Бізнес стартуе ва ўніверсітэце

— Маладзёжнае асяроддзе найбольш актыўна і пазітыўна ўспрымае інавацыі, — гаворыць памочнік генеральнага дырэктара Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік” кіруючы дырэктар Стартап цэнтра гэтай навучальнай установы Віталь Мікалаевіч Гмырак, выкладчык універсітэта. — А наша задача — выкарыстаць гэты патэнцыял моладзі, каб падчас вучобы студэнты ці аспіранты маглі стварыць уласны бізнес.

Так пачалася наша з Віталем Мікалаевічам размова пра падтрымку маладзёжных прадпрымальніцкіх ініцыятыў. Ён расказаў, што Навукова-тэхналагічны парк Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта існуе з 1992 года, а Стартап цэнтр значна маладзейшы — яму ўсяго каля паўтара года, створаны ён у рамках еўрапейскага праекта TEMPUS-SUCSID. Тут ажыццяўляецца бясплатнае практыка-арыентаванае навучанне з дапамогай еўрапейскіх методык па прадпрымальніцтве, інавацыйным менеджменце, бізнес-планаванні, кіраванні інтэлектуальнай маёмасцю, лідарстве і камандаўтварэнні.
— Людзі, у якіх ёсць цікавая ідэя, часта не ведаюць, да каго звярнуцца, каб гэтую ідэю ўвасобіць у жыццё, — тлумачыць В.М.Гмырак. — Наша задача — знайсці такіх таленавітых хлопцаў і дзяўчат, дапамагчы ім сфарміраваць каманды і ўкараніць інавацыйную ідэю ў практыку. Мы дапамагаем людзям, якія прыходзяць да нас, складаць бізнес-планы, шукаць інвестараў, вучым таму, як правільна паказваць свой праект інвестарам, каб зацікавіць ім, расказваем, як правільна запатэнтаваць распрацоўку і прасоўваць яе на рынак і г.д.
Да таго ж у нас самы вялікі ўніверсітэцкі тэхнапарк у Беларусі. Маладым прадпрымальнікам пасля таго, як у Стартап цэнтры яны распрацуюць канцэпцыю свайго інавацыйнага бізнесу, ёсць куды прыйсці, дзе размясціць вытворчасць, прычым на льготных умовах. Сёння ў тэхнапарку ўжо дзейнічае каля дзесяці інавацыйных прадпрыемстваў, работа якіх заснавана на распрацоўках навукоўцаў нашага ўніверсітэта. Атрымаўся ланцужок: універсітэт, дзе праводзяцца даследаванні і ствараюцца распрацоўкі, тэхнапарк, дзе не толькі студэнты, але і супрацоўнікі БНТУ ствараюць уласны бізнес, і паміж імі — наш цэнтр. А калі мы адкрыем новы будынак тэхнапарка, што ўзводзіцца дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы (плануецца, што адкрыццё адбудзецца сёлета), колькасць рэзідэнтаў тэхнапарка вырасце вельмі значна. А гэта і новыя рабочыя месцы, і павялічаны экспарт высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі, замежныя інвестыцыі і нямала іншых плюсоў.
За адносна кароткі тэрмін свайго існавання Стартап цэнтр БНТУ ўжо можа пахваліцца не адной гісторыяй поспеху. Напрыклад, гэта гісторыя праекта “Турбасфера”, які распрацаваў тады яшчэ студэнт, а зараз аспірант універсітэта Кірыл Ляўкоў. Праект атрымаў фінансавую падтрымку інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама, выйграўшы адпаведны конкурс. Сёння ўжо створаны доследны ўзор распрацоўкі. Гаворка ідзе пра ўстаноўку, якая на газаразмеркавальных станцыях ператварае залішні ціск у электрычную энергію. Як гаворыць Віталь Мікалаевіч, гэтым праектам зацікавіліся і нашы, і расійскія арганізацыі, у прыватнасці інавацыйны цэнтр “Сколкава”.
Зараз, напрыклад, у Стартап цэнтры прасоўваюць маркетынгавы праект дызайн-цэнтра вышыўкі пры ўніверсітэце. Ён не такі складаны, як нейкія тэхнічныя праекты, таму патрабуе куды меншых выдаткаў і куды больш кароткіх тэрмінаў на рэалізацыю. Другі праект, які прапанаваў аспірант Дзмітрый Пісарэнка, пакуль знаходзіцца на этапе распрацоўкі. Праект тэхнічна складаны, тычыцца перапрацоўкі даламітавай сыравіны, вырабу вапны высокіх гатункаў, якая, як кажа мой суразмоўнік, у Беларусі пакуль не выпускаецца.
— Калі інавацыйны праект знаходзіцца на навукова-даследчым этапе, інвестараў пад яго адшукаць цяжка, — заўважае В.М.Гмырак. — Так што пакуль аўтар гэтага праекта выкарыстоўвае ўласныя сродкі. Ёсць такое паняцце “даліна смерці” — інвестыцыі ў праект патрэбны вялікія, а даходы ад яго знаходзяцца ў аддаленай перспектыве. Таму распрацоўшчыкам падобных праектаў вельмі патрэбна дапамога.
Учора Стартап цэнтр БНТУ, дарэчы, разам з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Рэспубліканскім домам інавацыйнай творчасці, правёў бізнес-трэнінг для ўдзельнікаў рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі”, які праводзіць БРСМ.
Тэма трэнінгу ўсё тая ж — стварэнне ўласнага бізнесу. А пазней адбыўся краш-тэст, на якім былі прадстаўлены маладзёжныя бізнес-праекты. Лепшыя каманды атрымалі ўзнагароды ад тэхнапарка “Палітэхнік”, напрыклад, сертыфікат на год бясплатнага інкубавання. Мерапрыемствы прайшлі ў рамках візіту ў Беларусь дэлегацыі Міжнароднага праекта TEMPUS-SUCSID.
— Моладзь — гэта наша будучыня, — гаворыць кіруючы дырэктар Старта пцэнтра БНТУ. — І трэба даваць ёй магчымасць развівацца. Па вялікім рахунку мы імкнёмся да фарміравання прадпрымальніцкай інавацыйнай культуры. Інвестары, якія прыходзяць да нас па сучасныя праекты, выбіраюць граматныя каманды, адзін жа распрацоўшчык у полі не воін. Невыпадкова дэвіз цэнтра — “Пачні свой бізнес разам з намі”.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва БНТУ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*