Закрыюцца толькі “лянівыя” ВВК

Міжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты краіны сёння перажываюць не лепшы час. “Быць ці не быць МВВК?” — рэгіёны спрабуюць знайсці адказ на гэтае пытанне, разглядаючы кожны канкрэтны выпадак і пралічваючы ўсе крокі магчымай рэарганізацыі названых структур.
Маючыя адбыцца змены можна назваць чаканымі, аднак асаблівай радасці ў супрацоўнікаў вучэбна-вытворчых камбінатаў яны не выклікаюць. Гэта цалкам заканамерна, паколькі прыняць новую сітуацыю чалавеку заўсёды складана.
Аб тым, які лёс чакае міжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты, мы гутарым з кансультантам упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Мікалаевічам ПАДДУБСКІМ.

— Уладзімір Мікалаевіч, з чым звязаны запланаваныя змены ў дзейнасці вучэбна-вытворчых камбінатаў? Няўжо гэта робіцца толькі таму, што 2013 год абвешчаны Годам беражлівасці?
— Сапраўды, рэарганізацыя МВВК будзе ажыццяўляцца ў рамках Года беражлівасці, але ж неабходнасць у ёй, насамрэч, наспявала на працягу доўгага часу. Упраўленні адукацыі аблвыканкамаў атрымалі даручэнне аб правядзенні аптымізацыі сістэмы вучэбна-вытворчых камбінатаў яшчэ вясной 2012 года, пасля пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі па пытаннях прафарыентацыі. І работа ў гэтым напрамку вядзецца ўжо з пачатку бягучага навучальнага года.
На сёння ў краіне дзейнічае 77 міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў. Найбольшая іх колькасць размешчана ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, менш за ўсё ВВК на Віцебшчыне — 2 і ў Мінску — 3. На пачатак 2000 года функцыянавала 144 вучэбна-вытворчыя камбінаты; за 12 гадоў, такім чынам, іх колькасць паменшылася больш чым у 2 разы.
Самым праблемным пытаннем для вучэбна-вытворчых камбінатаў з’яўляецца матэрыяльна-тэхнічная база: яна ўжо састарэла, хоць і дазваляе праводзіць прафарыентацыйную работу, а вось забяспечыць дастатковы ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, на жаль, не можа. Да таго ж існуюць абмежаванні па колькасці вучэбных гадзін у ВВК, таму навучэнцы не маюць магчымасці атрымаць некаторыя спецыяльнасці.
У савецкія часы ВВК былі наўпрост прывязаны да прамысловых прадпрыемстваў — так было першапачаткова задумана пры стварэнні гэтай сістэмы. Адпаведна, адказнасць за матэрыяльна-тэхнічную базу ВВК неслі самі прадпрыемствы, а вучэбна-вытворчыя камбінаты рыхтавалі для іх кадры. І такое супрацоўніцтва сябе апраўдвала: атрымаўшы мінімальны рабочы разрад, выпускнікі школ часта ўладкоўваліся ў арганізацыі, дзе праходзілі вытворчую практыку.
Сёння ж рэдка які МВВК рыхтуе кадры для канкрэтнага прадпрыемства. Матэрыяльная база многіх камбінатаў прыйшла ў заняпад, па гэтай прычыне скарацілася колькасць спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка школьнікаў. Напрыклад, такія спецыяльнасці, як токар і фрэзероўшчык у ВВК цяпер прадстаўлены нязначна. І яшчэ адзін момант: у часы Савецкага Саюза школьнікі наведвалі заняткі ў ВВК у абавязковым парадку. Цяпер жа гэта заняткі па выбары, і паколькі большасць сённяшніх школьнікаў нацэлены на атрыманне вышэйшай адукацыі (як ні круці, а такая тэндэнцыя мае месца), старшакласнік, выбіраючы прафесійную падрыхтоўку, абмяжоўвае сябе ў плане наведвання факультатываў па агульнаадукацыйных прадметах.
Усё вышэйсказанае яскрава сведчыць аб тым, што неабходнасць аптымізацыі сістэмы ВВК наспела натуральным чынам.

— І якімі бачацца шляхі аптымізацыі ў гэтым плане?
— Шляхоў можа быць некалькі. Першы: захаванне тых вучэбна-вытворчых камбінатаў, якія маюць добрую матэрыяльна-тэхнічную базу, запатрабаваны ў навучэнцаў, цесна супрацоўнічаюць з прадпрыемствамі. Важным момантам, канечне, з’яўляецца згода мясцовых улад, паколькі ВВК, у адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі, ствараюцца па рашэнні рай(гар)выканкамаў.
Па інфармацыі рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй, такіх даволі моцных вучэбна-вытворчых камбінатаў у краіне сёння налічваецца 50—55. У новым навучальным годзе яны, магчыма, прадоўжаць сваю дзейнасць і пакажуць, як можна працаваць у новых умовах. Другі шлях: закрыццё ВВК, на базе якіх займаецца невялікая колькасць школьнікаў і матэрыяльная база якіх не дазваляе якасна рыхтаваць навучэнцаў. Такія камбінаты часцей за ўсё знаходзяцца або ў невялікіх гарадах, або на вёсцы. Трэці шлях: далучэнне ВВК у якасці структурных падраздзяленняў ці філіялаў да ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У якасці прыкладу можна прывесці Кастрычніцкі раён Мінска: функцыянаванне ВВК на базе Мінскага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва. Ліцэй прадастаўляе сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу для навучання школьнікаў і сам клапоціцца аб тым, каб мець у перспектыве дастатковую колькасць навучэнцаў. Плануецца, што сталічныя ВВК з новага навучальнага года будуць працаваць у структуры ПТА.
Трэба заўважыць, што пры далучэнні ВВК да сістэмы ПТА вырашыцца і кадравая праблема: педагогі камбінатаў змогуць выкладаць у каледжах (ліцэях). Ну і, канечне, матэрыяльная база ў прафтэхустановах на парадак лепшая, чым у ВВК. Аснашчаць жа ВВК сучасным абсталяваннем бывае вельмі праблематычна.

