Педагогаў не хапае. Тэндэнцыя, аднак?

Неўзабаве ў большасці ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі пачнецца кампанія па размеркаванні выпускнікоў. Між тым ужо сёння амаль усе пяцікурснікі ведаюць, хто і дзе чакае іх у жніўні. Якія тэндэнцыі адзначаюцца сёлета падчас папярэдняга размеркавання выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцей? Якая колькасць заявак на маладых спецыялістаў з ліку педагогаў застанецца незадаволенай? Ці знайшла адлюстраванне на практыцы для будучых педагогаў прапанова Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі аб павелічэнні тэрмінаў практыкі студэнтаў, у тым ліку аб папярэднім размеркаванні пасля 3 курса? За адказамі на гэтыя і іншыя пытанні па згаданай тэме мы звярнуліся ва ўстановы вышэйшай адукацыі, якія рыхтуюць педагагічныя кадры для краіны.

Заявак больш, чым выпускнікоў

Такі факт канстатавалі супрацоўнікі ўніверсітэтаў, з якімі нам давялося пагутарыць.
— Патрэбнасць у педагогах была, ёсць і будзе, паколькі прафесія настаўніка вечная, — пачаў размову начальнік аддзела кадраў БДПУ імя Максіма Танка Валерый Пятровіч АЛАВЯННІКАЎ. — Наш універсітэт даўно не ведае такой праблемы, як адсутнасць месцаў для накіравання выпускнікоў на работу. На сёння мы маем 1973 заяўкі на маладых спецыялістаў, а колькасць пяцікурснікаў, якія вучацца за кошт бюджэтных сродкаў, складае 802 чалавекі. Пад размеркаванне, згодна з Кодэксам аб адукацыі, падпадаюць цяпер і завочнікі, якія больш за палову тэрміну навучання атрымлівалі адукацыю на дзённай форме за кошт бюджэту. Летась такіх было 18 чалавек. Дарэчы, заяўкі да нас паступаюць не толькі з сістэмы адукацыі: напрыклад, арганізацыям, што знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства ўнутраных спраў, таксама патрабуюцца педагагічныя работнікі — выхавальнікі, інспектары па справах непаўналетніх і інш.

Такім чынам, паводле слоў В.П.Алавяннікава, колькасць заявак, што пададзены сёння ў вядучую педагагічную ўстанову вышэйшай адукацыі краіны на маладых спецыялістаў, больш чым у 2 разы перавышае колькасць студэнтаў-выпускнікоў. І гэтыя суадносіны застануцца няроўнымі нават у тым выпадку, калі за накіраваннем на работу ў камісію па размеркаванні звернуцца студэнты, якія вучацца на платнай аснове (іх у БДПУ імя М.Танка зараз налічваецца 714 чалавек). Штогод, як заўважыў Валерый Пятровіч, жаданне паехаць працаваць у прапанаваную ўстанову выказваюць 20—25 выпускнікоў-платнікаў, але незадаволеныя заяўкі застаюцца ўсё роўна. Попыт перавышае прапанаванне ў дачыненні да выпускнікоў усіх спецыяльнасцей універсітэта: недзе — у 1,4 разу, як у выпадку з філалагічнымі спецыяльнасцямі, а недзе — і ў 3 разы (“Пачатковая адукацыя”).

У Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Івана Шамякіна ў гэтым годзе дадаткова да міністэрскага плана персанальнага размеркавання выпускнікоў паступіла яшчэ 130 заявак, і ўсяго запытаў цяпер налічваецца 430. Выпускнікоў жа бюджэтнай формы навучання, якія падпадаюць пад размеркаванне, 364 чалавекі (на платнай аснове адукацыю атрымліваюць 238 пяцікурснікаў). Пра гэта паведаміла начальнік аддзела кадраў названай установы Валянціна Яўгенаўна ДРЫНЕЎСКАЯ.
— Летась агульная колькасць заявак складала 607, а выпускнікоў было 405, — адзначыла Валянціна Яўгенаўна. — Сёлета таксама не ўдасца задаволіць усе запыты. Нягледзячы на працэс аптымізацыі сеткі адукацыйных устаноў, запатрабаванасць у педагагічных кадрах застаецца. У раённых аддзелах адукацыі на працягу года з’яўляюцца вакансіі, і тады фарміруюцца дадатковыя заяўкі на маладых спецыялістаў — выпускнікоў нашага ўніверсітэта. Некалькі гадоў назад, калі павялічылася колькасць гадзін, адведзеных на выкладанне замежных моў, мы асабліва адчулі гэтую патрэбу. Аднак у першую чаргу ўніверсітэт, безумоўна, задавальняе запыты Міністэрства адукацыі.

