У цэнтры ўвагі — дзеці з неабароненых сем’яў

Для аздараўлення дзяцей у краіне штогод арганізоўваюцца шматлікія профільныя лагеры. Сёлетняя аздараўленчая кампанія таксама абяцае навучэнцам даць магчымасць адпачыць: тым, хто не паедзе ў лагер, будзе прапанавана не толькі правесці адну са змен у анлайн-рэжыме, але і атрымаць навыкі ў будучай прафесіі. Прынамсі, на гэта накіравана дзейнасць лагера “ПрафСТАРТ” — ініцыятывы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, да якой могуць далучыцца вучні з усёй краіны.

Пра асаблівасці арганізацыі аздараўленчай кампаніі ў Гродзенскай вобласці і тое, навыкі якіх прафесій можа даць “ПрафСТАРТ” навучэнцам, расказала дырэктар абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі куратар па пытаннях аздараўлення дзяцей Таццяна Вітальеўна Асмалоўская.

Усе патрэбы будуць задаволены

Гэтым летам у Гродзенскай вобласці будуць працаваць каля 700 аздараўленчых лагераў, з іх больш чым 300 — з дзённым, каля 400 — з кругласутачным знахо­джаннем. У іх змогуць аздаравіцца больш за 15 тысяч дзяцей.

Т.В.Асмалоўская расказала, што сёлета лагеры будуць функцыяна­ваць у некалькіх напрамках: на стацыянарных базах (гэта 22 загарадныя лагеры), у школах, цэнтрах творчасці дзяцей і моладзі, цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах. А ў жніўні пачнуць працаваць палатачныя і палатачна-перасовачныя лагеры.

“Так, у 277 прышкольных лагерах змогуць адпачыць 3722 дзіцяці, у 278 профільных лагерах — 2295 дзяцей, у 55 спартыўна-аздараўленчых лагерах, не спыняючы трэніровачнага працэсу, адпачнуць 2735 хлопчыкаў і дзяўчынак. Што тычыцца бягучага месяца, у чэрвені запланавана работа 226 лагераў для 4457 дзяцей”, — расказвае аб плане аздараўленчай кампаніі вобласці Т.В.Асмалоўская.

Таццяна Асмалоўская спра­вядліва заўважае, што эпідэмічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы ў планы па аздараўленні, а значыць, для таго каб ахапіць летнім адпачынкам як мага больш навучэнцаў і пры гэтым захаваць іх здароўе, не дапусціць распаўсюджання інфекцый, былі ўзмоц­нены санітарныя меры.

“У лагерах усіх тыпаў было запланавана аздаравіць на ўзроў­ні мінулага года 63,5 тысячы дзяцей, у тым ліку звыш 450 дзяцей-інвалідаў і 1,5 тысячы дзяцей-сірот. Першапачаткова ахоп аздараўленнем прагназаваўся на ўзроўні 57% (у 2019 годзе — 56%). Гэтым летам лагеры працуюць строга ў адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных службаў, што прад’яўляюцца ў гэтым сезоне. Так, не дапускаюцца звышукамплектавання змен і пачатак іх работы ва ўмовах нестабільнай эпідэмічнай сітуацыі ў рэгіёне. Замест запланаванага 4-5-зменнага рэжыму работы ў загарадных лагерах сёлета спыніліся на рабоце ў 3 змены. Акрамя гэтага, да 15 дзён павялічылася працягласць змен у кругласутачных 9-дзённых лагерах па профілях, напрамках дзейнасці і спартыўна-аздараўленчых лагерах. Увогуле, у наяўнасці ёсць пуцёўкі ў лагеры ўсіх тыпаў, а ўсе запыты задавальняюцца.

Важна яшчэ і тое, што былі распрацаваны пытанні кадравага забеспячэння дзіцячых аздараўленчых лагераў у новых умовах. Так, абласны Палац творчасці разам з ГрДУ імя Янкі Купалы падчас падрыхтоўкі да работы ў лагерах і рэалізацыі праекта “Ступені да майстэрства” навучылі каля 300 студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей”.

Адпачынак па профілі

Безумоўна, адначасова з азда­раўленчымі лагерамі летам працягваюць працаваць цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Кожнае дзіця зможа рэалізаваць сябе ў любой з 39 устаноў дадатковай адукацыі вобласці.

“У нас дзейнічаюць 23 шматпрофільныя ўстановы дадатковай адукацыі, 4 цэнтры тэхнічнай творчасці, 7 цэнтраў турызму і края­знаўства, 4 эколага-біялагічныя цэнтры, а таксама цэнтр спартыўнага кірунку, — працягвае дырэктар Палаца творчасці. — У кожнай установе працуюць шматлікія майстэрні, клубы і аб’яднанні па інтарэсах, арганізаваны хобі-цэнтры, заняткі ў лідар-клубах, гульнявыя і шоу-праграмы, творчыя і інтэлектуальныя конкурсы. Акрамя гэтага, ва ўсіх раёнах вобласці будуць працаваць больш за 270 гульнявых пляцовак “Выходзь гуляць у двор”.

