Асаблівыя дзеці: дарога ў звычайнае жыццё

Самы просты дыягназ, з якім трапляюць дзеці ў дапаможную школу-інтэрнат № 7 Мінска, — лёгкая і ўмераная інтэлектуальная недастатковасць. Амаль ва ўсіх МРЭК устанаўлівае інваліднасць, у многіх са 117 выхаванцаў ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў ёсць не адно захворванне. Да таго ж абсалютна ўсе падапечныя гэтай установы, якую ўзначальвае Аляксандр Іосіфавіч Сенькавец, — дзеці-сіроты або дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Прыкладна палова выпускнікоў школы не мае магчымасці працаваць, а пасля таго як ім споўніцца 18 гадоў, яны трапляюць у дамы-інтэрнаты. Другая палова маладых людзей жыве самастойна. Падрыхтаваць дзяцей, якія выраслі ў інтэрнатнай установе, да самастойнага жыцця — задача складаная, падрыхтаваць да яго дзяцей-сірот з інтэлектуальнай недастатковасцю — складаная ўдвая.

У школе…

— Абарона матэрыяльных і жыллёвых правоў дзяцей — адна з маіх галоўных задач і задач маіх калег, — гаворыць сацыяльны педагог дапаможнай школы-інтэрната № 7 Крысціна Генадзьеўна Маслоўская. — Амаль усе нашы навучэнцы атрымліваюць пенсіі па інваліднасці або па страце карміцеля. Пенсіі штомесяц пералічваюцца на мэтавыя ўклады выхавальнікаў у Беларусбанк пад 14% гадавых.
За часткай выхаванцаў інтэрната замацаваны жылыя памяшканні (летась такіх было 58 чалавек), кантроль за захаванасцю гэтага жылля таксама вядуць супрацоўнікі шко-лы-інтэрната. Напрыклад, афармляюць запыты ў ЖРЭА для атрымання асабовых рахункаў на кватэры, акты абследавання замацаваных жылых памяшканняў. Усё гэта для таго, каб высветліць, ці ўнесена дзіця ў асабовы рахунак, ці жывыя сваякі, якія зарэгістраваны ў кватэры, ці ёсць запазычанасць за камунальныя паслугі.І, канечне, пастаянна праводзіцца работа па спагнанні расходаў на ўтрыманне дзяцей з іх біялагічных бацькоў. Так, у 2014 годзе бацькі выхаванцаў аплацілі гэтыя расходы на 72,8%. Спагнаць усе сродкі не ўдаецца таму, што частка бацькоў знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, частка — у лячэбна-працоўных прафілакторыях, дзе вельмі нізкая зарплата, хтосьці — у вышуку. Ёсць і іншыя прычыны, па якіх сродкі не паступаюць у поўнай меры.
Зразумела, што пакуль выхаванцы жывуць у школе і знаходзяцца на постінтэрнатным суправаджэнні, усімі іх справамі займаюцца тутэйшыя супрацоўнікі. Гэта і арганізацыя харчавання, медыцынскага абслугоўвання, і афармленне пашпартоў, і пастаноўка на воінскі ўлік, і набыццё неабходных рэчаў. Але надыходзіць момант, калі заканчваецца і постінтэрнатнае суправаджэнне, якое афіцыйна доўжыцца два гады. Праўда, як кажа Крысціна Генадзьеўна, на самай справе працягваецца гадоў пяць, а назіранне з боку тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вядзецца да таго часу, пакуль маладому чалавеку не споўніцца 23 гады. І застаюцца былыя выхаванцы без штодзённай апекі. Гэта бывае няпроста нават і для дамашніх дзяцей, што ўжо гаварыць пра сірот з праблемамі інтэлекту…
Максімальная падрыхтаванасць да выхаду ў вялікі свет надзвычай неабходна кожнаму. К.Г.Маслоўская, якая працуе ў школе-інтэрнаце № 7 з 2008 года, а да гэтага была сацыяльным педагогам у спецыяльным дзіцячым доме № 3, упэўнена, што лепшая падрыхтоўка да самастойнага жыцця, лепшы сродак адаптацыі для яе асаблівых падапечных — гэта постiнтэрнатнае выхаванне. Што хаваць: дзяцей з такімі дыягназамі, як у навучэнцаў гэтай дапаможнай школы, усынаўляюць або бяруць пад апеку вельмі неахвотна, часцей за ўсё гэта робяць замежныя ўсынавіцелі. Так, летась толькі двое малых пайшлі пад апеку ў сем’і беларусаў — гэта былі сем’і сваякоў.