Колькасць заявак на маладых спецыялістаў у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Пятра Машэрава ў мінулым годзе перавышала колькасць выпускнікоў, якія размяркоўваліся, на 10%.
— У 2013 годзе гэты паказчык арыенціровачна складзе 11%, — адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце згаданай установы Веслаў Іосіфавіч ТУРКОЎСКІ. — З ліку выпускнікоў платнай формы навучання летась атрымалі накіраванне на работу па ўласным жаданні 6,7%. Сёлета, паводле прагнозаў спецыялістаў універсітэта, такіх выпускнікоў будзе больш за 10%.

Начальнік аддзела кадраў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова Таццяна Уладзіміраўна ДЭПАВА таксама пацвердзіла, што іх установа на працягу апошніх гадоў не мае магчымасці задавальняць усе заяўкі на маладых спецыялістаў.
— Між тым план размеркавання выпускнікоў, які даводзіцца Міністэрствам адукацыі, выконваецца цалкам, — заўважыла Таццяна Уладзіміраўна. — Рэдка, але здараюцца і такія выпадкі, калі студэнт рызыкуе застацца без работы. Напрыклад, у мінулым годзе цяжкасці з працаўладкаваннем мелі новаспечаныя сацыяльныя педагогі.
Па словах Т.У.Дэпавай, сёлета выпуск студэнтаў дзённай формы навучання МДУ імя Аркадзя Куляшова складзе 760 чалавек: 412 з іх — бюджэтнікі, 348 атрымліваюць адукацыю на платнай аснове.

Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт рыхтуе педагогаў на двух факультэтах. Факультэт славянскіх і германскіх моў у 2013 годзе заканчваюць 109 студэнтаў, а заявак у плане Міністэрства адукацыі на гэтых спецыялістаў значыцца 117. Факультэт педагогікі і псіхалогіі выпускае сёлета 102 выпускнікі, заявак на іх паступіла 166. (У 2012 годзе на 120 выпускнікоў названага факультэта прыпадала 200 месцаў працаўладкавання.)
— Такая сітуацыя адзначаецца на працягу апошніх чатырох гадоў, — гаворыць першы прарэктар БарДУ Галіна Якаўлеўна ЖЫТКЕВІЧ. — Летась, напрыклад, колькасць заявак на выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцей нашага ўніверсітэта складала 356, а пад размеркаванне падпадалі 218 пяцікурснікаў. Як бачна, патрэба ў педагогах не знікае, хоць і кажуць, што іх у краіне выпускаецца зашмат.

Самыя чаканыя — хто яны?

Калі меркаваць па заяўках на маладых спецыялістаў, што паступаюць у БДПУ імя Максіма Танка, то самымі запатрабаванымі сёння з’яўляюцца педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі і пачатковых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта ў асноўным тычыцца сталіцы і Мінскай вобласці. А вось 3-4 гады назад, па словах В.П.Алавяннікава, Мінск і сталічная вобласць мелі вялікую патрэбу ў настаўніках фізікі, інфарматыкі і матэматыкі.
Самымі чаканымі спецыялістамі з ліку выпускнікоў МДПУ імя Івана Шамякіна застаюцца настаўнікі фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, пачатковых класаў, педагогі дашкольнай адукацыі. У гэтым годзе запатрабаваны таксама выпускнікі спецыяльнасці “Тэхналогія (абслуговая праца)” і “Тэхналогія (тэхнічная праца)”.
— Заявак на згаданых спецыялістаў у плане Міністэрства адукацыі больш, чым выпускнікоў, — адзначае В.Я.Дрынеўская. — Настаўнікаў тэхнічнай працы ў нас запытвае нават Брэст.
У сваю чаргу супрацоўнікі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава, аналізуючы ход папярэдняга размеркавання выпускнікоў 2013 года, адзначаюць высокую патрэбнасць у сацыяльных педагогах, педагогах-псіхолагах, настаўніках-дэфектолагах і настаўніках замежных моў.
У МДУ імя А.А.Куляшова запатрабаваны фізікі, матэматыкі, спецыялісты замежных моў, педагогі дашкольнай адукацыі. У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце нарасхват выпускнікі наступных спецыяльнасцей: “Дашкольная адукацыя. Практычная псіхалогія”, “Дашкольная адукацыя. Замежная мова”, “Англійская мова. Нямецкая мова”, “Інфарматыка”, “Тэхналогія (абслуговая праца). Сацыяльная педагогіка”, “Практычная псіхалогія. Тэхналогія (абслуговая праца)”.

