І “Райская даліна”, і “Ветразь надзей”

Першыя рабочыя меcцы з такімі рамантычнымі назвамі чакаюць некаторых выпускнікоў лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Нядаўна тут прайшло размеркаванне па спецыяльнасцях “Садова-паркавае будаўніцтва” і “Турызм і прыродакарыстанне”. А ўсяго сёлета ва ўніверсітэце 1669 выпускнікоў, і размеркаванне атрымаюць усе бюджэтнікі, упэўнены ва ўстанове.

Няпроста, але дасягальна

— Стапрацэнтнае размеркаванне бюджэтнікаў і жадаючых з тых, хто вучыўся на платнай аснове, у нас не толькі па гэтых спецыяльнасцях. У бягучым годзе размеркаванне яшчэ не закончана, але, упэўнены, усё будзе добра, бо і летась, і раней мы выходзілі на 100 працэнтаў, — гаворыць прарэктар БДТУ Пётр Уладзіміравіч Шаліма. — Як і ўсюды, пэўныя пытанні па размеркаванні ўзнікаюць, але сказаць, што яны для нас непад’ёмныя і невырашальныя, нельга.


— Усе дэканаты працуюць на апярэджанне — наладжваюць прамыя сувязі з работадаўцамі, — працягвае П.У.Шаліма. — За два тыдні ці за два месяцы нельга стварыць новыя рабочыя месцы на прадпрыемствах, мы гэта разумеем, таму падрыхтоўчую работу да размеркавання пачынаем як мага раней. Кожнага работадаўца загадзя знаёмім з тым, колькі ў нас па якіх спецыяльнасцях будзе выпускнікоў сёлета, у наступным годзе. Нават цікавімся, хто патрэбен на канкрэтную работу — хлопец ці дзяўчына, бо па тых спецыяльнасцях, па якіх рыхтуе БДТУ, гэта можа быць важным, калі для работы патрэбна фізічная сіла.

Пётр Уладзіміравіч падкрэслівае, што адміністрацыя ўніверсітэта, дэканатаў звяртае ўвагу на тое, ці можа дапамагчы маладому спецыялісту з жыллём. Не сакрэт, што Мінск асабліва дарагі ў гэтам плане горад, таму кожнаму заказчыку кадраў спецыялісты нагадваюць, што маладыя работнікі маюць права на кампенсацыю найму жылля і на аплату праезду да месца работы, перавозу багажу. Работадаўцы, з якімі ва ўніверсітэта ёсць доўгатэрміновыя адносіны, як правіла, ідуць насустрач выпускнікам.

— Безумоўна, мы адсочваем вынікі размеркавання, — дадае П.У.Шаліма. — Важна праверыць, ці прыехаў выпускнік на месца працы, ці ўладкаваўся ён у адпаведнасці з заяўкай, каб не былі парушаны яго правы. Такія праверкі праводзім на працягу двух гадоў паквартальна — сацыяльны ўзровень абароненасці маладога спецыяліста мы вытрымліваем даволі жорстка.


З іншага боку, па словах прарэктара, перспектыўныя заяўкі, перспектыўнае знаёмства наймальнікаў з будучымі маладымі спецыялістамі спрашчае работу і для арганізацый — заказчыкаў кадраў. Работадаўцы прыязджаюць ва ўніверсітэт, ідуць да дэканаў факультэтаў, каб атрымаць больш інфармацыі аб патрэбных ім спецыялістах, аб паспяховасці будучых выпускнікоў, месцы іх жыхарства.

Калі неабходна, факультэты арганізоўваюць сустрэчы наймальнікаў і студэнтаў. Зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з канкрэтным прадпрыемствам ці арганізацыяй студэнты ў далейшым праходзяць на іх пераддыпломную або вытворчую практыку. Работадаўцы бачаць, як ставяцца да справы будучыя маладыя спецыялісты, практыканты ацэньваюць умовы работы і іншыя складнікі магчымага першага рабочага месца. Такім чынам, складваецца поўная карціна будучага размеркавання для абодвух бакоў. І, канечне, частка выпускнікоў знаходзяць работу самастойна, бо сучасныя студэнты добра разумеюць: сядзець і чакаць, калі цябе знойдзе работа, — не лепшы варыянт. Кожны, зразумела, хоча знайсці месца з добрай зарплатай. Атрымліваецца гэта не заўсёды, але многія шукаюць работу з перспектывай развіцця і, адпаведна, з перспектывай росту даходаў.

