Размеркавання баяцца — на бюджэт не паступаць

Спецыяльнасці, па якіх вядзецца падрыхтоўка кадраў у Салігорскім дзяржаўным педагагічным каледжы, — адны з самых запатрабаваных. Тут вучаць будучых выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі і настаўнікаў фізічнай культуры. Прычым, калі ў 1990 годзе было адкрыта педагагічнае вучылішча (на той час установа мела такі статус), падставай служыў менавіта недахоп кадраў у дзіцячых садках. Часу прайшло нямала, дэфіцыт застаўся, калі ні павялічыўся. І адзін з магчымых выхадаў са складанай сітуацыі — падрыхтоўка спецыялістаў па мэтавых накіраваннях і замацаванне выпускнікоў на рабочых месцах.

Выхавальнікі патрэбны ўсюды

Як расказала дырэктар каледжа Тамара Міхайлаўна Бародка, спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і “Фізічная культура” надзвычай запатрабаваныя. Сёлета да выпуску ў педкаледжы рыхтуюцца дзве групы навучэнцаў дзённай формы атрымання адукацыі па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і адна — па спецыяльнасці “Фізічная культура”. Усяго гэта 87 чалавек: 70 чалавек вучыцца за бюджэтныя сродкі, 17 — за ўласныя. Размеркаванне гэтых маладых спецыялістаў адбудзецца заўтра — 28 сакавіка. Тры гады назад установа адукацыі прыняла на вучобу грамадзян з Туркменістана, сёлета яны таксама выпускнікі.
Акрамя таго, ужо атрымалі дыпломы аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі навучэнцы завочнай формы навучання па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” — 67 чалавек, і па спецыяльнасці “Фізічная культура” — 23 чалавекі. Тое, што завочная форма навучання карыстаецца попытам у маладых людзей, пацвярджае той факт, што конкурс у 2013 годзе склаў 2,5 чалавека на месца. А сёлета, улічваючы высокую запатрабаванасць у насельніцтва такой формы навучання па гэтай спецыяльнасці, кіраўніцтва каледжа плануе павялічыць кантрольныя лічбы прыёму на завочную форму па названай спецыяльнасці.
Што тычыцца колькасці навучэнцаў, то зараз іх у педагагічным каледжы 291 чалавек на дзённай форме атрымання адукацыі і 114 — на завочнай.
— Калі прааналізаваць выпуск і размеркаванне выпускнікоў каледжа за пяць апошніх гадоў, — расказвае дырэктар, — то трэба адзначыць, што ўсе выпускнікі, якія падлягаюць размеркаванню, атрымалі накіраванне на работу. Мы маем магчымасць размеркаваць і навучэнцаў, якія атрымалі адукацыю за кошт уласных сродкаў (канечне, з улікам іх пажаданняў). Вось і сёння на выпуску ў нас 17 чалавек, якія вучыліся за свае грошы. Прыемна, што нашы выпускнікі вельмі зацікаўлены ў працоўнай дзейнасці па выбранай спецыяльнасці. Папярэднія размовы пацвярджаюць іх жаданне атрымаць накіраванне на работу. Амаль два месяцы выпускнікі працавалі ва ўстановах адукацыі падчас праходжання пераддыпломнай практыкі — самай працяглай з усіх відаў практыкі і, напэўна, самай адказнай. Мяне як педагога і кіраўніка ўстановы вельмі хвалявала, з якімі думкамі і настроем яны вернуцца ў каледж. І літаральна ўчора я зайшла ў адну з груп (навучэнцы толькі за дзень да гэтага вярнуліся з пераддыпломнай практыкі) і спытала: “Ну як вы, не расчараваліся ў прафесіі?” Добры настрой нашых навучэнцаў і станоўчыя водгукі аб тым, чым займаліся на практыцы ва ўстановах адукацыі, многія з якіх стануць іх першым працоўным месцам, парадавалі мяне.
Слухаю гэты аповед дырэтара і думаю, што практыка, якой бы набліжанай да жыцця яна ні была, не дае поўнага ўяўлення аб умовах будучай работы. Бясспрэчна, маладыя спецыялісты сутыкнуцца з праблемамі, у тым ліку бытавымі, матэрыяльнымі, але тое, што яны так упэўнена глядзяць наперад, дае надзею. А тут ужо важную ролю павінны адыграць арганізацыі — заказчыкі кадраў, куды прыедуць на работу сённяшнія выпускнікі каледжа. Размеркаванне — гэта адно, замацаванне на месцах — зусім іншае.
— Аддзелы адукацыі, з якімі мы заключылі дагаворы на падрыхтоўку спецыялістаў, сапраўды зацікаўлены, каб у іх замацаваліся маладыя кадры, — заўважае Тамара Міхайлаўна Бародка. — Мы па нашых выпускніках гэта бачым. За ўвесь час існавання каледжа не было такіх выпадкаў, каб выпускнік не адпрацаваў вызначаны тэрмін і ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства выплачваў дзяржаве сродкі, выдаткаваныя на яго прафесійную падрыхтоўку. Але вельмі хочацца, каб нашы выпускнікі “пускалі карані” ў вясковых дзіцячых садках і школах, стваралі свае педагагічныя дынастыі. Адным з эфектыўных спосабаў вырашэння гэтай задачы мы бачым падрыхтоўку спецыялістаў па мэтавых накіраваннях.