Імянныя запыты  разглядаюцца, але…

У апошнія гады студэнты БДПУ імя Максіма Танка праяўляюць значную актыўнасць у пошуках свайго першага працоўнага месца: каля 30% заявак, што паступаюць у названую ўстанову на маладых спецыялістаў, імянныя. Але ж у першую чаргу задавальняюцца запыты базавых арганізацый.
— Калі раней мы гаварылі пра дзяржаўныя ўстановы адукацыі і прыватныя, то цяпер, згодна з Кодэксам аб адукацыі, з’явіліся новыя паняцці — “арганізацыі — заказчыкі кадраў” і “базавыя арганізацыі”, якія прадастаўляюць сваю базу для праходжання практыкі студэнтамі і атрымліваюць прыярытэт падчас размеркавання выпускнікоў, — тлумачыць Валерый Пятровіч Алавяннікаў.
Для БДПУ імя М.Танка базавымі арганізацыямі з’яўляюцца ўстановы адукацыі Мінска і Мінскай вобласці — там праходзяць практыку і працаўладкоўваюцца каля 70% выпускнікоў універсітэта. Асноўным заказчыкам кадраў для БДПУ імя Максіма Танка выступаюць камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і ўпраўленне адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
— Установы адукацыі, якія з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, могуць самі падаваць заяўкі ва ўніверсітэт; у той жа час яны павінны прытрымлівацца пэўнага парадку, вызначанага адміністратыўным органам (у нашым выпадку — камітэт па адукацыі Мінгарвыканама і ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама), — заўважае В.П.Алавяннікаў. — Для таго каб пазбегнуць нестыковак, копію заяўкі пажадана накіраваць у камітэт па адукацыі або ўпраўленне адукацыі.
Дарэчы, па словах начальніка аддзела кадраў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, часам камісія па размеркаванні аддае прыярытэт імянному запыту на выпускніка, а не заяўцы асноўнага заказчыка кадраў.
— На тое яна і камісія, каб выслухаць чалавека, — гаворыць В.П.Алавяннікаў. — Аргументамі на карысць імянной заяўкі могуць стаць праходжанне практыкі ў пэўнай арганізацыі, камфортныя ўмовы працы і добрыя бытавыя ўмовы, наяўнасць сям’і ў тым населеным пункце і г.д. Навошта адпраўляць выпускніка ў невядомасць?
Актыўна выбіраюць базы для практыкі і студэнты ВДУ імя П.Машэрава, звяртаючы ўвагу на ўмовы працы і магчымасці для творчага росту. Па словах В.І.Туркоўскага, прарэктара па вучэбнай рабоце названай установы, адносіны студэнтаў да выбару свайго першага працоўнага месца апошнім часам сталі больш адказнымі. І камісія па размеркаванні выпускнікоў ідзе насустрач студэнтам, якія прыносяць імянныя заяўкі (калі гэта не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь), праходзілі вытворчую практыку ў арганізацыі, з якой атрымана заяўка, і зарэкамендавалі сябе з лепшага боку.
— Мы задавальняем імянныя запыты пры наяўнасці падставы, — заўважае начальнік аддзела кадраў МДПУ імя І.Шамякіна В.Я.Дрынеўская. — І абавязкова пытаемся ў тых выпускнікоў, якія значацца першымі ў спісах размеркавання, ці не прэтэндуюць яны на месца, з якога прынесены імянны запыт.
У Баранавіцкі ўніверсітэт часта прыходзяць пісьмы з аддзелаў адукацыі з просьбай прадаставіць інфармацыю аб студэнтах, якія родам з тых ці іншых раёнаў. Звяртаюцца і службы Міністэрства ўнутраных спраў, запрашаючы выпускнікоў спецыяльнасцей “Правазнаўства” і “Пачатковая адукацыя. Фізічная культура” на работу ўчастковымі інспектарамі.
Базавая арганізацыя мае пераважнае права на задавальненне патрэбы ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй, спецыялістах і рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй з ліку выпускнікоў адпаведнай установы адукацыі. Пры наяўнасці некалькіх базавых арганізацый задавальненне іх патрэб у спецыялістах (…) ажыццяўляецца ў парадку чарговасці, якая вызначаецца зыходзячы з даты заключэння адпаведных дагавораў аб узаемадзеянні. (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2011 г. за № 821 “Аб некаторых пытаннях размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, наступнага накіравання на работу выпускнікоў, кампенсацыі затрачаных дзяржавай сродкаў на іх падрыхтоўку і мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых, служачых”, пункт 12.)

