Рабіць дабро

Традыцыйная навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” ніколі не абмяжоўвалася рамкамі таго або іншага рэгіёна. Аднак, нягледзячы на агульнарэспубліканскі маштаб, яна заўсёды мела свае асаблівасці на месцах. Якія? Адказ на гэтае пытанне — у падборцы матэрыялаў карэспандэнтаў “Настаўніцкай газеты”.

Брэсцкая вобласць

Арганізатары Рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” на Брэстчыне пастараліся зрабіць усё магчымае, каб святочныя мерапрыемствы атрымаліся цікавымі і запамінальнымі.

У рэгіёнах вобласці на базе школ, устаноў дадатковай адукацыі і культуры адбыліся шматлікія навагоднія ранішнікі, дабрачынныя тэатралізаваныя паказы, гульнёва-забаўляльныя і шоу-праграмы, балі-маскарады і ўрачыстыя прыёмы ў гонар адораных вучняў. Вялікая ўвага ўдзялялася дзецям-сіротам і інвалідам, а таксама хлопчыкам і дзяўчынкам з асаблівасцямі развіцця. Актыўны ўдзел у мерапрыемствах прымалі прадстаўнікі органаў улады і Беларускай Праваслаўнай Царквы, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, РАУС і МНС, пракуратуры і Следчага камітэта, вайсковых часцей і прадпрыемстваў. Дарослыя дарылі дзецям цёплыя словы і падарункі, віншавалі са святамі, а дзеці радавалі дарослых вакальнымі, танцавальнымі і тэатралізаванымі выступленнямі.
У Брэсцкім гарвыканкаме прайшоў навагодні прыём адораных вучняў кіраўніком горада А.С.Рагачуком. Лідары дзіцячага руху, пераможцы алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў, фестываляў і спаборніцтваў атрымалі з рук мэра заслужаныя ўзнагароды і падарункі.
— Улада заўсёды ўважліва ставіцца да інтарэсаў, патрэб і праблем дзяцей, — адзначыў А.С.Рагачук. — Для гэтага ствараюцца неабходныя ўмовы. Патэнцыял кожнага дзіцяці павінен быць рэалізаваны. У школах Брэста вучыцца шмат здольных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія дзякуючы настойлівай працы і адказнаму стаўленню да вучобы дасягнулі высокіх вынікаў у розных відах дзейнасці. Заслугі такіх дзяцей не застаюцца незаўважанымі.
Сустрэча праходзіла ў даверлівай атмасферы. Кіраўнік горада цікавіўся інтарэсамі моладзі, расказваў пра перспектывы развіцця Брэста. Школьнікі задавалі мэру пытанні.
Самым маштабным і відовішчным атрымалася абласное дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей з удзелам кіраўніцтва Брэстчыны, якое адбылося ў абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. На мерапрыемства з’ехалася каля 350 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сярод іх — дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, дзеці з малазабяспечаных, мнагадзетных і няпоўных сем’яў, пераможцы алімпіяд рознага ўзроўню, спартыўных спаборніцтваў, конкурсаў і фестываляў, грамадскія актывісты і актывісты школьнага самакіравання.
Святочная праграма складалася з тэатралізаванай пастаноўкі “Новы год і пяро Жар-птушкі”. Добры настрой для ўдзельнікаў стваралі каля 250 выхаванцаў дзіцячых аб’яднанняў па інтарэсах. Акрамя таго, падчас мерапрыемства працавалі гульнявыя пляцоўкі і абласная выстава дзіцячай творчасці “Вясёлкавы калейдаскоп”. Каля ёлкі вадзіў карагод Дзед Мароз. Удзельнікі свята не засталіся без навагодніх салодкіх падарункаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Гомельская вобласць

Амаль паўтары тысячы дзяцей 8—14 гадоў сабрала галоўная дабрачынная ёлка ў Гомельскім дзяржаўным цырку.

Мерапрыемства даўно атрымала назву “губернатарскай ёлкі”, паколькі яно заўсёды праходзіць з удзелам старшыні Гомельскага аблвыканкама. Гэты год не стаў выключэннем, і Уладзімір Дворнік вітаў дзетак і іх бацькоў, якія сабраліся на ранішнік з усяго рэгіёна. Як правіла, у ліку гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак — дзеці-сіроты і выхаванцы дзіцячых дамоў, дзеці з мнагадзетных сем’яў і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама пераможцы алімпіяд і конкурсаў.
Акрамя казачнага паказу, хлопчыкаў і дзяўчынак на мерапрыемстве чакалі віктарыны, гульнявыя праграмы, а таксама салодкія падарункі. А ў фае цырка разгарнуўся цудоўны рознакаляровы казачны горад з гульнявымі пляцоўкамі, дзе Гомельскі і Мазырскі абласныя ліцэі, а таксама ўстановы дадатковай адукацыі дэманстравалі свае навагоднія задумы.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Віцебская вобласць

