Больш ведаеш — больш атрымаеш

“Фінансавыя веды, несумненна, адносяцца да эканамічных рэсурсаў, бо чым больш людзі ведаюць і ўмеюць, тым багацейшымі яны становяцца”, — так вызначыў неабходнасць быць фінансава граматным намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь старшыня міжведамаснага каардынацыйнага савета па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва Сяргей Дубкоў. Гэтыя словы прачытае кожны, хто адкрые выданне “Фінансавая грамата”, прэзентацыя якога нядаўна адбылася ў Нацбанку.

Вучыцца зарабляць

Кніга расійскіх аўтараў Аляксея Гараева, загадчыка кафедры фінансаў Расійскай эканамічнай школы, прафесара, дырэктара праграмы “Майстар фінансаў”, і Валерыя Чумачэнкі, судырэктара праграмы “Фінансавая грамата”, адаптавана для Беларусі. А прадставілі яе выданне ў нашай краіне Нацбанк, Расійская эканамічная школа і кампанія Visa, якая першай сярод удзельнікаў фінансавага рынку Беларусі падпісала Мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне фінансавай граматнасці з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь.
— У нас рэалізоўваецца план сумесных дзеянняў па павышэнні фінансавай граматнасці, і ў рамках гэтага плана мы рухаемся дастаткова ўпэўнена, — заўважыў Сяргей Дубкоў. — Згодна з ім ажыццяўляецца канструктыўнае супрацоўніцтва як з удзельнікамі рынку, так і з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Наша задача — не саромецца вучыцца атрымліваць новыя веды і ўменні.
Нагадаю, што раней Нацбанк у супрацоўніцтве з партнёрамі прэзентаваў некалькі цікавых ініцыятыў. Гэта, напрыклад, сацыялагічнае даследаванне, у выніку якога прайшоў параўнальны аналіз узроўню фінансавай граматнасці насельніцтва Беларусі, Расіі і Казахстана. Цяпер вось новы праект. Кніга “Фінансавая грамата”, па словах намесніка старшыні Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, стане дадаткам да тых выданняў, якія ўжо ёсць у нашай краіне. Дарэчы, у Расіі ў пэўных навучальных установах арганізаваны факультатыўныя заняткі па фінансавай граматнасці для школьнікаў.
— Як вы ведаеце, Нацыянальны банк і Міністэрства адукацыі выйшлі на сістэмныя рашэнні па больш глыбокім увядзенні пытанняў фінансавай граматнасці ў сістэму навучання ў сярэдняй школе, — дадаў С.В.Дубкоў. — І я спадзяюся, што і па гэтым пытанні мы здолеем дасягнуць канкрэтных вынікаў. Мы — гэта ўсе ўдзельнікі фінансавага рынку, органаў дзяржаўнага кіравання, усе, хто зацікаўлены ў тым, каб фінансавыя рашэнні прымаліся граматна, каб яны былі камфортнымі, бо ўся гэтая дзейнасць нацэлена на паляпшэнне кіравання фінансамі як на ўзроўні канкрэтнага чалавека, так і на ўзроўні сям’і, на ўзроўні дзяржавы.

Тлумачачы тэрміны, звязаныя з атрыманнем мэтавага банкаўскага крэдыту, аўтары перадаюць размову дзвюх сябровак. Адна ў другой пазычае грошы на куплянне джынсаў. Кажа, што доўг верне або з зарплаты, або папросіць у бацькоў. У крайнім выпадку аддасць самі джынсы. “Тэрмін” вяртання крэдыту ў гэтым выпадку — месяц, “паручыцелі” — бацькі, “залог” — джынсы, “працэнтная стаўка” — торцік, які адна сяброўка абяцае падарыць другой за аказаную паслугу.

Сяргей Вітальевіч таксама дадаў, што дарослыя павінны быць зацікаўлены ў тым, каб нашы дзеці выраслі фінансава граматнымі. Як вядома, у нас распрацаваны план мерапрыемстваў Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага банка па супрацоўніцтве ў павышэнні фінансавай граматнасці навучэнцаў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Беражы грошы замалада

Як сказаў рэгіянальны менеджар Visa ў Беларусі і Малдове Ігар Кавалёў, выступаючы на прэзентацыі кнігі, фінансавая граматнасць — ключ да стварэння здаровага фінансавага клімату ў краіне.
— Мы паспрабуем зрабіць гэтую кнігу максімальна даступнай для шырокага кола чытачоў, — адзначыў рэгіянальны менеджар Visa. — Мне здаецца, яна будзе цікавай і сталым людзям.
А Мэндзі Лэмб, генеральны мэнеджар гэтай кампаніі (група краін СНД і Паўднёва-Усходняй Еўропы) адзначыла, што асвойваць фінансавую грамату ніколі не рана, нават пачынаючы з дзетсадаўскага ўзросту.
Ігар Кавалёў, дарэчы, нагадаў пра тое, што раней у Беларусі быў запушчаны праект “Фінансавы футбол” — адукацыйная камп’ютарная гульня, накіраваная на павышэнне фінансавай граматнасці сярод моладзі ва ўсім свеце. Прынамсі, зараз рыхтуецца да запуску другая рэдакцыя гульні для Рэспублікі Беларусь.
“Фінансавая грамата” — наступны сумесны праект, нацэлены на павышэнне ведаў студэнтаў і больш сталых людзей у галіне асабістых фінансаў. Яна будзе распаўсюджвацца праз абласныя ўпраўленні Нацыянальнага банка, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і будзе перададзена ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Зацікаўленыя чытачы змогуць адшукаць яе і на Адзіным інтэрнэт-партале фінансавай граматнасці. Падчас прэзентацыі выдання адбылася сімвалічная перадача кнігі БРСМ — усяго ж гэтае грамадскае аб’яднанне атрымала 550 яе экзэмпляраў. Як адзначыў другі сакратар ЦК БРСМ Сяргей Клішэвіч, кніга ў самы кароткі тэрмін праз пярвічныя арганізацыі БРСМ будзе распаўсюджана ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі Беларусі.
— Будзем выкарыстоўваць выданне па максімуме, для правядзення віктарын, трэнінгаў, семінараў, — паабяцаў С.М.Клішэвіч.

