Размеркаванне — гэта другая пасля здачы першай сесіі непрадказальная і гарачая падзея ў жыцці студэнтаў. Па напружанасці і перажываннях размеркаванне нават можна параўнаць з тым момантам, калі ўступныя экзамены здадзены, але яшчэ не вядома, пашанцавала ці не трапіць у спіс залічаных ва ўніверсітэт.
Для таго каб паглядзець, як праходзіць размеркаванне будучых настаўнікаў, мы схадзілі ў БДПУ імя Максіма Танка.
У дзень размеркавання каля адной з аўдыторый універсітэта было мнагалюдна. Студэнтаў фізіка-матэматычнага і філалагічнага факультэтаў чакаў хвалюючы і адказны момант. Літаральна праз некалькі хвілін кожны з маладых людзей, выходзячы з аўдыторыі, ведаў, з якой школы пачнецца яго працоўная кар’ера.
Тое, хто першым зойдзе ў кабінет, вырашаў сярэдні бал. Відавочна, першымі размяркоўвацца ішлі студэнты, якія мелі высокія дасягненні ў вучобе. У кабінет маладыя людзі заходзілі па 5 чалавек. І ўжо там, за зачыненымі дзвярыма, перад шматлікай камісіяй вызначаўся лёс кожнага выпускніка.
Аляксей НЯДВЕЦКІ, фізіка-матэматычны факультэт:
— У БДПУ я вучыўся па спецыяльнасці “Матэматыка і інфарматыка” і за 4 гады навучання ва ўніверсітэце атрымаў прафесію, пра якую марыў. Размеркавання не баяўся, таму што даўно маю месца працы і ведаў, куды мяне накіруюць.
З верасня мінулага года працую ў сталічнай гімназіі № 50 педагогам дадатковай адукацыі, вяду гурток па робататэхніцы. Пасля размеркавання (ужо з новага навучальнага года) буду выкладаць інфарматыку.
З гімназіяй пазнаёміўся дзякуючы выкладчыку ўніверсітэта Аляксандру Аляксандравічу Францкевічу, які дадаткова выкладае ў гімназіі № 50 робататэхніку. Ён курыраваў маю курсавую працу, якая была прысвечана згаданаму кірунку адукацыйнай дзейнасці. У гімназіі якраз былі неабходныя мне робаты, таму я часта туды прыязджаў. Пасля таго як курсавая была здадзена, выкладчык прапанаваў паспрабаваць весці гурток. Спачатку да мяне прыходзілі 15 вучняў, а цяпер колькасць дзяцей, якія працуюць над зборкай робатаў, вырасла. Такім чынам, у мяне займаюцца 25 юных тэхнікаў-праграмістаў.
У будучыні, безумоўна, планую выкладаць інфарматыку. У мяне такая магчымасць з’явіцца, як ужо згадаў, у новым навучальным годзе. Падчас праходжання практыкі ў гімназіі яшчэ больш упэўніўся, што правільна выбраў будучую прафесію.
Дарэчы, сёлета фізіка-матэматычны факультэт заканчваюць 64 студэнты дзённай формы навучання (у іх ліку і 6 мэтавікаў), на якіх паступіла больш чым 200 заяў.
Дыплом філалагічнага факультэта ў гэтым годзе атрымаюць 47 выпускнікоў дзённай бюджэтнай формы навучання, у той час калі заяў на іх — 107.
Гадзіна хвалявання — і размеркаванне завершана. І гэта нядзіўна. Амаль у кожнага студэнта ўжо ёсць вызначанае месца работы, таму доўга падбіраць падыходзячы варыянт першага месца працы камісіі не даводзілася.
“Вынікамі размеркавання мы заўсёды задаволены, — заўважае Васіль Дзянісавіч Старычонак, дэкан філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка. — Увогуле, размеркаванне — гэта не справа аднаго дня, як можа падацца. Падрыхтоўка да яго, а таксама працэс размеркавання адбываецца на працягу паўгода. Нашы студэнты часцей за ўсё самі шукаюць і знаходзяць для сябе будучае месца работы. А сёння мы прыйшлі на фініш, на якім абсалютна ўсе задаволены. Цяпер наша галоўная задача ў тым, каб прасачыць лёс выпускнікоў, упэўніцца, што кожны з іх прыехаў на сваё месца размеркавання і пасябраваў з тымі настаўнікамі, да якіх у хуткім часе далучыцца. Яшчэ вельмі важна, каб нашы выпускнікі рэалізавалі сябе як настаўнікі, сапраўдныя, адданыя сваёй працы”.
Дарэчы, на размеркаванне выказала жаданне прыйсці адна са студэнтак, якая вучылася на платным аддзяленні філфака.
“Так, у большасці сваёй студэнты, якія вучацца на платнай аснове, самі для сябе шукаюць месца працы, яны маюць вольны дыплом, — гаворыць дэкан філфака. — Існуе меркаванне, што платнікі вучацца не вельмі добра, маюць нізкія балы. А ў Алены Ляшчэні крыху іншая гісторыя. Яна мела добрыя паказчыкі ў вучобе. Да таго ж гэтая студэнтка ўжо мама, у яе падрастае маленькае дзіця. Відавочна, што размеркаванне дасць ёй магчымасць атрымаць пэўныя сацыяльныя гарантыі, быць абароненай дзяржавай. Ёй не трэба бегаць, шукаць работадаўца. З першых дзён, як толькі на факультэце пачала абмяркоўвацца тэма будучага размеркавання, гэтая студэнтка прыйшла і сказала, што будзе адназначна размяркоўвацца. Між іншым дзяўчына — мінчанка, размеркавалі яе ў Мінск. Таму яна вельмі задаволена, што ўсё так склалася”.