— Уладзімір Мікалаевіч, мне не раз даводзілася чуць меркаванне аб тым, што вучэбна-вытворчыя камбінаты ствараюць канкурэнцыю прафтэхустановам. Што пра гэта думаеце вы?
— На маю думку, гэта спрэчнае меркаванне. Дзеці ж ідуць у 10 клас не для таго, каб атрымаць прафесію ў ВВК, а для таго, каб атрымаць агульную сярэднюю адукацыю і паспрабаваць прадоўжыць вучобу ў сістэме сярэдняй спецыяльнай ці вышэйшай адукацыі. У тым, што паралельна дзіця атрымае яшчэ і прафесію, я нічога дрэннага не бачу. У выпадку непаступлення ў навучальную ўстанову такі выпускнік заўсёды зможа працаўладкавацца.
З выпускнікоў дзявятых класаў у нас ва ўстановы ПТА ў сярэднім паступаюць 15—17% вучняў. У Віцебскай вобласці, дзе дзейнічае ўсяго два ВВК, паступаюць каля 19% дзевяцікласнікаў; у Мінску (тры ВВК) — каля 14%. У Брэсцкай і Гомельскай абласцях, дзе размешчана найбольшая колькасць вучэбна-вытворчых камбінатаў, фіксуецца прыкладна тая ж самая лічба — каля 15%. Такім чынам, нельга сказаць, што ВВК “з’ядаюць” тых навучэнцаў, якія паступаюць у прафтэхустановы.
Безумоўна, калі дзіця хоча набыць пэўную спецыяльнасць, то для больш эфектыўнага выніку яму лепш пайсці вучыцца ў сістэму ПТА: там яно атрымае агульную сярэднюю адукацыю і больш высокую кваліфікацыю па спецыяльнасці (калі параўноўваць з навучаннем у ВВК).
Сярэдняя школа, такім чынам, не канкурэнт сістэме прафтэхадукацыі. Апошняя сама павінна праяўляць большую актыўнасць па прыцягненні навучэнцаў у свае ўстановы.
І яшчэ адзін момант. Мы часта аналізуем статыстыку па тых навучэнцах, якія паступаюць ва ўстановы ПТА пасля 9 класа. Калі ж узяць выпускнікоў 11-х класаў, то можна заўважыць адваротную тэндэнцыю: у рэгіёнах, дзе функцыянуюць вучэбна-вытворчыя камбінаты, працэнт паступлення ў ПТА на базе 11 класа большы, чым там, дзе ВВК няма.
Аптымізацыя сістэмы міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў патрэбна найперш для таго, каб паглядзець, наколькі эфектыўна яна можа сёння працаваць і ў якім статусе.

— Што да статусу, то з уступленнем у сілу Кодэкса аб адукацыі ВВК, як вядома, ператварыліся з вучэбна-вытворчых аб’ектаў ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Ці змяніліся іх функцыі ў сувязі з гэтым?
— Згодна з Кодэксам аб адукацыі, ВВК сёння займаюцца прафарыентацыйнай работай, вядуць прафесійную падрыхтоўку і праводзяць на сваёй базе заняткі па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”. Апошняя функцыя — арганізацыя ўрокаў працоўнага навучання на базе ВВК — мінімальная, хаця такія прыклады ёсць. Асноўнай жа дзейнасцю вучэбна-вытворчых камбінатаў па-ранейшаму застаюцца прафарыентацыя (8—9 класы) і прафесійная падрыхтоўка (10—11 класы).
З цягам часу плануецца ўнесці змены ў Кодэкс аб адукацыі, якія будуць тычыцца дзейнасці ВВК. Пакуль што вучэбна-вытворчыя камбінаты могуць існаваць у розных статусах: напрыклад, ВВК Савецкага раёна Мінска з’яўляецца структурным падраздзяленнем сярэдняй школы, выконвае функцыі міжшкольнага ВВК, але не з’яўляецца юрыдычнай асобай.

— А якія прафесіі з тых, што прапаноўваюць сёння ВВК, карыстаюцца попытам у школьнікаў?
— Вельмі многа рыхтуецца вадзіцеляў катэгорый В, С. Значная колькасць сельскіх вучняў выбірае прафесію трактарыста катэгорыі А. Дарэчы, падрыхтоўка трактарыстаў катэгорыі А ажыццяўляецца не толькі ў ВВК, але і на базе многіх сельскіх школ. І, паводле даных статыстыкі, працаўладкоўваюцца трактарыстамі каля 30% выпускнікоў школ. Карыстаюцца попытам і прафесіі сельскагаспадарчага профілю (раслінаводства, жывёлагадоўля і інш.).

Гутарыла Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.
Фота аўтара.