Электронныя плацяжы даўно ўвайшлі ў нашу штодзённую рэальнасць. З гэтага навучальнага года бацькі мінскіх школьнікаў і за гарачае харчаванне плацяць з дапамогай банкаўскіх пластыкавых карт праз АРІП. А частка мам і татаў не першы год знаёма з электроннай аплатай харчавання, бо іх дзеці маюць карты навучэнцаў. Як гэтыя паралельна існуючыя сістэмы аплаты паказалі сябе? Якія нюансы карыстання імі высветліліся за мінулы час?
Новыя функцыі
Аплата гарачага харчавання ў школах праз адзіную разліковую і інфармацыйную прастору (АРІП) дзейнічае ў большасці з амаль 250 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска з 1 верасня. І, як сцвярджае начальнік аддзела грамадскага харчавання галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку гарвыканкама Вольга Валянцінаўна Езапенкава, вельмі паспяхова. Маё журналісцкае міні-апытанне таксама паказала: і бацькі, і настаўнікі, разабраўшыся ў сістэме, прывыкшы да яе, новай формай аплаты харчавання задаволены. Так, класныя кіраўнікі задаволены тым, што больш не прыходзіцца мець справу з наяўнымі грашыма.
А бацькі на сходах яшчэ ў жніўні атрымалі памяткі з пакрокавай інструкцыяй працэдуры ўводу даных і аплаты харчавання праз АРІП, таксама даведаліся, што сістэма “Разлік” (АРІП) камісію з плацельшчыка не бярэ, сярод яе ўдзельнікаў мноства банкаў — з падрабязным іх пералікам. Падобныя памяткі лёгка адшукаць і зараз — у школах, на сайце камітэта па адукацыі гарвыканкама, у іншых крыніцах. Расплачвацца можна праз усе даступныя сродкі: інтэрнэт-банкінг, банкамат, касы “Белпошты” і інш.
— Акрамя таго, што ад абавязку збіраць грошы вызвалены настаўнікі, з наяўнымі грашыма не маюць справы цяпер і загадчыкі вытворчасці, — заўважае В.В.Езапенкава. — Усё празрыста, бяспечна.
Намеснік начальніка аддзела грамадскага харчавання Марына Уладзіміраўна Дзякава дадае, што сістэма аплаты праз АРІП спрасціла работу ўсіх, хто арганізоўвае харчаванне школьнікаў.
— Сёння работа класнага кіраўніка ў гэтым плане заключаецца толькі ў тым, каб прыняць заяўкі, раніцай іх адкарэкціраваць, уключыць камп’ютар і паставіць птушачкі насупраць прозвішчаў вучняў, якія сёння абедаюць. Класны кіраўнік можа ўвайсці ў сэрвіс нават праз смартфон, — тлумачыць М.У.Дзякава. — Што тычыцца саміх вучняў і іх бацькоў, то для іх важна, што на кожнае дзіця заведзены асабовы рахунак, які захоўваецца за ім пры пераходзе з класа ў клас. Толькі калі дзіця зменіць школу, яму завядуць новы рахунак.
Дарэчы, сістэма не застыла ў нязменным выглядзе, яна жывая, развіваецца, аператар сістэмы ўліку і безнаяўнай аплаты школьнага харчавання — сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Ай Пэй” пастаянна ўносіць карэкціроўкі. Напрыклад, яшчэ напрыканцы верасня з’явілася магчымасць аўтаматычнай рассылкі раз у тыдзень бацькам звестак аб тым, што ела дзіця ў кожны дзень і на якую суму. У тым, зразумела, выпадку, калі хтосьці з бацькоў пакінуў настаўніку адрас сваёй электроннай пошты.
Не так даўно аператар дадаў да сэрвісу “кшп.бел” магчымасць уліку вучняў, якія адсутнічаюць (прастаўленне літары “н”), магчымасць заказу харчавання вучням з камбінаванай аплатай (бюджэтныя датацыі плюс бацькоўская даплата), што асабліва актуальна для розных рэгіёнаў, якія карыстаюцца сэрвісам.
Таксама цяпер адказны за харчаванне ў школе можа самастойна вызначыць часавы рэгламент запаўнення ведамасці харчавання згодна з асаблівасцямі і рэжымам работы канкрэтнай школы. Прадастаўляецца і пашыраная справаздачная інфармацыя для настаўнікаў, школ, камбінатаў школьнага харчавання, аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі.
— У нас працуе маніторынгавы цэнтр, які штодня збірае ўсе прапановы і заўвагі, мы нават ствараем рэйтынг такіх пытанняў. Супрацоўнікі нашага кол-цэнтра на пачатку работы сэрвісу адказвалі на пытанні бесперапынна, але цяпер гэты шквал суцішыўся, водгукі атрымліваем станоўчыя, — гаворыць кіраўнік праекта па ўліку і аплаце харчавання “кшп.бел” СТАА “Ай Пэй” Валерый Аляксандравіч Наўроцкі. — Кансультуем і педагогаў, і бацькоў, і ўсіх іншых жадаючых у рэжыме рэальнага часу. Штодзённы ўлік харчавання для тых, хто ім займаецца, вельмі спрасціўся, мы ведаем гэта ад саміх карыстальнікаў.