Пісьмовыя запыты арганізацый — заказчыкаў кадраў і іншых арганізацый аб размеркаванні да іх канкрэтных выпускнікоў у адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (накіраваннем спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй задавальняюцца ў выпадках, калі:
*гэтыя выпускнікі ўключаны ў банк даных адоранай моладзі і банк даных таленавітай моладзі;
*запыты паступілі з арганізацый, у якіх гэтыя выпускнікі праходзілі вытворчую і пераддыпломную практыку або пераддыпломную практыку;
*адсутнічаюць месцы работы паводле пададзеных ва ўстанову адукацыі арганізацыямі — заказчыкамі кадраў заявак на падрыхтоўку, дагавораў аб узаемадзеянні, што заключаны з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, пісьмовых запытаў іншых арганізацый. (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2011 г. за № 821 “Аб некаторых пытаннях размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, наступнага накіравання на работу выпускнікоў, кампенсацыі затрачаных дзяржавай сродкаў на іх падрыхтоўку і мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых, служачых”, пункт 12.)

У сталіцу без рэгістрацыі не размяркуюць

“Толькі ў сталіцы жыццё сапраўднае” — такога меркавання і сёння прытрымліваецца частка выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі.
— Імкненне застацца ў сталіцы пасля заканчэння вучобы ва ўніверсітэце — прыкмета пэўнага ўзросту, — лічыць Валерый Пятровіч Алавяннікаў. — Некаторым студэнтам падаецца, што без Мінска яны не пражывуць, але з цягам часу яны пераконваюцца ў іншым.
Жыць і працаваць у Мінску ўчарашнім студэнтам, безумоўна, не забараняецца: адзіная ўмова — наяўнасць рэгістрацыі падчас размеркавання, тэрмін дзеяння якой не павінен заканчвацца раней, чым праз два гады. (Такое правіла, дарэчы, распаўсюджваецца і на тых маладых людзей, якія жадаюць уладкавацца на работу ў абласныя цэнтры краіны.) Выпускнікі гэта ведаюць, таму амаль ва ўсіх навучальных установах сталіцы колькасць “карэнных” жыхароў сярод студэнтаў 5 курса значна павялічваецца ў параўнанні з данымі чатырохгадовай даўнасці. Чаканае працоўнае месца ў Мінску такім чынам забяспечваецца, асабліва калі ты выпускнік педагагічнай спецыяльнасці. Вось толькі жыць і наймаць жыллё за зарплату маладога спецыяліста (тым больш педагога) атрымліваецца не ва ўсіх.
— Часам такія выпускнікі не вытрымліваюць у барацьбе з бытавымі нязручнасцямі і звяртаюцца ва ўніверсітэт з просьбай пераразмеркаваць іх у рэгіёны, дзе жывуць іх бацькі, — гаворыць В.П.Алавяннікаў. — І мы заўсёды папярэджваем пра гэта сваіх студэнтаў-старшакурснікаў. У Мінск выпускнікі, якія не маюць сталічнай рэгістрацыі, могуць быць размеркаваны толькі ў тым выпадку, калі заказчык кадраў гатоў прадаставіць ім жыллё (згодна з планам Міністэрства адукацыі персанальнага размеркавання выпускнікоў БДПУ імя М.Танка на 2013 год: “Пры адсутнасці месца жыхарства ў Мінску і ў абласных цэнтрах выпускнікі могуць быць размеркаваны на работу ў пазначаныя гарады па заяўках арганізацый, якія гарантуюць прадастаўленне выпускнікам жылых памяшканняў”).
У той жа час геаграфія размеркавання выпускнікоў МДПУ імя І.Шамякіна даволі шырокая: Гомельская, Гродзенская, Брэсцкая, Віцебская вобласці і нават Мінск. А вось выпускнікі платнай формы навучання Баранавіцкага ўніверсітэта бываюць “капрызнымі”: на размеркаванні ў БарДУ часта прысутнічаюць прадстаўнікі аддзелаў адукацыі з раёнаў суседняй Мінскай вобласці (Клецкага, Капыльскага) і запрашаюць пяцікурснікаў атрымаць першае месца працы ў статусе маладога спецыяліста. Маладыя людзі на ўгаворы не паддаюцца, як адзначаюць супрацоўнікі згаданага ўніверсітэта. Прычын, па якіх адмаўляюцца студэнты, шмат: невялікі заробак, адсутнасць жылля ды і простае нежаданне працаваць на вёсцы… Між тым у саміх Баранавічах выпускнікі застаюцца працаваць з радасцю.
