Заняткі для будучых прадпрымальнікаў

Колькасць вучэбных прадметаў, якія вывучаюць беларускія школьнікі, канечне, унушальная, асабліва гэта тычыцца старшакласнікаў. Але пры гэтым нямала маладых людзей выбіраюць дадатковыя заняткі, факультатывы. Яно і зразумела: наперадзе дарослае жыццё, выбар прафесіі — карацей, вырашэнне самых сур’ёзных пытанняў. Тут трэба вызначыцца з прыярытэтамі і выбраць, чым заняцца дадаткова. Многія школьнікі з Мінскай вобласці ўжо некалькі гадоў маюць магчымасць займацца на факультатыве эканамічнага кірунку “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”. Сапраўды, для будучага бізнесмена цалкам апраўдана знаёмства з асновамі прадпрымальніцтва, імкненне стаць фінансава граматным яшчэ ў школе. Галоўнае, каб у маладога чалавека або дзяўчыны было сапраўднае жаданне займацца гэтым, а ў педагога, які вядзе факультатыў, быў дастатковы запас актуальных ведаў па азначанай тэматыцы, неабходныя метадычныя распрацоўкі, магчымасць павышэння кваліфікацыі.

Першы крок — факультатыў

Пэўны час назад давялося прысутнічаць на прэзентацыі вучэбнага дапаможніка, распрацаванага спецыяльна для факультатыву “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”, у адной са школ Слуцка. Тады я распытвала старшакласнікаў, ці збіраюцца яны наведваць факультатыў, а калі збіраюцца, то чаму. Адзін хлопец сказаў так: “Мой бацька — прадпрымальнік, займаецца транспартнымі паслугамі. І пасля таго як я закончу школу, затым — універсітэт, займуся сямейным бізнесам. Таму факультатыў такой накіраванасці для мяне неабходны, абавязкова буду яго наведваць”. Дзяўчына, да якой я звярнулася з такім жа пытаннем, адказала, што факультатыў наведваць будзе, хаця ў яе сям’і прадпрымальнікаў няма. “Магчыма, я стану першай, — дадала старшакласніца. — А калі не стану, то тэма ўсё роўна цікавая, патрэбная ў жыцці. Хачу лепш разбірацца ў фінансавых і эканамічных пытаннях”.
Ужо не першы год разабрацца ў гэтым сельскай моладзі дапамагае інкубатар малога прадпрымальніцтва закрытага акцыянернага таварыства “МАП ЗАО”, што ў Калодзішчах Мінскага раёна. Гэта арганізацыя, якая падтрымлівае прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў, ладзіць для іх семінары, праводзіць кансультацыі і г.д. Калісьці інкубатар малога прадпрымальніцтва падрыхтаваў дапаможнік “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці для моладзі” і метадычныя распрацоўкі з такой жа назвай. “Мы лічым, што выпускнікам, якія не паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі ці каледж, трэба даваць альтэрнатыву — магчымасць заняцца бізнесам, абапіраючыся на пэўную падрыхтоўку”, — тлумачыць Марына Мікалаеўна Найдовіч, дырэктар дырэкцыі “МАП ЗАО”. Між іншым і дапаможнік, і метадычныя распрацоўкі распаўсюджваліся ў школах бясплатна, распрацаваны ў рамках Праграмы дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва Мінскай вобласці на 2010—2012 гады па заказе Мінаблвыканкама. Па ацэнцы М.М.Найдовіч, зацікаўленасць старшакласнікаў у факультатыве падобнай накіраванасці складае 10—15%. Здаецца, не так многа, але ёсць надзея, што гэтыя маладыя людзі выбіраюць свой шлях асэнсавана і ў будучыні хаця б некаторыя з іх складуць аснову беларускага бізнесу. А калі хтосьці бізнесменам і не стане, то эканамічныя, фінансавыя, юрыдычныя веды ў жыцці ўсё роўна лішнімі не будуць.
Зразумела, інфармацыю для факультатываў можна збіраць па розных вучэбных дапаможніках і іншай літаратуры, але больш зручна абапірацца на адаптаваныя распрацоўкі, тым больш, што выкладаюць факультатыў настаўнікі розных прадметаў, якім таксама трэба “падвучыцца”, каб плённа працаваць са школьнікамі. Набыццю такіх спецыяльных ведаў спрыяюць, напрыклад, семінары пры тым жа інкубатары малога прадпрымальніцтва. Большую частку іх аўдыторыі складаюць прадпрымальнікі-пачаткоўцы, але бывалі і педагогі, прыязджалі сюды і школьнікі.
