Апошні раз у вячэрні клас

На нядаўняй анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА міністр адукацыі С.А.Маскевіч заўважыў, што ў святле такой актуальнай сёння аптымізацыі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі неактуальнымі сталі вячэрнія школы. Між тым меркаванні наконт рэарганізацыі “вячорак” выказваюцца процілеглыя: як заўсёды, ёсць тыя, хто “за”, і тыя, хто “супраць”. Аднак у некаторых рэгіёнах краіны гэты працэс ужо амаль завяршыўся, прычым ніхто асабліва не пацярпеў: ні навучэнцы, ні педагогі, якія працавалі ў вячэрніх школах. Спецыялісты сцвярджаюць, што непрыманне змен у гэтым выпадку больш звязана не з адсутнасцю мэтазгоднасці, а з нежаданнем адмаўляцца ад нечага звыклага.
Прыватнае супраць агульнага

Сітуацыя, калі глядзець увогуле, сапраўды не падаецца катастрафічнай: па запыце на базе сярэдніх школ цяпер могуць адкрывацца вячэрнія класы, ды і прафтэхустановы нікому не адмовяць у атрыманні сярэдняй адукацыі. Аднак калі браць асобныя выпадкі, то можна адзначыць, што шлях некаторых маладых людзей да жаданага пасведчання аб закончанай сярэдняй адукацыі суправаджаецца пэўнымі цяжкасцямі.
Сын майго знаёмага, напрыклад, некалькі гадоў назад пасля заканчэння 9 класа паступіў у каледж, размешчаны ў невялікім раённым цэнтры. На другі год вучобы хлопец вырашыў пакінуць установу, паколькі не бачыў сябе ў той спецыяльнасці, якую вывучаў. Бацькам і выкладчыкам так і не ўдалося ўгаварыць юнака змяніць рашэнне.
Сказана — зроблена, аднак праз пэўны час малады чалавек захацеў зноў вучыцца, але ўжо ў іншай установе. І вось тут, для таго каб не губляць два гады, яму спатрэбілася пасведчанне аб поўнай сярэдняй адукацыі. Здабыць яго аказалася праблематычна, паколькі вячэрняя школа ў горадзе, дзе жыве сям’я майго знаёмага, была ўжо закрыта. Пытанне ў выніку вырашылася на карысць “пакутніка”, аднак факт застаецца фактам.
Магчыма, гэта не самы ўдалы прыклад у абарону вячэрніх школ, паколькі ў адказ можна прывесці аргументы накшталт “адразу трэба было думаць!” і “куды бацькі глядзелі?”. І ўсё ж ён мае права на існаванне, паколькі прадыктаваны самім жыццём.

Было б жаданне вучыцца…

А вось іншы прыклад. У Гомельскай вобласці аб рэарганізацыі вячэрніх школ задумаліся некалькі гадоў назад, і на сёння “вячоркі” там ужо спынілі сваю дзейнасць.
— Мы не бачым у гэтым нічога страшнага, — гаворыць намеснік начальніка ўпраўлення Гомельскага аблвыканкама Жанна Анатольеўна Ждановіч. — Сёння ўсім жадаючым атрымліваць агульную сярэднюю адукацыю ў вячэрні час прапаноўваецца выдатная паслуга, прадугледжаная Кодэксам аб адукацыі: вячэрнія класы пры сярэдніх школах. Такія класы могуць адкрывацца і функцыянаваць па запыце. Для рабочай моладзі існуе форма экстэрнату, калі навучэнцы атрымліваюць падручнікі, заданні і здаюць экзамены ў чэрвені.
Па словах Жанны Анатольеўны, у старым статусе на Гомельшчыне засталася працаваць толькі адна вячэрняя школа — пры жаночай папраўчай калоніі. Аднак з улікам таго, што ў калонію трапляюць і непаўналетнія, да 1 чэрвеня “вячорка” будзе рэарганізавана ў сярэднюю школу.
Некалькі гадоў назад, у верасні 2008 года, у вобласці дзейнічала 11 вячэрніх школ з ахопам 1818 навучэнцаў. Колькасць жадаючых вучыцца ў вячэрні час паступова змяншалася, і да пачатку бягучага навучальнага года “вячорак” у Гомельскай вобласці засталося ўсяго 5 (560 навучэнцаў). Цяпер жа дзейнічаюць толькі вячэрнія класы, адкрытыя на базе сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў у шасці раёнах — у Добрушскім, Калінкавіцкім, Кармянскім, Лоеўскім, Рэчыцкім, Светлагорскім.
— Для актывізавацыі працэсу рэарганізацыі вячэрніх школ неабходна было правесці дадатковую інфармацыйную работу, — заўважае Ж.А.Ждановіч. — Безумоўна, давялося вырашаць пытанне з працаўладкаваннем педагогаў, гутарыць з кожным індывідуальна. Наведвальнікам “вячорак” таксама тлумачылася, што іх не выганяюць на вуліцу, а проста даюць магчымасць атрымліваць агульную сярэднюю адукацыю пад іншай шыльдай. Да таго ж у любой сучаснай сярэдняй школе база намнога лепшая, чым у “вячорак”. І, шчыра кажучы, большасць навучэнцаў наведвалі заняткі ў вячэрняй школе без вялікага жадання. Мы, такім чынам, вырашылі не чакаць заканчэння навучальнага года і накіраваць сэканомленыя сродкі на іншыя мэты ў сістэме адукацыі вобласці.

