Расказ аб сваім знаёмстве з яслямі-садам № 92 Мінска я вырашыла пачаць… з канца. Чаму? Таму што, на мой погляд, ніхто не скажа пра садок лепш і праўдзівей, чым маці, якая прыводзіць у гэтую ўстанову сваё дзіця. Дык вось, калі я выходзіла з дзвярэй ясляў-сада, перада мной маладая маці вяла за руку маленькага, але вельмі сур’ёзнага мужчыну — свайго сына. Пазнаёміліся. Юля расказала, што Мішу прывяла ў гэты садок нядаўна, і хоць ад дому ён не вельмі блізка, аб выбары не пашкадавала. “Вы ж паглядзіце на тэрыторыю дзіцячага сада — як усё добра і прыгожа, — заўважыла яна. — Ужо толькі гэта пра многае гаворыць. Нам у садку вельмі падабаецца”. Сур’ёзны хлопец Міхаіл з мамай пагадзіўся і дадаў, што яго любімая цацка ў садку — машынка. Што ж, выбар сапраўднага мужчыны.
Апрыйшла я ў яслі-сад менавіта дзеля размовы пра цацкі і арганізацыю гульнявога асяроддзя. Адразу скажу: цацак і настольных гульняў тут надзвычай многа. І не адразу разумееш, што далёка не ўсе яны набыты ў магазіне, хаця і такіх нямала. Многія цацкі ў гэтым садку самаробныя, і гэта не ад недахопу сродкаў, хаця, шчыра кажучы, каму іх хапае? Гэта мэтанакіраваная работа педагагічнага калектыву ўстановы, які ўзначальвае Таццяна Уладзіміраўна Казлоўская. У садку 10 груп, дзве з якіх наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі з цяжкімі парушэннямі маўлення і з цяжкасцямі ў навучанні. Зараз у яслях-садзе 20 педагогаў, а размову аб цацках, іх значнай ролі ў выхаванні дзяцей мы вялі з намеснікам загадчыка гэтай установы Ліліяй Канстанцінаўнай Ладуцька. Менавіта яна — галоўны ініцыятар і завадатар праектаў, многія з якіх уключаюць стварэнне самаробных цацак ды гульняў. Рабоце гэтай ужо не першы год, а сама Лілія Канстанцінаўна працуе ў 92-м садку 35 гадоў, роўна столькі, колькі існуе гэтая ўстанова, размешчаная ў Мінску на вуліцы Бельскага.
“Папаўненне нашага прадметна-гульнявога асяроддзя адбываецца з некалькіх крыніц, — расказала спецыяліст. — Па-першае, дзякуючы пэўным бюджэтным сродкам, якія выдзяляюцца па нашых заяўках. Безумоўна, забяспечыць групы адразу ўсім неабходным няма магчымасці, але першачарговыя патрэбы мы паступова задавальняем. Па-другое, частка прадметна-гульнявога асяроддзя абнаўляецца за кошт пазабюджэтных сродкаў, якія паступаюць ад рэалізацыі платных паслуг. Канечне, пэўная і даволі значная частка грошай — гэта тое, што выдзяляе папячыцельскі савет, калі бацькі самі, пры пэўным нашым удзеле вырашаюць, што трэба набыць у тую ці іншую групу. І скажу, што бацькоў зараз у меншай ступені цікавіць, напрыклад, мэбля, іх больш хвалюе, з чым і як гуляюць дзеці” .
Тое ж самае, вядома, назіраецца і ў іншых установах дашкольнай адукацыі, але, як я ўжо заўважыла, немалую частку цацак у 92-м садку складаюць самаробныя лялькі, машынкі, домікі, наборы лато і г.д. Як растлумачыла Лілія Канстанцінаўна, усё гэта не выпадковыя цацкі і гульні, а частка прадуманай выхаваўчай палітыкі, якая праводзіцца ў яслях-садзе. Калектыў ужо некалькі гадоў дзейнічае на аснове метаду праектаў, калі над вырашэннем пэўнай праблемы разам працуюць і педагогі, і дзеці, і бацькі. Немалаважная частка многіх, хаця і не ўсіх праектаў, — прыдумванне, стварэнне цацак і гульняў, арганізацыя іх выстаў.
За прыкладна пяць гадоў работы па названым метадзе, у садку, па словах Л.К.Ладуцька, рэалізавана больш за 60 разнастайных праектаў. Канечне, для дзяцей рознага ўзросту прапаноўваюцца праекты, адаптаваныя менавіта для іх. Так, самыя маленькія выхаванцы разам з бацькамі і педагогамі ўдзельнічалі ў праекце “Азбука добрага настрою”, які дапамог малым хутчэй адаптавацца ў дзіцячым калектыве. У рамках гэтага праекта кожная мама зрабіла для сваіх сына ці дачкі вясёлую цацку, скажам, клоўна, прыдумала верш або песеньку. Для самых маленькіх быў прызначаны і праект “Чароўная вясёлка”: яго ўдзельнікі рабілі гульні па пэўным колеры, напрыклад, “Адшукай свой домік”, “Падбяры па колеры”. З дапамогай такіх самаробных гульняў дзеці вучацца адрозніваць колеры, набываюць іншыя навыкі і ўменні. І гэта — практычнае выкарыстанне гульняў і цацак, якія створаны сумеснымі намаганнямі, — адзін з асноўных вынікаў праектнай дзейнасці. Цацкі не ляжаць на паліцах дзеля прыгажосці, дзеці актыўна імі карыстаюцца. У садку нават рэалізоўваўся праект, які называўся “Мы лепшыя сябры цацкі”, асноўнай мэтай якога было выхаванне беражлівых адносін да цацак.