Чаму ж вучацца будучыя бізнесмены, якіх зацікавілі дадатковыя школьныя заняткі па асновах прадпрымальніцтва, па іншых эканамічных кірунках, якія веды даюць ім педагогі, якія навыкі развіваюць? Звычайна такі факультатыў заснаваны на трох складніках: псіхалагічных асновах прадпрымальніцкай дзейнасці, яе юрыдычных аспектах і пытаннях эканамічнага блока. Дзеці вывучаюць стратэгію паспяховых паводзін, вучацца правільна размяркоўваць час, знаёмяцца з формамі прадпрымальніцкай дзейнасці, правіламі заключэння працоўных дагавораў, дзяржаўнай рэгістрацыі камерцыйных арганізацый, асновамі маркетынгавага аналізу, бухгалтарскім улікам, падатковай сістэмай Рэспублікі Беларусь, вучацца складаць бізнес-планы і г.д.
Курс прапаноўвае і правядзенне з дзецьмі псіхалагічных тэстаў накшталт такога: “Наколькі вы рэальна здольны весці самастойную справу”. Усё гэта і многае іншае выкладаюць дзецям, вядома, у пэўных аб’ёмах, якія не прэтэндуюць на глыбокае вывучэнне прадмета, але, тым не менш, закладваюць нядрэнную базу. “Даводзілася чуць, як студэнты эканамічных спецыяльнасцей гаварылі, што пачынаць вучобу ім было лягчэй, чым аднакурснікам: дапамагалі набытыя раней веды”, — расказвае М.М.Найдовіч.
Сур’ёзны матэрыял педагогі стараюцца выкласці, перамяжоўваючы, скажам, з цікавымі фактамі з жыцця паспяховых бізнесменаў. Напрыклад, ці ведалі вы, што знакамітую кампанію “Кодак” у 1880 годзе заснаваў Джордж Істман, і слова, якое ён прыдумаў для назвы сваёй фірмы, нічога не значыць, але лёгка запамінаецца і аднолькава гучыць на ўсіх мовах. Бацька Істмана памёр рана, і дванаццацігадовы хлопчык пачаў працаваць пасыльным у страхавой кампаніі, каб дапамагчы маці, бо, акрамя Джорджа, у сям’і было яшчэ два дзіцяці. Стаўшы паспяховым бізнесменам, Джордж Істман ананімна выдаткоўваў значныя сродкі на дабрачыннасць. А ці даводзілася каму чуць, што заснавальнік фірмы “Магі энд Компані” Юліус Магі нарадзіўся больш за 150 гадоў назад у сям’і швейцарскага млынара. Юліус, які атрымаў ад бацькі млын, сканструяваў спецыяльную сушылку для агародніны, а затым рабіў з гэтай агародніны муку.
Пагадзіцеся, падобныя прыклады здольны натхніць некаторых маладых людзей на стварэнне ўласнай справы. І, магчыма, праз пэўны час настаўнікі на факультатывах па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці будуць прыводзіць у прыклад гісторыі беларускіх паспяховых бізнесменаў. Магчыма, менавіта тых, хто ў школе займаўся на адпаведным факультатыве. Вялікі шлях пачынаецца з маленькага кроку, які зацікаўленаму чалавеку дапамагае рабіць такі ж зацікаўлены і добра падрыхтаваны педагог.
Канечне, любыя веды эканамічнага, юрыдычнага кірунку патрабуюць пастаяннага абнаўлення. Таму і падручнік, і метадычныя ўказанні для факультатыўнага курса хутка будуць перавыдадзены. Дарэчы, калі курс яшчэ толькі распрацоўваўся, яго апрабавалі ў дзвюх школах Мінскай вобласці: Каладзішчанскай і ў школе вёскі Камарова Мядзельскага раёна. Спецыялісты, дзякуючы гэтай апрабацыі, зрабілі высновы наконт таго, чаго ў курсе не хапае, улічылі заўвагі настаўнікаў, якія, як і прадугледжвае іх прафесія, не толькі вучаць іншых, але і ўвесь час вучацца самі, у тым ліку набываючы эканамічныя веды. “Канечне, выкладчыкам неабходна спецыяльная падрыхтоўка”, — заўважае М.М.Найдовіч (сама эканаміст, прафесійны бухгалтар). І, як бачым, не адразу, але ў педагогаў пашыраюцца магчымасці для такога навучання. Прычым, як адзначае Марына Мікалаеўна, у выніку ў настаўнікаў атрымліваецца больш крэатыўна праводзіць заняткі, чым гэта магло б атрымацца ў эканаміста або юрыста. Педагогам дапамагае гнуткае мысленне, гатоўнасць пастаянна даведвацца штосьці новае. “Практыка ў выглядзе школьных бізнес-кампаній — важны складнік падрыхтоўкі будучых прадпрымальнікаў, — зазначае Марына Мікалаеўна, — але спачатку важна падрыхтаваць тэарэтычную базу”. А яшчэ М.М.Найдовіч дадае, што не трэба адбіваць у маладых жаданне займацца бізнесам, не трэба палохаць цяжкасцямі. Неабходная смеласць у маладых людзей ёсць, да яе патрэбны веды.