Мэтавыя накіраванні — для невыпадковых людзей

Магчыма, выпускнікам, якія атрымалі адукацыю на падставе мэтавых накіраванняў, і сапраўды прасцей на першым часе, бо вяртаюцца яны, як правіла, дадому. У такім выпадку хаця б жыллёвае пытанне ў іх вырашана.
У Салігорскім педагагічным каледжы сёлета на выпуску мэтавікаў не так многа — тры чалавекі. Хаця, як кажа дырэктар установы, педкаледж гатовы прыняць столькі мэтавікаў, колькі дазваляюць нормы заканадаўства.
— Рашэнне аб тым, што накіраванні на мэтавую падрыхтоўку змогуць атрымліваць не толькі вясковыя, але і гарадскія дзеці, вельмі пашырыць нашы магчымасці па падрыхтоўцы зацікаўленых у педагагічнай прафесіі спецыялістаў, — лічыць Т.М.Бародка. — Зараз, калі прымаеш абітурыента-мэтавіка, практычна ўжо ведаеш, што гэты малады чалавек зацікаўлены ў набыцці педагагічнай спецыяльнасці. Гэта, як правіла, невыпадковыя людзі. І павялічаныя тэрміны адпрацовак такіх невыпадковых людзей не напалохаюць менавіта таму, што яны робяць свой выбар асэнсавана. А вось выпадковых абітурыентаў такое патрабаванне можа спыніць. Яно, відаць, і лепш. Навошта ўстановам адукацыі незацікаўленыя настаўнікі і выхавальнікі?
Педагагічная прафесія — гэта вельмі складаны і адказны шлях. І вельмі важна, каб на гэты шлях не сталі выпадковыя людзі. Асаблівая адказнасць за якасць падрыхтоўкі будучых спецыялістаў педагагічнага профілю лажыцца на ўстанову адукацыі. Бачыць, разумець, адчуваць кожнага навучэнца, стварыць аптымальныя ўмовы для яго развіцця — задача педагагічнага калектыву. Таму ў каледжы важнае значэнне надаецца стварэнню ўмоў для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. Пацвярджэннем таму з’яўляецца той факт, што трынаццаць навучэнцаў каледжа сталі лаўрэатамі прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі.
Адна з сёлетніх выпускнікоў-мэтавікаў — Настасся Сяховіч, ураджэнка вёскі Крывічы Салігорскага раёна. Тое, што адпрацоўваць па размеркаванні ёй давядзецца поўны тэрмін, вызначаны для мэтавікаў, Насця ведае, і яе гэта зусім не палохае. “Я разумела, куды і навошта паступаю, прычым паступіць сюды вельмі хацела, таму і пайшла за накіраваннем у аддзел адукацыі Салігорскага райвыканкама. Зараз магу дакладна сказаць, што з выбарам не памылілася. А колькі працаваць — тры гады, пяць ці больш — ужо не так важна, калі збіраешся працаваць усур’ёз,”— гаворыць яна. Праўда, падчас вучобы дзяўчына выйшла замуж за салігарчаніна, таму жыць і працаваць збіраецца ў райцэнтры. Пры гэтым у яе планах — прадоўжыць вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (спецыялізацыя Настассі з мастацкім ухілам).
А мы з Тамарай Міхайлаўнай вяртаемся да размовы аб тым, як заахвоціць да прафесіі менавіта невыпадковых людзей. Мая суразмоўца заўважае, што дапамагае гэтаму новая форма ўзаемадзеяння са школай.
— Гэтая форма работы, — адзначае яна, — павінна ўнесці пэўныя пазітыўныя змены ў сістэму прафарыентацыйнай работы са школьнікамі. А сутнасць работы ў тым, што не толькі каледж ідзе да школьнікаў, але і школы Салігорскага раёна прывозяць сваіх выпускнікоў у каледж. Старшакласнікі маюць магчымасць паразмаўляць з навучэнцамі, выкладчыкамі, пазнаёміцца з матэрыяльна-тэхнічнай і метадычнай базай каледжа — а яна дастаткова сучасная.