“Безумоўна, некаторыя бацькі спачатку не вельмі хочуць удзельнічаць у такой рабоце, — прызнаецца Лілія Канстанцінаўна. — Але пасля першага вопыту, пасля таго, як зробяць штосьці разам з дзіцем, як пабываюць на фестывалі праектаў, дзе іх дачка ці сын прадставяць самаробную ляльку, як пазнаёмяцца з выставай такіх цацак, многія мамы і таты ператвараюцца ў сапраўдных энтузіястаў такога супрацоўніцтва з дзіцячым садам. І гэта яшчэ адзін важны вынік нашай дзейнасці, адна з форм актыўнага ўзаемадзеяння з сям’ёй”.
Адзін з нядаўніх праектаў, рэалізаваных у яслях-садзе, быў прысвечаны тэме “Я люблю Беларусь”. Ён уключаў некалькі частак: “Мой род — мая Радзіма”, “Запрашаем у Беларусь”, “Беларусь беражлівая”, “Мама, тата, я — беларуская сям’я” , “Ах, картошка хороша, белорусская душа” (дзеці, напрыклад, рабілі цацкі з бульбы, а іх маці гатавалі стравы з гэтага прадукту) і інш., прычым у хуткім часе праект плануецца працягнуць. Сёння ж у адным з пакояў мы ўбачылі выставу лялек, абярэгаў, галаўных убораў, паясоў у нацыянальным стылі, якія зрабілі педагогі, бацькі, дзеці ў рамках праекта. Тут і “Дзесяціручка” — сімвал працавітасці, і лялька, якая сімвалізуе багацце і ўрадлівасць, лялька-“перевёртыш”, “Вяснянка”, “Карміцелька”, “Берагіня”. Канечне, ёсць такія лялькі і ў групах, для гульні. Прычым створаны яны, як, дарэчы, і любыя іншыя цацкі ў рамках праектаў не проста так, а пасля вывучэння гісторыі, значэння, тэхналогіі іх вырабу.
Ёсць у “беларускім” пакоі і разборны макет Нясвіжскага замка, прычым да пачатку работы над ім дзеці, некаторыя бацькі і педагогі пабывалі ў Нясвіжы, убачылі замак на свае вочы. Праект па замках, можна сказаць, прапанавалі самі выхаванцы: адна з выхавальніц заўважыла, што дзяцей з яе групы гэтая тэма цікавіць, падышла з дзіцячай ініцыятывай да Ліліі Канстанцінаўны, так і нарадзіўся цікавы ўсім праект. Тут жа, у гэтым “беларускім” пакоі ў адной з шаф захоўваюцца кніжкі-цацкі, зробленыя бацькамі і дзецьмі ў рамках яшчэ аднаго праекта, прымеркаванага да Года кнігі. Так што такая дзейнасць — шырокае поле і для навучання дзяцей, і для прывіцця ім практычных навыкаў. А для малых з цяжкімі парушэннямі маўлення работа па стварэнні цацак, якая развівае дробную маторыку, асабліва важная, тым больш што малым усё гэта надзвычай цікава.
У апошнім я яшчэ раз пераканалася, калі наш фотакарэспандэнт рабіў здымкі ў гульнявым цэнтры ясляў-сада або, як яшчэ называюць гэты пакой педагогі, у цэнтры бяспекі жыццядзейнасці. Тут шмат цацак і з магазінаў, і самаробных, таксама, як і самаробных гульняў: макеты будынкаў, кватэр з усёй неабходнай мэбляй і абсталяваннем, макеты вуліц, пульты кіравання, вогнетушыцелі з пластыкавых бутэлек, пажарныя машыны з брандспойтамі. Адна самая вялікая машына зроблена з дзіцячай палаткі, і ў яе кабіну дзеці залазяць, уяўляючы сябе сапраўднымі пажарнымі. Тым больш што і апрануты яны амаль як сапраўдныя ратаўнікі — у спецыяльныя камізэлькі ды каскі, абгорнутыя фольгай і каляровай паперай, якія зрабілі бацькі. І гэтыя самаробныя цацкі, адзенне, прыстасаванні выклікалі ў нашых юных фотамадэляў такі непадроблены энтузіязм, такую жывую цікавасць, якія не выклікаюць падчас і самыя дарагія сучасныя цацкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі забыліся, што ім трэба вяртацца ў сваю групу. Прычым было зразумела, што гульнявы цэнтр — месца для іх прывычнае, дзеці ведаюць, як правільна апрануцца ў спецадзенне, як разгарнуць брандспойт, як працаваць за пультам у дыспетчарскім пункце. “Так, дзеці вельмі любяць гуляць з цацкамі, якія зрабілі самі, такое гульнявое асяроддзе іх прыцягвае. У нашым цэнтры разгортваюцца сюжэтна-ролевыя гульні: “Пажарныя”, “Юныя ратаўнікі” і інш. Да таго ж мы даволі часта праводзім тут вучэбныя трэніроўкі, да нас нават прыходзіць спецыяліст з падраздзялення МНС. І наогул, для нас галоўнае, каб дзеці былі заняты цікавай справай. Наш цэнтр, дарэчы, стаў пераможцам гарадскога конкурсу “Бяспечнае дзяцінства” ў 2012 годзе”, — пацвярджае маю выснову спецыяліст.
