Узлёт “Арляняці”

Бераг Віліі, 25 кіламетраў ад горада, тэрыторыя плошчай у 6 гектараў — у такім цудоўным месцы знаходзіцца лепшы аздараўленчы лагер сярод тых, што падпарадкоўваюцца сістэме адукацыі, па выніках аздараўленчай кампаніі 2019 года. Гэта лагер “Арляня” Смаргонскага ўпраўлення адукацыі. Сёлета ў сувязі з няпростай санітарна-эпідэмічнай сітуацыяй лепшы летнік Беларусі адкрываецца пазней,  чым звычайна — 1 ліпеня. І змен, і адпачываючых тут не так многа, але адпачынак не стане ад гэтага ні менш карысным, ні менш цікавым. Дырэктар аздараўленчага лагера “Арляня” Алег Аляксандравіч Стрыга ў гэтым упэўнены.

Дырэктар лагера А.А.Стрыга (у цэнтры).

— Алег Аляксандравіч, летась перамога лагера, які вы ўзначальваеце, была, канечне, вельмі прыемнай, але не сказаць, што нечаканай. Калектыў летніка ішоў да яе паступова, і вынік аказаўся лагічным, ці не так?

— Так, безумоўна. Лагер працуе даўно — з 1989 года. За гэты час мы паспелі прыняць удзел не ў адным конкурсе, і, шчыра скажу, удзел быў паспяховым. Па выніках аздараўленчай кампаніі 2013 года летнік стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі на лепшае медыцынскае забеспячэнне. У 2014 годзе наш лагер “Арляня” быў першым у намінацыі “Лепшая арганізацыя харчавання”, у 2016 годзе — у намінацыі “Лепшая арганізацыя спартыўна-аздараўленчай работы ў аздараўленчым лагеры”. У 2018 годзе мы зноў былі прызнаны лепшымі па медыцынскім забеспячэнні. Так што, сапраўды, да агульнай перамогі ў конкурсе ішлі паступова і дасягнулі яе летась. 

— У мінулагодняй перамогі шмат складнікаў, трэба ж было вызначыцца ў многіх кірунках работы. Раскажыце, калі ласка, пра іх. Магчыма, варта пачаць з медыцынскага абслугоўвання, у галіне якога  лагер “Арляня” двойчы быў лепшым.

— На працягу многіх гадоў у лагеры працуюць спецыялісты, якіх я называю “мая каманда”, у тым ліку доктар, які амаль увесь сезон аддае лагеру. Летась, напрыклад, працаваў у нас 4 змены з 5-ці. Сёлета, праўда, не ведаю, як будзе, наш урач заняты на барацьбе з каранавірусам (гаворка ідзе пра сярэдзіну чэрвеня.Заўв. аўтара). Гэта Руслан Анатольевіч Яцкевіч, загадчык амбулаторыі ў Жодзішках, дзякуючы актыўнаму ўдзелу якога мы і перамаглі ў рэспублікан­скім конкурсе.

Але, безумоўна, у любым выпадку медыцынскае абслугоўванне будзе забяспечана ў поўным аб’ёме — пастаянны медыцынскі пост, кругласутачнае знаходжанне ў лагеры ўрача і дзяжурнай медсястры. Калі ж у доктара выхадны дзень, то дзяжураць 2 медсястры, ды і ўрач нават падчас свайго выхаднога знаходзіцца на сувязі  — дасць і кансультацыю, прыедзе з дому, калі ён там (гэта я гавару па мінулых гадах). 

— Не менш выдатна ў вас атрымліваецца з арганізацыяй харчавання ў летніку. Якія тут робіце захады?

— Натуральна, мы набываем прадукты толькі вышэйшага гатунку, у вытворцаў напрамую, рэдка бывае інакш, і амаль усе прадукты нам прывозяць вытворцы на сваім транспарце. Максімальны тэрмін, за які мы выкарыстоўваем прадукты, — сёння на паслязаўтра, і то такое бывае толькі ў выхадныя дні. Завоз тры дні ў тыдзень — панядзелак, серада, пятніца. Калі пры прыёме знойдзем пару сапсаваных памідораў, можам усю машыну адправіць назад.