Па словах В.А.Наўроцкага, цікавасць да такой сістэмы аплаты харчавання праяўляюць многія рэгіёны Беларусі — рэальныя або аддаленыя зносіны аператара і яе наяўных і патэнцыяльных спажыўцоў сэрвісу адбываюцца пастаянна.
І ў бацькоў, і ў школьніка
Рэгіянальны пілотны праект “Электронная школа” стартаваў у Мінску ў верасні 2013 года. Спачатку ў ім прынялі ўдзел 11 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Сёння ў праекце задзейнічана 81 установа. Нагадаем, праект прадугледжвае рэалізацыю двух асноўных кірункаў: укараненне інтэлектуальнага дакумента навучэнца — карты навучэнца і ўкараненне анлайн-сэрвісаў “Электронны журнал”, “Электронны дзённік”.
— У поўным аб’ёме карта навучэнца выконвае 4 функцыі: карта-пропуск, карта — плацежны сродак, карта — чытацкі білет і карта — праязны дакумент, — гаворыць начальнік цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Наталля Валянцінаўна Сакалова.
З дапамогай карты навучэнца можна расплаціцца ў школьным буфеце, як мы прывыклі расплачвацца за любыя пакупкі з дапамогай сваіх зарплатных картак праз безнаяўны разлік. У кожнай школе ёсць счытвальнік прылад, які спісвае грошы з рахунку.
Для аплаты гарачага харчавання праз карты навучэнцаў распрацавана спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне “Сістэма “Школьнае харчаванне”, якое ёсць у кожнай установе адукацыі — удзельніцы праекта, а таксама ў камбінатах школьнага харчавання. У школьных сталовых устаноўлены камп’ютары з выхадам у інтэрнэт. Такім чынам, бацькі або іншыя законныя прадстаўнікі дзяцей кладуць грошы на карту — і з карты спісваюцца адпаведныя сумы. Варта нагадаць, што адначасова з афармленнем карты навучэнца на аднаго з бацькоў афармляецца бацькоўская карта Беларусбанка, сродкі можна пералічваць як з адной з гэтых карт, так і з другой. Зразумела, што самі непаўналетнія навучэнцы адкрыць рахунак не могуць.Яго адкрывае хтосьці з бацькоў, і да яго прывязана карта навучэнца: палажыў грошы на свой рахунак — яны з’явіліся на карце навучэнца.
Сёння да сістэмы аплаты гарачага харчавання з дапамогай карт навучэнца падключылася больш за 30 устаноў, што ўдзельнічаюць у праекце “Электронная школа”: такое рашэнне прымаюць кіраўнікі школ і гімназій.
Зараз, як расказалі бацькі школьнікаў і педагогі, якіх я апытала, плаціць можна з карткі любога банка праз інфакіёскі Беларусбанка без камісіі, праз інтэрнэт-банкінг — з бацькоўскай карты Беларусбанка або карты навучэнца, папярэдне палажыўшы на яе грошы. Адаптацыйны перыяд, прызналіся мае суразмоўнікі, не быў простым, але прывыклі, справа наладзілася.
За падрабязнасцямі я звярнулася да Ганны Алегаўны Грышчук, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце мінскай гімназіі № 2, якая падключылася да рэсурсу “Сістэма “Школьнае харчаванне”.
— Магчымасць аплаціць гарачае харчаванне праз карту навучэнца з’явілася ў нашай гімназіі толькі ў верасні гэтага года, — расказала Ганна Алегаўна. — Зараз мы ўсім задаволены, хаця, канечне, спачатку былі пытанні, пакуль бацькі прывыклі. Бацькам, як паказвае наш вопыт, зручна аплачваць гарачае харчаванне наперад, яны нярэдка кладуць на рахунак адразу 50—60 рублёў. Па нашай гімназіі бываюць толькі асобныя выпадкі, калі хтосьці забыўся своечасова аплаціць гарачае харчаванне. Гэта не праблема, бо і мінус звычайна невялікі — капеек 80, напрыклад. Ды і класныя кіраўнікі правяраюць баланс і паведамляюць бацькам, што сродкі на аплату харчавання хутка закончацца. Працуем у нармальным рэжыме, а класныя кіраўнікі асабліва задаволены, што ім не прыходзіцца мець справу з наяўнымі грашыма, як гэта было раней. Зараз яны толькі адсочваюць баланс, адзначаюць тых, хто адсутнічае, і меню праз камп’ютар. Тэхнікай мы забяспечаны.
Так лічаць практыкі. Пакуль жа ў Мінску працягваецца паэтапнае ўкараненне “Сістэмы “Электронная школа”. Педагогі, бацькі, навучэнцы, калі ў іх узнікаюць пытанні па рэалізацыі гэтай праграмы, у тым ліку па аплаце гарачага харчавання, заўсёды могуць звярнуцца на электронны адрас iso.minsk.edu.by, іншыя інтэрнэт-рэсурсы, памяткі ёсць і на сайтах школ.
Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі ажыццяўляе інфармацыйную падтрымку праекта, аказвае віртуальныя анлайн-кансультацыі, індывідуальныя кансультацыі, арганізоўвае метадычныя мерапрыемствы па аплаце харчавання праз карту навучэнца і па іншых пытаннях.
Марына ХІДДЖАЗ.