“Сцяжынай здароўя” да трэнажорнага гарадка

Трэнажоры на вуліцы, а дакладней, на тэрыторыі школы — гэта не фантастыка, а рэальная перспектыва для сталічных устаноў адукацыі. Ва ўсялякім разе рэалізацыя такога праекта — па стварэнні трэнажорных гарадкоў на тэрыторыі 20 мінскіх школ — намечана на будучы год.

Праект ажыццяўляецца па даручэннях Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Мэта трэнажорнага будаўніцтва — заахвоціць школьнікаў заняткамі спортам, а значыць, умацаваннем свайго здароўя, бо хаця ў многіх школах і абсталяваны трэнажорныя залы, трэнажоры на вуліцы маюць пэўныя перавагі. Па-першае, займацца можна на свежым паветры, а гэта значны плюс. Па-другое, трэнажоры, размешчаныя на вуліцы, прыцягваюць увагу, не даюць прайсці міма. І яшчэ: мяркуецца, што такія гарадкі, хоць і размешчаныя на тэрыторыях устаноў адукацыі, будуць даступнымі не толькі школьнікам, але і жыхарам мікрараёнаў. У многіх мінчан з’явіцца магчымасць займацца на трэнажорах абсалютна бясплатна.
“Вырашана, што трэнажорныя гарадкі размесцяцца на тэрыторыях вялікіх школ, у месцах, дзе сканцэнтравана шмат насельніцтва мікрараёнаў, каб як мага больш людзей змагло скарыстацца новым абсталяваннем, — расказаў намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Мінскага гарадскога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнскай моладзі Міхаіл Уладзіміравіч Крышталь. — Крыніцы фінансавання для стварэння такіх гарадкоў пакуль вызначаюцца, а прапановы па канкрэтных школах ужо ёсць. Заўважу, што зараз толькі прыкладна можна назваць школы, на тэрыторыі якіх з’явяцца трэнажоры для заняткаў на вуліцы. Так, ёсць прапанова размясціць адпаведнае абсталяванне на тэрыторыях школ №№ 117 і 172 Заводскага раёна, школ №№ 121, 196 і 203 Першамайскага раёна сталіцы”.
А вось уявіць, як прыкладна будуць выглядаць такія пляцоўкі, можна і зараз: трэнажорны гарадок ужо размясціўся на тэрыторыі Гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву па тэнісе, што на вуліцы Жудро. “На тэрыторыі цэнтра знаходзіцца дзясятак антывандальных трэнажораў, — растлумачыла дырэктар Мінскага гарадскога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва Алена Генадзьеўна Сідарук. — На школьных тэрыторыях таксама будуць устаноўлены антывандальныя трэнажоры, надзейна замацаваныя на пляцоўцы”. Па яе словах, у цэнтр прыходзяць спартсмены, якія добра ведаюць, як займацца на такім абсталяванні, якую нагрузку сабе даваць, тым больш, што ў цэнтры нямала вопытных трэнераў, якія дапамогуць з гэтым разабрацца. І звычайныя школьнікі змогуць займацца на трэнажорах пад наглядам трэнера або настаўніка фізкультуры, каб не перагрузіць арганізм, не нанесці шкоду здароўю. Акрамя таго, каля кожнага трэнажора плануецца размясціць інфармацыю аб тым, як ім правільна карыстацца, якая нагрузка рэкамендуецца чалавеку таго ці іншага ўзросту, і г.д.
Верагодна, трэнажорныя гарадкі каля школ будуць размяшчацца пад навесамі, як гэта зроблена ў тэнісным цэнтры, каб дрэннае надвор’е не перашкаджала заняткам. У цэнтры, дарэчы, устаноўлены трэнажоры на развіццё розных груп мышцаў: для рук, ног, плечавога пояса. Гэта трэнажоры, зробленыя ў Расіі, але і ў нашай краіне ёсць вытворцы такога абсталявання.
Прынамсі, антывандальныя трэнажоры з’явяцца і на некаторых “сцяжынах здароўя” ў Мінску. Пра гэта таксама расказала Алена Генадзьеўна. Напрыклад, у парку “Дразды” (Ратамскае лясніцтва) плануецца ўсталяваць 15 трэнажорных комплексаў спартыўна-аздараўленчага прызначэння. Тут у хуткім часе ў эксплуатацыю будзе ўведзена “сцяжына здароўя” працягласцю тры кіламетры, праект якой распрацаваў “Мінскзелянбуд”.
А ў парку імя 60-годдзя Кастрычніка (побач з тэнісным цэнтрам на вуліцы Жудро) такая сцяжына адкрыта пасля рэканструкцыі яшчэ 14 верасня. Сцяжыну, закладзеную ў 1977 годзе, часткова рэканструявала КУП “Зелянбуд” Фрунзенскага раёна. Тут створаны дзве новыя станцыі, абноўлена разметка, устаноўлены інфармацыйныя шчыты з комплексамі рэкамендаваных практыкаванняў. Зараз “сцяжына здароўя” ў гэтым парку складаецца з сямі станцый, дзе ўсталявана 28 адзінак дзіцячага гульнявога і спартыўнага абсталявання — ад турнікоў да прыладаў з бярвення. Як адзначае А.Г.Сідарук, заняткі на такіх сцяжынах даступны кожнаму і не патрабуюць вялікіх грашовых укладанняў ад горада.