— Зараз 13 нашых малых наведваюць гасцявыя сем’і, — гаворыць Крысціна Генадзьеўна. — Гэта, канечне, нямнога. Мы былі б вельмі рады, каб колькасць такіх сем’яў павялічылася. Для гэтага, а таксама спадзеючыся знайсці апекуноў, праводзім дні адкрытых дзвярэй, размяшчаем інфармацыю на сайце. Вельмі важна гэта і таму, што ў нас шмат дзяцей, якія наогул ніколі не жылі або амаль не жылі ў сем’ях.
Гасцявы рэжым, настаўніцтва, сям’я выхаднога дня — гэта формы дапамогі дзіцяці без афармлення яго пастаяннага пражывання ў сям’і на ўмовах дагавору паміж органам апекі і папячыцельства, установай для дзяцей-сірот і патранатным выхавальнікам. Дзеці жывуць у такой сям’і падчас канікул, выхадных дзён, свят. Зразумела, што такая форма зносін з “вялікім светам” дапамагае дзіцяці выйсці за рамкі жыцця, створанага ў выхаваўчай установе, адчуць, як складваюцца адносіны ў звычайных сем’ях, атрымаць навыкі вядзення хатняй гаспадаркі, зносін з дарослымі і іншымі дзецьмі ў сям’і.
Для асаблівых выхаванцаў школы-інтэрната № 7 любыя зносіны з людзьмі звонку становяцца этапам адаптацыі да жыцця па-за сценамі выхаваўчай установы. Часткова гэтаму спрыяюць паездкі — як аздараўленчыя, так і экскурсійныя, часткова — работа валанцёраў, напрыклад, з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, БДУ. А яшчэ ў школе-інтэрнаце за кошт дабрачыннай дапамогі абсталявана сацыяльная гасцёўня, якая ўяўляе сабой цалкам абсталяваную кватэру з дзвюма электрычнымі плітамі, пральнай машынай, іншай бытавой тэхнікай. Урокі вядзення хатняй гаспадаркі для тутэйшых насельнікаў, акрамя педагогаў школы-інтэрната, праводзяць і члены грамадскай арганізацыі “Здаровы выбар”.
Канечне, і гэтага мала для падрыхтоўкі да паўнацэннага жыцця па-за межамі інтэрната, таму супрацоўнікі, перш за ўсё сацыяльны педагог і яе калега, якая працуе тут па сумяшчальніцтве, вучаць дзяцей здымаць паказанні з лічыльнікаў расходу электраэнергіі і вады, расказваюць, як плаціць за камунальныя паслугі, прыносячы з дому ўласныя квітанцыі, вучаць правільна размяркоўваць грошы. Дапамагаюць і з набыццём мэблі, неабходных рэчаў на пад’ёмныя, якія дзяржава выплачвае маладым людзям пасля атрымання адукацыі.
Менавіта грошы, як расказала мая суразмоўніца, застаюцца найбольш складаным пытаннем для выпускнікоў — не ўмеюць яны клапаціцца пра сваю будучыню, многія гатовы патраціць усё і адразу, напрыклад, на мабільны тэлефон, іншыя гаджэты. Таму гэтае пытанне патрабуе асаблівага кантролю з боку педагогаў школы.
— Мы імкнёмся максімальна падрыхтаваць сваіх выхаванцаў да самастойнага жыцця, але многія з іх, пакуль з гэтым жыццём сам-насам не сутыкнуцца, не разумеюць яго складанасці і адказнасці, — кажа спецыяліст. — Таму і прыходзяць да нас, просячы запоўніць квітанцыі, дакументы ў пашпартны стол ці дапамагчы неяк яшчэ. Для многіх школа-інтэрнат так і застаецца сям’ёй на ўсё жыццё, хаця некаторым усё ж удаецца стварыць уласныя сем’і. Ёсць у нас, напрыклад, выпускніца, якая вельмі ўдала выйшла замуж, нарадзіла траіх дзяцей. Я ведаю, як жыве кожны наш выпускнік пасля 2008 года, калі пачала тут працаваць. Многія падтрымліваюць са мной сувязь праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце, а многія ледзь не кожны вечар прыязджаюць у інтэрнат дзеля зносін з дзецьмі, педагогамі, тэлефануюць.

