Перазагрузка адносін

Жыць без бацькоў заўсёды складана, але з не меншымі праблемамі сутыкаюцца дзеці, якім выпаў лёс выхоўвацца ў нядобранадзейнай сям’і. Адсутнасць увагі з боку самых блізкіх людзей, матэрыяльныя цяжкасці, побытавая неўладкаванасць і кпіны з боку аднагодкаў — наступствамі гэтага становіцца страта цікавасці да ўсяго і схільнасць да асацыяльных паводзін. Аднак папярэдзіць негатыўны варыянт развіцця падзей можна. Галоўнае — даць дзіцяці зразумець, што лад жыцця бацькоў не з’яўляецца ўзорам для пераймання і што пабудаваць сваю будучыню цалкам магчыма зусім па іншым сцэнарыі.

— Першая і вельмі важная задача — гэта своечасовае выяўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — зазначае загадчык сектара выхаваўчай і сацыяльнай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Наталля Мікалаеўна Бярлова. — У прыватнасці, аб неабходнасці звярнуць асаблівую ўвагу на некаторыя сем’і сведчаць вынікі абследаванняў установамі адукацыі ўмоў жыцця і выхавання дашкольнікаў і школьнікаў. Акрамя таго, інфармацыя трапляе з дзіцячай паліклінікі, жыллёва-камунальнай службы, міліцыі і органаў МНС, судоў, іншых структур, аб існаванні праблем падказваюць і звычайныя грамадзяне, у тым ліку пры дапамозе тэлефонаў даверу. Усе гэтыя звесткі аналізуюцца ў школах, дзіцячых дашкольных установах, а калі ўзрост дзіцяці не перавышае 3 гадоў — у сацыяльна-педагагічным цэнтры. Затым праводзіцца сацыяльнае расследаванне, і калі падчас яго пацвярджаецца, што пытанні сапраўды ёсць, прызнаецца факт знаходжання дзіцяці ў сацыяльна небяспечным становішчы і ажыццяўляецца пастаноўка непаўналетняга на ўлік. Пасля прызнання таго, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, установамі адукацыі разам з іншымі органамі і арганізацыямі на аснове сацыяльнай і псіхалагічнай дыягностыкі распрацоўваецца і зацвярджаецца індывідуальны план абароны законных правоў і інтарэсаў непаўналетняга. У плане прадугледжваюцца меры па ўстараненні ўмоў нядобранадзейнасці. Паколькі асноўнай прычынай праблем звычайна з’яўляецца злоўжыванне бацькоў алкаголем, яны накіроўваюцца на лячэнне ў псіханеўралагічны дыспансер. Бацькам аказваецца садзейнічанне ў працаўладкаванні, у рамонце старога небяспечнага жылля і прывядзенні яго ў адпаведнасць з нормамі пажарнай бяспекі. Пры неабходнасці вырашаюцца пытанні з прадастаўленнем матэрыяльнай падтрымкі.
— У выпадку ліквідавання прычын, зыходзячы з якіх было прызнана, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адбываецца зняцце непаўналетняга з уліку, — зазначае Наталля Бярлова. — Калі проста назіраюцца зрухі да лепшага, то прымаецца рашэнне аб працягу работы яшчэ на паўгода. Аднак калі станоўчай дынамікі няма і сітуацыя толькі пагаршаецца, то прызнаецца, што дзіця мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Яго змяшчаюць у сацыяльны прытулак. Максімальны тэрмін знаходжання ў прытулку вызначаны ў 6 месяцаў, і можна сказаць, што гэта дадатковы час на роздум бацькам.
— Нядбайныя бацькі могуць разлічваць на падтрымку, але канчатковы вынік будзе залежаць ад іх жадання нечага дасягнуць, — працягвае педагог-псіхолаг аддзялення дзіцячага сацыяльнага прытулку Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Маладзечанскага раёна Надзея Сяргееўна Сахарава. — Між тым бывае па-рознаму. Некаторыя бацькі выпраўляюць сітуацыю падчас сацыяльнага расследавання, тады як іншым гэта не ўдаецца. Аднак у такім выпадку неабходна разумець: кардынальна змяніць лад жыцця складана. Вельмі добра, калі побач ёсць бабуля, дзядуля, сёстры і браты — гэта вялікая дапамога. Калі такога рэсурсу няма, даводзіцца выкарыстоўваць іншыя варыянты.
