Жыллё новай якасці

Аб праекце новай студэнцкай вёскі ў сталіцы загаварылі яшчэ ў 2007 годзе. А ўжо ў 2008 прэзідэнт краіны заклаў капсулу ў фундамент першага будынка комплексу, які, між іншым, хутка будзе прымаць не толькі студэнтаў, але і ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату свету па хакеі. На сённяшні дзень у студэнцкай вёсцы здадзены ў эксплуатацыю некалькі інтэрнатаў для розных устаноў вышэйшай адукацыі Мінска: медуніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта… Апошні інтэрнат, дарэчы, здадзены зусім нядаўна, восенню 2013 года. А вось інтэрнат БДУІР, напрыклад, уведзены ў эксплуатацыю роўна год назад. Два названыя інтэрнаты, размешчаныя на вуліцы Чурлёніса і праспекце Дзяржынскага (адрасы розныя, але будынкі суседнічаюць адзін з адным), я і вырашыла наведаць, папярэдне распытаўшы пра іх у супрацоўнікаў адпаведных устаноў адукацыі.

У студэнцкую вёску я выправілася, зразумела, на метро. Чым бліжэй да канцавой станцыі “Пятроўшчына”, тым больш у вагоне маладых людзей. Усё зразумела — студэнты. Іх і раней у гэтым раёне горада было нямала, бо тут размешчаны Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Але цяпер, пасля будаўніцтва студэнцкай вёскі і новай станцыі метрапалітэна, колькасць дзяўчат і хлопцаў, якія накіроўваюцца на паўднёвы захад Мінска, павялічылася ў разы. Выходжу са станцыі, і студэнцкі паток захоплівае, вядзе да вёскі, новыя, высачэзныя будынкі якой бачныя здалёк. Не менш хлопцаў і дзяўчат рухаюцца нам насустрач, да метро… Жыццё кіпіць, нагадваючы работу вечнага рухавіка. Так як яно і павінна быць у маладзёжным асяроддзі.

Інтэрнат № 4 — раз

Першыя, каго я сустрэла ў вестыбюлі інтэрната № 4 БДУ, дзе так прыемна пахне свежымі фарбай і тынкоўкай, былі два маладыя чалавекі відавочна сярэднеазіяцкай знешнасці. Аказалася — землякі з Туркменістана, якія прыехалі вучыцца ў Беларусь ў 2011 годзе. Гуеч Пурліеў і Хемра Шыхліеў зараз ужо трэцякурснікі эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, толькі спецыяльнасці ў іх розныя — менеджмент; фінансы і крэдыт. “Вучыцца цікава, — расказваюць хлопцы. — І жыллё падабаецца, у гэты інтэрнат перасяліліся аднымі з першых — 1 лістапада. Да гэтага часова жылі ў інтэрнаце № 7 на Кастрычніцкай вуліцы”. Па словах будучых эканамістаў, і там было нядрэнна, але ж новы інтэрнат асаблівы. “Тут і чытальная зала ёсць, і трэнажорная, ходзім, займаемся, — расказвае Гуеч. — І на кухні ўсё ёсць, вельмі зручна”.
Іх меркаванне падзяляюць і дзяўчаты, да якіх я завітала ў госці ажно на 16 паверх (усяго ў будынку 18 паверхаў — памеры ўражваюць, што і гаварыць!). Суседкі па блоку — першакурсніцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Яўгенія Ледаўскіх з Белаазёрска Брэсцкай вобласці, Юльяна Пахарэнка з Маладзечна — на пачатку вучэбнага года здымалі кватэру, і цяперашняя месячная аплата ў 156 тысяч рублёў, канечне, задавальняе іх цалкам. У блоку нас сустракае яшчэ адна яго жыхарка — студэнтка той жа ўстановы вышэйшай адукацыі Дар’я Цішурава з Магілёва, якая і новым жыллём, і суседкамі таксама задаволена. Гэта не ўсе жыхаркі блока на два пакоі, у якім ёсць свая кухня з неабходным абсталяваннем, вельмі прыстойны санвузел (раздзельны), у жылых пакоях таксама ўся неабходная мэбля, убудаваныя шафы-купэ. Разглядаючы ўвесь гэты камфорт, узгадваю ўласнае студэнцкае жыццё ў інтэрнаце на пачатку 90-х. Нядрэнны быў інтэрнат, сучасны на тую пару, але пра сваю кухню, скажам, мы і не марылі, кухня ў нас была адна на паверх. А гэта ж яшчэ не ўсё: у новых студэнцкіх “дамах” ёсць і прасторныя пакоі для самападрыхтоўкі, і трэнажорныя, і канферэнц-залы, і шмат чаго яшчэ. А ключы ад кожнага памяшкання ў адказных за іх студэнтаў.
Канечне, не ўсе сучасныя студэнты жывуць у новых інтэрнатах, не ўсе іх наогул маюць. Але, дзякуючы будаўніцтву студэнцкай вёскі, многія сталічныя УВА прыкметна палепшылі сваё становішча ў гэтым плане.
— Адкрыццё новага інтэрната дазволіла на 10% зменшыць колькасць студэнтаў, якім патрабуецца жыллё, — расказаў намеснік прарэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях дырэктар студгарадка БДУ Міхаіл Барысавіч Чарапеннікаў. — На сённяшні дзень месцамі ў інтэрнатах забяспечаны 65% іншагародніх навучэнцаў універсітэта. А вось засяленне сямейных пар у інтэрнат № 4 не планавалася. Зараз студэнцкія сем’і жывуць у інтэрнаце № 10 БДУ, што на вуліцы Курчатава. Новы ж інтэрнат разлічаны на 1242 месцы, жыллё ў ім выдзелена ў асноўным студэнтам эканамічнага факультэта і Інстытута журналістыкі БДУ, а таксама студэнтам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і БДУФК. Будаўніча-мантажныя работы пачаліся ў ліпені 2010 года, у эксплуатацыю інтэрнат уведзены актам ад 30 верасня 2013 года. У ім 12 пакояў для вучэбных заняткаў, чытальная зала, мужчынская і жаночая трэнажорныя залы, дзве тэнісныя залы, більярдны пакой, фітнес-клас, зала для сілавой падрыхтоўкі. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі на другім паверсе абсталяваны чатыры блокі (кожны — на тры чалавекі).

