Пад зоркай дабрыні

Кожны з нас не раз чуў выраз, што школа — гэта адна вялікая сям’я. І гэта сапраўды так: настаўнікі, як школьныя мамы і таты, кожны дзень  сустракаюць вучняў у класах. Што яшчэ аб’ядноўвае навучэнцаў і педагогаў? Безумоўна, святочныя школьныя мерапрыемствы.

Мерапрыемствы, якія праводзяцца напярэдадні Новага года, найбольш гэтаму спрыяюць і аб’ядноўваюць усіх настаўнікаў і навучэнцаў у адну вялікую дружную сям’ю!

Школа — гэта вялікі дом, у якім, як і ў кожнай сям’і, ёсць уласныя радасці і перамогі, традыцыі і звычаі. А яшчэ кожную шчаслівую сям’ю можна пазнаць па адчуванні еднасці, роднасці. “Ты наш, родны, блізкі! Мы з табой!” — як вы думаеце, ці можа быць штосьці больш прыемнае, чым пачуць гэтыя словы? Куды прыемней чуць такія добрыя словы і разам з гэтым атрымліваць падарункі!

Менавіта такая цудоўная падзея адбылася нядаўна ў мнагадзетнай сям’і Брыштэн, дзе выхоўваюцца тры дачкі — Маргарыта, Настасся і Вераніка, якія вучацца ў сярэдняй школе № 40 Мінска. У госці да дзяўчынак завіталі з салодкімі пачастункамі і прыемнымі падарункамі Дзед Мароз і Снягурка. Ды не адны, а з сябрамі: першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Мікалаем Мікалаевічам Строкам, начальнікам выхаваўчай і ідэалагічнай работы ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы Наталляй Васільеў­най Паўлючковай і дырэктарам сярэдняй школы № 40 Мінска Наталляй Аляксандраўнай Новік. У той дзень вочкі дзяўчынак ззялі ад шчасця, а вялікая колькасць падарункаў выклікала захапленне.

 У казачны снежаньскі вечар у сям’і Брыштэн панавала атмасфера навагодняга свята і радасці, а звонкія галасы трох сястрычак нагадвалі, што зрабіць дзяцей шчаслівымі вельмі проста. Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, цалкам апраўдваючы сваю назву, стала цёплым сямейным святам, якое яшчэ раз нагадала, як выхоўваюцца шчаслівыя дзеці!

Аліса МАРОЗАВА,
вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 40 Мінска.