Як і ўсюды, у нашым харчовым блоку працуюць правераныя кадры. З 2009 года, калі лагер быў перададзены сістэме адукацыі, мы стварылі схему па рабоце кухараў са школ раёна. Няма ні аднаго выпадковага чалавека ў харчовым блоку. Складаецца графік, брыгады заязджаюць пазменна — з гарадскіх школ і зборная брыгада з сельскіх школ раёна. На 9-дзённую змену — брыгада кухараў з дзіцячых садоў. Сярод гэтых лю­дзей не можа быць чалавека, якія не ведае прынцыпаў гатавання ежы для дзяцей.

— Упэўнена, што лепшы лагер краіны не можа не мець сваёй цікавай асаблівасці. У чым яна, Алег Аляксандравіч?

— Ёсць такая, канечне. Я патрабую ў педагогаў, каб дзеці былі пастаянна заняты, бо дзіця, якое пакінулі без ўвагі, можа заняцца чым заўгодна: залезці на дах, дрэва, пайсці купацца без дарослых. Таму — ні хвіліны пакою з 8 раніцы да 22 гадзін вечара. Для мяне лепшы паказчык работы — гэта размовы з дзецьмі, калі яны пытаюцца: “Алег Аляксандравіч, а можна мы заўтра адпачнём ад адпачынку”. Неяк я падлічыў, што за 18 дзён у нас прайшло 16 агульналагерных мерапрыемстваў культурна-масавага кірунку, 35 спартыўных агульналагерных спаборніцтваў, кожны дзень культурна- і спартыўна-масавыя ўнутрыатрадныя мерапрыемствы ды яшчэ і міжатрадныя.

Актыўны адпачынак.

— Каб зрабіць усё тое, пра што вы расказалі, важна мець добрую базу як адзін з асноўных складнікаў паспяховай работы.

— У нас такая база, што дазваляе арганізаваць любы кірунак работы як мага лепш. Тэрыторыя вялікая, на ёй 18 будынкаў, з якіх 11 спальныя домікі, кожны плошчай 90 м кв. Асобна размяшчаюцца харчовы блок, клуб, медыцынскі корпус, душавыя, дзе 2 гады назад быў зроблены капітальны рамонт, спартыўныя і іншыя збудаванні. Упэўнена скажу: лагер адпавядае ўсім санітарным нормам, прынятым у Беларусі, усім патрабаванням бяспекі — пажарнай службы, міліцыі і г.д. Летнік разлічаны на 170 дзяцей у змену, летась у нас аздаравіліся 800 хлопчыкаў і дзяўчынак за 5 змен, адна з якіх доўжылася 9 дзён, іншыя — 18. Усяго 81 дзень на тэрыторыі лагера знаходзіліся дзеці, не лічачы перазменак.

— Але сёлета, відавочна, не ўдасца прыняць столькі адпачываючых. Раскажыце пра цяперашнюю сітуацыю, калі ласка.

— Канечне, і змен у нас будзе менш, і дзяцей мы прымем менш, чым звычайна.  Паспеем правесці тры змены, дзве з іх па 18 дзён. Сярэдні кошт пуцёўкі на 18-дзённую змену 512 рублёў, але для дзяцей рознага ўзросту яна, зразумела, розная, бацькі даплачваюць з гэтай сумы ў сярэднім 300 рублёў. Сярэдні кошт пуцёўкі на 15-дзённы лагер — 370 рублёў, сярэдняя сума бацькоўскай даплаты — 225 рублёў.

Згодна з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя, сёлета мы прымаем дзяцей у палавінную магутнасць лагера, у змену будзем прымаць не больш за 85 чалавек. У спальнях дзеці будуць размяшчацца праз ложак, харчавацца таксама будуць за столікамі, размешчанымі на адлегласці паўтара метра адзін ад аднаго.  

Асаблівасць гэтага года яшчэ ў тым, што лагер будзе працаваць у рэжыме поўнага каранціну. Прыедуць педагогі, іншыя су­працоўнікі лагера, дзеці, і пасля гэтага мы закрыем “Арляня” поўнасцю — ні адзін чалавек не зможа выйсці за яго тэрыторыю. Наведванні бацькоў таксама пад забаронай, бо робім усё, каб перарваць кантакты з навакольным светам і даць дзецям магчы­масць максімальна аздаравіцца. Перад  кожным заездам будзем апрацоўваць дэзынфіцыруючымі сродкамі ўсе памяшканні лагера, прымаючы дзяцей і супрацоўнікаў, будзем ме­раць у іх тэмпературу.