У шматпрофільных установах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсіх жадаючых чакаюць больш за 100 летніх творчых майстэрань і 58 дваровых пляцовак. Каля 500 аб’яднанняў па інтарэсах функцыянуюць згодна з зацверджаным графікам на летні перыяд.

“Дарэчы, цікавую праграму дзецям і падлеткам падрыхтаваў наш Палац творчасці: тут кожны дзень працуе гульнявая пляцоўка Game Quiz, а таксама трэнінг для юных лідараў “Глянь на нас па-новаму!”. Акрамя гэтага, працуюць майстар-класы “Музычныя забавы”, “Утаймавальнік хаосу, ці Праектуем гуляючы!” і квест-гульня “Знаўцы прыроды”. На працягу трох месяцаў будуць дзейнічаць аб’яднанні па інтарэсах “Акцёрскае майстэрства”, “Караоке-батл”, “Маленькі жывапісец”, “Дзіцячы фітнес”, “Дызайн адзення”, “Цыркавое асарці”, “Танцавальны флэш-моб” і інш. Таксама палац на Instagram-канале #dvorets_tvorchestva_grodno арганізаваў работу пляцоўкі “ДВОРЕЦ.by з вамі дома onlain”. Такая форма правядзення заняткаў сёння вельмі актуальная і таксама карыстаецца папулярнасцю”, — запэўнівае Таццяна Вітальеўна.

Папулярным відам адпачынку з’яўляюцца і кругласутачныя лагеры. Т.В.Асмалоўская пацвердзіла, што дзяцей, якія хочуць правесці лета за горадам у кампаніі равеснікаў, з кожным годам па ўсёй краіне становіцца ўсё больш. Загарадны лагер — выдатная альтэрнатыва дамашнім канікулам. Гродзенская вобласць не выключэнне.

“У нас у вобласці заўсёды быў вялікі попыт на аздараўленне навучэнцаў у кругласутачным рэжыме, асабліва гэта актуальна для дзяцей з Гродна. Менавіта па гэтай прычыне чатыры гады назад было вырашана прыцягнуць пад патрэбы азда­раўлення тыя ўстановы адукацыі, якія размешчаны ў маляўнічай мясцовасці, сярод лесу. Так, тры гады запар вучні з двух раёнаў Гродна адпачывалі ў кругласутачных лагерах, размешчаных у іншых раёнах вобласці. Дзецям і падлеткам з Гродна была прадастаўлена ўнікальная магчымасць аздаравіцца падчас 9-дзён­ных і 18-дзённых змен. У лагерах былі створаны ўсе ўмовы для камфортнага адпачынку, галоўнай з якіх з’яўляецца выкананне правіл бяспекі. Тэрыторыі лагераў абгароджаны і знаходзяцца пад відэаназіраннем. Таксама праводзіцца апрацоўка тэрыторыі ад кляшчоў, а за здароўем адпачывальнікаў сочаць медыцынскія работнікі. Штогод дзеці адпачывалі ў Азёрскай дзяржаўнай санаторнай школе-інтэрнаце, у вучэбна-педагагічным комплексе Жэмыслаўльскі дзіцячы сад — базавая школа, Трабскім яслях-са­дзе — сярэдняй школе і інш. У гэтым сезоне лагеры на тэрыторыі згаданых навучальных устаноў будуць працаваць у ліпені — жніўні, а аздараўлівацца ў іх будуць толькі дзеці з іх раёнаў. Што тычыцца колькасці дзяцей, адпачынкам будуць ахоплены каля 600 хлопчыкаў і дзяўчынак”.

Прафесійны старт

У сістэме аздараўлення Гродзенскай вобласці іс­нуюць свае фішкі і цікавыя спосабы арганізацыі летняга адпачынку. Год назад у рэгіёне была пачата цікавая ініцыятыва — лагер “ПрафСТАРТ”.

“Сёлета лагер працуе з 22 па 30 чэрвеня, і, як і ў мінулым годзе, праводзіцца для вучняў 10-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія наведваюць факультатывы “Уводзіны ў педагагічную прафесію” і “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, а таксама для 9-класнікаў, якія плануюць асваенне вышэйназваных факультатываў у новым навучальным годзе, — тлума­чыць Таццяна Вітальеўна. — Арганізатарам лагера стаў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Дарэчы, прыняць удзел у лагеры могуць вучні з усёй краіны, якія наведваюць згаданыя факультатывы”.

Канцэпцыя лагера заключаецца ў тым, што ён складаецца з двух клубаў: профільнага аграклуба і профільнага педклуба. Кожны дзень  праводзяцца шматлікія мера­прыемствы, у першую чаргу прафарыен­тацыйныя. Зразумела, сёлета ўд зел у лагеры дыстанцыйны.

