Ініцыятыва “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра”, якая накіравана на фарміраванне ў студэнтаў прыхільнасці да здаровага ладу жыцця, рэалізуецца ў Мінску з 2013 года. І толькі год назад Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя далучылі да акцыі ўсю краіну, асноўнай мэтавай аўдыторыяй якой з’яўляюцца студэнты беларускіх універсітэтаў. Першым і важным крокам у рэалізацыі рэспубліканскага праекта стала прэзентацыя электроннага дзённіка харчавання. Зразумела, што асноўнымі мэтамі гэтай маштабнай акцыі былі фарміраванне ў маладых людзей матывацыі да здароўя, навучанне асновам правільнага харчавання і здаровага ладу жыцця.
Пра “здаровыя” ідэі і рэалізацыю праз соцыум
Аднымі з першых у праекце пачалі рэалізацыю сваіх ідэй студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
Як расказала псіхолаг БрДУ імя А.С.Пушкіна Наталля Ануфрыкава, цікавасць да праекта “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра” ў студэнтаў з’явілася адразу. І першым крокам да ўдзелу ў маштабнай ініцыятыве стала далучэнне абсалютнай большасці студэнтаў да заняткаў фізічнай культурай.
“Да нас праект прыйшоў год назад, — расказвае Наталля Сяргееўна. — Студэнты адразу ўцягнуліся ў работу. Дзякуючы таму, што ва ўніверсітэце ёсць і басейн, і трэнажорная зала, кожны з маладых людзей мог знайсці сабе занятак па душы. Асаблівую цікавасць такая “здаровая” ідэя выклікала ў студэнтаў 5 курса юрыдычнага факультэта. Адна з цяпер ужо былых студэнтак, Вольга Кішкар, прыйшла да мяне пасля лекцый і расказала, што хоча паспрабаваць рэалізаваць уласны праект у рамках рэспубліканскай акцыі. Дзяўчыну цікавілі менавіта пытанні харчавання. За 5 гадоў вучобы ва ўніверсітэце студэнтка не толькі авалодала неабходнымі для будучай прафесіі навыкамі, але і зразумела самае, на мой погляд, важнае. Ёй захацелася праявіць сябе і ў нечым іншым, акрамя вучобы. Дзяўчыне хацелася распрацаваць сацыяльны праект, які прынёс бы карысць. Дарэчы, ідэй у Вольгі было вельмі многа. Яна хацела далучыць да сваёй задумы як мага больш студэнтаў і дапамагчы ім змяніць сябе. Сёння тэма здаровага ладу жыцця, асабліва харчавання, папулярная і ва ўсіх на слыху. Тым не менш не ўсе ўмеюць правільна арганізоўваць рэжым харчавання. Каб стаць больш кампетэнтнай у гэтым пытанні, Вольга і вырашыла разгарнуць у родным універсітэце сваю дзейнасць”.
Сацыяльны праект “Па фарміраванні культуры здаровага харчавання” пачаўся з таго, што студэнтка разам са сваім куратарам Наталляй Сяргееўнай прадумалі, каго са спецыялістаў варта запрасіць для прафесійнай дапамогі ў рэалізацыі правільных і здаровых ідэй. А працаваць планавалі ў двух кірунках: псіхалагічная работа, якая мае на мэце навучанне аналізу харчовых паводзін, самакантролю, які з’яўляецца вельмі важным у працэсе харчавання, а таксама работа са знешнасцю.
“Каб папулярызаваць праект, мы рабілі прэзентацыі, раздавалі анкеты, дзякуючы якім пасля правялі аналіз мэтавай групы, — тлумачыць сэнс ідэі Наталля Сяргееўна. — Шчыра кажучы, калі накіраванасць была вызначана, лічылі, што да нас прыйдуць выключна тыя, хто мае праблемы з лішняй вагой. Усё-такі менавіта такой аўдыторыі больш за ўсё неабходна дапамога ў правільнай і прафесійнай карэкціроўцы сістэмы харчавання. Але мы памыліліся. Да ўдзелу ў праекце далучылася шмат студэнтаў, якіх хвалююць не толькі пытанні здаровага ладу жыцця, але і тое, як навучыцца ўзаемадзейнічаць з соцыумам. Увогуле, сёння, каб быць паспяховай асобай, трэба не толькі добра выглядаць, хоць знешнасць і з’яўляецца адным з вядучых фактараў, але і ўмець кантактаваць з рознымі людзьмі. І гэтаму ў рамках праекта мы таксама вучылі”.