— Нашы выпускнікі аддаюць перавагу тым раёнам, адкуль яны родам, — заўважае першы прарэктар БарДУ Г.Я.Жыткевіч. — Такую выснову мы зрабілі пасля таго, як прааналізавалі сітуацыю з выпускнікамі, якія размяркоўваліся ў Магілёўскую вобласць (была ў нас раней такая практыка), дзе адзначалася вострая патрэба ў спецыялістах. Моладзь не замацоўвалася там і вярталася праз пэўны час.
Камісія прымае рашэнне аб размеркаванні выпускніка з улікам:
*вынікаў паспяховасці;
*удзелу ў навукова-даследчай, грамадскай рабоце;
*месца праходжання вытворчай і пераддыпломнай практыкі;
*стану здароўя, сямейнага становішча і месца жыхарства сям’і;
*рэкамендацый установы адукацыі аб найбольш мэтазгодным накіраванні выпускніка на работу;
*яго асабістых пажаданняў. (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2011г. за №821 “Аб некаторых пытаннях размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, наступнага накіравання на работу выпускнікоў, кампенсацыі затрачаных дзяржавай сродкаў на іх падрыхтоўку і мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, рабочых, служачых”, пункт 14.)

Размеркаванне на 3 курсе — гэта рэальна

У гэтым годзе Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь распрацаваны планы персанальнага размеркавання студэнтаў 3-х курсаў.
— У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Пятра Машэрава сёлета ўпершыню было праведзена папярэдняе размеркаванне студэнтаў перадвыпускных курсаў, — паведаміў нам прарэктар названай установы па вучэбнай рабоце В.І.Туркоўскі. — Гэта дазволіць і ўніверсітэту, і наймальнікам мэтанакіравана праводзіць работу па замацаванні выпускнікоў у арганізацыях — заказчыках кадраў, дзе студэнты праходзілі вытворчую практыку. Так, студэнты фізічнага факультэта ВДУ ўжо на чацвёртым курсе праходзяць практыку на базавых прадпрыемствах, куды і размяркоўваюцца ў далейшым.
У МДУ імя Аркадзя Куляшова, па словах начальніка аддзела кадраў універсітэта Т.У.Дэпавай, трэцякурснікі таксама праходзілі праз працэдуру папярэдняга размеркавання разам са студэнтамі пятага курса: ім прапаноўвалася паехаць на практыку ў родныя раёны.
— Студэнты спакойна ўспрынялі гэтае новаўвядзенне, — сказала Таццяна Уладзіміраўна.
Пачынаюць працаваць у гэтым напрамку і ў БДПУ імя Максіма Танка.
— Мы ведаем мэты папярэдняга размеркавання трэцякурснікаў — каб выпускнікі як мага раней далучаліся да работы па спецыяльнасці і знаёміліся з тым калектывам, у якім пачнуць сваю працоўную дзейнасць. Ведаем, што неабходна рабіць, аднак алгарытм дзеянняў яшчэ толькі распрацоўваецца, — гаворыць В.П.Алавяннікаў. — Такое размеркаванне — не аднаімгненны акт, гэты працэс будзе доўжыцца на працягу цэлага навучальнага года. Безумоўна, на 100 працэнтаў ранняе размеркаванне студэнтаў не будзе супадаць з планам размеркавання праз 2 гады. Аднак улічыць многія моманты цалкам рэальна. І яшчэ: гэтае пытанне патрабуе адміністрацыйнага ўзгаднення паміж установай вышэйшай адукацыі і органамі кіравання (упраўленнямі, аддзеламі адукацыі).
У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце прыкладна 20—30% студэнтаў 4-5 курсаў праходзяць практыку ў тых установах адукацыі, адкуль у далейшым паступаюць на іх індывідуальныя запыты на работу. А паспяховыя старшакурснікі названай установы ўжо сёння ўладкоўваюцца на работу падчас праходжання практыкі і працягваюць навучанне па індывідуальных вучэбных планах.
Жадаючых кампенсаваць сродкі за навучанне няшмат