Горш за ўсё, што некаторыя з бацькоў адмаўляюць само існаванне праблемы і лічаць, што ў сітуацыі вінаваты ўстановы адукацыі ці іншыя службы. Таму маці ці бацьку неабходна пераканаць, што прычына — менавіта ў іх саміх, што ім трэба пазбаўляцца ад алкагольнай залежнасці і ўладкоўвацца на работу. А для гэтага важна ўстанавіць кантакт, наладзіць шчырыя і добразычлівыя адносіны, а таксама даць зразумець, што псіхолаг зусім не псіхіятр, што пераадолець праблемы без псіхалагічнай падтрымкі часам проста немагчыма, што трэба вучыцца наладжванню зносін з дзецьмі, вырашэнню канфліктных сітуацый, пераадольванню стрэсаў.
— Мая мэта — даць магчымасць паверыць, што ўсё яшчэ можна змяніць, — зазначае Надзея Сахарава. — Сапраўды, размовы неабходны, але намнога лепш мець перад вачамі канкрэтны прыклад. Таму мы імкнёмся арганізоўваць сустрэчы з бацькамі, якія ўжо прайшлі праз падобныя сітуацыі і знайшлі ў сабе сілы пераадолець цяжкасці. Такія сустрэчы дазваляюць разумець: аналагічныя праблемы ёсць у многіх, і яны вырашальныя.
Акрамя таго, важна не страчваць зносін з дзецьмі, уплыў якіх таксама можа быць значным, таму старэйшым выхаванцам прытулку ў сацыяльна-педагагічным цэнтры тлумачаць, што залежнасць ад алкаголю з’яўляецца такой жа хваробай, як грып. У выніку дзеці пачынаюць рэкамендаваць бацькам лячэнне, і часта гэта дае плён.
— У прытулку створаны добрыя ўмовы, але ўсё роўна кожнае дзіця хоча жыць з роднымі бацькамі, — адзначае Надзея Сахарава. — У сваю чаргу бацькі не хочуць губляць сваіх дзяцей. Каб гэтага не адбылося, мы прапаноўваем падрабязны план дзеянняў. Сярод абавязковых пунктаў у ім — пазбаўленне ад праблем з алкаголем, працаўладкаванне, навядзенне парадку дома, рэгулярнае наведванне дзяцей у прытулку і бацькоўскіх сходаў, заняткі з псіхолагам. Выкананне кожнай з гэтых умоў — ужо вялікі поспех, які дазваляе спадзявацца, што ўсё можа быць добра.
Умовы жыцця ў праблемнай сям’і не могуць не ўплываць на развіццё дзіцяці. Як правіла, такія дзеці маюць вузкі кругагляд і сутыкаюцца з цяжкасцямі ў навучанні. Але яшчэ горш, што дэфіцыт увагі і бацькоўскай цеплыні фарміруе пэўны стыль паводзін. Выпадкі, калі дзіця замыкаецца ў сабе ці праяўляе агрэсію, сустракаюцца даволі часта.
— Дзеці з праблемных сем’яў трапляюць у прытулак з багажом негатыўнага вопыту, — адзначае намеснік дырэктара Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Маладзечанскага раёна Таццяна Міхайлаўна Шчэбет. — Таму з імі трэба займацца. Лекцыі і гутаркі не заўсёды даюць эфект, неабходны розныя метады дзейнасці, у тым ліку з выкарыстаннем пяску, фарбаў, цацак. Дзеці чытаюць і нават спрабуюць прыдумваць сюжэты казак, даглядаюць чарапаху, што жыве ў цэнтры. Усё гэта — псіхатэрапеўтычная і карэкцыйная работа. Прычым настаўнікі і псіхолагі павінны імкнуцца, каб дзеці ўбачылі іншае жыццё, адчулі, што ёсць іншыя манеры зносін і стыль паводзін. А яшчэ неабходна прадаставіць непаўналетнім шанс праявіць сябе з лепшага боку. Часта дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, лічаць, што яны нічога не вартыя, саромеюцца паказаць сябе. Вось чаму адна з асноўных задач — стварыць сітуацыю, у якой хлопчыкі і дзяўчынкі могуць раскрыць свае здольнасці і атрымаць заслужаную пахвалу.
У гэтым плане дапамагае тэатральная дзейнасць. Многія дзеці ўмеюць добра спяваць і танцаваць, а некаторыя маюць артыстычныя задаткі. Аднак з’явіцца перад публікай перашкаджае няўпэўненасць ва ўласных сілах. Як вырашыць праблему? Зрэшты, адказ вельмі просты: дзіцяці трэба даць магчымасць выйсці на сцэну і абавязкова падтрымаць апладысментамі. Тады імкненне рэалізаваць сябе ў творчасці не знікне, жаданне выступіць перад гледачамі будзе ўзнікаць яшчэ і яшчэ раз.