Лішняя вага, food-selfіe і ключ да здароўя
Групу тых, хто хоча скінуць лішнюю вагу і навучыцца правільнай сістэме харчавання, сабралі хутка. Студэнтам раздалі анкеты, у якіх неабходна было ўказаць вагу, рост і мэты, якія ўдзельнікі ставяць перад сабой. Затым каманду аднадумцаў чакала самае цікавае — практычная частка. Скласці меню, разлічыць рацыён студэнтам дапамагалі прафесійны дыетолаг, а таксама ўрач, які даваў рэкамендацыі наконт фізічнай нагрузкі.
“Каб студэнткі маглі зразумець, які від спорту ім выбраць, Вольга запрасіла да ўдзелу ў праекце Лізавету Данілюк, трэнера па фітнесе і танцах, — працягвае расказваць Наталля Ануфрыкава. — Трэнер, акрамя згаданых кірункаў, праводзіла заняткі і па хатха-ёзе, а таксама паказвала асновы пілатэсу. Увогуле, арганізацыя праекта была цудоўнай, а ў студэнтаў перад вачамі быў ідэальны прыклад. Сама Вольга, якая дала старт ідэі, мела лішнюю вагу, таму для яе было вельмі важна паказаць сваім прыкладам, што ключ ад уласнага здароўя ў нашых руках. Дзяўчына, паглыбіўшыся ў пытанні здаровага ладу жыцця, распрацавала для сябе сістэму правільнага харчавання, а пасля дапамагала ў гэтым іншым дзяўчатам. Безумоўна, наконт усіх пытанняў, якія тычацца харчавання, раіліся з урачамі”.
Яшчэ адным важным узаемадзеяннем і спосабам зваротнай сувязі са студэнтамі стала арганізацыя работы праз сацыяльныя сеткі. У групе, якая была створана спецыяльна для “харчовых” кансультацый, усе жадаючыя маглі задаваць пытанні, на якія пасля адказвалі спецыялісты, а таксама выкладвалі food-selfie — фотаздымкі сваёй правільнай ежы. Рэцэпты новых, але ў той жа час простых страў выклікалі цікавасць, і студэнты дзяліліся імі адно з адным. Здаровы падыход да праблемы вырашэння лішняй вагі, а таксама разуменне сістэмы правільнага харчавання прынеслі свае станоўчыя вынікі.
Каб паслухаць меркаванне арганізатара праекта, мы знайшлі Вольгу Кішкар, дзякуючы якой БрДУ год назад стаў харчавацца правільна.
“Ідэя стварыць праект па здаровым харчаванні жыла ў думках вельмі даўно, — расказвае Вольга. — І калі БрДУ далучыўся да рэспубліканскай акцыі, я зразумела, што гэта якраз самы падыходзячы момант. Тэма здаровага харчавання з’яўляецца набалелай для многіх дзяўчат. У маім акружэнні таксама хапала і дагэтуль хапае такіх знаёмых. Як правіла, такія людзі маюць лішнюю вагу. Скажыце шчыра, ці многа хто, калі жыве з бацькамі, прытрымліваецца правіл здаровага харчавання? Безумоўна, не. Таму што і бацькі, і тым больш бабуля, для якой унукі заўсёды галодныя, імкнуцца накарміць нас усялякімі смачнасцямі. І толькі пасля, трапляючы ў асяроддзе, далёкае ад дамашняга, мы можам дазволіць сабе пасядзець на дыетах. Але, як вядома, дыеты — гэта крайнасць. А самы аптымальны варыянт, які дапаможа быць здаровым і заўсёды знаходзіцца ў добрай фізічнай форме, — гэта наладжаная сістэма правільнага харчавання і заняткі спортам. Распрацоўваючы канцэпцыю праекта, ставіла мэту навучыць маладых людзей складаць і разлічваць меню правільнага харчавання, а таксама хацела прывучыць студэнтаў да заняткаў фізкультурай, спортам. Я вельмі рада, што мой праект ва ўніверсітэце падтрымалі і дапамаглі рэалізаваць. Было прыемна, калі на ўсе майстар-класы, якія арганізоўвалі разам з Наталляй Сяргееўнай, а таксама