Кацярына ЛАПУНОВА, філалагічны факультэт:
— Да паступлення на філалагічны факультэт я скончыла Гомельскі абласны ліцэй. Безумоўна, вучоба ва ўніверсітэце адкрывае перад студэнтамі шмат магчымасцей і перспектыў. На працягу першых двух курсаў падчас сесій я здала экзамены на вышэйшыя балы. Менавіта гэта дазволіла трапіць у лік стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Сёння мяне размеркавалі ў Мінскі раён, а значыць, з верасня буду выкладаць у школе беларускую мову і літаратуру. Я лічу, што настаўнік павінен імкнуцца да таго, каб вучні любілі яго прадмет. І буду рабіць усё магчымае, каб і тыя дзеці, у якіх давядзецца выкладаць, любілі і паважалі родную мову.
Дарэчы, сёлета на філфаку, як заўважыў дэкан, размяркоўваліся 48 студэнтаў, у іх ліку і дзяўчына, якая навучалася на платным аддзяленні. Калі гаварыць пра мэтавікаў, то сёлета размяркоўваліся 11 такіх студэнтаў. Большасць з іх атрымалі накіраванне на тыя месцы працы, якія імі былі зарэзерваваны яшчэ пасля заканчэння школы.
“З мэтавікамі ніякіх праблем падчас размеркавання не ўзнікла, — канстатуе Васіль Дзянісавіч Старычонак. — Са студэнтамі, якія вучыліся па мэтавым накіраванні, мы таксама індывідуальна працуем, размаўляем, абмяркоўваем будучае месца работы. Важна, каб студэнт быў задаволены першым рабочым месцам, таму што гэта фарміруе правільны настрой. І мы пастараліся падысці да размеркавання так, каб расчараваных не было. Увогуле, яшчэ раз паўтаруся, абсалютна ўсе задаволены сваімі першымі рабочымі месцамі.
Аляксандра КРАЎЦОВА, філалагічны факультэт:
— Я родам з Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Ва ўніверсітэце вучылася без мэтавага накіравання. Сёння я размеркавалася ў Мінскі раён, але буду паступаць у магістратуру. Нягледзячы на тое, што ведала, куды мяне накіруюць, усё роўна хвалявалася. Увогуле, хваляванне суправаджае мяне заўсёды і паўсюль. Уявіце, чатыры гады я сама атрымлівала веды, а зараз трэба зрабіць чарговы важны крок і ўвайсці ў прафесію. Так, два гады, якія даюцца для адпрацоўкі, гэта не вельмі многа. Але за гэты час кожны з нас, сёння яшчэ студэнтаў, павінен зразумець самае галоўнае: сапраўды прафесія настаўніка — гэта тое, чаму мы можам прысвяціць сваё жыццё?
Выбар прафесіі мне, можна сказаць, быў наканаваны. І мама, і сястра — настаўніцы. Калі праходзіла практыку, а таксама ездзіла ў лагер важатай, яшчэ сумнявалася наконт таго, ці змагу быць настаўніцай. Так, змагу. Сваю прафесію люблю. І падчас выкладання беларускай мовы буду старацца захапіць дзяцей прадметам, хаця не выключаю, што гэта будзе складана. Беларуская мова для сучасных дзяцей як замежная. Але наша задача якраз і заключаецца ў тым, каб дапамагчы ў яе вывучэнні. Дарэчы, я ў мінулым пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Хачу, каб і мае навучэнцы змаглі дасягнуць пэўных вяршынь у вывучэнні роднай мовы. Яшчэ больш складанасцей падчас практыкі ў школе ўзнікала з выкладаннем беларускай літаратуры. Тэматыка ў творах беларускіх аўтараў не вельмі шырокая, у асноўным гэта вайна, вёска, побыт людзей. Тым не менш цікава падаць інфармацыю магчыма. Галоўнае — знайсці падыход да вучняў, а таксама выкарыстоўваць розныя метады работы падчас правядзення ўрокаў.
А тыя студэнты, якіх патэнцыяльныя работадаўцы не змаглі забраць у вобласці ў свае школы, размеркаваліся ў Мінскі і Дзяржынскі раёны. Згадзіцеся, проста ідэальны варыянт. Гэта толькі на пачатку вучобы студэнтам хочацца дадому, а пасля яны прывыкаюць да Мінска і задаволены, што будуць працаваць у, скажам, крокавай даступнасці ад сталіцы. Трэба таксама адзначыць, што дзве студэнткі, якія вучыліся па напрамку “Руская і кітайская мова”, пачнуць з 1 верасня выкладаць кітайскую мову ў школах Оршы. Так атрымалася, што за месяц да сённяшняга размеркавання нам па-тэлефанавалі з гэтага горада і папрасілі накіраваць дзвюх выпускніц, якія бездакорна валодаюць кітайскай мовай. Як вынік — дзве нашы лепшыя выпускніцы будуць вучыць у Оршы дзетак мастацтву напісання іерогліфаў, а таксама прыгожаму кітайскаму маўленню. Улічваючы той факт, што сёння наша краіна цесна супрацоўнічае з Кітаем па многіх кірунках, запатрабаванасць спецыялістаў, якія могуць свабодна размаўляць на кітайскай мове, будзе расці. Прынамсі, наш факультэт і ўніверсітэт будуць гэтаму спрыяць”.
Пасля таго як студэнтам агучылі, дзе яны будуць працаваць у найбліжэйшыя гады, маладыя людзі пачалі дзяліцца адно з адным эмоцыямі. Усе, як і адзначыў дэкан філфака, задаволены будучым месцам працы.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.