…пасля школы

Відавочна, што два галоўныя пытанні, якія паўстаюць перад выпускнікамі школы-інтэрната, — гэта жыллё і работа.
Што тычыцца жылля, то, як ужо было сказана, частка дзяцей мае замацаванае (часцей за ўсё гэта бацькоўскае) жыллё. Іншыя атрымліваюць сацыяльнае жыллё. Добра, але… Існуе праблема па ўсяленні па месцы замацаванага жылля: або гэта кватэра, у якой ніхто не пражываў і яна знаходзіцца ў антысанітарным стане, або кватэра, дзе жывуць сваякі-алкаголікі, бывае і так, што родныя з усіх сіл супраціўляюцца ўсяленню дзіцяці, ад якога калісьці адмовіліся, уздзейнічаць на іх даводзіцца з дапамогай міліцыі. Пры ўсяленні ў сацыяльныя кватэры выпускнікам інтэрната таксама не абысціся без суправаджэння: гэта і заключэнне дагавораў, і рэгістрацыя, і набыццё мэблі, хатніх прылад.
— Назіраючы за нашымі выпускнікамі, — заўважае К.Г.Маслоўская, — бачу, што яны імкнуцца да зносін адно з адным. Безумоўна, ім так прасцей. Амаль ніхто з іх не жыве ў сваёй аднапакаёвай кватэры ў адзіноце, ім псіхалагічна больш камфортна жыць з таварышамі з інтэрната.
Не самае простае для выпускнікоў школы-інтэрната і пытанне з прафесійнай адукацыяй. У такіх установах наогул даволі цяжка гаварыць аб прафарыентацыі, бо выбар прафесіі абмежаваны дыягназамі выхаванцаў. Медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія, як правіла, уносіць у кароценькі спіс прафесіі швачкі, зборшчыка абутку, азеляніцеля, у лепшым выпадку — тынкоўшчыка (гэта калі і інтэлектуальная недастатковасць лёгкая, і з фізічным здароўем усё добра).
Сёлета, верагодна, у гэты спіс будуць унесены спецыяльнасці “Кветкавод” і “Агароднік”. Але далёка не кожны навучэнец, які можа працаваць, мае магчымасць выбіраць з усіх названых прафесій, у кагосьці абмежаванні больш жорсткія. Канечне, ёсць і такія навучэнцы, якія пасля заканчэння школы не працягваюць навучанне, а пачынаюць працаваць, напрыклад, дворнікам, хтосьці наогул застаецца працаваць у інтэрнаце, скажам, прыбіральшчыцай.
Галоўнае ў прафарыентацыйнай рабоце з навучэнцамі школы-інтэрната — гэта фарміраванне ў іх станоўчых адносін да працы. Педагогі і выхавальнікі імкнуцца навучыць хлопчыкаў і дзяўчынак разбірацца ў змесце прафесійнай дзейнасці, суадносіць патрабаванні да прафесіі са сваімі індывідуальнымі якасцямі, адэкватна ацэньваць свае магчымасці ў выбары прафесіі. Традыцыйна выпускнікі інтэрната набываюць прафесійна-тэхнічную адукацыю ў сталічным каледжы лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі, Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 5 транспартнага будаўніцтва. Кветкаводы і агароднікі, калі ўсё атрымаецца, будуць вучыцца яшчэ ў адным з гарадскіх ліцэяў. У гэтых установах з выпускнікамі дапаможнай школы таксама працуюць сацыяльныя педагогі.
Падчас усяго навучання падлеткі застаюцца жыць у школе-інтэрнаце, а працоўныя месцы за такімі выпускнікамі замацоўваюцца, што, безумоўна, добра. Праўда, не кожны выпускнік жадае працаваць на гэтым, як правіла, нізкааплатным месцы. Многія лічаць, што дастойны лепшай працы, і нярэдка звальняюцца. Вось і даводзіцца сацыяльнаму педагогу інтэрната, іншым сацыяльным работнікам дапамагаць ім з новым працаўладкаваннем, з пастаноўкай на ўлік у цэнтры занятасці. І так можа быць па 2—3 разы ў год.
Застаецца і праблема адносін навучэнцаў дапаможнай школы-інтэрната з іншымі навучэнцамі прафесійна-тэхнічных ліцэяў і каледжаў, не кожны з якіх здольны прыняць і зразумець асаблівых падлеткаў. Але гэта ўжо праблема ўсяго грамадства, агульная праблема недастатковай выхаванасці нашых дзяцей.
Падрыхтоўка да самастойнага жыцця і постінтэрнатнае суправаджэнне асаблівых дзяцей — справа ў параўнанні з падрыхтоўкай да такога жыцця іншых дзяцей-сірот найскладанейшая, таму і называе сацыяльны педагог дапаможнай школы-інтэрната сваю работу і работу іншых супрацоўнікаў установы незвычайнай. Але, як кажа Крысціна Генадзьеўна, яна да яе так прывыкла, што нават з водпуску па доглядзе дзіцяці выйшла на год раней. “Мне вельмі цікава тое, чым я займаюся”, — гаворыць яна напрыканцы нашай размовы.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва К.Г.МАСЛОЎСКАЙ.