У кожнай установе вышэйшай адукацыі з ліку выпускнікоў, якія вучыліся за кошт уласных сродкаў і маюць права свабоднага размеркавання, штогод знаходзяцца жадаючыя атрымаць накіраванне на работу. І часам іх бывае даволі многа. Так, летась Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Івана Шамякіна быў вымушаны нават адмовіць некаторым студэнтам-платнікам у прадастаўленні працоўнага месца па прычыне адсутнасці апошняга. Сёлета, праўда, такіх выпускнікоў было няшмат.
— Кампенсуюць сродкі пры адмаўленні ад размеркавання 2-3 студэнты ў год, — расказвае Валянціна Яўгенаўна Дрынеўская. — У асноўным гэта выпускнікі фізіка-матэматычнага факультэта: яны ўладкоўваюцца на прадпрыемствы праграмістамі і маюць магчымасць вяртаць сродкі, патрачаныя дзяржавай на іх вучобу.
У БДПУ імя Максіма Танка выпускнікоў, якія вырашаюць кампенсаваць сродкі, таксама няшмат.
— У 2006 годзе да свайго першага працоўнага месца не даехалі 12 выпускнікоў нашага ўніверсітэта, — прыгадвае В.П.Алавяннікаў. — Цяпер жа карціна зусім іншая: штогод выказваюць жаданне кампенсаваць сродкі 2-3 чалавекі. Астатнія працуюць. Тыя ж, хто памыліўся з выбарам прафесіі, пакідаюць установу, не даходзячы да пятага курса.

Аптымізацыя не ўплывае на патрэбнасць у кадрах

— Нягледзячы на працэс аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі Беларусі, выпускнікі нашага ўніверсітэта застаюцца запатрабаванымі арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, — адзначае прарэктар па вучэбнай рабоце ВДУ імя Пятра Машэрава Веслаў Іосіфавіч Туркоўскі. — Выпадкаў непацвярджэння заявак на маладых спецыялістаў за апошнія тры гады ў нас не было.
— У БДПУ такія выпадкі маю ць месца, аднак яны адзінкавыя, — заўважае ў сваю чаргу Валерый Пятровіч Алавяннікаў. — Маладога спецыяліста ў такім выпадку працаўладкоўваюць у іншую ўстанову адукацыі ў раёне, куды ён быў размеркаваны, або пераразмяркоўваюць.
У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова, па словах начальніка аддзела кадраў Т.У.Дэпавай, могуць здарацца іншыя сітуацыі.
— У ходзе размеркавання выпускнікам, бывае, прапаноўваецца педагагічная работа (выхавальнікамі ў дзіцячых садах, у круглагадовых аздараўленчых дзіцячых цэнтрах накшталт “Зубраняці” і інш.), — тлумачыць спецыяліст. — Часам выпускнік проста не ўяўляе, што яго чакае, і, прыступаючы да работы, губляецца. Калі ён звяртаецца з просьбай аб пераразмеркаванні, мы ідзём насустрач. А такога, каб заяўкі не пацвярджаліся, у нас не бывае.

Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.

liatkouskaya@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.