Дрэнныя паводзіны

Калі дзіцяці сумна і яно пачынае сваволіць — прапануйце больш складаныя заняткі.
Калі дзіця дзейнічае насуперак агульнапрынятым нормам паводзін — дайце магчымасць рабіць тое, што яно хоча, калі, вядома, гэта не пагражае бяспецы.
Дзіця пачынае злавацца, калі яго перапыняюць, — прадастаўце больш магчымасцей для самастойнай работы.
Дзіця не ўспрымае ўказанні — дазвольце самастойна распараджацца сваім часам і вырашаць, калі і як рабіць тыя ці іншыя справы.

Замкнёнасць у сабе

Для пераадолення замкнёнасці і павышэння самаацэнкі рабіце ўсё, каб дзіця адчувала сябе любімым, жаданым і паважаным.
Як мага часцей абмяркоўвайце з дзіцем яго добрыя якасці, каб у яго фарміравалася станоўчая ацэнка самога сабе.
Падтрымлівайце і заахвочвайце ініцыятывы дзіцяці, імкненне зрабіць штосьці самастойна.
Не цісніце на дзіця, паважайце яго патрэбу знаходзіцца крыху ўбаку, але пры гэтым прапаноўвайце справы, якія патрабуюць уключэння ў дзейнасць іншых дзяцей.
Па магчымасці абмяжоўвайце час, які дзіця можа праводзіць у адзіноце.

Выхаванцы прытулку ўдзельнічаюць у розных конкурсах, выставах і акцыях, наведваюць ветэранаў, дапамагаюць даглядаць помнікі Вялікай Айчыннай вайны. А яшчэ тут спрабуюць прыцягнуць увагу да прафесій, дапамагчы зрабіць выбар з улікам схільнасцей і інтарэсаў дзіцяці.
— Вельмі карыснае супрацоўніцтва з валанцёрамі. У прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра прыходзяць вучні школ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, — заўважае Таццяна Шчэбет. — Розніца ва ўзросце ў іх і нашых выхаванцаў невялікая, адпаведна, становіцца прасцей устанавіць кантакт. Яны размаўляюць як роўны з роўным, і нашы дзеці пачынаюць адчуваць, што яны нічым не горшыя за сваіх аднагодкаў.
Паколькі для любога дзіцяці бацькі заўсёды з’яўляюцца прыкладам, часам не абыходзіцца без праблем. Для прафілактыкі шкодных звычак арганізоўваюцца індывідуальныя і групавыя гутаркі з дзіцячым нарколагам, для папярэджвання магчымых правапарушэнняў — сустрэчы з супрацоўнікамі праваахоўных органаў, а змяніць дэфармаваныя ўяўленні аб сям’і дапамагаюць гульні. Мадэлюецца пэўная сітуацыя, выхаванцам прытулку прапаноўваецца роля мужа і жонкі. Такім чынам ідзе навучанне правілам узаемаадносін, выхавання дзяцей і планавання сумеснага бюджэту. Дзецям тлумачаць, што ў першую чаргу неабходна прадугледзець выдаткі на прадукты харчавання, аплату жыллёва-камунальных і транспартных паслуг, але пры гэтым нельга забываць пра адпачынак, а значыць, варта пакідаць пэўную суму на паход у тэатр ці кіно.
Лёс непаўналетніх, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы і трапілі ў прытулак, складваецца па-рознаму: хтосьці з іх вяртаецца да сваіх бацькоў, хтосьці аказваецца ў інтэрнатах ці замяшчальных сем’ях. Але ў любым выпадку работа з сям’ёй працягваецца: бацькі, якія сталі на шлях выпраўлення і змаглі вярнуць дзяцей, яшчэ паўгода знаходзяцца на патранаце, а на бацькоў, якія змяніць лад жыцця не змаглі, спрабуюць уздзейнічаць па месцы жыхарства і працы.
— Акалічнасці бываюць розныя, а гатовыя рэцэпты, што рабіць у тым ці іншым канкрэтным выпадку, ёсць не заўсёды, — адзначае дырэктар Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Маладзечанскага раёна Ірына Пятроўна Бойка. — Тым не менш нядбайным бацькам і дзецям трэба даць зразумець, што бязвыхадных сітуацый няма, што ўсё можа змяніцца. Галоўная ўмова для гэтага — перагледзець сваё стаўленне да жыцця.

Сяргей ГРЫБ.
Фота з архіва Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Маладзечанскага раёна.