Інтэрнат № 4 — два

Падобныя выгоды, зразумела, — асаблівасць не толькі названага інтэрната, гэта ўласцівасць усёй студэнцкай вёскі, будаўніцтва якой, дарэчы, працягваецца. Побач з інтэрнатам № 4 Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, таксама інтэрнат № 4, толькі ўжо Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Амаль такі ж вялікі будынак вышынёй у 16 паверхаў нават знешне выглядае вельмі сучасна, прывабна. Гэты інтэрнат разлічаны на 969 чалавек. Нягледзячы на вонкавае і ўнутранае падабенства двух суседніх інтэрнатаў, падрабязная экскурсія па больш абжытым інтэрнаце БДУІР выклікала ў мяне самыя яркія эмоцыі: прыгожа, утульна, камфортна. У вялікай трэнажорнай зале займаліся хлопцы, якія расказалі, што і жыллё ім падабаецца (многія жывуць тут ужо цэлы год), і тое, што метро зусім блізка, і вось трэнажоры прыйшліся даспадобы. “Я займаюся спортам, гуляю ў футбол, — расказвае другакурснік факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР Андрэй Роля (хлопец прыехаў у Мінск з Гродзенскай вобласці). — Таму для мяне як для спартсмена магчымасць займацца на трэнажорах, можна сказаць, не выходзячы з дому, вельмі важная. Спадзяюся, што ў далейшым змагу на нейкіх спартыўных спаборніцтвах выступаць за свой універсітэт”.
На іншым трэнажоры займаецца першакурснік з факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Кірыл Міцкевіч. Ён прыехаў з Гомеля, таму інтэрнат атрымаў адразу ж, з 1 верасня, як жыхар забруджанага раёна. Тое ж расказвае і другі першакурснік таго ж самага факультэта Аляксей Яраховіч, які прыехаў вучыцца ў Мінск з Лунінца Брэсцкай вобласці. Аляксей да таго ж — старэйшы сын у шматдзетнай сям’і. А вось другакурсніку ФІТУ Арцёму Есіпаву пашчасціла атрымаць месца ў новым інтэрнаце як актывісту, члену студсавета УВА. Заняткі ў трэнажорнай зале платныя, а сабраныя грошы ідуць на зарплату студэнтам, якія абслугоўваюць трэнажоры, камп’ютарныя сеткі, на іншыя патрэбы. Арганізаваў такую работу Цэнтр маладзёжных ініцыятыў, што дзейнічае пры ўніверсітэце.
Заходжу ў вялікі светлы пакой самападрыхтоўкі. Студэнты часта прыходзяць сюды з ноўтбукамі — інтэрнэт праведзены і ў гэты, і ў іншыя інтэрнаты студэнцкай вёскі. Затым наведваю пральню (бясплатную), у якой уражвае доўгі рад сучасных машын, не толькі пральных, але і сушыльных. Насупраць пральні размясціўся пакой для прасавання бялізны. Потым заходжу ў сталовую, дзе, трэба сказаць, сабралася нямала наведвальнікаў. Паказалі мне і памяшканне клуба “Азбука бяспекі”, пакой гаспадыні, дзе праходзяць заняткі па вядзенні хатняй гаспадаркі, ёсць пакой для захоўвання агародніны. А ў здраўпункце вядзе прыём тэрапеўт. Прынамсі, у студэнцкай вёсцы працуюць урачы рознага профілю (тэрапеўты, гінеколаг, стаматолаг, іншыя) з 33-й студэнцкай паліклінікі. Ёсць тут і працэдурны кабінет, лабараторыя, студэнты маюць магчымасць здаць пэўныя аналізы, не выязджаючы ў паліклініку. Кожны інтэрнат — цэлы гарадок, самадастатковы, але звязаны з іншымі такімі ж інтэрнатамі ў студэнцкай вёсцы.