Як тлумачыць дырэктар установы, вясковыя старшакласнікі праяўляюць да паездак у педкаледж самую жывую зацікаўленасць, задаюць мноства пытанняў, расказ-ваюць пра сябе, раяцца. Прыязджалі ўжо нават і навучэнцы сярэдніх класаў. Шансы на тое, што сельская моладзь паедзе працаваць у вёску, тым больш па мэтавым накіраванні, значна вышэйшыя, чым тое, што там вырашыць застацца гараджанін. “Сельскіх дзяцей вёска не палохае, — справядліва лічыць Тамара Міхайлаўна, — яны там свае сярод сваіх”. Зараз ва ўстанове плануюць заключыць прафарыентацыйныя дагаворы з іншымі раёнамі Мінскай вобласці. Пасля такога блізкага знаёмства пры пэўнай падтрымцы хтосьці, магчыма, задумаецца не толькі аб паступленні ў каледж, але і аб мэтавым накіраванні, аб вяртанні на работу ў родную вёску. Асабліва калі настаўнікі, педагогі-псіхолагі здолеюць выявіць у навучэнцаў пэўныя схільнасці загадзя, яшчэ на ранняй ступені навучання, бо пачынаць такую работу, скажам, у дзявятым класе, пазнавата.
Да слоў кіраўніка ўстановы дадам, што паміж каледжам і педагагічнымі ўніверсітэтамі Рэспублікі Беларусь заключаны дагаворы аб сумеснай падрыхтоўцы спецыялістаў па спецыяльнасцях “Дашкольная адукацыя” і “Фізічная культура” для атрымання выпускнікамі каледжа вышэйшай адукацыі па скарочаным тэрміне навучання. На практыцы атрымліваецца, што амаль усе выпускнікі каледжа працуюць па размеркаванні і адначасова вучацца завочна ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Так, як гэта збіраецца зрабіць будучы выпускнік Мікалай Горбач. Хлопец — ураджэнец адной з вёсак Брэстчыны, хутка атрымае дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці “Фізічная культура” і збіраецца прадоўжыць навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры (у каледжа з гэтай установай таксама падпісаны дагавор аб сумеснай дзейнасці па падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па спецыяльнасці са скарочаным тэрмінам навучання). А размеркаванне (Мікалай паступаў на агульных падставах) не выклікае апасенняў. “Я гатовы да работы там, куды накіруюць, — гаворыць ён. — Пакуль вучыўся, шмат дзе пабываў на спаборніцтвах у Мінскай вобласці, многія школы бачыў, быў актыўным удзельнікам органаў самакіравання ў каледжы, набыў пазітыўны вопыт работы ў БРСМ, быў камандзірам педагагічнага атрада. Думаю, што ўсе гэта дапаможа мне якасна працаваць па выбранай прафесіі”.
— Нашы навучэнцы, паверце, цалкам разумеюць, што абавязаны адпрацаваць па размеркаванні, — гаворыць дырэктар каледжа. — У іх далейшым удалым прафесійным лёсе зацікаўлены і ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама, і педагагічны каледж, і арганізацыі — заказчыкі кадраў. А гэта, безумоўна, адчуваюць нашы выпускнікі і таму ўпэўнена едуць працаваць па размеркаванні.

 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.