Ад сельскага школьніка да вясковага прадпрымальніка

Не так даўно магчымасцямі развіцця школьнага бізнесу зацікавіліся ў Гродзенскай вобласці. Як расказала вядучы інжынер Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Галіна Пятроўна Мацюшэнка, кіраўнік праекта “Азбука бізнесу для сельскай моладзі”, на Гродзеншчыне нядаўна створаны дзве школьныя бізнес-кампаніі: у смаргонскай школе № 6 і ў вучэбна-педагагічным комплексе “Залескі яслі-сад — сярэдняя школа” таго ж раёна. “Азбука бізнесу” якраз і ставіць мэтай садзейнічаць сельскай моладзі ў атрыманні ведаў і навыкаў стварэння ўласнага бізнесу (адна з арганізацый, якая яго рэалізоўвае, — сельскі сацыяльна-дзелавы цэнтр “Залеская талака”). Прычым для дзяцей і настаўнікаў былі загадзя арганізаваны паездкі ў навучальныя ўстановы Мінскай вобласці, дзе, дарэчы, школьныя бізнес-кампаніі дзейнічаюць амаль паўсюдна, факультатывы па асновах прадпрымальніцтва праводзяцца больш чым у дзевяноста ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі для амаль 840 навучэнцаў. І хутка паміж Мінскай і Гродзенскай абласцямі пройдзе відэамост, прысвечаны ўкараненню ў адукацыйны працэс факультатываў эканамічнай накіраванасці. Удзел у ім прымуць як прадстаўнікі адукацыі (у тым ліку школьных бізнес-кампаній), так і бізнесу, інкубатара малога прадпрымальніцтва. Відэамост вырашылі арганізаваць дзеля перадачы вопыту ад Мінскай вобласці Гродзенскай. У лютым, дарэчы, падобнае мерапрыемства, толькі ўжо ў міжнародным маштабе, прайшло паміж прадстаўнікамі Мінска, Смаргонскага раёна, Таліна і Вільнюса. Удзельнікі відэамоста абмеркавалі ў тым ліку праграмы і праекты па навучанні прадпрымальніцтву, магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва. Беларускіх дзяцей асабліва зацікавіў конкурс інавацыйных бізнес-ідэй для моладзі 13—19 гадоў, што праводзіцца ў рамках нацыянальнай праграмы ENTRUM, якую фінансуе Міністэрства замежных спраў Эстоніі.
А на Смаргоншчыне, як расказала Г.П.Мацюшэнка, раней былі арганізаваны вучэбныя семінары. Для прыцягнення рэсурсаў Залескі яслі-сад — сярэдняя школа разам з дабрачынным фондам “Паўночныя Афіны М.К.Агінскага” падрыхтаваў заяўку “Стварэнне ў Залессі школьнай бізнес-кампаніі па развіцці турызму”. Заяўку накіравалі на конкурс мясцовых ініцыятыў, якія спрыяюць павышэнню патэнцыялу суб’ектаў агра-/экатурызму і арганізацый падтрымкі агра-/экатурыстычнага бізнесу ў рамках праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, што рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН). І заяўка гэтая “спрацавала”, выйграла — і ў Залессі пачалі работу. Пры гэтым залескія школьнікі і педагогі збіраюцца распаўсюдзіць сваю ініцыятыву на суседнія навучальныя ўстановы. Пакуль школьная бізнес-кампанія займалася арганізацыяй свят, рыхтавала экскурсаводаў, якія пачнуць праводзіць экскурсіі ўжо ў сакавіку. А ў наступным годзе