Новы год — гэта заўсёды сонечны мандарынавы настрой і чаканне казкі, прадчуванне прыемных сюрпрызаў і весялосці, надзея на шчасце, якая з незвычайнай сілай успыхвае ў кожным сэрцы. Аднак галоўнае чарадзейства навагодніх і калядных свят якраз у тым, што гэтыя дні аб’ядноўваюць нас у адзіным памкненні дарыць радасць, спраўджваць самыя запаветныя жаданні родных і блізкіх, сяброў і калег, знаёмых і незнаёмых людзей. І, канечне, нашых дзяцей.

Калі ўявіць навагоднюю дабрачынную акцыю “Нашы дзеці” на Віцебшчыне ў выглядзе сімвалічнай прыгажуні ёлкі, то год за годам яна падрастае: пашыраецца кола ўдзельнікаў, а ўпрыгажэнні на навагоднім дрэве становяцца ўсё больш яркімі, цікавымі. Акрамя ўсім знаёмых — але ад гэтага не менш доўгачаканых — ранішнікаў, канцэрт-на-забаўляльных праграм, тэатралізаваных паказаў з Дзедам Марозам і Снягуркай, акцыя “Нашы дзеці” штораз уключае новыя праекты. Сёлетнія святы не выключэнне. Па традыцыі напярэдадні Новага года Дзяды Марозы, Снягуркі, героі казак, мультфільмаў выйшлі на парад у Віцебску. Сёлета ён сабраў амаль тысячу ўдзельнікаў і прайшоў у асабліва цёплай атмасферы (слупок тэрмометра ўпарта паказваў +10). У акцыі “Запалім ёлку разам” на галоўнай плошчы абласнога цэнтра прынялі ўдзел лепшыя навучэнцы рэгіёна — пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў, алімпіяд па вучэбных прадметах і фінансавай дасведчанасці, спартыўных турніраў, а канцэрт-ную праграму падрыхтавалі юныя ўдзельнікі мастацкіх калектываў і аб’яднанняў. У той жа дзень па ўсім рэгіёне заззялі зіхоткім убраннем лясныя прыгажуні.
Абласное дабрачыннае навагодняе свята сабрала дзятву ў канцэртнай зале “Віцебск”. Запрашэнне на яго атрымалі хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў — юныя таленты паўночнага рэгіёна, якія праславіліся поспехамі ў вучобе, творчасці або грамадскай рабоце, а таксама сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, інваліды, дзеці з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, сем’яў бежанцаў. Акрамя таго, у рамках акцыі “Нашы дзеці” праведзены і праводзяцца сотні акцый з удзелам кіраўнікоў органаў выканаўчай улады, прадстаўнікоў розных ведамстваў, прадпрыемстваў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. У цэнтры грамадскай увагі — дзеці з мнагадзетных і малазабяспечаных, прыёмных і апякунскіх сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, выхаванцы дзіцячых інтэрнатных устаноў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзеці-інваліды. Дзятву віншуюць з Новым годам і Калядамі, уручаюць ім падарункі, аказваюць матэрыяльную дапамогу. Не засталіся без увагі маленькія пацыенты гарадскіх і раённых бальніц: кожны з іх атрымаў віншаванні і салодкія падарункі.
— Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” нагадвае пра галоўныя чалавечыя каштоўнасці, — адзначыў падчас наведвання Віцебскага кадэцкага вучылішча ў Лужасне старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін. — У свеце цяпер неспакойна, ідуць войны, і тым важней зрабіць нешта добрае для дзяцей. Проста, па-чалавечы — парадаваць падарункамі, сказаць цёплыя словы віншаванняў. Усё гэта прыемна не толькі дзецям, але і дарослым удзельнікам святочных мерапрыемстваў.
— У Віцебску гарадскімі і раённымі дабрачыннымі мерапрыемствамі акцыі “Нашы дзеці” будзе ахоплена звыш 4 тысяч дзяцей школьнага ўзросту, — расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама Ігар Кіруценка. — На набыццё падарункаў толькі з гарадскога бюджэту выдзелена каля 206,5 млн рублёў.
— Важна, каб дзеці правялі навагоднія і калядныя дні не проста цікава, але і з карысцю, а галоўнае — адчулі любоў і клопат дарослых, — падкрэсліла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ларыса Аленская. — Так, традыцыйнай стала “Зімовая казка” для выхаванцаў Віцебскага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра, якую мы праводзім у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. На свяце былі не толькі Дзед Мароз, Снягурка і традыцыйныя казачныя персанажы: артысты народнага тэатра лялек “КапялюШ” Наваполацкага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры расказалі дзецям галоўную калядную гісторыю пра з’яўленне на свет Ісуса Хрыста. Маленькія госці свята пазнаёміліся таксама з іншымі батлеечнымі тэатрамі нашай вобласці, прадстаўленымі ў экспазіцыі цэнтра, атрымалі падарункі і запрашэнне за салодкі стол, прынялі ўдзел у майстар-класах па народных рамёствах.