“Падлеткі пройдуць праф­арыентацыйную вэб-дыягностыку “Прызванне ўнутры мяне”, дзякуючы якой змогуць даведацца, якая прафесія ім падыходзіць больш за ўсё, — акцэнтуе ўвагу Т.В.Асмалоўская. — Таксама пры­муць удзел у інтэлектуальнай пляцоўцы “Будучыя агра­бізнесмены”, у песенным батле “Праспяваем гімн лагера разам!” і нават паспра­буюць сябе ў якасці блогераў — зды­муць матэрыял для відэаблога “Я ў аграрыі б пайшоў, хай мяне навучаць”. Кожны дзень удзель­нікаў лагера чакае падвядзенне вынікаў папярэдняга дня ў форме MemoryBox. Увогуле, на працягу ўсіх дзён работы лагера падлеткаў чакае мноства займальных падзей і цікавых заданняў, прыемных знаёмстваў і карысных адкрыццяў. Але самае галоўнае — дзякуючы знаходжанню ў дыстанцыйным лагеры, навучэнцы максімальна пагрузяцца ў будучую прафесію, атрымаюць магчы­масць пагутарыць і пракансультавацца з вопытнымі педагогамі Гродзен­скага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гро­дзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Каб стаць удзельнікам “Праф­СТАРТу”, трэба проста перайсці па спасылцы на сайце ГрАІРА і зарэгістравацца”.

Працаваць ці адпачываць?

Не губляюць сваёй папулярнасці лагеры працы і адпачынку. Т.В.Асмалоўская расказвае, што вельмі важна да дзейнасці ў лагеры далучаць тых падлеткаў, якія знаходзяцца на розных формах прафілактычнага ўліку.

“Аздараўленчыя лагеры працы і адпачынку (ЛПА) арганізуюцца для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія дасягнулі ўзросту 14 гадоў. ЛПА праводзяцца пры магчымасці забеспячэння працы дзяцей у арганізацыях, якія ажыццяўляюць віды дзейнасці ў сферах адукацыі, будаўніцтва, аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі і аказваюць паслугі ў арганізацыях, якія ажыццяўляюць адпаведныя віды дзейнасці.

Паміж прымаючай арганізацыяй і ЛПА заключаецца дагавор, які вызначае ўмовы працы дзяцей з улікам патрабаванняў заканадаўства аб працы, ахове працы, а таксама абавязкі прымаючай арганізацыі па забеспячэнні ўмоў размяшчэння, харчавання, аплаты працы навучэнцаў у перыяд выканання работ.

Акрамя гэтага, бацькі (законныя прадстаўнікі) павінны загадзя, да моманту набыцця пуцёўкі, азнаёміцца з тымі відамі работ, якія будуць выконваць дзеці ў ЛПА. Для залічэння ў лагеры працы і адпачынку бацькі (законныя прадстаўнікі) падаюць заяву, а таксама дадаткова прадастаўляюць для дзяцей ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў заяву аднаго з бацькоў (законнага прадстаўніка) аб згодзе на выкананне дзіцем работ на ўмовах працоўнага або грамадзянска-прававога дагавора і медыцынскую даведку аб стане яго здароўя. Даведка павінна змяшчаць інфармацыю аб прыдатнасці да працы або выканання пэўных відаў работ, якія ажыццяўляюцца ў перыяд знаходжання ў ЛПА.

Для таго каб у лагер былі прыняты дзеці ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў, неабходна атрымаць заяву дзіцяці аб згодзе на выкананне работ на ўмовах працоўнага або грамадзянска-прававога дагавора і медыцынскую даведку аб стане яго здароўя, што змяшчае інфармацыю аб прыдатнасці да працы або выканання пэўных відаў работ, якія ажыццяўляюцца ў перыяд знаходжання ў ЛПА”.

Перавагай пры афармленні ў аздараўленчы лагер працы і адпачынку карыстаюцца падлеткі з сацыяльна не абароненых і нядобранадзейных сем’яў, а таксама дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Што тычыцца часовай працоўнай дзейнасці навучэнцаў у ЛПА, то яна рэгламентуецца нарматыўнымі прававымі дакументамі па арганізацыі працы дзяцей ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Працягласць працоўнага часу дзяцей, нормы выпрацоўкі, пытанні аховы працы рэгулююцца Працоўным кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.

“Што тычыцца кошту пуцёўкі ў стацыянарныя лагеры, то сёлета ў сярэднім гэтая сума складае 550 рублёў, у тым ліку датацыя дзяржавы — 205 рублёў, — закранае пытанні аплаты куратар па пытаннях аздараўлення. — Увогуле, датацыя і кошт пуцёўкі таксама залежаць ад узросту дзіцяці. А планавая калькуляцыя кошту пуцёўкі ўключае наступныя артыкулы выдаткаў: выдаткі на аплату працы, адлічэнні на сацыяльныя патрэбы, выдаткі на харчаванне і медыкаменты, выдаткі на культурна-масавыя мерапрыемствы і гаспадарчую дзейнасць”.

Наталля САХНО.