Працоўныя канікулы

Штогод у Беларусі ў вольны ад вучобы час і ў перыяд летніх канікул органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне працаўладкоўваюць да 30 тысяч навучэнцаў. Аб гэтым паведаміла Юлія Вітальеўна Давідзенка, намеснік начальніка аддзела арганізацыі дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Яна нагадала, што выдаткі бюджэтных арганізацый на набыццё спецадзення, інвентару, інструменту, матэрыялаў, бланкаў працоўных кніжак, аплату працы маладых грамадзян фінансуюцца са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Па яе словах, летась праз органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне працаўладкавалі 25 тысяч навучэнцаў і студэнтаў, 85% з іх склалі навучэнцы 8—11 класаў. На працаўладкаванне маладых людзей было выдаткавана больш за 25 млрд рублёў. Сёлета плануецца садзейнічаць працаўладкаванню ў вольны ад вучобы час 21,4 тысячы навучэнцаў і выкарыстаць на гэтыя мэты 31,2 млрд рублёў са сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
— Наймальнікам пералічваюцца грашовыя сродкі не толькі на аплату працы маладых грамадзян у памеры налічанай заработнай платы з улікам выплат стымулюючага і кампенсуючага характару, але і на выплату грашовай кампенсацыі за нявыкарыстаны адпачынак, сумы абавязковых страхавых узносаў на налічаную зарплату, а таксама страхавых узносаў абавязковага страхавання ад няшчасных выпадкаў, — растлумачыла спецыяліст, якая была ўдзельнікам прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры сталічнага Дома прэсы.
Ю.В.Давідзенка звярнула ўвагу на тое, што пераважнае права на часовае працаўладкаванне ў рамках другаснай занятасці мае моладзь з нядобранадзейных, няпоўных сем’яў і падлеткі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх.
Аб’екты для работы моладзі ў гэтым годзе ў большасці ўжо вызначаны. У асноўным хлопцы і дзяўчаты будуць займацца азеляненнем, добраўпарадкаваннем тэрыторый навучальных устаноў і ўстаноў сацыяльнай абароны, рамонтам вучэбнай мэблі, рэстаўрацыяй кніжнага фонду бібліятэк, пашывам мяккіх цацак, пасцельнай бялізны, вырабам стэндаў і іншымі агульнадаступнымі відамі работ.
— Яшчэ адзін найважнейшы кірунак занятасці моладзі — студатрадаўскі рух, — працягнула гутарка начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Пшанічная. — Гэта магчымасць і адпачыць, і папрацаваць. Адно з нядаўніх змяненняў заканадаўства, якое тычыцца арганізацыі дзейнасці студатрадаў, — права працаваць у іх прадастаўлена непаўналетнім.
Як расказала Наталля Іванаўна, летась у складзе студатрадаў працавалі каля дзвюх тысяч непаўналетніх, якія стаяць на ўліку ў ІСН або з нядобранадзейных сем’яў. Для іх гэта не толькі магчымасць зарабіць, але і шанс выправіць у пэўнай ступені свае паводзіны, бо студатрады нямала працуюць у выхаваўчым кірунку. Н.І.Пшанічная таксама паведаміла, што зараз разглядаецца пытанне аб матэрыяльным стымуляванні прадпрыемстваў, якія бяруць на работу студэнцкія атрады.
Надзея Аляксандраўна Шахоўская, камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ЦК БРСМ, паведаміла, што ў гэтым годзе ўпершыню на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы, дзе ўзводзіцца АЭС, пройдзе злёт студэнцкіх атрадаў. Сёлета беларускія студатрадаўцы збіраюцца працаваць не толькі ў нашай краіне, але і ў Расіі. Сярод іх будуць і маладыя людзі, якія вырашылі папрацаваць на Расійскай чыгунцы. Як расказала Н.А.Шахоўская, за паўтара—два месяцы работы ў якасці правадніка студэнты маюць магчымасць зарабіць да 20 млн рублёў.
— Але работа гэтая складаная, мала таго, што фізічна цяжкая, трэба яшчэ пастаянна знаходзіцца ў добрым настроі, бо інакш нельга працаваць з людзьмі, — заўважыла камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў. — Кожнаму правадніку неабходна адпрацаваць не менш за 550 гадзін, каб атрымаць згаданую зарплату.
Займаюцца працаўладкаваннем і пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі студэнтаў, часта ў супрацоўніцтве з БРСМ. Так, адзін з самых удалых мінулагодніх прыкладаў такой работы — дзейнасць некалькіх будаўнічых і сэрвісных студатрадаў, арганізаваных прафкамам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Сярэдняя заработная плата студатрадаўцаў-будаўнікоў склала 3 млн 800 тысяч рублёў. Сэрвісны атрад у складзе 73 студэнтаў дапамагаў пры правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання. Два атрады агульнай колькасцю 205 чалавек дапамагалі адміністрацыі ўніверсітэта ў правядзенні ўступнай кампаніі. Сярэдняя аплата працы за дзень склала 97,5 тысячы рублёў.
Дарэчы, падзарабіць могуць і тыя студэнты БДЭУ, якія ўваходзяць у склад добраахвотнай дружыны па ахове правапарадку. Заработная плата члена ДД эканамічнага ўніверсітэта за адзін выхад (а гэта чатыры гадзіны) складае 20% ад базавай велічыні.
У 2015 годзе прафсаюзны камітэт студэнтаў БДЭУ плануе арганізаваць занятасць студэнтаў па ўсіх названых кірунках. А прафкам студэнтаў Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова дапамагае адміністрацыі ў фарміраванні студатрадаў, якія ўдзельнічаюць у правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання і ўступнай кампаніі.

Марына ХІДДЖАЗ.