Таццяна БОНДАРАВА.

Гродзенская вобласць

Цяжкі і вялікі мех з падарункамі, салодкімі пачастункамі нясе ў гэтыя дні Дзядуля Мароз са Снягуркай па дарогах Гродзеншчыны. Трэба яму пабываць ва ўсіх дзіцячых установах, ні адзін ранішнік не абмінуць, кожнае дзіця павіншаваць. Але і памочнікаў у яго дастаткова — кіраўнікі дзяржаўных устаноў на чале з губернатарам і дэпутаты, прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, валанцёры. Акцыя “Нашы дзеці” аб’ядноўвае сотні неабыякавых людзей.

Асаблівая ўвага тым, хто патрабуе клопату ўвесь час, а ў перадсвяточныя дні — асабліва. Ва ўсіх школах-інтэрнатах, дзіцячых дамах, цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання, сацыяльна-педагагічных цэнтрах прайшлі ранішнікі. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў пабываў у дзетак з ЦКРНіР Гродна, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч — у Ашмянскай школе-інтэрнаце. Выхаванцы Панямунскага дзіцячага дома атрымалі падарункі ад прадпрыемства “Гроднааўтадор” і “Абсалютбанка”.
На навагодняе свята выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна сабраліся ў падлеткавым клубе “Фламінга”. Для дзетак з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця ў цэнтры працуюць клуб “Добрыя сэрцы”, студыя “Гліняны цуд”, аб’яднанне па інтарэсах “Мадэляванне забаўкі” і інш. Разам з дзеткамі і іх бацькамі карагоды каля навагодняй ёлкі вадзілі і героі сучасных мультфільмаў — Фіксікі. А падарункі разам з Дзедам Марозам ад Ленінскай раённай арганізацыі “Белая Русь” уручыў яе старшыня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васіль Міхно, а таксама піянеры з 28-й школы, якія арганізавалі дабрачынную перадсвяточную акцыю “Цуды на Каляды”.
Упершыню гэтай зімой дзеці Гродзеншчыны змогуць пабываць у рэзідэнцыі Дзеда Мароза, якая размясцілася недалёка ад абласнога цэнтра — на беразе возера Юбілейнага.
Галоўная дабрачынная ёлка прайшла ў Гродне ў абласным драматычным тэатры. На яе запрасілі дзяцей-сірот, дзяцей з мнагадзетных, апякунскіх і прыёмных сем’яў, пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, спартыўных мерапрыемстваў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

Мінская вобласць

“Прывітанне, Дзед Мароз!” — горача крычаць дзеці свайму чароўнаму госцю. Патанцаваць пад навагодняй ёлкай прыйшлі таксама Снегавік, Завіруха, Баба Яга, Фея, і кожнага з іх дзеці сустракалі радасна і з прадчуваннем цуду. Так праходзіла навагодняе мерапрыемства
ў рамках акцыі “Нашы дзеці” ў SOS-дзіцячай вёсцы ў Мар’інай Горцы Пухавіцкага раёна.