Канечне, бываюць і выпадкі пераразмеркавання маладых спецыялістаў, калі, напрыклад, дзяўчына выходзіць замуж і пераязджае да мужа, калі маладому чалавеку неабходна жыць з бацькамі, якім патрэбен догляд. Гэта жыццё, і да такіх выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам, ва ўніверсітэце ставяцца з разуменнем, як і да тых, калі пераразмеркаванне адбываецца па дамоўленасці бакоў — адзін работадаўца не супраць, каб ад яго пайшоў малады спецыяліст, другі гатовы гэтага спецыяліста прыняць у тым жа статусе.

Гатовы да турыстычнага буму

Год малой радзімы, Год турызму Беларусі ў Кітаі, Еўрапейскія гульні, якія хутка пройдуць у нашай краіне, у рэшце рэшт, магчымасць для замежнікаў на некалькі дзён прыязджаць у Беларусь без візы, адкрываюць для маладых спецыялістаў па турызме пэўныя перспектывы. Ва ўсякім разе, сярод сёлетніх выпускнікоў многія ідуць працаваць у турагенцтвы. На пытанні пра зарплату нярэдка адказваюць, што работадаўцы абяцаюць невялікі аклад, але да яго трэба прыплюсоўваць працэнты ад продажу тураў, напрыклад.

Ёсць сярод першых месцаў работы выпускнікоў па спецыяльнасці “Турызм і прыродакарыстанне” і не зусім звыклыя. Так, “Райская даліна” — гэта фермерская гаспадарка на Гродзеншчыне, а пад другой назвай, вынесенай у загаловак, — “Ветразь надзей” — хаваецца Хоцімскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, што ў Магілёўскай вобласці. Яшчэ на размеркаванні гучалі назвы такіх арганізацый, як Івацэвіцкі лясгас, Луцкі філіял “Магілёўаблаўтатранса”, санаторый “Прыдняпроўскі”, Шчучынскі завод “Аўтаправод” (нечакана, але дзяўчына будзе працаваць там паляўніцтвазнаўцам), Нацыянальны парк “Прыпяцкі” і інш.


Лепшая выпускніца па спецыяльнасці “Турызм і прыродакарыстанне” (сярэдні бал 9,4) Вольга Жук сама знайшла свайго першага наймальніка — турыстычную транспартную кампанію “СтарБусТранс”. Вольга праходзіць там стажыроўку, і па захапленні, з якім дзяўчына расказвае аб сваёй рабоце, бачна, што працаваць ёй цікава. Малады спецыяліст застаецца ў Мінску, хаця вучыцца прыехала з пасёлка Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Кажа, што жыллё плануе наймаць, тым не менш гэта яе не палохае.

— Работа ў фірме — добры пачатак, — лічыць Вольга Жук. — Планую набірацца вопыту, развівацца, а потым пабачым.

Аднакурснік дзяўчыны Сяргей Паплаўскі заканчвае ўніверсітэт таксама з высокімі баламі, а размяркоўваецца на Віцебшчыну— у Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”, хаця сам родам з вёскі Чышэвічы Валожынскага раёна Мінскай воласці. Кажа, што працаваць будзе інспектарам па ахове прыроды, зарплата пакуль нядрэнная, ды і жыллё можа прадаставіць наймальнік. Хаця ў выпадку Сяргея не выключана далейшае навучанне ў магістратуры.

Раман Гарбачоў заканчвае тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Садова-паркавае будаўніцтва”. Працаваць будзе ў мінскім “Зелянбудзе” майстрам участка па ахове раслін. Раман пабываў у арганізацыі на субяседаванні, работадаўца і малады спецыяліст засталіся задаволеныя адно адным, таму з размеркаваннем праблем не ўзнікла. Праўда, жыллё хлопец таксама плануе наймаць, бо сам ён з Магілёва, разлічвае на дапамогу ад наймальніка з аплатай жылля.