— На вочным аддзяленні нашага ўніверсітэта навучаецца каля 9 тысяч студэнтаў, прыкладна 60% з іх — іншагароднія, — расказвае Аляксандр Аляксандравіч Хмыль, прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. — Да ўводу ў эксплуатацыю інтэрната № 4 працэнт забяспечанасці інтэрнатамі ў нас быў вельмі нізкі, тым больш, што і інтэрнат № 2 знаходзіўся на капітальным рамонце, які плануецца завяршыць да 1 студзеня 2014 года. У гэтым інтэрнаце, напрыклад, цалкам замянілі інжынерныя сеткі, сантэхніку, але ж 250 — 300 месцаў на пэўны час былі выведзены са строю. Пасля здачы новага інтэрната мы з 35 — 37% забяспечанасці выйшлі на 55 — 58%. Закончыцца рамонт другога крыла інтэрната № 2, працэнт забяспечанасці іншагародніх студэнтаў наогул вырасце да 70 — 72%, што вельмі няблага для Мінска.
— Канечне, у першую чаргу мы вырашаем пытанні з забеспячэннем месцамі ў інтэрнатах дзяцей-сірот, студэнтаў з зоны радыеактыўнага забруджвання, інвалідаў 1-й групы, студэнтаў, якія былі прызваны ў армію, а потым вярнуліся да вучобы, актывістаў, выдатнікаў, тых, хто паспяхова займаецца навуковай дзейнасцю, студэнцкіх сем’яў, — працягвае Аляксандр Аляксандравіч. Канечне, не забываемся і пра іншых студэнтаў. Так, пры студэнцкім прафкаме створана група нашых навучэнцаў, што шукае кватэры, якія маглі б зняць студэнты БДУІР. Працуем і з заказчыкамі кадраў, прадпрыемствамі, якія могуць выдзеліць месцы нашым хлопцам і дзяўчатам у сваіх інтэрнатах. Гэта, напрыклад, “Белсувязьбуд”, “Інтэграл”, электратэхнічны завод імя Казлова, іншыя прадпрыемствы. А ў новым інтэрнаце (№ 4) — 769 месцаў займаюць нашы студэнты, 200 — студэнты Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д.Сахарава. У гэтым інтэрнаце, між іншым, створана безбар’ернае асяроддзе. У нашым універсітэце вучацца некалькі чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, яны выбралі завочную і дыстанцыйную формы навучання. Але ж прыязджаюць на сесіі, выконваюць лабараторныя работы і ў гэты час могуць жыць у новым інтэрнаце. Калі хтосьці з такіх людзей паступіць у БДУІР на вочную форму навучання, паселім у новы інтэрнат, дзе ёсць для іх спецыяльныя пакоі, створаны іншыя ўмовы. Мы адкрыты для ўсіх.
Што да сямейных студэнцкіх пар, то А.А.Хмыль расказаў, што яны жывуць у новым інтэрнаце БДУІР № 3 па вуліцы Л.Бяды. Тут жывуць магістранты, аспіранты, частка замежных студэнтаў, а адзін паверх адведзены маладым сем’ям.
Сучасная студэнцкая вёска, як бачыце, цэлы сацыяльны комплекс, і тым студэнтам, якія жывуць у ім, пашчасціла. Застаецца толькі пажадаць гэтым маладым людзям берагчы тое, што ім дасталася. Іх новае, як, дарэчы, і старое жыллё вартае гэтага, ім будуць карыстацца яшчэ шмат пакаленняў студэнтаў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.