Сяргей Дубкоў, намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь: “Фінансава граматныя людзі адказна ставяцца да кіравання асабістымі фінансамі і граматна плануюць сваю фінансавую будучыню, арыентуюцца і разбіраюцца ў фінансавых паслугах, здольныя прадбачыць фінансавыя рызыкі і хутчэй рэагуюць на нестандартныя сітуацыі, прымаючы эфектыўныя рашэнні”.

На прэзентацыі было заўважана, што вельмі важна для развіцця фінансавай граматнасці насельніцтва своечасова прапанаваць чалавеку пэўныя веды па гэтай тэме, тады, калі яны максімальна для яго цікавыя. Скажам, жанчыну, якая чакае дзіця, зусім натуральна пачынаюць цікавіць пытанні аб дзяржаўнай дапамозе, аб тым, як пражыць ва ўмовах меншых, чым раней, даходаў. Чалавека перадпенсійнага ўзросту будуць цікавіць пытанні аб тым, як на пенсіі павысіць свае даходы. Чалавека, якога папрасілі стаць паручыцелем па крэдыце, — адпаведныя праблемы. Вось тады патрэбная інфармацыя, выкладзеная зразумела і проста, стане надзвычай актуальнай.

Дапамаглі сем’і

Між іншым, над адаптацыяй кнігі для беларусаў працавалі не толькі спецыялісты Нацыянальнага банка, Асацыяцыі беларускіх банкаў, але і Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускай асацыяцыі страхоўшчыкаў.
Аўтары ж кнігі расказалі пра тое, як іх уласныя сем’і дапамагалі ім працаваць над кнігай.
— Мы вельмі доўга працавалі над першым варыянтам кнігі, — узгадалі Аляксей Гараеў і Валерый Чумачэнка. — Арыентаваліся на людзей, якія не разбіраюцца ў фінансах, не маюць спецыяльнай адукацыі, на сваіх жонак, дзяцей.
Галоўнай мэтай для аўтараў было зацікавіць звычайнага чытача, бо нярэдка вучэбныя дапаможнікі грашаць тым, што ў іх шмат незразумелых тэрмінаў, незнаёмых паняццяў. Такіх тэрмінаў шмат і ў крэдытных дагаворах. Робіцца гэта дзеля таго, каб спажывец заблытаўся і падпісаў дагавор, не ўдумваючыся ў яго нюансы.
— Мы імкнуліся простай мовай растлумачыць, што на самай справе нясуць у сабе тыя або іншыя фінансавыя прадукты і паслугі, — дадаюць прадстаўнікі Расійскай эканамічнай школы. — Нават кожная арыгінальная ілюстрацыя кнігі мае свой падтэкст. Хтосьці адшукае ў гэтай кніжцы рэальныя гісторыі з жыцця, як пазітыўныя, так і негатыўныя. Кагосьці зацікавяць задачкі, хтосьці пачне з гласарыя (гласарый — слоўнік вузкаспецыялізаваных тэрмінаў. — Заўв.аўт.).
Па прызнанні аўтараў, напісаць кнігу простай мовай аказалася надзвычай складана. Спачатку аддалі кнігу навуковым апанентам. Тыя сказалі: “Усё цудоўна”. Потым першы варыянт чыталі жонкі Аляксея Гараева і Валерыя Чумачэнкі. Прачытаўшы, заўважылі: “Звычайнаму чалавеку чытаць гэта немагчыма. Вы напісалі кнігу для сябе сваёй “птушынай” мовай. Цяпер вазьміце і перапішыце яе для нас”. Той жа лёс чакаў і другі варыянт дапаможніка. І толькі трэцюю спробу сем’і аўтараў адобрылі, заўважыўшы, што цяпер кнігу можна паказваць дзецям.

Генеральны менеджар Visa ў СНД і Паўднёва-Усходняй Еўропе Мэндзі Лэмб: “Мы лічым, што доступ да фінансавых паслуг з’яўляецца неад’емным складнікам прагрэсу, а самым важным фінансавым інструментам з’яўляецца прадукт, а не веды”.

Невыпадкова кніга пачынаецца з падзякі аўтараў “нашым натхняльнікам — родным і блізкім за бясконцае цярпенне, мудрыя парады і саўдзел у творчым працэсе”.
Канчатковы варыянт кнігі, адаптаванай для Беларусі, складаецца з раздзелаў, якія паступова раскрываюць самыя простыя, потым — больш складаныя тэмы. Такім чынам, першы раздзел тычыцца асабістага фінансавага планавання, апошні расказвае пра граматны выбар фінансавага пасрэдніка, падыходзячы да гэтай тэмы праз часткі пра дэпазіты, крэдыты, разлікова-касавыя аперацыі і г.д.
— Мы пісалі кнігу так, як узводзяць будынак, ад фундамента, — кажуць аўтары. — Не маючы асновы, бессэнсоўна выбіраць цэглу для ўсяго будынка.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з інтэрнэту.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*