— Упэўнена, што пры ўсіх гэтых неабходных мерах адпачынак у дзяцей атрымаецца цікавым і насычаным.

— Мы зробім усё, каб так яно і адбылося. На жаль, не зможам сёлета запрасіць, як гэта бывае заўсёды, тэатры, цыркавыя трупы, арганізацыі, што праноўваюць забаўляльныя праграмы. Але самі зробім усё магчымае, каб дзеці ні хвілінкі не сумавалі. Сіл і вопыту ў нас для гэтага хапае, мы ўжо ў лютым ведалі, хто з педагогаў раёна на якую змену прые­дзе да нас. Спіс, канечне, давялося перапрацаваць з улікам сітуацыі, але кожны з нашых педагогаў — чалавек цікавы і творчы.

Акрамя таго, мы супрацоўнічаем з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. Да нас на 1-ю і 2-ю змены прыедуць па 12 студэнтаў на педагагічную практыку. У “Арляняці” будуць працаваць студэнты Інстытута інклюзіўнай адукацыі, з якімі мы супрацоўнічаем каля 10 гадоў, а таксама факультэта прыродазнаўства, якія прыедуць да нас 3-ці або 4-ы раз.

— Безумоўна, гэтая каманда зможа арганізаваць цікавую і карысную праграму для дзяцей.

— Ніхто ніколі не скардзіўся, што сумуе ў нашым летніку. Мае цудоўныя намеснікі Вольга Алегаўна Рогач і Таццяна Сяргееўна Шпаковіч умеюць арганізаваць праграму адпачынку так, што цікава і камфортна кожнаму. У нас практыкуюцца і традыцыйныя для ўсіх лагераў праекты, і свае, эксклюзіўныя. Напрыклад, ва ўсіх спартыўна-масавых мерапрыемствах у нас удзельнічаюць педагогі, ёсць нават жаночы футбол. Педагогі не ся­дзяць і толькі назіраюць за дзецьмі — яны актыўна ўдзельнічаюць ва ўсім.

Так, мы практыкуем летні біятлон, які цалкам магчыма правесці на тэрыторыі лагера — яе плошча і асаблівасці дазваляюць арганізаваць цікавую трасу. Нездарма мы ў свой час сталі лепшымі па арганізацыі спартыўна-масавай работы — “фішак” у нас многа.

Таксама вялікую метадычную дапамогу аказвае аддзел выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі (яго ўзначальвае Элеанора Мар’янаўна Язерская) Смаргон­скага райвыканкама.

У летніку  заўсёды весела.

— Што ж, бачна, што “Арляня” знаходзіцца ў поўнай гатоўнасці, нягле­дзячы ні на што.

— Мы гатовы да пачатку аздараўленчага сезона цалкам, па ўсіх кірунках. А рыхтавацца пачынаем заўсёды 1 верасня. Па рашэнні райвыканкама ствараецца рабочая група, у якую ўваходзяць усе зацікаўленыя структуры — адукацыя, МНС, упраўленне капітальнага будаўніцтва і г.д. Група на чале са старшынёй райвыканкама, яго намеснікам і начальнікам упраўлення адукацыі прыязджае ў лагер і ўважліва глядзіць, што трэба палепшыць, што замяніць, што адрамантаваць. Затым арганізацыі раёна выконваюць кожная сваю частку работы. Сёлета ў лагеры падрыхтоўка скончылася да 15 мая, калі кіраўніцтва раёна і розных арганізацый прыязджала ў летнік, каб ацаніць, што зроблена, і вызначыць, што яшчэ трэба дарабіць, вызначыць перспектывы далейшай работы.

Пасля таго як адпрацуюць рабочыя па рамонце, супрацоўнікі школ раёна прыяз­джаюць на замацаваныя аб’екты і наводзяць канчатковы бляск. Усяго ў падрыхтоўцы летніка ўдзельнічаюць некалькі соцень чалавек. Нездарама па гатоўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы мы ўваходзім у пяцёрку лепшых лагераў Гродзеншчыны, на роўных канкурыруем з ведамаснымі лагерамі, у якіх сродкаў больш. І тое, што лагер летась прызнаны лепшым, — агульная заслуга, усяго, можна сказаць, раёна, ад яго кіраўніцтва да выканаўцаў на месцы.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва лагера “Арляня”.