У гэтым жа пакоі Лілія Канстанцінаўна падводзіць мяне да паліц з настольнымі, таксама самаробнымі гульнямі і макетамі, якія дазваляюць разыгрываць пэўныя сітуацыі. Такіх гатовых гульняў, прысвечаных бяспецы жыццядзейнасці, у магазінах мала, пагадзіцеся, а тут іх вялікае мноства: “Даміно бяспекі”, “Адшукай пажаранебяспечныя прадметы” , “Адшукай пажаранебяспечныя сітуацыі” (у скрыначцы знаходзяцца картачкі з выявай, напрыклад, нявыключанага праса, электрычнай разеткі, якая іскрыць і г.д.), гульня, у якой трэба выратаваць жывёл, пазнаўшы іх на малюнку, і шмат іншых, якія датычацца, скажам, небяспечных сітуацый на дарозе, правіл паводзін у галалёдзіцу. Так усё і пачынаецца — з гульні, а заканчваецца тым, што малыя цвёрда засвойваюць, як ім трэба сябе паводзіць у выпадку ўзнікнення небяспечнай сітуацыі, развіваецца іх уважлівасць. Прынамсі, гэты гульнявы цэнтр стаў вынікам праекта “Юныя ратаўнікі спяшаюцца на дапамогу”, хаця зараз у ім размешчаны цацкі, гульні па некалькіх іншых праектах. Тут жа, у цэнтры, захоўваюцца і папкі з вынікамі дзіцячых даследаванняў па гісторыі беларускіх замкаў.
Некалькі праектаў сёлета прысвяцілі тэме беражлівасці — актуальнай у краіне. І цацак у рамках праекта шмат нарабілі. Скажам, з пластыкавых бутэлек: розныя віды траспарту, домікі, лялькі, нават клетку для папугая. Ёсць тут і макеты энергазберагальных дамоў, прычым у кардонных будынках усё як мае быць: і дзверы, і сцены, і вокны ўцеплены. Дарэчы, у групе, дзе выхоўваюцца дзеткі з парушэннямі маўлення, працуе лепшы педагог горада па энергазберажэнні ў 2010 годзе і лаўрэат адпаведнага конкурсу ў краіне 2011 года (2 месца) Раіса Аляксандраўна Барсукова. У яе групе — макет электрастанцыі, які зрабілі дзеці, цацкі з бутэлек, самаробныя гульні, свая “кіназала”, зробленая з корпуса старога тэлевізара, дзе можна дэманстраваць маляваныя стужкі, напрыклад, па гісторыі пажарнай машыны. Між іншым, Раіса Аляксандраўна — аўтар найцікавейшай, на мой погляд, цацкі-трансформера “Божая кароўка” са шматлікімі засцежкамі, якая можа быць і рукзаком, і падушкай, і шмат чым яшчэ. Як сказана ў анатацыі да гэтай цацкі, яна спрыяе сэнсарнаму развіццю, удасканальвае рухальныя, гульнявыя ўменні і навыкі, фантазію, творчыя і камунікатыўныя здольнасці дзіцяці. Прычым гуляць з ёй могуць дзеці рознага ўзросту. Такі вось эксклюзіў.
Сярод педагогаў ясляў-сада № 92, асабліва зацікаўленых праектнай дзейнасцю, стварэннем цацак і гульняў, Лілія Канстанцінаўна назвала Лізавету Пятроўну Захараву, Людмілу Анатольеўну Дыдышка. І яны, і іншыя выхавальнікі звяртаюцца да Л.К.Ладуцька за кансультацыямі, уносяць свае прапановы. Хаця цікавасць да такой дзейнасці праяўляюць педагогі і з іншых устаноў дашкольнай адукацыі, прыязджаюць да калег, слухаюць справаздачы аб іх рабоце на семінарах. Дзіцячы сад у свой час нават атрымаў грант гарвыканкама на развіццё праектнай дзейнасці, а праз тры гады пасля гэтага — прэмію.
Цацак, гульняў, даследаванняў у яслях-садзе № 92 яшчэ шмат. Усё гэта актыўна выкарыстоўваецца і пастаянна папаўняецца, вопыт назапашваецца і перадаецца іншым. Цікавы, карысны вопыт, які не патрабуе сур’ёзных грашовых укладанняў. Чаму б яго не пераняць?