ў школе плануюць пачаць інавацыйны праект эканамічнай накіраванасці “Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкіх кампетэнцый у навучэнцаў сельскай школы ва ўмовах сацыяльнага партнёрства”. Тут ужо выйшлі на навуковага кансультанта, супрацоўніцу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдата сацыялагічных навук Галіну Фёдараўну Бядуліну, каб з яе дапамогай граматна і эфектыўна заняцца такой дзейнасцю.
Да практычнай часткі навучання прадпрымальніцтву далучаецца тэарэтычная. Як расказала намеснік дырэктара Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Валянціна Уладзіміраўна Шыпілава, ва ўстанове дзейнічае праграма “Асновы эканамічных ведаў”, згодна з якой вясковыя старшакласнікі вывучаюць факультатыўны курс “Праблемы сучаснай эканомікі”. Выкладае яго настаўніца матэматыкі Наталля Юр’еўна Гарбачова, якая выкарыстоўвае той самы дапаможнік “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці для моладзі”, распрацаваны МАП ЗАО. А хутка і яна, і В.У.Шыпілава збіраюцца ў абласны цэнтр на аўтарскія курсы па павышэнні эканамічнай граматнасці, якія праводзяцца з дапамогай Дзіцячага фонду міру. Так, паступова набываючы неабходныя эканамічныя і фінансавыя веды, педагогі ўсё больш глыбока і абгрунтавана падыходзяць да выкладання іх дзецям, да падрыхтоўкі школьнікаў да практычнай дзейнасці. Тым больш, што нядаўна МАП ЗАО распрацавала дыстанцыйны курс па вывучэнні асноў прадпрымальніцкай дзейнасці, і ўжо зараз настаўнікі маюць магчымасць, не выязджаючы са свайго населенага пункта, павышаць кваліфікацыю, задаваць пытанні спецыя-лістам. Пакуль, праўда, дыстанцыйны курс працуе ў тэставым рэжыме.
У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі расказалі, што ўдасканаленню кваліфікацыі педагогаў, якія праводзяць факультатыўныя заняткі эканамічнага блока, паспрыяюць і семінары па павышэнні фінансавай граматнасці педагогаў, якія запланавана правесці ў хуткім часе. Удзельнічаць у ім будуць, канечне, розныя педагогі, у тым ліку і тыя, хто вядзе адпаведныя факультатывы ў школах.
Такія дадатковыя заняткі для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія праводзяць добра падрыхтаваныя педагогі, важныя адразу па некалькіх прычынах. Факультатывы, як і работа ў бізнес-кампаніях, нясуць пэўную (і немаленькую) выхаваўчую нагрузку. Бізнес-кампаніі, удзельнікі і заснавальнікі якіх валодаюць неабходнай тэарэтычнай падрыхтоўкай, становяцца новай формай пазабюджэтнай дзейнасці для школ. Факультатывы спрыяюць прафарыентацыі школьнікаў. Асабліва важным гэта становіцца для замацавання моладзі ў вёсцы. Валянціна Уладзіміраўна Шыпілава падкрэслівае: “У нас усё завязана на сельскай мясцовасці. Спадзяёмся, што выпускнікі школы, якія пройдуць у нас тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, вернуцца потым сюды, магчыма, адкрыюць свой бізнес”.

 

Марына ХІДДЖАЗ.