У SOS-дзіцячую вёску завітаў першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Уладзіміравіч Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзяло шэфства над дзіцячай вёскай, і тут прадстаўнікоў міністэрства лічаць добрымі сябрамі. “Новы год набліжаецца, і мы зробім усё неабходнае, каб свята ў дзяцей атрымалася. Клопат аб дзецях для дзяржавы — справа першаступеннай важнасці. Ім заўтра ствараць будучыню. І каб усё ў іх склалася, сёння мы, дарослыя, павінны паказваць, што мы іх любім і цэнім”, — адзначыў ганаровы госць. Ігар Уладзіміравіч дадаў, што толькі акцыяй “Нашы дзеці” супрацоўніцтва міністэрства і дзіцячай вёскі не абмяжоўваецца. Для дзяцей на працягу года арганізоўваюцца прафарыентацыйныя экскурсіі на прадпрыемствы, ва ўстановы, а таксама іншыя мерапрыемствы. Дапамогу міністэрства аказвае не толькі мар’інагорцам. Так, нядаўна адбыўся дабрачынны Калядны баль кнігі і аўкцыён. Больш за 50 млн рублёў, якія былі атрыманы ў выніку, накіраваны Журавіцкаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які знаходзіцца ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці.
Да падарожжа ў навагоднюю казку “вяскоўцы” рыхтаваліся доўга і старанна. Многія з іх займаюцца ў школе мастацтваў. Было відаць, што для дзяцей выступленне вельмі важнае. І не таму, што хлопчыкі і дзяўчынкі адчулі сябе акцёрамі, а таму, што ў іх была магчымасць парадаваць сваю маму-выхавальніцу і братоў з сястрычкамі. Ім гэта ўдалося. “Мне вельмі спадабалася, настрой цудоўны, — дзеліцца эмоцыямі Настасся Крэзо. — Гэта мой апошні год у SOS-вёсцы, летам я буду паступаць. І буду вельмі сумаваць па нашых сумесных святах”.
SOS-дзіцячая вёска ў Мар’інай Горцы — адна з найбуйнейшых па колькасці дзяцей SOS-вёсак ва ўсёй Еўропе. Адкрылася яна 12 гадоў назад. Сёння тут жывуць 12 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 73 хлопчыкі і дзяўчынкі. “Мы рады нашым гасцям і сябрам, — расказвае дырэктар SOS-дзіцячай вёскі ў Мар’інай Горцы Дзмітрый Васільевіч Калтовіч. — Менавіта сябрамі мы называем тых, хто нам дапамагае, — шэфаў, спонсараў, валанцёраў”. Так нечакана перад святкаваннямі з’явілася ў вёсцы новая пухнатая навагодняя ёлка. Яе падарыла мясцовая прадпрымальніца. Упрыгожванне ёлкі само сабой перарасло ў забаўляльнае мерапрыемства. У хуткім часе танцы вакол ёлкі для дзяцей завялі вядомыя дыджэі. Паказ у падарунак прывезлі прадстаўнікі абласнога ўпраўлення МНС. Наперадзе яшчэ паездкі ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Батанічным садзе, чэмпіянат па цукерачных шашках і многа іншага.
Выхаванцы SOS-дзіцячай вёскі таксама з задавальненнем ствараюць і дораць святочны настрой. Так, яны падрыхтавалі і правялі навагодняе мерапрыемства для сем’яў Пухавіцкага раёна, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Пры гэтым мерапрыемствы акцыі “Нашы дзеці” на Міншчыне падобныя да навагодняй ёлачнай гірлянды — кожнае з іх засвяціла яркім каляровым агеньчыкам, якія аб’ядналіся ў ланцужок, каб радаваць дзяцей і дарыць ім цуды.
У кожным раёне Міншчыны і Жодзіне для маленькіх жыхароў дарослыя стваралі казку. Дабрачынныя навагоднія святы пазвалі дзяцей у палацы, цэнтры культуры і на гарадскія плошчы. “Ёлкі” прайшлі ў навучальных установах, карэкцыйна-развіццёвых цэнтрах, школах мастацтваў і цэнтрах творчасці. Да тых, хто на свята дабрацца не мог, свята прыходзіла само — навагоднія паказы і забаўляльныя праграмы былі арганізаваны ў дзіцячых аддзяленнях бальніц. У кожным раёне свята змаглі зрабіць арыгінальным, непадобным да іншых, з крэатыўнымі сцэнарыямі і захапляльнымі сюжэтамі.
Ладзіліся святы і ў кожнай інтэрнатнай установе: навагоднія ранішнікі, карнавалы, шоу-праграмы не раз прымусілі дзяцей усміхнуцца. Так, напрыклад, навучэнцы Гарадзейскай дапаможнай школы-інтэрната пабывалі на балі ў замку: хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі адчуць сябе сапраўднымі дамамі і кавалерамі, танцуючы і гуляючы па велічных залах Мірскага замка. Дзеці, якія выхоўваюцца ў Рудзенскай дапаможнай школе-інтэрнаце, адправіліся ў цырк і тэатр лялек. У хуткім часе яны таксама наведаюць сядзібна-паркавы комплекс “Дукорскі маёнтак” і комплекс старажытных народных рамёстваў “Дудуткі”. Многа планаў і ў навучэнцаў Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку. Яны пабывалі ўжо на неонавым лядовым шоу, на паказе ў Палацы Рэспублікі і ў драматычным тэатры. У новым годзе яны стануць гасцямі аграсядзібы і аквапарка.
На балі да агульных святкаванняў далучыліся навучэнцы Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, што ў Слуцку. Мерапрыемства па традыцыі прайшло ў рамках акцыі “Нашы дзеці” і стала трыумфам грацыёзнасці, высакароднасці і прыгажосці.
Цэнтральным мерапрыемствам на Міншчыне стала абласное дабрачыннае свята “Навагодні вернісаж”. Больш за 900 дзяцей з усіх раёнаў вобласці прыехалі ў Барысаў, дзе для іх працавалі забаўляльныя пляцоўкі, а на сцэне Палаца культуры разгарнулася тэатралізаванае дзейства па матывах казкі “Шчаўкунчык”. Падарункі маленькім гасцям свята ўручыў губернатар Мінскай вобласці Сямён Барысавіч Шапіра.