Па трох спецыяльнасцях

Лесагаспадарчы факультэт БДТУ рыхтуе студэнтаў па трох спецыяльнасцях, акрамя дзвюх названых яшчэ па “Лясной гаспадарцы”. Спецыяльнасці лясной гаспадаркі, сцвярджаюць ва ўніверсітэце, з’яўляюцца запатрабаванымі сучаснай эканомікай, таму ў гэтым годзе медалісты маюць магчымасць паступаць сюды без здачы цэнтралізаванага тэсціравання.

Зараз на факультэце каля 650 студэнтаў, у асноўным гэта маладыя людзі, якія вучацца на бюджэтнай форме. Сёлета тут ужо атрымалі размеркаванне 63 выпускнікі па спецыяльнасці “Лясная гаспадарка”, 44 чалавекі заканчваюць вучобу па спецыяльнасці “Турызм і прыродакарыстанне”, гэта як студэнты, што вучыліся за кошт бюджэту, так і за свае сродкі. Спецыяльнасць “Садова-паркавае будаўніцтва” хутка атрымаюць 23 выпускнікі. Пасля размеркавання, дарэчы, засталося некалькі заявак, якія не ўдалося задаволіць.

Дэкан лесагаспадарчага факультэта Васіль Аляксандравіч Ярмаловіч шчыра кажа, што работа па размеркаванні не з простых. Каб сёння кожнага маладога спецыяліста забяспечыць рабочым месцам, трэба праводзіць доўгую планамерную работу, перш за ўсё, работу з заказчыкамі, таму на факультэце рассылаюць каля сотні пісьмаў наймальнікам з інфармацыяй аб выпускніках. У студэнтаў жа цікавяцца, хто з іх хацеў бы працаваць там, дзе праходзіў практыку, каб весці перагаворы з канкрэтнымі работадаўцамі.

— Асноўным заказчыкам кадраў для нас з’яўляецца Міністэрства лясной гаспадаркі, і супрацоўніцтва гэта вельмі ўдалае, — гаворыць Васіль Аляксандравіч. — Хаця раней на кожнага выпускніка мы атрымлівалі па 2—3 заяўкі, цяпер бывае, што гэтыя суадносіны 1 да 1.

Названыя лічбы, перш за ўсё, тычацца спецыяльнасці “Лясная гаспадарка”. Што да садова-паркавага будаўніцтва, то ў гэтым кірунку факультэт працуе непасрэдна з кожным канкрэтным прадпрыемствам, галоўным чынам гэта “Зелянбуды” буйных гарадоў. А спецыяльнасць “Турызм і прыродакарыстанне” вельмі сучасная, бо турыстаў прыязджае ўсё больш. Выпускнікі шмат ведаюць і ўмеюць, у тым ліку па аграэкатурызме, валодаюць добрымі практычнымі навыкамі, якія набываюць, напрыклад, на экалагічнай сцяжыне БДТУ “Казка Негарэльскага лесу”, што за 50 кіламетраў ад Мінска: праводзяць там экскурсіі для школьнікаў і іншых турыстаў.

— Самым складаным для нас быў мінулы год, у сувязі з пераходам на новыя вучэбныя планы, калі па дзвюх спецыяльнасцях было па два выпускі. Частка студэнтаў па спецыяльнасцях “Турызм і прыродакарыстанне” і “Садова-паркавае будаўніцтва” вучылася 4,5 года, частка — 4 гады, бо мы мянялі тэрміны навучання, — дадае В.А.Ярмаловіч. — Размеркаваць усіх было вельмі няпроста, тым не менш зрабілі гэта ў вызначаны тэрмін. Сёлета, канечне, прасцей.

Работа па размеркаванні пры гэтым, запэўнівае дэкан, вядзецца круглы год, бо інакш у сучасных умовах нельга. Сёння работадаўцы вельмі разборлівыя, стараюцца загадзя ўбачыць спецыяліста ў рабоце і толькі потым падумаць аб заяўцы на канкрэтнага выпускніка, а вопыт работы цэніць любы наймальнік. Таму работа студэнтаў на выпрабавальным тэрміне, стажыроўцы падчас вучобы — з’ява распаўсюджаная. А многія маладыя людзі паспяваюць папрацаваць на некалькіх прадпрыемствах, каб выбраць лепшае для сябе.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Паўла ПАЦУКЕВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*