Не дзеля ведаў?

У Калінкавічах вячэрняя школа дзейнічала з 1968 года і размяшчалася на базе кансультацыйных пунктаў сельскіх школ і райцэнтра. У 2011 годзе вячэрняя школа была закрыта, аднак навучэнцы 11—12 класаў змаглі прадоўжыць вучобу ў вячэрніх класах завочнай формы атрымання адукацыі, арганізаваных на базе той жа сярэдняй школы № 8, дзе ў апошнія гады месцілася “вячорка”. Змянілася толькі адміністрацыя, а будынак і педагогі засталіся тыя ж самыя.
Па словах начальніка аддзела адукацыі Калінкавіцкага райвыканкама Валянціны Віктараўны Касьянчык, вячэрняя школа — гэта не тая сістэма, якая можа існаваць пры наяўнасці добрай агульнаадукацыйнай школы, “ды яшчэ ў статусе юрыдычнай асобы”.
— Адразу было неразуменне з боку бацькоў, — расказвае В.В.Касьянчык. — Людзі абураліся, не разумелі, што іх дзеці нічога не страчваюць.
Калі прааналізаваць напаўняльнасць Калінкавіцкай вячэрняй школы ў розны час, то можна ўбачыць наступную карціну. У 1969 годзе выпускнікоў у ёй было 167, у 1970 — 220. Пік запатрабаванасці паслугі такога віду прыпадае на 1973 год — 387 выпускнікоў. А вось у 80-я гады мінулага стагоддзя колькасць навучэнцаў у згаданай установе пайшла на зніжэнне: 277, 199, 50, 19… У 2011/2012 навучальным годзе школу закончыла 9 чалавек. Сёння ў 11 класе “вячоркі” 17 навучэнцаў і 15 — у 12-м. У асноўным гэта маладыя людзі старэй за 18 гадоў, якія пасля заканчэння базавай школы нідзе не ўладкаваліся.
— Вучні вячэрніх класаў займаюцца па пэўнай праграме; сесіі арганізуюцца чатыры разы ў год, паміж імі — кансультацыі, залікі, — адзначае ў сваю чаргу дырэктар сярэдняй школы № 8 Калінкавіч Адам Міхайлавіч Грынеўскі. — Заняткі праводзяць настаўнікі-прадметнікі нашай школы. Што тычыцца аплаты іх працы, то яна ажыццяўляецца адпаведна асобнай тарыфікацыі. Калі была вячэрняя школа, то весці заняткі пры неабходнасці запрашаліся педагогі і з іншых устаноў адукацыі, цяпер жа ў вячэрнікаў выкладаюць толькі нашы настаўнікі. Для іх гэта магчымасць падзарабіць.
На першы погляд, усё складваецца добра, аднак Адам Міхайлавіч называе і праблемны момант у функцыянаванні вячэрніх класаў — наведвальнасць маладымі людзьмі заняткаў, што дадае клопату педагогам.
— Мы разумеем, што абставіны ў людзей бываюць розныя, аднак часам нам даводзіцца адшукваць навучэнцаў у прамым сэнсе гэтага слова, заклікаць іх на сесіі, — гаворыць А.М.Грынеўскі. — Пра злосных гультаёў паведамляем у арганізацыі, дзе яны працуюць. Калі не з’яўляюцца ў школе і пасля гэтага, то можам прапанаваць забраць дакументы. У 2012 годзе, напрыклад, з 15 выпускнікоў атэстаты атрымалі толькі 9: нехта сам вырашыў пакінуць школу, нехта пайшоў у армію. На маю думку, сярэднюю адукацыю навучэнцы гэтай катэгорыі могуць атрымліваць і ва ўстановах ПТА, паколькі працуюць з іх, насамрэч, нямногія. І далёка не для кожнага з іх сапраўды важныя веды.
У той жа час Адам Міхайлавіч прыгадвае перыяд, калі ў вячэрнюю школу ў Калінкавічах маладыя людзі прыходзілі выключна за ведамі. Гэта былі навучэнцы Мазырскага музычнага вучылішча (сёння Мазырскі дзяржаўны музычны каледж), якія атрымлівалі ў сваёй навучальнай установе толькі спецыяльнасць і мелі патрэбу ў набыцці агульнай сярэдняй адукацыі для працягу вучобы.

Працяг будзе

Рэарганізацыя “вячорак” працягваецца. Да пачатку наступнага навучальнага года гэтае пытанне будзе вырашана і ў Віцебскай вобласці, дзе на сёння дзейнічае 6 вячэрніх школ. У самім Віцебску з трох такіх устаноў засталася адна (150 навучэнцаў).
— Мы прапаноўваем адкрыць у раёнах на базе сярэдніх школ вячэрнія класы, што не супярэчыць Кодэксу аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, — паведаміў нам начальнік аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Васіль Уладзіміравіч Горбаль. — Установы сярэдняй адукацыі цалкам здольны справіцца з новай функцыяй. Бюджэтныя сродкі, такім чынам, будуць выкарыстоўвацца больш эфектыўна.
На Гродзеншчыне сёння функцыянуе адна вячэрняя школа — у абласным цэнтры. Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Генрыхавіча Сонгіна, яе таксама плануецца сёлета закрыць, а навучэнцаў — размеркаваць па вячэрніх класах на базе агульнаадукацыйных устаноў горада.
Зведаюць змены вячэрнія школы і ў іншых абласцях краіны.

Данута БУЙНОВА.