Дар’я РЭВА.

Магілёская вобласць

Новы год, несумненна, самае доўгачаканае і чароўнае свята, падчас якога ў кожным з нас прачынаецца вера ў цуд. З асаблівым хваляваннем чакаюць дзеці цудаў, здзяйснення жаданняў і падарункаў. Але жыццё не ўсім дае роўныя магчымасці. Многія дзеці ў гэтыя святочныя дні востра маюць патрэбу ў дабрыні, увазе і падтрымцы. На аказанне такой падтрымкі накіравана навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, у рамках якой светлай радасцю ад спраўджаных мар напаўняюцца дзіцячыя сэрцы па ўсёй краіне.
Не выключэннем стала і Магілёўшчына.

— У ходзе акцыі кіраўнікі мясцовых выканаўчых органаў кіравання наведалі абсалютна ўсе дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сталі на час свят пацыентамі дзіцячых бальніц. А галоўным мерапрыемствам стала губернатарская ёлка, якая сабрала разам каля 600 дзяцей. Яны вадзілі карагоды з казачнымі персанажамі, паглядзелі навагоднюю казку ў выкананні супрацоўнікаў абласнога цэнтра творчасці, пасля чаго атрымалі персанальныя падарункі. Усяго падарункі да Новага года атрымалі больш за 100 тысяч дзяцей, — паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Міхайлаўна Кускова.
Па яе словах, адметнымі рысамі акцыі “Нашы дзеці” ў рэгіёне сталі правядзенне дабрачыннага тэлемарафону і адкрыццё двух дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў райцэнтрах Клічаў і Крычаў. Яркім мерапрыемствам выдаўся таксама калядны баль для выхаванцаў абласнога кадэцкага вучылішча. Як і раней, ён прайшоў у лепшых традыцыях баляў мінулых стагоддзяў. Камерная, меладычная музыка, паклоны і рэверансы юных дам і кавалераў, а галоўнае — танцы: паланэз, вальс, вясёлая мазурка… Усё гэта стварала непаўторнае адчуванне свята. Вядома, не абышлося і без падарункаў. Установе былі прэзентаваны ноўтбук і грашовыя сродкі на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, набыццё спартыўнага абсталявання, а ўсім дзецям — салодкія прысмакі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.

Мінск

Урачысты старт акцыі “Нашы дзеці” ў сталіцы быў дадзены ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.

— Прыемна, што з кожным годам колькасць арганізацый, якія бяруць удзел у дабрачынных мерапрыемствах, узрастае, — адзначыў падчас свята першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. — У рамках акцыі “Нашы дзеці” прадстаўнікі гарадской улады, грамадскіх арганізацый, бізнесу аб’ядноўваюць свае намаганні для таго, каб маленькія мінчане адчулі клопат дарослых і атмасферу навагодніх свят.
Як зазначыў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык, за гады правядзення дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ўдалося наведаць многія дзіцячыя ўстановы і падарыць незабыўныя ўражанні тысячам юных мінчан. Асаблівая ўвага традыцыйна ўдзяляецца дзецям з малазабяспечаных і нядобранадзейных сем’яў, дзецям-сіротам — хлопчыкам і дзяўчынкам, якія ў першую чаргу маюць патрэбу ў падтрымцы з боку дзяржавы. У сваю чаргу дзеці застаюцца ўдзячнымі дарослым, імкнуцца радаваць іх сваімі поспехамі. Сёлета многія мінчане перамаглі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і алімпіядах, сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Пры гэтым сёння ў Мінску створаны ўсе ўмовы, каб дзеці адчувалі сябе кам-
фортна.
У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прысутнічала каля 250 хлопчыкаў і дзяўчынак, для якіх была падрыхтавана цікавая забаўляльная праграма. Галоўнае ж гарадское свята прайшло ў Белдзяржцырку.

Сяргей ГРЫБ.