Сёлета, таксама ў верасні, адкрыта “сцяжына здароўя” ў парку Перамогі (Цэнтральны раён) побач з Камсамольскім возерам. Працягласць гэтай трасы — 1200 метраў. Тут устаноўлены інфармацыйныя ўказальнікі руху і метражу, на шасці станцыях размешчана спартыўнае абсталяванне і атлетычны гарадок. На станцыях усталяваны, вертыкальная лесвіца, рукаход, бруссе, іншыя прылады. А на стэндзе ў канцы сцяжыны — інфармацыя аб тым, што такое пульс, як яго правільна вымяраць, ёсць і табліца з паказчыкамі частаты пульсу, якая рэкамендуецца для аматараў фізкультуры. Ведаю, што на гэтай сцяжыне займаюцца, у прыватнасці, студэнты БДУ. Думаю, і іншыя такія сцяжыны могуць выкарыстоўвацца для заняткаў фізкультурай у студэнтаў, школьнікаў, навучэнцаў каледжаў.
На будучы год запланавана адкрыць яшчэ некалькі “сцяжын здароўя” ў сталічных парках. Напрыклад, у парку Дружбы народаў (Савецкі раён) мяркуецца ўвесці ў эксплуатацыю сцяжыну працягласцю 1500 метраў з дзвюма спартыўнымі пляцоўкамі, на якіх размесцяцца трэнажоры і інфармацыйныя стэнды. А, скажам, у Ленінскім раёне сталіцы запланавана абсталяванне “сцяжын здароўя” з некалькімі станцыямі і гімнастычнымі прыладамі ў парку імя Грэкавай працягласцю 430 метраў і ў Лошыцкім парку працягласцю 370 метраў. Адкрыюцца сцяжыны і ў іншых раёнах горада, каб кожны гараджанін мог займацца фізкультурай непадалёк ад дома, хаця і зараз у жыхароў сталіцы нямала магчымасцей умацаваць здароўе, займаючыся, напрыклад, дыхальнай гімнастыкай у парку імя Чалюскінцаў.
Як расказалі спецыялісты Мінскага гарадскога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва, распрацоўваючы метадычныя рэкамендацыі па стварэнні “сцяжын здароўя”, яны звярталіся да вопыту Расіі, Эстоніі і іншых краін. І даведаліся, што ў Вялікабрытаніі, напрыклад, на такіх сцяжынах устаноўлены стэнды з QR-кодамі. Да кода можна паднесці смартфон, і на яго экране пачнецца відэаўрок з дэманстрацыяй правільнага выканання практыкаванняў на трэнажоры. Не выключана, што такое абсталяванне калі-небудзь з’явіцца і на беларускіх сцяжынах. Але на гэта патрэбен час, грошы і, скажам шчыра, павышэнне агульнай культуры насельніцтва.
І яшчэ аб адной навіне: на будучы год запланавана стварэнне велапарковак каля мінскіх школ, каб навучэнцы (магчыма, і настаўнікі), маглі прыязджаць на вучобу і работу на веласіпедах. Паркоўкі, безумоўна, павінны быць размешчаны такім чынам, каб іх было добра відаць (для прафілактыкі крадзяжоў). Дарэчы сям-там такія велапаркоўкі побач з навучальнымі ўстановамі ўжо існуюць.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Мінскага гарадскога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва.