Санітарна-эпідэміялагічная служба да надыходзячага летняга сезона адносіцца з павышанай увагай і асцярогай. І гэтаму ёсць тлумачэнне. Ва ўмовах распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі захаванне норм і правіл санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму ў летніках — адна з галоўных умоў паспяховага правядзення летняй аздараўленчай кампаніі.
Якія меры павінны быць прыняты ў лагерах, каб пазбегнуць непрадбачаных сітуацый? Як адбываецца кантроль і нагляд за выкананнем санітарных прадпісанняў? Усе падрабязнасці расказала загадчык аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кацярына Уладзіміраўна Сухавер.
— Кацярына Уладзіміраўна, па якіх санітарных нормах і крытэрыях ацэньваецца гатоўнасць лагераў да прыняцця дзяцей?
— Дакументаў, якімі кіруюцца санітарныя службы, ацэньваючы гатоўнасць лагераў да прыняцця дзяцей, некалькі. Па-першае, гэта “Спецыфічныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да ўтрымання і эксплуатацыі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый”, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў ад 26 верасня 2019 года № 663. Акрамя гэтага, мы кіруемся санітарнымі нормамі і правіламі “Патрабаванні да аздараўленчых арганізацый для дзяцей” (пастанова Міністэрства аховы здароўя № 205) і загадам Міністэрства аховы здароўя № 436 “Аб некаторых пытаннях арганізацыі медыцынскага забеспячэння летняга аздараўлення дзяцей у 2020 годзе”. Яшчэ адзін важны дакумент для ацэнкі гатоўнасці лагераў — пастанова намесніка міністра — галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача № 12 “Аб дзяржаўным санітарным наглядзе за аздараўленнем (санаторна-курортным лячэннем) дзяцей у летні перыяд 2020 года”.
— Ці існуе вызначаны парадак правядзення праверак у лагерах, у тым ліку вашым ведамствам?
— Такі алгарытм існуе, і ён вызначаны ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 16.10.2009 № 510 і пастановай № 12. Так, у перыяд падрыхтоўкі да арганізацыі лагераў быў наладжаны аператыўны кантроль за выкананнем прадпісанняў (рэкамендацый) аб ліквідацыі парушэнняў у частцы прывядзення матэрыяльна-тэхнічнай базы аздараўленчых лагераў у адпаведнасць з вызначанымі санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі. Акрамя гэтага, у перыяд правядзення першай змены спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы аказваюць штату лагера метадычную дапамогу па пытаннях забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту ў першыя 3 дні пасля пачатку работы першай змены аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем і ў далейшым пры ажыццяўленні наглядных мерапрыемстваў ва ўсіх лагерах.
Не радзей за 3 разы на дзень у лагерах павінна праводзіцца вільготная ўборка памяшканняў, у тым ліку не радзей за 1 раз на дзень — з выкарыстаннем дэзынфецыруючых сродкаў з віруліцыдным дзеяннем.
Акрамя гэтага, таксама ажыццяўляецца дзяржаўны санітарны нагляд за выкананнем у аздараўленчых арганізацыях заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва (маніторынг, мерапрыемствы тэхнічнага (тэхналагічнага, праверачнага) характару).
— Як у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй сёлета будзе ажыццяўляцца кантроль за выкананнем санітарных норм з боку вашай арганізацыі? Што будзе пад забаронай?
— Кантроль будзе ажыццяўляцца ў рамках заканадаўства, тых дакументаў, якія згаданы вышэй. Безумоўна, у сувязі з тым, што ў краіне адзначалася ўскладненая эпідэмічная сітуацыя, выкліканая распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва распрацавалі “Часовыя метадычныя рэкамендацыі па прафілактыцы заносу і распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 пры арганізацыі работы аздараўленчых і санаторна-курортных арганізацый у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі для дзяцей 2020 г.”.
— Нягледзячы на афіцыйныя даныя, згодна з якімі колькасць выпадкаў перадачы і заражэння COVID-19 знізілася, якія яшчэ карэктывы будуць сёлета ўнесены ў дзейнасць аздараўленчых лагераў — школьных і загарадных?
— У адпаведнасці з часовымі рэкамендацыямі, правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі будзе ажыццяўляцца з улікам эпідэмічнай сітуацыі, якая складваецца на канкрэтнай адміністрацыйнай тэрыторыі, а таксама іншых крытэрыяў. Да іх трэба аднесці від аздараўленчага лагера, рэжым і ўмовы яго дзейнасці. Прыём дзяцей у арганізацыі будуць праводзіць па прадастаўленні медыцынскіх даведак з інфармацыяй пра адсутнасць кантакту першага ўзроўню па інфекцыі COVID-19 па месцы жыхарства (знаходжання) у парадку, вызначаным Міністэрствам аховы здароўя, а таксама пасля правядзення тэрмаметрыі. Акрамя гэтага, перавоз дзяцей у арганізацыі аздараўлення павінен праходзіць з забеспячэннем вадзіцеляў транспарту сродкамі індывідуальнай засцярогі. Непасрэдна ў лагерах дзеці павінны быць максімальна разлучаны пры пражыванні, арганізацыі дзённага сну, харчавання, арганізацыі атрадных і іншых мерапрыемстваў. Яшчэ павінна быць наладжана забеспячэнне штодзённага кантролю (апытання) дзяцей аб стане іх здароўя, вымярэнне тэмпературы цела.
Што тычыцца работнікаў лагера, яны павінны выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай засцярогі для органаў дыхання са зменай не радзей 1 разу на 2 гадзіны, а таксама пальчаткі.
Не радзей за 3 разы на дзень у лагерах павінна праводзіцца вільготная ўборка памяшканняў, у тым ліку не радзей за 1 раз на дзень — з выкарыстаннем дэзынфецыруючых сродкаў з віруліцыдным дзеяннем. Уборка месцаў агульнага карыстання павінна праводзіцца пасля кожнага выкарыстання (абедзенная ці актавая зала і інш.). І гэта толькі частка санітарных мер, якіх трэба прытрымлівацца. Зразумела, што дэзынфекцыя паверхняў, праветрыванне пакояў таксама павінны быць, а масавыя мерапрыемствы трэба праводзіць на свежым паветры.
У выпадку ўскладнення эпідэмічнай сітуацыі па COVID-19, рэгістрацыі захворванняў павінна быць уведзена абмежаванне ў правядзенні мерапрыемстваў.
У лагерах дзеці павінны быць максімальна разлучаны пры пражыванні, арганізацыі дзённага сну, харчавання, арганізацыі атрадных і іншых мерапрыемстваў. Яшчэ павінна быць наладжана забеспячэнне штодзённага кантролю (апытання) дзяцей аб стане іх здароўя, вымярэнне тэмпературы цела.
У аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем дзяцей за кожным атрадам будуць замацаваны асобныя памяшканні. Таксама дазваляецца не арганізоўваць пры адсутнасці ўмоў для дзённага сну сон для вучняў 3—4 класаў.
Падчас правядзення летняй кампаніі 2020 года павінна быць выключана правядзенне бацькоўскіх дзён.
— Хто з работнікаў лагера павінен перад пачаткам змены праходзіць гігіенічнае навучанне? У чым яго сэнс і як яно праводзіцца?
— Гігіенічнае навучанне праводзіцца згодна з адпаведнай інструкцыяй. Яго павінны праходзіць кіраўнікі аздараўленчых арганізацый для дзяцей, работнікі аб’ектаў харчавання (перад паступленнем на работу і ў далейшым 1 раз на год), а таксама работнікі плавальных басейнаў (прыбіральшчыкі памяшканняў, аператары хларатарных установак, медыцынскія сёстры) і пральняў арганізацый перад паступленнем на работу і ў далейшым 1 раз на 2 гады і інш.
Гігіенічнае навучанне, як правіла, праводзіцца або ў тэрытарыяльным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, або на месцах.
Атэстацыя (праверка ведаў) названых вышэй катэгорый службовых асоб і работнікаў па выніках гігіенічнага навучання праводзіцца ўрачамі-гігіеністамі (валеолаг, эпідэміёлаг) ва ўстановах дзяржаўнага санітарнага нагляду ў форме субяседавання ці тэставага кантролю.
Пры станоўчым выніку атэстацыі па гiгiенiчным навучанні адзнака аб яе праходжанні ўносіцца ў асабістую медыцынскую даведку. Пры нездавальняючым вынiку атэстацыі адзнака ў асабістую медыцынскую даведку не ўносіцца і даведка не выдаецца. Неатэставаныя работнікі накіроўваюцца на паўторнае гігіенічнае навучанне, якое праходзіць у вочнай форме. У выпадку паўторных нездавальняючых вынікаў атэстацыі ўстанова дзяржнагляду паведамляе аб гэтым кіраўнікам арганізацый, работнікі якіх не прайшлі атэстацыю.
— Ці існуюць нейкія асобныя патрабаванні ў дачыненні да дзейнасці профільных лагераў, напрыклад лагера працы і адпачынку?
— У дачыненні да профільных лагераў дзейнічаюць такія ж дакументы, што і да загарадных аздараўленчых летнікаў. У дадатак да агульных патрабаванняў удакладняецца база, від працы, узрост дзяцей.
У профільных аздараўленчых лагерах працы і адпачынку павінны выдзяляцца памяшканні для чысткі, сушкі, захоўвання рабочага адзення і абутку і павінна быць памяшканне для захоўвання інвентару. Таксама ў згаданых летніках іх дзейнасць павінна быць арганізавана з захаваннем некаторых патрабаванняў, накіраваных на папярэджанне нанясення шкоды здароўю дзяцей. Такім чынам, павінны выконвацца патрабаванні Працоўнага кодэкса, у тым ліку праца дзяцей павінна быць арганізавана толькі ў першай палове дня, а яе працягласць павінна быць не большай за 23 гадзіны на тыдзень (4 гадзіны 36 мінут на дзень) — гэта для дзяцей ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. Для тых, каму 16 і больш, працягласць працы павінна быць не большай за 35 гадзін на тыдзень (7 гадзін на дзень).
Нормы выпрацоўкі павінны складаць для дзяцей ва ўзросце ад 14 да 15 гадоў не больш за 60 працэнтаў, ад 16 да 17 гадоў — не больш за 75 працэнтаў ад нормы выпрацоўкі для дарослых і быць дадаткова зніжаны на 20—30 працэнтаў у выпадку цяжкай работы.
Масавыя мерапрыемствы ў аздараўленчых лагерах трэба праводзіць на свежым паветры. У выпадку ўскладнення эпідэмічнай сітуацыі па COVID-19, рэгістрацыі захворванняў павінна быць уведзена абмежаванне ў правядзенні мерапрыемстваў.
Дазваляецца прыцягваць дзяцей ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў да работ згодна з пералікам лёгкіх відаў работ, якія могуць выконваць асобы адпаведнага ўзросту. Акрамя гэтага, павінны выконвацца гранічныя нормы пад’ёму і перамяшчэння непаўналетнімі цяжараў уручную. Дзеці павінны быць забяспечаны спецыяльнай вопраткай, абуткам і іншымі сродкамі індывідуальнай засцярогі ў адпаведнасці з характарам работ, якія яны выконваюць. Напрыклад, збор ураджаю з выкарыстаннем ручной працы дапускаецца праводзiць на палях, апрацаваных у бягучым годзе пестыцыдамі III—IV класаў небяспекі, але толькі пры ўмове прадстаўлення кіраўніку (заснавальніку) аздараўленчага лагера працы і адпачынку кіраўніцтвам гаспадаркі дакументаў, якія пацвярджаюць заканчэнне дапушчальнага тэрміну выхаду (утрыманне рэшткавых колькасцей пестыцыдаў у глебе і раслінах). Праз кожныя 45 мінут работы павінны быць перапынкі працягласцю ад 10 да 15 мінут. А пры працягласці працы 7 гадзін на дзень павінен прадугледжвацца дадатковы перапынак для прыёму ежы і адпачынку працягласцю, не меншай за 60 мінут.
— Кацярына Уладзіміраўна, ці могуць арганізатары дзіцячага адпачынку самастойна ацаніць узровень работы па забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму і такім чынам пазбегнуць парушэнняў, а ў наступным — штрафаў? Якіх правіл яны павінны прытрымлівацца?
— Не, так быць не можа. Ацэньвае ўзровень арганізацыі санітарна-эпідэміялагічная служба, у адпаведнасці з дакументамі, пра якія мы ўзгадалі, а таксама згодна з Законам № 340-З “Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва”. Як ужо адзначала вышэй, спачатку санэпідслужба аказвае метадычную дапамогу па ўсіх пытаннях. У ходзе маніторынгу выдаюцца рэкамендацыі з тэрмінамі ліквідацыі, калі парушэнні былі выяўлены. Але калі нядбайныя кіраўнікі і пасля гэтага не выканаюць патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, толькі тады яны ці службовыя асобы будуць прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.