, якія, атрымаўшы размеркаванне, не даязджаюць да першых працоўных месцаў. На ўзроўні вышэйшай адукацыі прыбыццё, напрыклад, пацвярджаецца на ўзроўні 90%, сярод астатніх тыя, хто пайшоў служыць у армію, паступіў на больш высокі ўзровень атрымання адукацыі. Тых жа, хто не прыязджае працаваць па размеркаванні без важкіх прычын, нямнога — пасля заканчэння УВА 100—150 чалавек у год, але гэта і тыя, хто проста не прыехаў, і тыя, хто не закончыў абавязковы тэрмін работы. Гэтыя людзі вяртаюць сродкі, выдаткаваныя на іх навучанне з бюджэту — гэта прадугледжана заканадаўствам — або ў добраахвотным парадку, або пасля заканчэння шасцімесячнага тэрміну праз суд. Апошняе бывае ў адзінкавых выпадках.

Не варта забываць і пра другасную занятасць моладзі, напрыклад, падчас летніх канікул: сёлета, па даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, плануецца часова працаўладка­ваць 25—30 тысяч маладых людзей з ліку студэнтаў і навучэнцаў. Мерапрыемствы па арганізацыі такой занятасці закладзены ў дзяржаўнай праграме “Рынак працы і садзейнічанне занятасці”. На гэты год закладзена каля 6 млн рублёў на фінансаванне такіх мерапрымстваў. Каб даведацца пра тое, якія рабочыя месцы могуць быць прадастаўлены моладзі, можна звярнуцца ў службу занятасці па месцы жыхарства або да сацыяльных педагогаў ва ўстановах адукацыі, з якімі спецыялісты міністэрства падтрымліваюць цесную сувязь. І, канечне, будуць працаваць, а дзесьці працуюць круглагадова студэнцкія атрады.

Умовы для выбару

— Узровень маладзёжнага беспрацоўя (сярод людзей ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў) у нас вельмі невысокі, знаходзіцца ў рамках 6,5% па выніках 2020 года, — запэўнівае начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Валер’евіч Токун. — Вялікую ролю ў тым, што сярод моладзі няшмат беспрацоўных, адыгрывае размеркаванне. Пры гэтым маладыя спецыялісты забяспечаны сацыяльнымі гарантыямі, замацаванымі ў двух асноўных дакументах: Кодэксе аб адукацыі і Працоўным кодэксе.

Спецыяліст гаворыць, што з практыкі работы ён ведае: колькасць беспрацоўных з дыпломам аб вышэйшай адукацыі найменшая. Большая частка беспрацоўных або не мае адукацыі, або мае прафесійна-тэхнічную адукацыю.

Такім чынам, маладыя спецыялісты, якія атрымалі размеркаванне, забяспечваюцца працоўнымі месцамі ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, ім прадастаўляецца адпачынак працягласцю 31 дзень, выпускнікам педагагічных спецыяльнасцей — 45 каляндарных дзён. Па ініцыятыве выпускніка адпачынак можа быць скарочаны.

Таксама маладыя спецыялісты атрымліваюць кампенсацыю ў сувязі з пераездам у іншую мясцовасць, грашовую дапамогу. Дапамога выплачваецца ў памеры месячнай стыпендыі, прызначанай у апошнім семестры. Маладым рабочым або служачым грашовая дапамога вызначаецца, зыходзячы з тарыфнай стаўкі, тарыфнага акладу. Дапамогу выплачвае наймальнік у месячны тэрмін з дня заключэння працоўнага дагавора.

— Такія гарантыі распаўсюджваюцца на ўсіх выпускнікоў, якія атрымалі накіраванне на работу, у тым ліку на тых, хто атрымаў адукацыю за свае грошы, — падкрэслівае А.В.Токун. — Калі малады спецыяліст не атрымліваў стыпендыі, то грашовая дапамога выплачваецца яму з разліку сацыяльнай стыпендыі, устаноўленай на дату выпуску. Кампенсацыя ў сувязі з пераездам уключае вяртанне кошту праезду на месца работы самога выпускніка, членаў яго сям’і ў поўным памеры, расходы па правозе маёмасці чыгуначным, водным або аўтамабільным транспартам агульнага карыстання. Таксама выплачваюцца сутачныя за кожны дзень знаходжання ў дарозе ў адпаведнасці з заканадаўствам аб службовых камандзіроўках. Такое права маюць выпускнікі, якія прыехалі працаваць не па месцы свайго пастаяннага пражывання.

— Сацыяльная падтрымка будзе эфектыўнай у тым выпадку, калі наймальнік зацікаўлены ў выпускніку, — дадае С.А.Каспяровіч. — З майго пункту гледжання, менавіта дзеянні наймальніка вельмі ўплываюць на тое, замацуецца малады спецыяліст ці не.

Ілона Аляксееўна Дзмітровіч — адна з будучых маладых спецыялістаў, якім якраз важна ведаць пра сацыяльныя гарантыі, свае правы і абавязкі ў новым статусе. Хаця менавіта гэтая чацвёртакурсніца Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка пра многае ўжо даведалася, прычым на практыцы, бо дзяўчына працуе ў сярэдняй школе № 32 Мінска настаўніцай пачатковых класаў.

— Падчас практыкі ва ўніверсітэце я пераканалася, што работа для мяне — гэта не проста работа, але і прызванне, — расказвае І.А.Дзмітровіч. — На нашым факультэце ёсць вялікі плюс: на чацвёртым курсе мы маем магчы­масць працаваць. Я знайшла работу: школа з радасцю прымае маладых спецыялістаў, іх тут многа. Школа аснашчана сучаснымі тэхналогіямі для навучання, тут праводзяцца майстар-класы, канферэнцыі, адкрытыя ўрокі кваліфікаваных педагогаў, каб мы маглі пераняць іх вопыт.

Маладая настаўніца таксама пацвярджае, што на яе факультэце размеркаванне стапрацэнтнае, ёсць магчы­масць самому знайсці першае месца працы або такое месца прадастаўляе галіновае міністэрства. З мінусаў называе невысокую заработную плату і цяжкасці з жыллём, бо сама дзяўчына з Віцебска. Прыезджыя выпускнікі, як правіла, самі шукаюць жыллё, а з зарплаты маладога спецыяліста заплаціць за арэнду вельмі няпроста. Вырашэнне гэтых пытанняў — наяўнасць магчымасцей і ўмоў для развіцця, падтрымка адміністрацыі, добры калектыў, вырашэнне жыллёвага, матэрыяльнага пытанняў — значна ўплываюць на рашэнне маладых спецыялістаў застацца на першым рабочым месцы пасля тэрміну работы па размеркаванні.

Дарэчы, сярод самых чаканых наймальнікамі работнікаў сёння — спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі, медыцынскія работнікі на розных узроўнях адукацыі, супрацоўнікі ІТ-сектара і спецыялісты па шэрагу высокатэхналагічных спецыяльнасцей: у галінах хімічных тэхналогій, іншых. Хаця, як падкрэслівае С.А.Каспяровіч, размеркаванне паспяхова атрымліваюць выпускнікі ўсіх спецыяльнасцей.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.