дыетолагам, урачамі, прыходзіла шмат студэнтаў. І ўдвая прыемна, што арганізаваныя заняткі па танцах, фітнесе таксама цікавілі не аднаго-двух студэнтаў. Дарэчы, акрамя трэнінгаў з названымі спецыялістамі, мы праводзілі майстар-класы па псіхалогіі, візажы. На майстар-класы запрашалі і фатографа. Увогуле, лічу, што “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра” — гэта вельмі цікавы і неабходны праект. Дзякуючы таму, што ўсе ўніверсітэты ахоплены адной ідэяй, у нас ёсць магчымасць выгадаваць здаровае пакаленне. Але зноў жа ўся праблема менавіта ў харчаванні. Сёння вельмі шмат прадуктаў з рознымі шкоднымі дабаўкамі, і вельмі важна навучыцца выбіраць здаровую ежу. Я гэтаму навучылася дзякуючы праекту і буду рада, калі нашы мінулагоднія распрацоўкі прынясуць карысць і сённяшнім студэнтам. А тыя маладыя людзі, якія займаліся згодна з маімі распрацоўкамі, змаглі змяніць сваю знешнасць. Тыя, хто хацеў пазбавіцца лішніх кілаграмаў, пахудзелі, іншыя адкрылі для сябе цікавыя кірункі ў спорце”.
“Здаровае пакаленне”: роўны вучыць роўнага
Сёлета, калі ўніверсітэты краіны працягваюць рэалізоўваць індывідуальныя “здаровыя” задумы, у БрДУ таксама існуе свой план дзейнасці. Праектам “Па фарміраванні культуры здаровага харчавання” ў мінулым навучальным годзе зацікавіўся Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, што дапамагло ініцыятыве выйсці на новы ўзровень развіцця.
Абагульніўшы вопыт, універсітэт разам з цэнтрам гігіены даў старт “Здароваму пакаленню” — яшчэ аднаму сацыяльнаму праекту, які таксама накіраваны на папулярызацыю здаровага ладу жыцця. Гэты праект для студэнтаў 1 курса.
“Разам з урачамі і пад іх кантролем ва ўніверсітэце праводзяцца алімпіяды па здаровым ладзе жыцця, — расказвае пра асаблівасці рэалізацыі сацпраекта Наталля Сяргееўна. — Актыўны ўдзел у “Здаровым пакаленні” прымаюць студэнты фізіка-матэматычнага факультэта”.
Лекцыі, якія спецыялісты арганізоўваюць ва ўніверсітэце, закранаюць самыя розныя тэмы. Але больш за ўсё ўвагі ўдзяляецца прафілактыцы ўжывання псіхаактыўных рэчываў, а таксама правільнаму харчаванню. Асаблівасцю праекта з’яўляецца тое, што навучанне адбываецца па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Гэта значыць, што час ад часу лекцыі для студэнтаў праводзяць самі студэнты.
“Удзел у праекце дае магчымасць многаму навучыцца, даведацца шмат цікавага, — дзеліцца ўражаннямі студэнтка 2 курса фізіка-матэматычнага факультэта Галіна Цецерава. — У мінулым годзе я была проста слухачом, сёлета ж сама вучу першакурснікаў. Галоўныя пытанні, з якімі выступаю перад сваімі калегамі, тычацца прафілактыкі шкодных звычак. Безумоўна, у гэтай сферы шмат хто разбіраецца, таму што ў школах да нас заўсёды даносілі інфармацыю аб тым, наколькі сур’ёзную пагрозу здароўю нясуць наркатычныя рэчывы, курэнне. Калі ж закранаць тэму харчавання, то ў гэтым кірунку ў ведах студэнтаў — прабел. Пра якую здаровую ежу можна гаварыць, калі ніхто нават не растлумачыць, што гэта значыць — харчавацца правільна? Аднак дзякуючы мінулагодняму праекту, які даў старт нашаму “Здароваму пакаленню”, я ўжо шмат ведаю. Спадзяюся, гэтыя веды дапамогуць рэалізаваць ідэі, якія захаваюць здароўе ўсім, хто ў гэтым зацікаўлены”.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.